Евангеліярый: Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
+
(Няма розніцы)

Версія ад 17:14, 20 красавіка 2015

Ілюстрацыя да свята Пяцідзесятніцы ў Кодэксе Эгберта

Евангеліярый (лац.: Evangeliarium) — адна з літургічных кніг лацінскага абраду, якая ўжываецца ў набажэнствах Рымска-каталіцкай Царквы.

Евангеліярый утрымлівае асобныя фрагменты тэкстаў Евангелля і з'яўляецца разнавіднасцю альбо складнікам лекцыянарыя — літургічнага зборніка фрагментаў тэкстаў Святога Пісання, размеркаваных згодна з парадкам літургічнага году[1]. У практыцы паўднёваславянскіх і ўсходнеславянскіх вытворных візантыйскага абраду аналагам евангеліярыя з'яўляецца апракас.

Гісторыя

Евангеліст Лука. Ілюстрацыя ў Евангеллі Гадэскалька

З ранніх хрысціянскіх часоў чытанне Бібліі было абавязковым момантам літургічных абрадаў. На кожным набажэнстве чыталіся біблійныя, у першую чаргу, новазапаветныя тэксты. Паслядоўнасць такіх чытанняў у раннія часы адпавядала структуры саміх тэкстаў. Яны чыталіся ад пачатку да канца (лац. lectio continua). Такім чынам, раннія хрысціяне наследавалі сінагагальную практыку, паводле якой чытанне кожнага новага ўрыўка з Закона пачыналася там, дзе скончыў папярэдні ўдзельнік набажэнства. Адной з прычынаў такога спосабу чытання Бібліі з'яўляўся той факт, што тэкст быў запісаны на папірусных і пергаментных скрутках, у сувязі з чым пошук канкрэтнага месца Пісання быў ускладнены[1].

Калі кодэксы набылі большую распаўсюджанасць і пошук фрагментаў стаў нашмат больш зручны, практыка бесперарыўнага чытання паступова замянялася прынцыпам чытання на святы фрагментаў Евангелля, якія непасрэдна апісваюць гэтае свята. Спачатку гэта распаўсюджвалася толькі на галоўныя святы літургічнага года, але з IV стагоддзя гэтая практыка паступова стала распаўсюджвацца на ўсе святы і прывяла да поўнай замены паслядоўнага чытання Евангелля на сістэму фіксаваных чытанняў на кожны дзень[1]. Тым не менш, евангельскія тэксты ў літургічных кодэксах пісаліся бесперарыўна, а для пошуку патрэбнага фрагмента карысталіся маргіналіямі — паметкамі на палях у выглядзе асаблівых знакаў[1].

Раней за ўсё такая сістэма з'явілася ў бліжнеўсходніх цэрквах, асабліва Іерусалімскай, пазней — на Захадзе, дзе самы старажытны прыклад выбару евангельскіх ўрыўкаў, якія адпавядаюць святу, адносіцца да Галіі V стагоддзя. Паступова ўстанавліваўся канон чытанняў, адпаведнасць урыўкаў падзеям ці сакрамэнтам, да якіх прывязвалася набажэнства, і іх месца ў літургічным годзе. У VIII—IX стагоддзях шырокае распаўсюджанне набылі капітулярыі (лац. capitulare lectionum) — спісы евангельскіх чытанняў на кожны дзень. Такі спіс, як правіла, размяшчаўся ў канцы ці пачатку кодэкса, які ўтрымліваў поўны тэкст усіх чатырох Евангелляў[1].

Толькі ў XII стагоддзі з'явіўся менавіта евангеліярый, які з'яўляўся выключна літургічнай кнігай і дзе фрагменты цалкам не залежалі ад храналогіі евангельскіх падзеяў, а былі прывязаныя да падзеяў літургічнага года.

Бліжэй да канца Сярэднявечча евангеліярыі выйшлі з ужытку па прычыне развіцця іншай літургічнай літаратуры, якая аб'ядноўвала ў сабе розныя тыпы тэкстаў: імшалы на Захадзе і розныя служэбнікі і тыпіконы на Усходзе. У ходзе літургічнай рэформы ў Каталіцкай царкве сярэдзіны XX стагоддзя асобны зборнік біблійных літургічных чытанняў быў адроджаны і стаў называцца лекцыянарыем, а евангеліярый стаў яго састаўной часткай.

Для новазапаветнай тэксталогіі евангеліярыі мелі невялікае значэнне, таму што да таго часу, як розныя ўрыўкі Евангелляў пачалі збірацца ў выглядзе літургічных кніг, ужо існавалі розныя сем'і новазапаветных тэкстаў[2]. Евангеліярыі канкрэтнай лакальнай царквы проста перадавалі той пераклад Евангелля, які ўжо быў прыняты ў гэтай царкве.

Ілюстрацыі

Звеставанне пастухоў у Перыкопе Генрыха II

Прынцыпы ўпрыгожвання зборнікаў евангельскіх тэкстаў не адрозніваліся ад аналагічных для рэлігійных рукапісаў іншага прызначэння. На Захадзе значнага ўзрозню дасягнула мастацтва ілюстрацыі ў евангеліярыях оттанаўскага перыяду[3], сярод якіх Кодэкс Эгберта, Перыкопа Генрыха II. Таксама вядомыя ўпрыгожаныя евангеліярыі іншага часу, як, напрыклад, каралінгскі евангеліярый Гадэскалька. Ад Візантыі таксама захавалася значная колькасць ілюстраваных манускрыптаў евангеліярыяў. Асабліва іх колькасць павялічылася з другой паловы XI стагоддзя да першай паловы XII стагоддзяў. Сярод іх можна адзначыць лекцыянарый з афонскага манастыра Дыянісіята, лекцыянарый 120, евангеліярый з Гістарычнага музея ў Маскве.

Сучаснае выкарыстанне

У сучаснай практыцы Каталіцкай царквы евангеліярый выкарыстоўваецца для трэцяга, евангельскага чытання на Літургіі слова. Евангельскае чытанне — галоўнае сярод усіх чытанняў імшы, таму яно суправаджаецца пабожным стаўленнем[4], напрыклад, падчас гэтага чытання веруючыя стаяць. Вынас евангеліярыя таксама ўрачысты — яго суправаджаюць свечкі, перад чытаннем часта адбываецца акаджэнне кнігі, чытае Евангелле дыякан альбо святар, які пасля чытання цалуе кнігу. Евангеліярый таксама выкарыстоўваецца падчас працэсій і на набажэнствах з удзяленнем сакрамэнту святарства. Пры адсутнасці евангеліярыя евангельскае чытанне гэтага дня чытаецца з лекцыянарыя ці Бібліі, пры гэтым апісаны вышэй жэсты пашаны застаюцца ў сіле[5].

Гл. таксама

Зноскі

Літаратура

  • Евангелиарий // Католическая энциклопедия. Т. 1. Ст. 1746—1748. М.: Изд. францисканцев, 2002
  • (ням.) J.M. Plotzek. Evangeliar: I. Frühchristentum, frühbyzantinische Zeit, Okzident. In: Lexikon des Mittelalters. Bretscher-Gisinger, Charlotte/Meier, Thomas (Hrsg.). J.B. Metzler Verlag, Stuttgart u.a 2000. ISBN 3-476-01819-9.

Спасылкі