Гаспадарчыя заняткі беларусаў: Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
[дагледжаная версія][дагледжаная версія]
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
афармленне
дрНяма тлумачэння праўкі
Радок 192: Радок 192:
== Крыніцы ==
== Крыніцы ==
* Т. А. Навагродскі [і інш.] Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве. Вучэб.-метад. дапам. — Мінск, БДУ, 2009. — 335 с. іл. ISBN 978-985-518-121-8
* Т. А. Навагродскі [і інш.] Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве. Вучэб.-метад. дапам. — Мінск, БДУ, 2009. — 335 с. іл. ISBN 978-985-518-121-8

== Гл. таксама ==
* [[Прамысловыя заняткі беларусаў]]


== Літаратура ==
== Літаратура ==

Версія ад 16:17, 10 чэрвеня 2014

Аснову гаспадарчага жыцця беларусаў складала земляробства, якое ў штодзённым жыцці арганічна спалучалася з жывёлагадоўляй і шматлікімі промысламі і рамёствамі.

Земляробства

Структура земляробства напрацягу многіх стагодзяў істотна не мянялася. Асноўнай збожжавай культурай было азімае жыта. У другой палове ХІХ ст. пад жыта была адведзена палова ўсіх пасяўных плошчаў. Другое месца заўсёды займаў авёс. Ён шырока выкарыстоўваўся ў народным харчаванні, а таксама ішоў на корм для коней. Сярод збожжавых культур ячмень займаў трэцяе месца. З яго рабілі крупы і піва. Пшаніца ў Беларусі не мела шырокага распаўсюджання. Яе сеялі на невялікай плошчы, у асноўным у памешчыцкіх гаспадарках. З пшанічнай мукі выпякалі розныя вырабы: пірог, святочны каравай, пернікі і інш. Проса, грэчка і гарох таксама займалі невялікія зямельныя ўчасткі. Кукурузу пачалі вырошчваць у Беларусі ў ХVIII ст. Яе зерне выкарыстоўвалі як харчовы прадукт, а сцеблі ішлі на корм жывёле.

З тэхнічных культур самымі старажытнымі ў Беларусі з’яўляюцца лён і каноплі. Яны выкарыстоўваліся для вырабу адзення, мяшкоў, вяровак і інш. Насенне ільну і канапель ішло на выраб алею. Сланечнік, радзімай якога з’яўляецца Паўднёвая Амерыка, у Беларусі распаўсюджваецца ў ХІХ ст. як агародная культура. У Еўропу ён быў завезены ў ХVІІІ ст. як дэкаратыўная расліна, але неўзабаве былі адкрыты яго карысныя ўласцівасці. Спачатку семкі ўжывалі як ласунак, а ў ХІХ ст. са сланечніку сталі вырабляць алей.

Бульбу пачалі вырошчваць на Гродзеншчыне пры Аўгусце ІІІ (1736—1763). Аднак шырокае распаўсюджанне гэта культура атрымала ў другой палове ХІХ ст., яна стала «другім хлебам» для беларусаў. Бульбу выкарыстоўвалі на корм жывёле, яе ужывалі і як сыравіну для вінакурэння. Яна знайшла шырокае прымяненне ў народнай кулінарыі. Прыкладна ў гэты ж час, што і бульбу, пачалі вырошчваць буракі. Іх ужывалі ў ежу, выкарыстоўвалі на корм жывёле і як сыравіну для вырабу цукру.

Сярод агародных культур найбольш старажытныя ў Беларусі — капуста, агуркі, цыбуля, морква. Памідоры і перац з’яўляюцца толькі з сярэдзіны ХІХ ст. Як і памідоры, з Паўднёвай Амерыкі да нас прыйшлі гарбузы і табака.

З даўніх часоў беларусы вырошчвалі фруктовыя дрэвы — яблыні, грушы, слівы, а таксама пладова-ягадныя: парэчкі, агрэст, шыпшыну, маліны і інш. Іх часцей за ўсё садзілі каля дома, на краі сядзібы. Асабліва дагледжанымі садамі славіліся шляхецкія маёнткі.

У другой палове ХІХ ст. важнае месца ў севазваротах набылі кармавыя травы, асабліва канюшына і цімафееўка, што ў значнай ступені палепшыла кармавую базу жывёлагадоўлі. На тэрыторыі Беларусі былі вядомы некалькі асноўных сістэм земляробства:

Кожная з гэтых сістэм мела свае прыватныя варыянты і мясцовыя асаблівасці.

У сярэдзіне ХІХ — пачатку ХХ ст. у сістэме севазвароту панавала трохполле. Уся апрацоўваемая зямля дзялілася на тры ўчасткі (поле): адзін засявалі азімымі культурамі, другі — яравымі (авёс, ячмень, пшаніца, грэчка, проса), а трэці заставаўся свабодным і называўся «папар». На наступны год свабоднае поле («папар») засявалі азімымі, а той участак, што быў пад азімымі, засявалі яравымі, а яравое поле пакідалі пад папарам. Для трохпольнай сістэмы земляробства была абавязковай змена азімых культур яравымі і наяўнасць «папару». Трохполле давала магчымасць узнавіць урадлівасць глебы, але яно не ўплывала на атрыманне вялікіх ўраджаяў. Акрамя таго, кожны год не выкарыстоўвалася трэць абрабляемай зямлі. Асобныя памешчыцкія гаспадаркі пачалі пераходзіць да шматпольнай сістэмы земляробства, пры якой апрацоўваемая зямля дзялілася на тры, чатыры, пяць, шэсць і нават болей участкаў, прычым ніводны з іх не заставаўся свабодным. Шматпольная сістэма заснавана на пастаянным чаргаванні розных сельскагаспадарчых культур.

У ХІХ ст. у асобных раёнах Беларусі (напрыклад, на Палессі) сустракалася найбольш старажытная падсечная сістэма земляробства. Падсека на Палессі спалучалася з лясной аблогай (ялавінай). Пры абложнай сістэме ўся ворыўная зямля дзялілася на 4—6 палёў, два з якіх засейваліся азімымі і яравымі, а астатнія «адпачывалі» некалькі гадоў. Для земляробства найбольш прыдатнай была сярэдняя паласа Беларусі, асабліва лесавыя раўніны Панямоння, цэнтральнай Беларусі і левабярэжжа Дняпра. Ворыўныя землі ў Панямонні ў сярэдзіне ХІХ ст. складалі палову ўсіх сельскагаспадарчых угоддзяў. Тут у сістэме земляробства пераважала трохполле. Ураджай складаў сам-пяць - сам-сем, гэта значыць, што атрыманы ўраджай у 3—5 разоў пераўзыходзіў насеннае збожжа.

Меншае развіццё земляробства атрымала ў паўночнай частцы Беларусі і на Палессі. Прыродна-кліматычныя ўмовы ў Падзвінні абмяжоўвалі магчымасці хлебаробства. Тут у гаспадарцы важную ролю адыгрываў лён, якога па колькасці пасеваў у гэтым рэгіёне было прыкметна больш, чым на астатняй тэрыторыі Беларусі. Наяўнасць вялікай колькасці азёр дазваляла мясцовым жыхарам займацца таксама рыбалоўствам. На Палессі земляробства было прыстасавана да мясцовых экалагічных умоў. Вялікая тэрыторыя Прыпяцкага Палесся была слаба асвоена пад земляробства. Тут значную плошчу складалі забалочаныя масівы, лясныя сервітуты, няўдобіцы. У гэтым рэгіёне шырока прымянялася лясная падсека і аблога. Пад ворыва выкарыстоўваліся адносна невялікія ўчасткі, якія ў выглядзе астраўкоў былі раскіданы сярод неабсяжных балот і лясоў. На Палессі сярод заняткаў істотнае значэнне мелі жывёлагадоўля і паляўніцтва.

У Беларусі палявыя работы праводзіліся на працягу шасці-сямі месяцаў — з сярэдзіны красавіка да сярэдзіны кастрычніка. За гэты перыяд патрэбна было апрацаваць глебу для пасеву, пасеяць і сабраць ураджай.

Прылады працы

Саха

Праца з металічнай сахой на пасадцы бульбы. Віцебская вобласць, 2008 г.

Са старажытных часоў і да ХХ ст. для апрацоўкі зямлі беларусы выкарыстоўвалі традыцыйную земляробчую прыладу — саху, якую селянін мог зрабіць сам. У асноўным яе рабілі з дрэва і толькі некаторыя часткі — з жалеза (напрыклад, сашнік, якім рыхлілі зямлю). Сахой добра было апрацоўваць зямельныя ўчасткі ў лясной паласе, на якіх было шмат карэнняў, пнёў і камення. Сахой можна было лёгка манеўраваць, таму што яна неглыбока ўзворвала глебу.

На тэрыторыі Беларусі было распаўсюджана некалькі тыпаў сохаў: палеская і з перакладной паліцай. Часта ў межах аднаго павета сохі маглі адрознівацца сваёй канструкцыяй, формай сашнікаў, расохі, пастаноўкай паліцы і інш.

Палеская саха бытавала ў паўднёва-заходняй Беларусі. Левы сашнік у ёй ставілі пад тупым вуглом у адносінах да правага. Сашнікі ў ёй былі злучаны такім чынам, каб пласт зямлі адкідваўся ўправа, як пры ворыве плугам.

Саха другога тыпу — з перакладной паліцай — была распаўсюджана ў паўночна-ўсходняй Беларусі. Яе яшчэ называюць «віцебскай». У ёй сашнікі былі пастаўлены паралельна адзін аднаму і на адным узроўні. Для адвалу зямлі каля сашнікоў мацавалі лапатку, яе можна было перакладваць з аднаго сашніка на другі, каб адхінаць ворыўны пласт налева ці направа, што значна павышала манеўранасць такой сахі на вузкіх доўгіх загонах і ва ўмовах цераспалосіцы. Гэта лапатка (драўляная ці металічная) называлася паліцай, перакладной паліцай ці перакладкай.

На Магілёўшчыне саха мела некаторыя асаблівасці. Тут паліцу ў час ворыва не перакладвалі. Яна была надзейна замацавана каля левага сашніка, што давала магчымасць больш грунтоўнай апрацоўкі поля.

Асноўны недахоп сахі быў у тым, што ёй немагчыма было ажыццяўляць глыбокае ворыва, яна не пераварочвала пласт зямлі, што перашкаджала лепшаму выкарыстанню глебы, барацьбе з пустазеллем.

Плуг

Селянін арэ плугам з дапамогай двух коней. Венгрыя, медзье Сабольч-Сатмар-Берэг, вясна 1977 г.

З развіццём кустарнай і фабрычнай прамысловасці ў паслярэформенны перыяд саху пачаў выцясняць плуг. Канчаткова плуг замяніў саху ў 20-я гг. ХХ ст. На тэрыторыі Беларусі зямлю апрацоўвалі з дапамогай рабочай жывёлывалоў і коней. Валы былі больш прыдатныя для ўзорвання глебы палескай сахой і ў якасці цяглавай сілы выкарыстоўваліся ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі. У паўночна-ўсходняй Беларусі, дзе аралі сахой з перакладной паліцай, цяглавай сілай былі коні.

Барана

Пасля ўзорвання глебу рыхлілі баронамі, у Беларусі вядома некалькі іх тыпаў. Найбольш старажытная барана, якая звязана з падсечнай сістэмай земляробства, называлася вершаліна. Яе рабілі з галіны моцнага дрэва, сукі яго, адсечаныя на адлегласці 50—60 см, утваралі завостраныя зубы. За апрацаваны канец вершаліны мацавалі пастронкі, якімі запрагалі каня ці вала.

Даволі шырока была распаўсюджана прымітыўная барана — смык, якая прымянялася пераважна на толькі што распрацаваных месцах, дзе з-за мноства пнёў і карэнняў нельга была араць сахой. Смыкам у асобных месцах карысталіся і на распрацаваных палях для рыхлення глебы. Смык рабілі з расколатых на дзве часткі некалькіх яловых ствалоў, якія былі звязаны такім чынам, каб гладкая іх паверхня была наверсе, а падрэзаныя і завостраныя сукі — унізе. Даўжыня сучкоў-зубоў не пераўзыходзіла 40—50 см, што дазваляла ім без асаблівых цяжкасцей пераскокваць праз пні. Часткі расколатых ствалоў звязвалі віткамі з лазы, бярозы, дубу. Для таго каб смык быў больш трывалым, яго змацоўвалі папярэчынамі.

Найбольш распаўсюджанай у ХІХ ст. была плеценая, ці вязаная барана. Яе рабілі з дубовых прутоў з заціснутымі паміж імі (з дапамогай кольцаў) дубовымі зубамі, якіх, як правіла, было 25. У пачатку ХХ ст. драўляныя плеценыя бароны пачалі выходзіць з ужывання. На змену ім прыйшла рамная барана з жалезнымі зубамі. Яна была больш распаўсюджана ў паўночна-ўсходняй частцы Беларусі. Рамная, ці брусковая барана мела прамавугольную форму і складалася з моцных (звычайна бярозавых) брускоў. У іх рабілі адтуліны, у якія забівалі дубовыя ці бярозавыя, а пазней жалезныя зубы.

Сявалка

Многія культуры, асабліва збожжавыя, сеялі ўручную з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў — «сявалак». Іх яшчэ называлі «сеўняй», «сеўнікам», «сявенькай», «лукошкам», «касцом». У Беларусі былі распаўсюджаны сявалкі двух тыпаў — саламяныя і лубяныя. Першымі карысталіся ў паўднёва-заходняй, заходняй, цэнтральнай і паўночнай частках Беларусі. Аснову іх рабілі з тонкіх лазовых пруткоў. Лубяная сявалка была распаўсюджана пераважна на Магілёўшчыне і ўсходняй частцы Міншчыны. У якасці матэрыялу для яе вырабу выкарыстоўвалі кару ліпы, вяза, тонкія сасновыя дранкі і інш. На паўднёвым захадзе Беларусі, у прыватнасці на Гродзеншчыне, часам сеялі з мяшка ці фартуха.

Сеялка

Сеялкі сталі распаўсюджваца толькі ў першай палове ХІХ ст., і першапачаткова — у гаспадарках памешчыкаў. Нават заможныя сяляне ў пачатку ХХ ст. выкарыстоўвалі іх рэдка.

Серп

Фермер жне. Англія, Графства Дэван, 1942 г.

Усе збожжавыя культуры ў Беларусі ўбіралі з дапамогай сярпа. Серп з’яўляецца старажытнейшай прыладай жніва амаль ва ўсіх земляробчых народаў свету. Ён мае кароткую драўляную ручку і зазубраную рэжучую паверхню, таму працавалі сярпом сагнуўшыся. Сярпы былі паўкруглай (сферычнай) і падоўжанай (авальнай) формы, прычым сярпы першага тыпу прымяняліся часцей.

Каса

Нямецкі касец. 1956 г.

Авёс, ячмень, грэчку, гарох убіралі таксама касой. Пры ўборцы збожжавых касой да ляза звычайнай касы прымацоўвалі грабелькі, зробленыя з дрэва, лазовых пруткоў. Каса складвалася з доўгай драўлянай палкі («касаўё», «касс’ё», «касільна»), металічнай часткі («ляза») і драўлянай ручкі («душка», «вязок»), якую мацавалі пасярэдзіне «касавішча». Металічнае лязо мацавалася да касавішча з дапамогай жалезнага колца («рэхва», «банька»). На тэрыторыі Беларусі ў ХІХ ст. былі распаўсюджаны косы з доўгім касавішчам. Іх рабілі ў Вілейцы і называлі '«літоўкамі». Частку кос прывозілі з Аўстрыі («аўстрыйкі»).

Цэп

Малацьба цэпам. Францыя, 2007 г.

Прыладай для малацьбы служыў цэп. Ім малацілі жыта, авёс, ячмень, проса і грэчку. Цэп уяўляў сабой доўгую (1,5—2 м), гладка абчэсаную палку — «цапільна», да якой з дапамогай вяровачнага ці раменнага путца прывязвалася карацейшая палка — «біч», «бічук» (50—70 см).

Ток

Месца, дзе малацілі, называлася токам. Яго, як правіла, рабілі ў гумне. Снапы на таку ўкладвалі ў два рады каласамі такім чынам, каб адзін рад крыху находзіў на другі. Малацілі ў адзін, два, тры, чатыры, пяць цапоў у залежнасці ад таго, колькі чалавек магла выкарыстаць сям’я для работы. Малацьбу пачыналі пасля заканчэння палявых работ, і працягвалася гэта праца некалькі месяцаў.

Малацільня

Малацільні з’явіліся ў Беларусі ў першай палове ХІХ ст. Абмалочанае зерне правейвалі.

Веялка

Рыдлёўка-шуфля (веялка)

Да ХХ ст. беларусы шырока практыкавалі правейванне ручным спосабам з дапамогай простай ці спецыяльнай саўковай лапаты — '«шуфліка», «веялкі» з кароткай ручкай. Рабілі лапату з бярозы, асіны, альхі, ліпы. Веялі зерне звычайна ў гумне, на таку, седзячы на нізенькай лавачцы або стоячы на адным калені.

Ночвы

Для абчысткі аўса і ячменю часта карысталіся драўляным карытам («ночвамі»). Два чалавекі паднімалі яго і ссыпалі зерне на пасланую ўнізе посцілку, пры гэтым мякіну вецер адносіў у бок. Часам ячмень веялі з дапамогай рэшата.

Арфа

У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. у заможных сялянскіх гаспадарках Беларусі ўжо нярэдка былі механізаваныя веялкі — «арфы».

Зерне захоўвалі ў аднакамернай гаспадарчай пабудове — клеці. У заходняй частцы Беларусі яе называлі «свіран», а ва ўсходняй — «амбар».

Яма

Абмалочанае правеянае зерне захоўвалі таксама ў спецыяльных паглыбленнях у зямлі — «жытных ямах». Глыбіня іх магла быць два — чатыры метры. Па форме яна была падобна на грушу ці гаршчок з вузкім горлам. Верхняя частка была вузейшая, а ніжняя — шырэйшая. Сценкі ямы абкладвалі бяростай. Хлебныя ямы капалі звычайна непадалёку каля хаты ў месцах з глыбокім заляганнем гліністага слою. Бульбу захоўвалі таксама ў спецыяльных ямах, звычайна круглай формы. Сцены такіх ям нічым не абкладвалі. Бульбу закрывалі саломай і засыпалі зямлёй. Заможныя сяляне ў ХІХ ст. для захоўвання бульбы будавалі склеп. Яго размяшчалі ў двары, непадалёку каля хаты. Для склепа капалі яму, сценкі якой абкладвалі бярвенцамі. Зверху яму накрывалі драўляным насцілам і засыпалі зямлёй. Каля ўваходу пакідалі адтуліну — «жорло», а для спуску ва ўнутр склепа ставілі лесвіцу. Над ямай рабілі з дошак або саломы навес. У склепе падтрымлівалі невысокую, але па магчымасці роўную тэмпературу. У 20-х гг. ХХ ст. такія скляпы былі ўжо амаль ва ўсіх сялянскіх гаспадарках.

Ступы і жорны

Для перапрацоўкі абмалочанага і правеянага збожжа на муку і крупы выкарыстоўвалі ручныя і нажныя ступы, ручныя жорны, вадзяныя і ветраныя млыны.

Пранікі і мялкі

Лён і каноплі таксама апрацоўвалі ўручную. Для таго, каб аддзяліць насенне ад сцебляў, іх білі невялікім драўляным валікам («пранік», «прач», «пральнік»). Потым сцёблы ільну рассцілалі на лузе. Сцёблы каноплі вымочвалі ў вадаёмах, потым лён і каноплі сушылі, мялі на спецыяльным прыстасаванні («мялка»), трапалі. Па сваёй форме «трапала» было падобна на доўгі кінжал, абодва бакі рабочай часткі якога былі завостраны. Пасля «трапаныя» лён і каноплі абчышчалі вялікімі шырокімі драўлянымі грабянямі і шчоткамі, і ў выніку атрымлівалі гатовыя валокны.

Абрады і звычаі, звязаныя з земляробствам

На працягу жыцця беларускі селянін кіраваўся шматвяковым вопытам сваіх продкаў і сваімі назіраннямі за прыродай. Няпісаныя нормы народнай аграноміі перадаваліся з пакалення ў пакаленне ў выглядзе разнастайных прыкмет. Год для селяніна пачынаўся вясной. Да 1492 г. афіцыйнае святкаванне Новага года па праваслаўным календары прыходзілася менавіта на сакавік. Пачаткам года лічылася не нейкая канкрэтная дата, а наяўныя прыкметы вясны: прылёт з выраю птушак, вылет з вулляў пчол і інш.

Важнае значэнне ў структуры народных прыкмет і павер'яў надавалася вясновым святам — Благавешчанню (Звеставанне), Вялікадню, Юр'ю, Міколу, Ушэсцю, Тройцы (Сёмуха, Дух). Да Благавешчання, згодна звычаю, нельга было трывожыць сон зямлі. Таму да гэтага дня забаранялася не толькі араць ды сеяць, а нават забіваць кол у зямлю. У народзе казалі:

«На Благавешчанне нават птушка гняздо ня ўе».

Існавала прыкмета, што калі да Благавешчання не выляцяць з вулляў пчолы, то лета будзе цёплае і ўраджайнае. Прылёт бусла чакалі на Благавешчанне. Калі бусел прылятаў перад святам, то гэта лічылася нядобрай прыкметай. А дажджлівае надвор'е ў гэты дзень прадказвала добры ўраджай азімых і грыбное лета.

Сапраўдным святам для селяніна быў першы выхад у поле — заворванне. Перад гэтым гаспадыні выпякалі абрадавае печыва ў форме розных земляробчых прылад — сахі, бараны, сярпа і інш. Гаспадар надзяваў новую кашулю. А гаспадыня збірала ў поле рытуальныя прадметы — свянцоную ваду, хлеб, соль, яйкі. Свянцонай вадой акраплялі рабочую жывёлу (коней ці валоў). У першы дзень селянін араў няшмат, часта рабіў некалькі барознаў і вяртаўся дадому, дзе быў ужо накрыты святочны стол.

Важнае значэнне надавалі масці рабочай жывёлы. На Гродзеншчыне палявыя работы не пачыналі на чорных валах. Лічылася, што ў такім выпадку ўраджай на полі загіне ад дажджоў, і для заворвання пазычалі валоў светлай масці ў суседзяў ці аднавяскоўцаў.

Перад заворваннем існаваў звычай провідкаў або агледзін нівы. Ідучы ў поле, селянін на чыстым абрусе ці ручніку нёс з сабой пірог, соль, чырвоныя яйкі, галінкі вярбы. Гаспадар абыходзіў палеткі, утыкаючы па краі поля галінкі вярбы, якія аберагалі яго ад стыхій і сімвалічна благаслаўлялі адраджэнне нівы. Пасля абрадавай трапезы рэшткі ежы і шкарлупінне ад яек закопвалі на полі.

Надзвычай важнае значэнне надавалася веснавой сяўбе. Да яе селянін рыхтаваўся загадзя: яшчэ зімой вырабляў сявенькі і кошыкі, рамантаваў вупраж, сартаваў насенне, рыхтаваў саху, барану і інш. Для пачатку сяўбы ў народзе найбольш спрыяльнымі лічыліся цёплыя, ціхія і пахмурныя дні. Важную ролю адыгрывалі фазы месяца: найбольш спрыяльнай лічылася поўня:

«Поўны месяц — поўныя засекі збажыны».

Улічваўся і дзень тыдня: найлепшымі для сяўбы былі аўторак і субота. Згодна з народнымі павер'ямі і назіраннямі авёс рэкамендавалася сеяць, калі з'явяцца камары, а пшаніцу — калі зацвітала чаромха, ячмень звычайна сеялі ў час цвіцення каліны. Але найбольш важнымі арыенцірамі лічыліся нерухомыя каляндарныя святы — Юр'я (6 мая) і Мікола (22 мая). На Палессі да Міколы ў асноўным завяршалі сяўбу яравых. Пры спрыяльных умовах імкнуліся штосьці пасеяць да Вялікадня, у Чысты чацвер ці пятніцу, каб пасевы выраслі без пустазелля («будуць чыстымі») і град не пабіў жыта.

Азімыя пачыналі сеяць пасля Спаса (19 жніўня) і заканчвалі да Пакроў (14 кастрычніка). Пазбягалі пачынаць сеяць у дні, у назвах якіх ёсць літара «р» (аўторак, серада, чацвер), каб чарвяк не еў збажыну. Стараліся не сеяць у так званы «чарвівы тыдзень» (28 жніўня — 4 верасня). Калі замужняя жанчына выйдзе ў поле з голай галавой (без галаўнога ўбору) і сустрэне па дарозе чалавека, які ідзе сеяць, то апошняму, згодна з павер'ем, лепш было вярнуцца дамоў, таму што ў яго не будзе ўраджаю. У час севу азімых важную функцыю адыгрывалі святы: Прачыстай (28 жніўня) і Багача (21 верасня). У народзе казалі:

«Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку».

Было прынята, каб у час сяўбы ў хаце селяніна былі парадак і чысціня, бо па аналогіі лічылі, што і пасевы на полі будуць чыстыя, без пустазелля. Існаваў звычай старанна мыцца перад сяўбой і апранаць чыстае адзенне. Засеўкі праводзілі лепшым насеннем, якое змешвалі з зернем, выбраным з зажыначнага снапа, які зжалі мінулым летам у час зажынак. На Палессі засяваць лён павінен быў мужчына, каб лён вырас доўгім. На Магілёўшчыне сяўбу пачыналі апранутыя ў святочнае адзенне хлапчукі 10—14 год.

Пасля засевак ладзілі святочную трапезу, на якую запрашалі сваякоў, суседзяў, аднавяскоўцаў. У народзе лічылі, што чым больш багаты і разнастайны будзе стол з нагоды засевак, тым багацейшы будзе ўраджай. У дзень засевак не прынята было пазычаць што-небудзь, таму што, згодна з народным павер'ем, разам з пазычанымі рэчамі да суседа ці аднавяскоўца магла перайсці і частка ўраджаю. Існавала павер'е, што лён вырасце высокім, калі яго пасее самы высокі чалавек у сяле, ці калі яго пасее дзяўчына з расплеценымі валасамі.

Разнастайнымі былі звычаі і абрады, якія звязаны з перыядам уборкі ўраджаю і заканчэннем палявых работ. Важнае значэнне надавалі першаму і апошняму зжатым снапам — «гаспадару» і «жытняй бабе», якія сімвалізавалі сабой зажынкі і дажынкі. Зажынкі, як правіла, рабілі ў суботу: лічылі яе, згодна з народнымі вераваннямі, найлепшым днём. Зажынаць выходзіла гаспадыня з дочкамі або нявесткай. З сабой бралі кавалак хлеба, сала, соль або спецыяльна для гэтага адціснуты клінковы сыр. На Палессі зажынкі пачынала сталая, мудрая і аўтарытэтная ў вёсцы жанчына. Зажынальніцы павінны былі адпаведна апрануцца. Кісць правай рукі жняі перавязвалі жгутом саломы, што нібыта служыла абярэгам ад стомленасці і няшчасных выпадкаў і давала моц рукам. Зжатае жыта вязалі ў снапы, ставілі ў бабкі, якія налічвалі 5—12 снапоў. Потым высушаныя ў бабках снапы складвалі ў копы па 60 снапоў кожная.

Першы зажыначны сноп-гаспадар ставілі ў хаце на покуці, дзе ён заставаўся да пачатку сяўбы, калі з яго выбіралі зерне і замешвалі да ўсяго насення. Пры заканчэнні жніва на апошнім загоне пакідалі жменю нязжатага жыта, якое звязвалі стужкай або саломінай. Паміж сцяблін начыста выполвалі траву, прычым палолі не голай рукой, а ахінутай рукавом ці хусцінкай. Гэты працэс называўся «завіванне» ці «палонне барады». Паралельна з гэтым абрадам «завівання барады» тры дзяўчыны спляталі дажынкавы вянок: адна выбірала палосы, імкнучыся, каб сярод іх трапілі спарышы (двайныя палосы), другая пляла вянок, а трэцяя яго падтрымлівала. Кожная жняя, дажынаючы апошні загон, адкладвала па каласку для аднаго супольнага дажынкавага снапа. Узяўшы дажынкавы сноп, усклаўшы на галаву адной з абраных дзяўчат вянок з каласоў і палявых кветак, пад звонкія гукі дажынкавых песень жнеі ішлі дахаты, у двор. Іх сустракалі каля ганка ці брамы гаспадар з гаспадыняй. Прыняўшы з рук жней дажынкавы сноп і вянок, гаспадар запрашаў работніц на дажынкавую трапезу. Сярод страў, якія гатавалі на дажынкі, былі бліны, масла, сыта і густая каша (каб налета пасевы былі такія густыя). На дажынкі выпякалі каравай. У некаторых месцах дажынкі спраўлялі двойчы — па заканчэнні жніва азімых і яравых. Духоўны змест дажынкавага святкавання складалі песні. Дажынкавы абрад звязаны з культам зямлі і ўрадлівасці, у ім паслядоўна выяўляецца працоўная аснова, услаўляецца цяжкая праца жанчыны-жняі.

З культам хлеба і агню звязаны старажытны абрад «Жаніцьба коміна», які спраўлялі глыбокай восенню пасля заканчэння палявых работ, калі дні станавіліся кароткімі, сяляне першы раз вечарам урачыста запальвалі агнішча светач. Жанчыны і дзяўчаты вадзілі вакол коміна карагоды з песнямі, гульнямі, інтэрмедыямі і пры гэтым абсыпалі комін насеннем і збожжам. Земляробчыя звычаі і абрады адыгрывалі важную ролю ў жыцці беларускага народа. З'яўляючыся састаўной часткай беларускай народнай культуры, яны садзейнічалі фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці, перадачы жыццёвага вопыту і традыцый сваіх продкаў малодшаму пакаленню, спрыялі працоўнаму, маральнаму і эстэтычнаму выхаванню моладзі.

Жывёлагадоўля

Жывёлагадоўля займала важнае месца ў гаспадарцы беларусаў. Яна забяспечвала сялянскую гаспадарку неабходнымі прадуктамі харчавання (мяса, малако), цяглавай сілай (традыцыйныя транспартныя сродкі), тэхнічнай сыравінай для шматлікіх промыслаў і рамёстваў (выраб адзення з аўчын і шэрсці, выраб абутку, вупражы са скуры і інш.). Акрамя гэтага, жывёлагадоўля давала арганічныя ўгнаенні, што садзейнічала развіццю прагрэсіўных сістэм земляробства.

Асноўнае месца ў структуры жывёлагадоўлі займала буйная рагатая жывёла. Яна належала пераважна да звычайнай мясцовай пароды — нізкарослай, слабасільнай, якая давала мала малака. Пародзістую скаціну халмагорскай, швейцарскай, цірольскай пароды разводзілі толькі ў некаторых заможных гаспадарках, таму што для іх утрымання неабходны значныя затраты.

Найбольш распаўсюджанай цяглавай сілай у земляробстве і на транспарце былі коні. Іх разводзілі паўсюдна. Сялянскія коні былі таксама мясцовай слабасільнай пароды. Яны пасвіліся ўсё лета і восень. У напружаную сельскагаспадарчую пару коней пасвілі і ноччу. Селянін даглядаў свайго каня лепш, чым карову: яму адводзілася лепшае месца ў хлявах, давалі больш якаснае сена, авёс. У многіх раёнах, асабліва паўднёвых, асноўнай цяглавай сілай былі валы. Іх выкарыстоўвалі ў час ворыва і ў якасці транспартнай жывёлы. Валоў таксама запрагалі ў прывады механічных млыноў, малатарняў і інш.

Свінагадоўля была высока развіта на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Заможныя сяляне трымалі да 15 і болей галоў свіней. Кармілі свіней караняплодамі, жалудамі, мякінай з дабаўленнем бульбы і мукі. Забівалі іх, як правіла, у пачатку зімы, каб сала і мясныя прадукты лепш захаваліся. З нагоды разбірання забітай жывёлы звычайна «спраўлялі госці»: на свежыну запрашалі сваякоў і суседзяў, дзяліліся мясам з блізкімі родзічамі, суседзямі (давалі «бонду» ці «сквярству»).

Значную ролю ў гаспадарцы адыгрывала авечкагадоўля. Мяса авечак ужывалася ў ежу, воўна выкарыстоўвалася як сыравіна для промыслаў, а ў некаторых рэгіёнах (Гродзенская губерня) авечак нават даілі. Стрыглі іх два разы на год — позняй вясной і восенню, прычым, згодна з народнай традыцыяй, імкнуліся стрыгчы ў аўторак, чацвер і пятніцу. Заканчэнне стрыжкі адзначалася трапезай.

Сярэдняя сялянская гаспадарка мела 4—6 авечак, а заможныя сяляне трымалі іх удвая больш. У сялян былі выключна простыя грубашэрсныя авечкі, а танкарунных вырошчвалі толькі ў багатых панскіх гаспадарках.

Малазямельныя сяляне і местачкоўцы для атрымання малака разводзілі коз.

Хатняй птушкі трымалі няшмат — ад 3 да 10 курэй на гаспадарку. Гусей і качак звычайна разводзілі там, дзе паблізу быў вадаём. Мяса хатняй птушкі сяляне рэдка ўжывалі ў ежу. Птушку, як правіла, прадавалі ў гарадах і мястэчках.

Сялянскую жывёлу пасвілі на працягу 6—7 месяцаў — з пачатку вясны і да позняй восені. Кароў і авечак на ноч заганялі ў хлявы, коней часта пасвілі цэлыя суткі. Выкарыстоўвалі таксама і адгонную форму выпасу, калі статак гналі на доўгі час далёка ад дому. У такім выпадку для начлегу жывёле рабілі часовыя збудаванні — аборы ці кашары. Свіней кармілі ў хлявах, часам выпускалі іх на падножны корм. Палешукі выкарыстоўвалі адгонную форму іх утрымання. Вось як аб гэтым пісаў беларускі этнограф А. Кіркор:

«Прыкметна тое, што ў многіх месцах гаспадары на цэлае лета выганяюць сваіх свіней у лес і да глыбокай восені зусім не клапоцяцца пра іх. Лясная прырода, балоты, жалуды — уяўляюць для свіней усе магчымыя зручнасці. Яны тлусцеюць і разводзяцца ў лесе. Арыгінальная абарона свіней ад ваўкоў і мядзведзяў. Свінні заўсёды трымаюцца разам, ходзяць гуртом; у выпадку нападку на іх яны ўмеюць так шчыльна згуртавацца, утвараючы чатырохвугольнік і забраўшы ўсіх меншых у сярэдзіну, падымуць такі рык, што і нават самыя лютыя ваўкі не адважацца зрабіць на іх нападзенне, а былі выпадкі, калі адзінокія ваўкі былі разарваны свіннямі... Восенню для гаспадароў многа клопату вярнуць у вёску адзічэлы статак свіней. У гэтым паспяваюць жанчыны, якія мінулай зімой кармілі іх. Яны ўмеюць прывабіць іх да сябе, голас іх пазнаюць старыя свінні і пасля многіх, часам працяглых дагаджэнняў, ідуць за жанчынамі, а за старымі ідуць і маладыя. З’яўляецца мужчынская дапамога, і такім чынам, пастаянна зазываючы голасам і кідаючы лусты хлеба, прыводзяць іх у вёску. Пінчуковае сала і вэнджанае мяса славяцца ў Літве і, канечне, прыносяць гаспадарам шмат выгады».

У зімовы перыяд асноўную долю ў рацыёне буйной рагатай жывёлы і коней складала яравая салома, часцей жытняя, з дамешкам сена, якое летам нарыхтоўвалі ўручную — з дапамогай косаў, грабляў, вілаў. Траву касілі касой, а затым высушаную граблямі зграбалі і з дапамогай вілаў складвалі ў копы, а затым рабілі стагі. Перш чым складваць копы ў стог, на абраным для гэтага месцы рабілі насціл ці памост з жэрдак — «адзёнак». Ён захоўваў сена ад балотнай сырасці, асабліва ў дажджлівую пару. Ніжняя частка стога была шырокай, а верхняя значна вузейшая. Частку сена захоўвалі ў спецыяльнай пабудове, якая называлася пуня ці адрына. Сена захоўвалі таксама ў вялікіх гаспадарчых пабудовах, якія называліся гумнамі.

Жывёлу трымалі ў хлявах. Калі ў гаспадарцы было некалькі такіх пабудоў, то кожная з іх мела назву, якая ўказвала на жывёлу, што ўтрымлівалася там (кароўнік, свінарнік, аўчарня і інш.) Хлеў для коней называлі «стайняй». Колькасць гаспадарчых пабудоў для ўтрымання жывёлы, іх памеры і якасць залежалі ад эканамічнага стану сям’і.

Жывёлагадоўля як адзін з важнейшых старажытных заняткаў беларусаў адыгрывала важную ролю ў жыцці народа, арганічна ўваходзіла ў земляробчы каляндар, у структуру традыцыйнай беларускай культуры. Многа народных звычаяў, абрадаў, павер’яў, прыкмет было звязана з жывёлагадоўляй. Так, напрыклад, з даўніх часоў было вядома, што добрая малочная карова мае доўгі хвост, худую шыю, тонкую скуру і тоўстыя жылы на жываце. Па знешніх прыкметах вызначалі тлустасць малака ў каровы: «У якой каровы вуха тоўстае, то малако густое, а калі вуха сіняе, як пуп, то і малако сіняе, як бы з вадою». Стомленых спацелых коней не рэкамендавалася паіць халоднай вадой: у іх нярэдка ўзнікаў апой — запаленне суставаў. З жывёлагадоўляй звязана старадаўняе гадавое свята Юр’я, якое адзначалася ў гонар заступніка жывёлы і гаспадаркі Юр’я — 23 красавіка па ст. ст. Хрысціянская назва святога Юр’я ўвабрала ў сабе рысы старажытнага язычніцкага Вялеса — апекуна хатняй жывёлы, урадлівасці і закаханых. Да Юр’я прымяркоўваўся першы выган статка ў поле, на «Юр’еву расу», калі, згодна з народнымі вераваннямі, раса мела цудадзейную моц. Гэты дзень лічыўся таксама святам пастухоў. На Юр’я пастухі не бралі з сабой пугаў, а выганялі жывёлу галінкамі вярбы, асвечанай у царкве на Вербную нядзелю. Вечарам напярэдадні Юр’я ўпершыню выводзілі коней на начлег. Існавала павер’е, што Юр’я «замыкае ваўкам раты», і з гэтага дня драпежнікі не будуць нападаць на конскі табун. Коням стрыглі хвасты і грывы, каб яны лепш адрасталі. У гэты дзень рабілі абрадавы абход палёў і агляд нівы, варажылі на будучы ўраджай. Пасля абходу жытніх ніў там жа каля іх і частаваліся, закопваючы на ніве косці ад велікоднага стала. Гаспадары частавалі пастухоў хлебам, салам, яйкамі, і яны самі ў гэты дзень ладзілі сабе трапезу, дзе абавязковай была яечня. Састаўной часткай свята былі карагоды і шматлікія песні, прысвечаныя Юр'ю, якім надавалася магічнае значэнне.

Жывёлагадоўля знайшла адлюстраванне ў шматлікіх беларускіх прыказках і прымаўках:

«Як гаспадар каля жывёлы мучыцца, то жывёла ручыцца»

«Як пакорміш, так і надоіш»

«Шануй каня дома, а ён цябе ў дарозе»

«Сам ня з’еш, а каню дай»

«Не вымем карова малако дае, а языком»

«Праз сілу і конь не бярэ»

Такім чынам, асноўнымі традыцыйнымі гаспадарчымі заняткамі беларусаў былі земляробства і жывёлагадоўля. Важную ролю адыгрывалі здабыўныя промыслы — збіральніцтва, пчалярства (бортніцтва), паляўніцтва, рыбалоўства, якія дапаўнялі асноўныя заняткі. У некаторых месцах (напрыклад, на Палессі) роля здабыўных промыслаў (паляўніцтва) узрастала ў параўнанні з асноўным заняткам — земляробствам, якое цяжка было весці з прычыны балоцістай мясцовасці і непрыдатных умоў. Роля рыбалоўства была больш высокай у тых раёнах, дзе былі паблізу вадаёмы, рэкі і азёры.

Сённяшні стан

Крыніцы

  • Т. А. Навагродскі [і інш.] Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве. Вучэб.-метад. дапам. — Мінск, БДУ, 2009. — 335 с. іл. ISBN 978-985-518-121-8

Гл. таксама

Літаратура

  • Живописная Россия : Отечество наше в его зем., ист., плем., экон. и быт. значении : Литов. и Белорус. Полесье : репринт. воспроизведение изд. 1882 г. Минск, 1994.
  • Коробушкина, Т. Н. Земледелие на территории Белоруссии в X—XIII вв. / Т. Н. Коробушкина. Минск, 1979.
  • Молчанова, Л. А. Материальная культура белорусов / Л. А. Молчанова. Минск, 1968.
  • Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў. Мінск, 1974.
  • Пилипенко, М. Ф. Этнография Белоруссии / М. Ф. Пилипенко. Минск, 1981.
  • Цітоў, В. С. Народная спадчына / В. С. Цітоў. Мінск, 1994.
  • Этнаграфія Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. : І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. Мінск, 1989.