Янка Лучына: Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
[дагледжаная версія][дагледжаная версія]
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Няма тлумачэння праўкі
Радок 57: Радок 57:
[[Катэгорыя:Перакладчыкі з нямецкай мовы]]
[[Катэгорыя:Перакладчыкі з нямецкай мовы]]
[[Катэгорыя:Перакладчыкі са старажытна-грэчаскай мовы]]
[[Катэгорыя:Перакладчыкі са старажытна-грэчаскай мовы]]
[[Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мінску]]


[[be-x-old:Янка Лучына]]
[[be-x-old:Янка Лучына]]

Версія ад 15:38, 20 студзеня 2013

Янка Лучына

Янка ЛУЧЫ́НА, сапр.: Іван Люцыянавіч НЕСЛУХОЎСКІ (18 ліпеня 1851, Мінск — 28 ліпеня 1897, Мінск) — беларускі паэт.

Псеўданім

Янка Лучына — гэта адзін з псеўданімаў Івана (Яна) Неслухоўскага, найбольш часты і стабільна ўжываны. Ім паэт падісваў толькі творы на беларускай мове. Узяты ад страчанай часткі прозвішча продкаў, прыдомка Лучыўка, псеўданім сімвалізаваў духоўную лучнасць творчасці паэта з беларускім народам і яе асветніцкую ролю, прыпадобненую лучыне, сціплай крыніцы святла ў сялянскай хаце.

Сям'я

Іван Неслухоўскі (Янка Лучына) нарадзіўся ў Мінску. Бацька яго, Люцыян Юр'евіч, быў тады столаначальнікам у Мінскай палаце цывільнага суда, дзе пазней, атрымаўшы чын калежскага асэсара, стаў сакратаром. I хоць шляхецтва роду Неслухоўскіх было старадаўняе (продак паэта Пшэбыслаў Дамброва праславіўся ў XIII ст. у бітве з татара-манголамі), сенат зацвердзіў іх «у шляхецкай годнасці» не адразу, а праз паўторнае прадстаўленне, у 1838 годзе.

Біяграфічныя звесткі

Паходзіў са шляхецкага роду Лучыўка-Неслухоўскіх. Выхоўваўся ў прыватным пансіёне настаўніка Ціля, адкуль дзяцей дазвалялася забіраць толькі ў нядзелю і на святы. У 14-гадовым узросце быў прыняты ў Мінскую класічную гімназію, адразу ў 3 клас. Вучыўся паспяхова і на пачатку наступнага года быў узнагароджаны пахвальным лістом.

Скончыўшы ў 1870 гімназію ў ліку лепшых вучняў, Іван Неслухоўскі працягваць адукацыю наважыўся ў Пецярбургу, ва ўніверсітэце. Ён паспяхова здаў уступныя экзамены на матэматычны факультэт і хадзіў на універсітэцкія лекцыі да мая месяца 1871, а пасля чамусьці папрасіў дазволу на адпачынак і, не дачакаўшыся сесіі, выехаў у Мінск. Урэшце выбар спыніўся на прафесіі інжынера. У гэтым выбары была пэўная даніна модзе: у асяроддзі інтэлігенцыі ў той час распаўсюджвалася думка, што тэхнічны прагрэс можа шмат змяніць у грамадстве да лепшага, станоўча паўплываць на сацыяльныя стасункі. Восенню 1871 Іван Неслухоўскі аформіў звальненне з універсітэта і паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, на механічнае аддзяленне. Спачатку ён наведваў заняткі як вольнаслухач, а праз год быў унесены ў спіс пастаянных студэнтаў. На канікулы ён прыязджаў звычайна да бацькоў — у Мінск і ў Мархачоўшчыну пад Стоўбцамі. Выязджаў і ў Варонеж, дзе год служыў на чыгунцы, перапыніўшы дзеля гэтага вучобу. У верасні 1877 рашэнне вучэбнага камітэта Тэхналагічнага інстытута аб прысваенні І. Неслухоўскаму ступені інжынера-тэхнолага было зацверджана таварышам міністра фінансаў, і малады спецыяліст, падаўшы заяву з просьбай выслаць дыплом у Мінск на імя бацькі, неадкладна пакінуў Пецярбург.

У канцы верасня або на пачатку кастрычніка Іван Неслухоўскі, верагодна, быў ужо ў Тыфлісе, дзе пачаў служыць на чыгуначных складах. Праз два гады, калі быў ужо начальнікам тых складоў, ён, «знаходзячыся ў Мінску, захварэў паралічам ног»[1]. У Тыфліс Іван Люцыянавіч не вярнуўся. Працяглае ж лячэнне не надта дапамагло: ён мог пасоўвацца толькі з дапамогай мыліц. Бяда, аднак, не пахіснула жыццялюбства, не пазбавіла прагі дзейнасці. Ён уладкаваўся на службу ў мінскае тэхнічнае бюро Лібава-Роменскай чыгункі, дзе прыдалася яго інжынерная адукацыя. Ад маладосці захапляўся рыбнай лоўляй і паляваннем.

Творчасць

Дэбютаваў у 1-ым нумары газеты «Минский листок» (1886) вершам «Не ради славы иль расчёта», які выяўляў пазіцыю рэдакцыі новай газеты. Пісаў на беларускай, польскай, рускай мовах. Выступаў у розных жанрах. Друкаваўся ў альманаху «Северо-Западный календарь», польскіх часопісах «Głos Polski», «Kłosy», «Kraj», «Prawda», «Życie» і іншых выданнях. Збіраў беларускі фальклор, быў карэспандэнтам П. Шэйна, падтрымліваў сувязі з М. Доўнар-Запольскім. Першыя беларускамоўныя вершы з'явіліся ў 1887 пад уражаннем выступлення ў Мінску ўкраінскіх артыстаў. Вершы «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова» і «Дабрадзею артысту Манько» былі падпісаны псеўданімам Янка Лучына.

Свае першыя беларускія творы Янка Лучына не публікаваў. Як беларускі паэт ён дэбютаваў у друку ў 1889 годзе, калі змясціў у газеце «Минский листок» верш «Вясновай парой», паклаўшы тым самым пачатак вяртанню беларускай літаратуры да друкаванага жыцця, перарванага пасля паражэння паўстання 1863-64 гадоў царскімі рэпрэсіямі на чвэрць стагоддзя.

Аўтар паэм «Паляўнічыя акварэлі з Палесся», «Віялета», «Гануся», «Андрэй». Тэматычна паэія Янкі Лучыны звязаная пераважна з жыццём беларускай вёскі. Ён па-мастацку асэнсаваў беларускую рэчаіснасць 1880-90-х г., сцвярджаў дэмакратычныя ідэалы. Працягваючы традыцыі У. Сыракомлі, паэт засяроджваў увагу на малюнках вясковага жыцця і на вобразе селяніна як галоўнага носьбіта беларускай нацыянальнай ментальнасці, развіваў узаемадзеянне рэалістычнага і рамантычнага пачаткаў у сваёй творчасці, закладваў асновы беларускай філасофскай лірыкі. Ён аўтар нарыса «3 крывавых дзён» (1889), напісанага паводле ўспамінаў удзельніка паўстання 1863-64 і прысвечанага ўзнаўленню эпізодаў, карцін вызвольнай барацьбы на Міншчыне і паходу паўстанцаў ад Мінска ў Ігуменскі павет пад кіраўнігггвам Б. Свентаржэцкага і С. Ляскоўскага. Збярогся яго драматычны абразок без назвы. Перакладаў з польскай мовы на беларускую (У. Сыракомля) і рускую (У. Сыракомля, А. Аснык), з рускай на польскую (І. Крылоў, М. Някрасаў, В. Чуміна-Міхайлава і інш.), з нямецкай (Г. Гейне), старажытна-грэчаскай (Гамер).

Спадчына

Да нашага часу дайшла толькі частка беларускамоўных і польскамоўных твораў. У час 1-й сусветнай вайны рукапісная спадчына І. Лучыны-Неслухоўскага (Янкі Лучыны) трапіла за мяжу.

На польскай мове выдадзена кніга вершаў Я. Лучыны «Паэтычныя творы» (Варшава, 1898), таксама некалькі вершаў уключана ў польскамоўны зборнік «Вершы» (1898), на рускай мове апублікавана некалькі вершаў і аповесць «Верочка» (1900), у Пецярбургу на беларускай — зборнік «Вязанка» (1903, падрыхтаваны да друку суполкай «Круг беларускай народнай прасветы і культуры»).

Іншамоўныя творы Я. Лучыны на беларускую мову перакладалі М. Клімковіч, М. Машара, П. Пестрак, К. Цітоў, М. Арочка, Р. Барадулін, У. Мархель, Г. Тумаш, І. Чыгрын і інш.

Бібліяграфія

Творы: Вершы, нарысы, пераклады, лісты. Мн., 1988.

Зноскі

  1. Пачынальнікі: 3 гісторыка-літаратурных матэрыялаў XIX ст. / Уклад. Г. Кісялёў. Мн., 1977. С. 474.

Літаратура

  • Майхровіч С. Янка Лучына. Мн., 1952;
  • Лазарук М. Паэтычны вопыт Янкі Лучыны // Полымя. 1968. № 2;
  • Лойка А. Жальбы народнай і веры пясняр // Полымя. 1976. № 8;
  • Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 463—476;
  • Янка Лучына ў кантэксце самаідэнтыфікацыі беларускай літаратуры: Матэрыялы рэспубліканскай навуковай канферэнцыі. Мн., 2002.

Спасылкі

Лагатып Вікіцытатніка
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Янка Лучына