Вікінгі: Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
[дагледжаная версія][дагледжаная версія]
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
др вырашэнне неадназначнасцяў з дапамогай AWB
Радок 101: Радок 101:
=== Рэлігія і літаратура ===
=== Рэлігія і літаратура ===
{{галоўная|Сагі|Паэзія скальдаў}}
{{галоўная|Сагі|Паэзія скальдаў}}
[[Выява:Viking funeral.jpg|thumb|300px|«Пахаванні вікінга». Мастак Фрэнк Дыксі]]
[[Выява:El funeral de un vikingo, por Frank Dicksee.jpg|thumb|300px|«Пахаванні вікінга». Мастак Фрэнк Дыксі]]
Як і [[старажытныя германцы]] больш ранняга перыяду, вікінгі да прыняцця хрысціянства вызнавалі традыцыйную [[скандынаўская міфалогія|германа-скандынаўскую рэлігію]] (цяпер вядомая як [[Асатру]]) з рэгулярнымі ахвярапрынашэннямі — [[блот]]амі. Пісьмо было рунічным (гл. [[скандынаўскія руны]]).
Як і [[старажытныя германцы]] больш ранняга перыяду, вікінгі да прыняцця хрысціянства вызнавалі традыцыйную [[скандынаўская міфалогія|германа-скандынаўскую рэлігію]] (цяпер вядомая як [[Асатру]]) з рэгулярнымі ахвярапрынашэннямі — [[блот]]амі. Пісьмо было рунічным (гл. [[скандынаўскія руны]]).



Версія ад 12:11, 19 красавіка 2019

Карабль вікінгаў у музеі ў Осла

Вікінгі (ад старажытнапаўночнага vikingr — чалавек з фіёрда) — саманазва скандынаваў, якія займаліся марскім разбоем, хаваючы свае караблі ў прыбярэжных водах, зацішных фіёрдах. У Францыі і Англіі вікінгаў называлі нарманамі; грэкі і усходнія славяне — варагамі.

Этымалогія

Слова «вікінг» паходзіць ад старажытнанарвежскага «víkingr», якое паводле найбольш распаўсюджанай версіі азначае «чалавек з бухты», «чалавек з порта» (ад кораня vík — бухта, заліў; + суфікс ingr)[1]. Яно таксама можа паходзіць ад назвы нарвежскай вобласці Вік. Асобныя лінгвісты выводзяць тэрмін ад старажытнанарвежскага vike у значэнні «пакідаць, аддаляцца»: так называлі людзей, якія пакідаюць родныя краі з мэтай рабавання ці гандлю.

Прычыны экспансіі

Прычыны экспансіі вікінгаў, якая прымала розныя формы (пошукі новых земляў і перасялення, рабаўніцкія напады, пірацтва і вялікія ваенныя паходы, гандлёвыя паездкі, якія цесна перапляталіся з пірацтвам і рабаваннем), былі разнастайныя. Раслажэнне абшчынна-радавога ладу ў шведаў, датчан і нарвежцаў суправаджалася ўзмацненнем знаці, для якой ваенная здабыча служыла найважнейшай крыніцай узбагачэння; многія радавыя супольнікі (бонды) пакідалі радзіму з-за адноснай перанаселенасці прыморскіх раёнаў Скандынаўскага паўвострава і недахопу прыдатных для апрацоўкі земляў. Прагрэс караблебудавання ў скандынаваў — спрадвеку выдатных мараходаў — зрабіў магчымым іх плаванне не толькі па Балтыйскім моры, але і ў водах Паўночнай Атлантыкі і ў Міжземным моры.

Гісторыя

Схема паходаў вікінгаў

У IX ст. пачаўся ўсплёск знешняй актыўнасці вікінгаў. Ёсць розныя гіпотэзы адносна прычын гэтага ўсплёску. Сярод іх і такая, што з-за перанаселенасці Скандынавіі многія скандынавы пачалі шукаць шчасця і багацця ў разбоях на адлегласці ажно да 8000 км ад родных берагоў. Багатыя, але неабароненыя гарады і манастыры паўднёвых і заходніх суседзяў скандынаваў былі лёгкай здабычай. Наўрад ці можна было чакаць і адпору ад разрозненых каралеўстваў на Брытанскіх астравах або саслабелай імперыі Карла Вялікага, якую паглынулі дынастычныя міжусобіцы. У эпоху вікінгаў у Нарвегіі, Швецыі і Даніі паступова кансалідаваліся нацыянальныя манархіі. Славалюбівыя правадыры і магутныя кланы змагаліся за ўладу. Правадыры, якія пацярпелі паразу і іх прыхільнікі, а таксама малодшыя сыны правадыроў-пераможцаў успрымалі рабаванне як лад жыцця. Энергічныя маладыя людзі з уплывовых сем'яў звычайна набывалі аўтарытэт удзелам у адным або некалькіх паходах. Многія скандынавы рабіліся вікінгамі — ужо міжнароднымі марскімі разбойнікамі, перыядычна яны займаліся рабаваннем, а між гэтым былі звычайнымі землеўласнікаў. Вікінгаў вабіла не толькі спакуса здабычы — хутка яны зразумелі, што праз гандаль таксама можна набыць вялікія багацці, таму сталі спалучаць рабаўніцтва з гандлем.

У некаторых выпадках вікінгі займаліся не толькі рабаваннем і гандлем, але і захопам чужых зямель дзе яны пасяляліся ці рабіліся ўладарамі. Дацкія вікінгі на нейкі час заваявалі Англію, пасяляліся ў Шатландыі і Ірландыі, заваявалі частку Францыі, вядомую пад назвай Нармандыя. Нарвежскія вікінгі стварылі калоніі на астравах Паўночная Атлантыкі — Ісландыі і Грэнландыі і магчыма на кароткі час заснавалі паселішчы на ўзбярэжжы Ньюфаўндленда і Паўночнай Амерыкі.

Шведскія вікінгі ўладарылі на ўсходзе Балтыкі — кантралявалі гандлёвыя шляхі, шырока распаўсюдзіліся па землях балтаў, фіна-уграў і ўсходніх славян. Спусціўшыся па рэках да Чорнага і Каспійскага мораў, нават пагражалі Канстанцінопалю і некаторым раёнам Персіі.

Вікінгі былі апошнімі германскімі варварамі-заваёўнікамі і першымі еўрапейскімі мараплаўцамі-першапраходцамі.

Вікінгі ў Англіі

8 чэрвеня 793 г. н.э. вікінгі высадзіліся на востраве Ліндысфарн у Нартумбрыі, разбурыўшы і спустошыўшы манастыр Св. Кутберта. Гэты першы напад вікінгаў, дакладна зафіксаваны ў пісьмовых крыніцах, хоць відавочна, што скандынавы наведвалі брытанскія берагі і раней. Паколькі ў першыя часы вікінгі ўжывалі тактыку шпількавых удараў (хутка рабавалі і рэціраваліся ў мора), храністы не надавалі іх набегам вялікага значэння. Тым не менш, у Англасаксонскай хроніцы згадваецца рэйд марскіх разбойнікаў невядомага паходжання на Портленд у Дорсеце ў 787 г.

Дацкія воіны на шляху ў Англію. Мініяцюра XII стагоддзя

Сур'ёзным поспехам дацкіх вікінгаў сталі заваяванне англасаксонскіх каралеўстваў і акупацыя заходняй і паўночнай часткі Англіі. У 865 годзе сыны дацкага конунга Рагнара Лодбрака прывезлі да берагоў Англіі вялікае войска, ахрышчанае храністамі «вялікай арміяй язычнікаў». У 870—871 гг. сыны Рагнара падверглі каралёў Усходняй Англіі і Нартумбрыі жорсткаму пакаранню, а іх уладанні падзялілі паміж сабой. Услед за гэтым датчане прыступілі да заваявання Мерсіі.

Кароль Уэсэкса Альфрэд Вялікі быў вымушаны заключыць з датчанамі спачатку перамір'е (878), а потым і паўнавартасны мірны дагавор (каля 886), тым самым узаконіўшы іх уладанні ў Брытаніі. Англійскай сталіцай вікінгаў стаў горад Ёрвік. Нягледзячы на прыліў свежых сіл са Скандынавіі ў 892 і 899 гадах, Альфрэд і яго сын Эдуард Старэйшы паспяхова супрацьстаялі дацкім заваёўнікам, да 924 годзе ачысціўшы ад іх тэрыторыю Ўсходняй Англіі і Мерсіі. Скандынаўскае панаванне ў аддаленай Нартумбрыі працягвалася да 954 года (вайна Эдрэда з Эйрыкам Крывавай Сякерай).

Новая хваля набегаў вікінгаў на брытанскія берагі пачалася ў 980 годзе. Яе кульмінацыяй стала заваяванне Англіі ў 1013 г. дацкімі вікінгамі Свена Вілабародага. У 1016-35 гг. на чале аб'яднанай англа-дацкай манархіі стаяў Кнуд Вялікі. Пасля яго смерці Уэсэкская дынастыя ў асобе Эдуарда Спаведніка вярнула сабе англійскі прастол (1042). У 1066 годзе англічане адбілі чарговае ўварванне скандынаваў, гэтым разам на чале з нарвежскім конунгам Харальдам Суровым (гл. бітва пры Стамфард-Брыджы).

Апошнім з дацкіх манархаў дамагаўся на англійскія землі пляменнік Кнуда, Свен Эстрыдсен. У 1069 годзе ён паслаў велізарны флот (да 300 караблёў) на дапамогу Эдгару Этлінгу ў барацьбе з Вільгельмам I Заваёўнікам, а на наступны год асабіста прыбыў у Англію. Аднак захапіўшы Ёрк і сустрэўшы армію Вільгельма, аддаў перавагу вярнуцца з флотам назад у Данію за вялікі выкуп.

Рух на захад

Макеты варажскіх дракараў ля берагоў Ньюфаўндленда

Скандынаўскі ўплыў на палітычную культуру, сацыяльную структуру і мову Ірландыі і іншых кельцкіх земляў быў куды больш значным, чым у Англіі, аднак храналогія іх уварванняў з-за малой колькасць крыніц не можа быць адноўлена з такой жа дакладнасцю.[2] Першы набег на Ірландыю згадваецца ў 795 годзе. З прыходам вікінгаў звязана заснаванне Дубліна, якім скандынавы валодалі на працягу двух стагоддзяў. Свае скандынаўскія конунгі меліся ў Лімерыку і Уотэрфардзе, у той час як дублінскія конунгі распаўсюдзілі напачатку X стагоддзя сваю ўладу нават на Нартумбрыю.

Скандынаўская каланізацыя Ісландыі пачалася пры Харальдзе Цудоўнавалосым (каля 900 года), які сваім націскам на дробных нарвежскіх конунгаў прымусіў іх шукаць поспеху «ў заходніх морах». Рухаючыся на захад, вікінгі засялілі Аркнейскія, Шэтландскія, Гебрыдскія, Фарэрскія астравы, а таксама востраў Мэн. На чале ісландскіх першапасяленцаў стаяў Інгальф Арнарсан. Ісландзец Эрык Руды ў 980-я гады замацаваўся ў Грэнландыі, а яго сын Лейф Эрыксан каля 1000 года заснаваў першае паселішча на тэрыторыі Канады (гл. Л'Анс-о-Медаўз). Існуе тэорыя, што ў сваім руху на захад скандынавы дабраліся да Мінесоты (гл. Кенсінгтонскі рунічны камень).

Бітва пры Клонтарфе (1014) паклала канец надзеям скандынаваў на заваяванне ўсёй Ірландыі. Тым не менш, англічане, якія ўварваліся ў XII стагоддзі ў Ірландыю, выявілі, што ў прыбярэжных раёнах вострава па-ранейшаму гаспадарылі хрышчоныя скандынавы.[2]

Вікінгі і франкі

Адносіны вікінгаў з Франкскай імперыяй былі складанымі. У часы Карла Вялікага і Людовіка Набожнага імперыя была адносна абаронена ад націску з поўначы. Ад эпізадычных нарманскіх набегаў у IX і X стст. пакутавалі Галісія, Партугалія і некаторыя міжземнаморскія землі. Такія правадыры вікінгаў, як Рорык Ютландскі, наймаліся на службу да франкскіх кіраўнікоў, каб абараняць межы імперыі ад сваіх жа супляменнікаў, заадно кантралюючы багатыя рынкі ў дэльце Рэйна, як, напрыклад, Вальхерэн і Дорэстад. Ютландскі конунг Харальд Клак яшчэ ў 823 годзе прынёс клятву пэўнасці Людовіку Набожнаму.

З ростам феадальнай раздробненасці абарона ад вікінгаў станавілася ўсё больш цяжкай, і яны ў сваіх набегах даходзілі да Парыжа. Кароль Карл Дурнаваты нарэшце вырашыў у 911 годзе аддаць скандынаўскаму правадыру Ролану поўнач Францыі, якая атрымала назву Нармандыі. Гэта тактыка апынулася эфектыўнай. Набегі спыніліся, а дружына паўночнікаў неўзабаве растварылася ў мясцовым насельніцтве. Ад Ролана па прамой лініі паходзіў Вільгельм Заваёўнік, які ўзначаліў нармандскае заваяванне Англіі ў 1066 годзе. Адначасова з тым нармандскі род Атвіляў скарыў поўдзень Італіі, паклаўшы пачатак Сіцылійскаму каралеўству.

Усходняя Еўропа

Рунічны камень у памяць пра вікінга, загінулым «на ўсходзе ў Гардах»

Пранікненне вікінгаў у фінскія зямлі пачалося ў 2-й палове VIII стагоддзя, як пра тое сведчаць найстаражытныя пласты Старой Ладагі (аналагічныя пластам у дацкім Рыбэ). Прыкладна ў адзін час з імі гэтыя землі засялялі і асвойвалі славяне. У адрозненне ад набегаў на берагі Заходняй Еўропы, паселішчы вікінгаў у Усходняй Еўропе насілі больш стабільны характар. Самі скандынавы адзначалі багацце ўмацаваных паселішчаў на ўсходзе Еўропы, ахрысціўшы Старажытную Русь «краінай гарадоў» — Гардамі. Сведчанні гвалтоўнага пранікнення вікінгаў на ўсходзе Еўропы не так шматлікія, як на захадзе.[2] У якасці прыкладу можна прывесці ўварванне шведаў у землі куршаў, пра якое распавядаецца ў жыціі Ансгара.

Асноўным аб'ектам цікавасці вікінгаў былі рачныя шляхі, па якіх праз сістэму волакаў можна было дабрацца да Арабскага халіфата. Вядомыя іх паселішчы на Волхаве (Старая Ладага, Рурыкава гарадзішча), Волзе (Сарскае гарадзішча, Тымяроўскі археалагічны комплекс) і Дняпры (Гнёздаўскія курганы). Месцы канцэнтрацыі скандынаўскіх магільнікаў, як правіла, размешчаны ў некалькіх кіламетрах ад гарадскіх цэнтраў, дзе сялілася мясцовае насельніцтва, пераважна славянскае, а ў многіх выпадках — і ад саміх рачных артэрый.

У IX стагоддзі вікінгі забяспечвалі гандаль з хазарамі па Волзе пры дапамозе протадзяржаўнай структуры, якую некаторыя гісторыкі называюць Рускім каганатам. Мяркуючы па знаходках скарбаў манет, у X стагоддзі асноўнай гандлёвай артэрыяй стаў Днепр, асноўным гандлёвым партнёрам замест Хазарыі — Візантыя. Паводле нарманскай тэорыі, з сімбіёзу прышлых вараг (русаў) са славянскім насельніцтвам нарадзілася дзяржава Кіеўская Русь на чале з Рурыкавічамі — нашчадкамі князя (конунга) Рурыка.

У землях прусаў вікінгі трымалі ў сваіх руках гандлёвыя цэнтры Каўп і Труса, адкуль пачынаўся «бурштынавы шлях» у Міжземнамор'е. У Фінляндыі сляды іх працяглай прысутнасці выяўлены на берагах возера Ванаявесі. У Старой Ладазе пры Яраславе Мудрым ярлам сядзеў Рогнвальд Ульвсан. Вікінгі здзяйснялі падарожжы да вусця Паўночнай Дзвіны за пушнінай і выведалі Завалоцкі шлях. Ібн Фадлан у 922 годзе сустракаў іх у Волжскай Булгарыі. Праз волга-данскі волак каля Саркела русы спускаліся ў Каспійскае мора (гл. каспійскія паходы русаў). На працягу двух стагоддзяў яны ваявалі і гандлявалі з Візантыяй, заключыўшы з ёй некалькі дагавораў (гл. паходы Русі супраць Візантыі). Пра ваенна-гандлёвыя маршруты вікінгаў дазваляюць судзіць рунічныя надпісы, знойдзеныя на востраве Бэрэзань і нават у канстанцінопальскім саборы Святой Сафіі.

Спыненне марскіх паходаў

Вікінгі спынілі свае заваявальныя паходы ў першай палове XI стагоддзя. Звязана гэта са скарачэннем насельніцтва скандынаўскіх земляў, распаўсюджваннем на поўначы Еўропы хрысціянства, якое не ўхваляла рабаванні. Паралельна на змену радавому ладу прыходзілі феадальныя адносіны, і традыцыйны паўкачавы лад жыцця вікінгаў саступаў месца аселаму. Іншым фактарам служыла пераарыентацыя гандлёвых шляхоў: Волжскі і Дняпроўскі рачныя шляхі няўхільна саступалі значэнне міжземнаморскаму гандлю, які ажывілі Венецыянская і іншыя гандлёвыя рэспублікі.

Асобныя шукальнікі прыгод са Скандынавіі ў XI стагоддзі яшчэ наймаліся на службу да візантыйскіх імператараў (гл. варажская варта) і старажытнарускіх князёў (гл. сага пра Эймунда). Да апошніх вікінгаў на нарвежскім прастоле гісторыкі адносяць Олафа Харальдсана[2] і Харальда Суровага, які паклаў галаву пры спробе заваяваць Англію. Адным з апошніх далёкі заморскі паход у духу продкаў распачаў Інгвар Падарожнік, які загінуў падчас экспедыцыі на берагах Каспія. Прыняўшы хрысціянства, учорашнія вікінгі арганізавалі ў 1107—1110 гг. уласны крыжовы паход у Святую зямлю.

Грамадства і культура

Вікінгі жылі вялікімі сямейнымі групамі. Дзеці, бацькі і дзяды жылі разам. Калі старэйшы сын уступаў у валоданне фермай, ён адначасова станавіўся главой сям'і і адказным за яе дабрабыт[3].

Паселішчы

Рэканструкцыя дацкага жылля часоў вікінгаў

Сялянскае жыллё скандынаваў IX—XI стагоддзяў уяўляла сабой простыя аднапакаёвыя хаты, пабудаваныя ці са шчыльна падагнаных вертыкальных брусаў, або часцей з плеценай лазы, абшмараванай глінай. Заможныя людзі звычайна жылі разам са шматлікімі сваякамі ў вялікім прамавугольным доме. У шчыльна залесенай Скандынавіі такія дамы будавалі з дрэва, часта ў спалучэнні з глінай, а ў Ісландыі і Грэнландыі, ва ўмовах недахопу драўніны, шырока выкарыстоўваўся мясцовы камень. Там узводзілі сцены таўшчынёй 90 см і больш. Дахі звычайна насцілалі з торфу. Цэнтральны жылы пакой дому быў нізкім і цёмным, пасярод яго размяшчаўся доўгі ачаг. Там рыхтавалі ежу, елі і спалі. Часам унутры дому ўздоўж сцен ставілі ў рад слупы, якія падтрымлівалі дах, а адгароджаныя такім чынам бакавыя памяшканні выкарыстоўваліся як спальні.

На тэрыторыі скандынаўскіх краін гарадскія паселішчы эпохі вікінгаў параўнальна невялікія, саступаючы па памерах такім перыферыйным цэнтрам, як Дорэстад і Старая Ладага. Археолагам удалася ўсталяваць наяўнасць гандлёва-рамесных пунктаў у Нарвегіі (Каўпанг у Вестфале), Даніі (Ліндхальм каля Ольбарга) і Швецыі (Бірка на возеры Меларэн).[4] Многія гарадскія паселішчы размяшчаліся ў глыбіні фіёрдаў — такім чынам, каб можна было здалёку заўважыць набліжэнне варожых суднаў і падрыхтавацца да нападу.[4] Класічны прыклад такога роду — адзін з найбуйнейшых гарадоў вікінгаў, Хедэбю ў Ютландыі.

Выява Эгіля Скалагрымсана ў рукапісы XVII стагоддзя

Мяркуючы па багатых знаходках скарбаў арабскіх манет і багаццю памінальных камянёў, востраў Готланд служыў свайго роду цэнтрам міжнацыянальных зносін вікінгаў, дзе вёўся актыўны гандаль.[5] На мяжы з палабскімі славянамі існавалі змяшаныя германа-славянскія гандлёвыя цэнтры: Рорык і паўлегендарныя Вінета і Ёмсбарг. Не зусім зразумелым застаецца прызначэнне дацкіх кругавых умацаванняў. Магчыма, яны былі збудаваны па загадзе Свена Вілабародага для збору войска перад паходам на Лондан у 1013 годзе.

Адзенне

Сялянскі касцюм скандынаваў IX—XI стагоддзяў складаўся з доўгай шарсцянай кашулі, кароткіх мехаватых портак, панчохаў і прамавугольнай накідкі. Вікінгі з вышэйшых класаў насілі доўгія порткі, шкарпэткі і накідкі яркіх колераў. Таксама выкарыстоўваліся шарсцяныя рукавіцы і шапкі, футравыя шапкі і нават лямцавыя капялюшы.

Жанчыны з вышэйшага грамадства звычайна насілі доўгае адзенне, якое складалася са станіка і спадніцы. Са спражак на адзенні звісалі тонкія ланцужкі, да якіх прымацоўваліся нажніцы і футарал для іголак, нажа, ключоў і іншых дробных прадметаў. Замужнія жанчыны ўкладвалі валасы ў пучок і насілі белыя палатняныя каптуры канічнай формы. У незамужніх дзяўчын валасы былі падхвачаныстужкай. Для абазначэння свайго становішча вікінгі насілі металічныя ўпрыгожванні. Вельмі папулярнымі былі спражкі на поясе, брошкі і падвескі. Шрубавыя бранзалеты са срэбра і золата звычайна даваліся воіну за правядзенне ўдалага рэйду ці за перамогу ў баі.

У масавай культуры вікінгаў часта малююць з рагатымі шлемамі. Насамрэч, археолагі не могуць дакладна сказаць, якой формы былі шлемы вікінгаў. Уяўленне аб рагатых шлемах звязана з малюнкамі, выяўленымі ў пахаваннях (напрыклад, Осебергскі карабель). Цяпер навукоўцы схіляюцца да таго, што калі шлемы з рогамі і выкарыстоўваліся, то толькі ў рытуальных мэтах, а не ў баі.

Зброя

Найбольш распаўсюджаны від зброі — дзіда даўжынёй каля 150 см. Такой дзідай можна было і калоць, і секчы. Скандынаўскія сякеры адрозніваліся шырокім, сіметрычна разыходным лязом. Скандынаўскі меч уяўляў сабой доўгі, двухбаковавостры клінок з невялікай гардай. Навострывалася толькі верхняя траціна клінка, ніжнія дзве траціны слаба ці наогул не вастрыліся.

Караблі

Нос Осебергскага карабля (Музей дракараў, Осла)

Вікінгі былі выдатнымі суднабудаўнікамі, якія стваралі самыя дасканалыя караблі сваёй эпохі. Паколькі ў скандынаўскім грамадстве было прынята хаваць воінаў разам з іх ладдзямі, археолагі маюць нядрэннае ўяўленне аб характарыстыках караблёў вікінгаў. У Осла, Роскіле і некаторых іншых гарадах адкрыты спецыялізаваныя музеі. Да ліку самых знакамітых адносяцца гокстадскі і осебергскі караблі. Абодва былі выяўлены больш за сто гадоў таму і цяпер экспануюцца ў Музеі дракараў у Осла. З саг вядома, што ў бой караблі хадзілі пад сцягам з выявай чорнага крумкача.

Флот вікінгаў складаўся пераважна з баявых караблёў, якія называліся дракарамі, і з гандлёвых суднаў кнораў. Баявыя караблі і гандлёвыя судны дазвалялі мужчынам наведваць заморскія краіны, а перасяленцы і даследчыкі перасякалі мора ў пошуках новых земляў і багаццяў. Шматлікія рэкі, азёры і іншыя водныя шляхі Скандынавіі давалі вікінгам просты і зручны спосаб перамяшчэння. Ва Усходняй Еўропе ва ўмовах шматлікіх волакаў былі распаўсюджаны лодкі-аднадрэўкі, якія былі разлічаны для заходу ў мелкаводныя рэкі і прычальвання да пакатых берагоў, што дазваляла вікінгам вельмі хутка перамяшчацца і заставаць сваіх ворагаў знянацку.

Дзяржава і права

Найбольш значныя рашэнні ў скандынаўскім грамадстве прымаў сход усіх свабодных мужчын — тынг (у Старажытнай Русі яму адпавядала веча). У невялікіх грамадскіх структурах тынг эвалюцыянаваў у прадстаўнічы орган сучаснага тыпу: гэта ісландскі альтынг, які ўпершыню сабраўся ў 930 годзе, і мэнскі тынвальд, які маладзей за яго на некалькі дзесяцігоддзяў. Конунг з ліку Інглінгаў, Ск'ёльдунгаў або іншых славутых родаў у першую чаргу ўспрымаўся як ваенны правадыр, правадыр дружыны. Ён мог валодаць зямельным надзелам або весці вандроўны лад жыцця на караблі (сэконунг). На тэрыторыі сучасных скандынаўскіх дзяржаў адначасова кіравалі дзясяткі дробных конунгаў.

Вікінгам быў вядомы інстытут крэўнай помсты. Калі адзін з вікінгаў забіваў іншага, то падзеі развіваліся ў залежнасці ад «саставу злачынства» і ад сацыяльнага статусу пацярпелага. Магло скончыцца перамір'ем, магло — выплатай грашовага пакрыцця (вергельда). Але калі даходзіла да крэўнай помсты, гэта была помста аднаго роду іншаму. Не лічылася забойствам прычыненне смерці на паядынку, які называўся хольмгангам. Раз'юшаныя ў баі воіны (берсеркі) маглі ўзбагачацца, выклікаючы на паядынак меней вопытных воінаў і прычыняючы ім смерць або калецтва. Гэта прымусіла скандынаўскія дзяржавы на зыходзе эпохі вікінгаў увесці абмежаванні на правядзенне хольмгангаў.

Рэлігія і літаратура

«Пахаванні вікінга». Мастак Фрэнк Дыксі

Як і старажытныя германцы больш ранняга перыяду, вікінгі да прыняцця хрысціянства вызнавалі традыцыйную германа-скандынаўскую рэлігію (цяпер вядомая як Асатру) з рэгулярнымі ахвярапрынашэннямі — блотамі. Пісьмо было рунічным (гл. скандынаўскія руны).

Пахавальны абрад быў непарыўна звязаны з ідэяй карабля мёртвых. Цела памерлага воіна крэмавалася, часам разам з ладдзёй, або ў ладдзю змяшчаўся попел, пасля чаго над ёй насыпалі курган. Пра спуск пахавальнай ладдзі на ваду згадваюць толькі пазнейшыя скальды, як, напрыклад, Сноры Стурлусан.[6]

Да першай паловы IX стагоддзя ў скандынаўскіх краінах ужо склалася цалкам арыгінальная скальдычная традыцыя. У Ісландыі яна надзвычай устойліва захоўвалася яшчэ каля двухсот гадоў пасля ўвядзення пісьма, вельмі павольна разлагаючыся пад уплывам еўрапейскіх пісьмовых літаратур.

Многія ўзоры скальдычнай паэзіі дашлі да нас як вершаваныя фрагменты, уключаныя ў сагі, якія апавядаюць пра саміх скальдаўСага пра Гунлаўга», «Сага пра Б'ёрна», «Сага пра Хальфрэда», «Сага пра Эгіля», «Сага пра Гіслі», «Сага пра Кормака» і інш.) або ўсхваляюць подзвігі іншых вікінгаў («Сага пра Стурлунгаў», «Сага пра аркнейцаў», «Гнілая скура», «Сага пра бітву на Пустэчы», «Сага пра Ньяла», «Сага пра людзей з Пясчанага берага» і інш.).

Сучасныя ўяўленні

Рэканструкцыя бою вікінгаў

Шведскі рамантызм XIX стагоддзя праходзіў пад знакам адраджэння цікавасці да ранняга Сярэднявечча і да вікінгаў. Створаная ў 1811 годзе Гоцкая ліга прапагандавала вобраз вікінгаў як свабодалюбных шукальнікаў прыгод. Абуджэнне цікавасці да вікінгаў зрабіла магчымым сістэматычнае захаванне і вывучэнне ісландскіх саг і рунічных камянёў (такіх, як рунныя камяні ў Елінгу). Пачаліся раскопкі ў Старой Упсале, Бірцы і іншых старажытных цэнтрах.

Вобраз вікінгаў апынуўся запатрабаваным у Трэцім рэйху, дзе пад вікінгамі разумелі паўночных германцаў арыйскай расы, роднасных немцам. Пераважна са скандынаўскіх добраахвотнікаў была сфарміравана 5-я танкавая дывізія СС «Вікінг».

Вольна вытлумачаны вобраз вікінгаў выкарыстоўваецца ў цяжкіх кірунках музыкі (гл. вікінг-метал). У многіх краінах на поўначы Еўропы працуюць клубы гістарычнай рэканструкцыі, праходзяць рэгулярныя фестывалі.

СкандынавіяКальмарская уніяХрысціянства ў СкандынавііВікінгіВялікае перасяленне народаўГерманскі жалезны векРымскі жалезны векДарымскі жалезны векСкандынаўскі бронзавы векСкандынаўскі каменны векНеалітМезалітВерхні палеалітСубатлантычны перыядСуббарэальны перыядАтлантычны перыядГалацэн


Зноскі

  1. Школьный этимологический словарь русского языка. Происхождение слов. — М.: Дрофа Н. М. Шанский, Т. А. Боброва 2004
    Вікінг: запаз. напачатку XIX ст., верагодна, са шведск. мовы. Шведск. viking < стар.-ісл. vikingr, суф. вытворнага, хутчэй за ўсё, ад vik «жыллё, заліў, бухта».
  2. а б в г Вікінгі ў Брытанскай энцыклапедыі
  3. Вікінгі. Кім былі гэтыя выхадцы са скандынавіі.
  4. а б Gwyn Jones. A History of the Vikings. Oxford University Press, 2001. ISBN 0-19-280134-1. Pages 167—169.
  5. James Graham-Campbell. The Viking World. ISBN 0-7112-1800-5. Pages 14, 97.
  6. В. Я. Петрухин. Погребальная ладья викингов и «корабль мертвых» у народов Океании и Индонезии.

Спасылкі