Арганізацыя Аб’яднаных Нацый: Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
[недагледжаная версія][недагледжаная версія]
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
LKS (размовы | уклад)
Радок 89: Радок 89:


* [http://un.by/by/ Афіцыйны сайт]
* [http://un.by/by/ Афіцыйны сайт]

== Гл. таксама ==

* [[Ліга Нацый]]


[[Катэгорыя:Міжнародныя арганізацыі]]
[[Катэгорыя:Міжнародныя арганізацыі]]

Версія ад 22:13, 26 кастрычніка 2010

Сцяг ААН

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый (ААН, United Nations)міжнародная арганізацыя, створаная для падтрымання і ўмацавання міжнароднага міру і бяспекі, развіцця супрацоўніцтва паміж дзяржавамі. Асновы яе дзейнасці і структура распрацоўваліся ў гады Другой сусветнай вайны кіруючымі ўдзельнікамі антыгітлераўскай кааліцыі.

Гісторыя ААН

Стварэнне Арганізацыі Аб'яднаных Нацый стала магчымым у выніку аб'яднання высілкаў дзяржаў у дужанні з фашызмам у перыяд Другой сусветнай вайны.

Папярэднікам ААН была створаная пасля Першай сусветнай вайны Ліга Нацый, якая хоць і абвясціла сваімі мэтамі ў адпаведнасці з Версальскай дамовай «развіццё супрацоўніцтва паміж народамі і забеспячэнне міру і бяспекі», але так і не стала эфектыўнай прыладай у іх ажыццяўленні і не змагла перашкодзіць развязванню Другой сусветнай вайны.

Назва «Аб'яднаныя Нацыі» было прапанавана прэзідэнтам ЗША Франклінам Д. Рузвельтам і ўпершыню выкарыстана ў Дэкларацыі Аб'яднаных Нацый, падпісанай 1 студзеня 1942 года, у адпаведнасці з якой прадстаўнікі 26 дзяржаў абавязаліся ад імя сваіх урадаў працягваць сумеснае дужанне супраць краін фашысцкага блоку.

Канчатковы тэкст Статуту ААН быў прыняты на канферэнцыі ў Сан-Францыска, якая праходзіла з красавіка па чэрвень 1945 года, і падпісанай 26 чэрвеня 1945 прадстаўнікамі 50 дзяржаў, уступіў у сілу 24 кастрычніка 1945. Дата ўступа Статуту ў сілу адзначаецца як Дзень Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

На мапе сінім колерам паказанныя члены ААН , шэрым колерам паказанныя дзяржаўныя утварэнні, краіны, мацерыкі, якія па розным прычынам не ўваходзяць у ААН гэта: Антарктыда, Тайвань, Косава, Заходняя Сахара.

У цяперашні час членамі ААН з'яўляюцца 192 дзяржавы.

Мэты і задачы

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый з'яўляецца цэнтрам вырашэння праблем, з якімі сутыкаецца ўсё чалавецтва. Гэтая дзейнасць ажыццяўляецца супольнымі намаганнямі больш як 30 звязаных з ёй арганізацый, што складаюць сістэму Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый і іншыя арганізацыі яе сістэмы займаюцца працай па захаванні правоў чалавека, ахове навакольнага асяроддзя, барацьбе з хваробамі, забеспячэнні развіцця і барацьбе з галечай. Установы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый распрацоўваюць нормы і правілы бяспечных і эфектыўных паветраных і марскіх зносін, спрыяюць удасканаленню тэлекамунікацый і абароне інтарэсаў спажыўцоў, дапамагаюць забяспечваць павагу да правоў інтэлектуальнай уласнасці і каардынуюць размеркаванне радыёчастот. Арганізацыя Аб'яднаных Нацый з'яўляецца таксама ініцыятарам міжнародных кампаній па барацьбе супраць незаконнага абароту наркотыкаў і тэрарызму. Праз сваю дзейнасць ва ўсіх рэгіёнах свету Арганізацыя Аб'яднаных Нацый і яе ўстановы дапамагаюць бежанцам і ажыццяўляюць праграмы размініравання, дапамагаюць палепшыць якасць пітной вады і павялічыць аб'ём вытворчасці харчавання, даюць пазыкі краінам, якія развіваюцца, і дапамагаюць стабілізаваць фінансавыя рынкі.

Функцыянаванне ААН

Агульныя прынцыпы

Калі дзяржавы становяцца членамі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, яны прымаюць на сябе абавязацельствы, выкладзеныя ў Статуце Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, які з'яўляецца міжнароднай дамовай, дзе адлюстраваныя асноўныя прынцыпы міжнародных зносін. Згодна са Статутам, дзейнасць Арганізацыі Аб'яднаных Нацый мае чатыры мэты: падтрымліваць міжнародны мір і бяспеку, развіваць сяброўскія стасункі паміж нацыямі, ажыццяўляць міжнароднае супрацоўніцтва ў вырашэнні міжнародных праблем і ў заахвочванні павагі да правоў чалавека, а таксама быць цэнтрам для ўзгаднення дзеянняў нацый у дасягненні гэтых агульных мэтаў.

Члены Арганізацыя Аб'яднаных Нацый - сувярэнныя дзяржавы. Арганізацыя Аб'яднаных Нацый не з'яўляецца сусветным урадам і не прымае законаў. Аднак яна выдзяляе сродкі, што дапамагаюць урэгуляваць міжнародныя канфлікты і распрацаваць палітыку па пытаннях, якія тычацца ўсіх нас. У Арганізацыі Аб'яднаных Нацый ўсе дзяржавы-члены - вялікія і малыя, багатыя і бедныя, з рознымі палітычнымі поглядамі і сацыяльнымі сістэмамі - маюць права голасу і ўдзельнічаюць у галасаванні.

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый мае шэсць галоўных органаў. Пяць з іх - Генеральная Асамблея, Савет Бяспекі, Эканамічны і Сацыяльны Савет, Савет па Апецы і Сакратарыят - размяшчаюцца ў Цэнтральных установах Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Йорку, шосты орган - Міжнародны Суд - знаходзіцца ў Гаазе, Нідэрланды.

Генеральная Асамблея

Усе дзяржаваы-члены Арганізацыі Аб'яднаных Нацый прадстаўленыя ў Генеральнай Асамблеі - пэўнага кшталту сусветным парламенце, на пасяджэннях якога разглядаюцца найбольш надзённыя праблемы чалавецтва. Кожная дзяржава-член мае адзін голас. Рашэнні па "важных пытаннях", такіх, як рэкамендацыі адносна падтрымання міжнароднага міру і бяспекі, прыняцце новых членаў альбо зацвярджэнне бюджэту Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, уключаючы і бюджэты аперацый па падтрыманні міру, прымаюцца большасцю ў дзве трэці галасоў. Рашэнні па іншых пытаннях прымаюцца простай большасцю галасоў. У апошнія гады прыкладаюцца асаблівыя намаганні, скіраваныя на тое, каб рашэнні Асамблеі прымаліся на падставе кансенсусу, а не афіцыйнага галасавання.

Асамблея не можа навязваць дзяржавам свае рашэнні, але яе рэкамендацыі маюць важнае значэнне, бо адлюстроўваюць сусветнае грамадскае меркаванне і з'яўляюцца маральным імператывам міжнароднае супольнасці.

Чарговыя штогадовыя сесіі Асамблеі праводзяцца ў перыяд з верасня па снежань. У выпадку неабходнасці Асамблея можа працягваць сваю працу на адноўленай сесіі альбо праводзіць спецыяльныя ці надзвычайныя сесіі па тых пытаннях, што выклікаюць асаблівую заклапочанасць. У перыяд паміж сесіямі Асамблеі яе праца працягваецца ў яе шасці галоўных камітэтах, іншых дапаможных органах і ў Сакратарыяце Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Рада Бяспекі

Згодна са Статутам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, Рада Бяспекі нясе асноўную адказнасць за падтрыманне міжнароднага міру ды бяспекі і можа склікацца ў любы час дня і ночы ў выпадку ўзнікнення пагрозы міру.

Рада складаецца з 15 членаў. Пяць з іх - Кітай, Расійская Федэрацыя, Вялікабрытанія, ЗША і Францыя - з'яўляюцца пастаяннымі членамі. Астатнія 10 членаў Рады выбіраюцца Генеральнай Асамблеяй на двухгадовы тэрмін. У апошнія гады ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый абмяркоўваецца пытанне аб змяненні членскага складу Рады, дзеля таго каб ён адлюстроўваў сучасныя палітычныя і эканамічныя рэаліі.

Рашэнні Рады лічаць прынятымі, калі за іх пададзеныя галасы дзевяці яе членаў. За выключэннем галасавання па працэдурных пытаннях, рашэнне не можа быць прынятым, калі нехта з пастаянных членаў Рады прагаласуе супраць, г.зн. выкарыстае сваё права вета. Рашэнні Рады абавязковыя для ўсіх дзяржаваў-членаў.

Калі Радзе паведамляюць пра ўзнікненне пагрозы міжнароднаму міру, яна спачатку разглядае шляхі мірнага ўрэгулявання спрэчкі. Рада можа выпрацаваць прынцыпы ўрэгулявання альбо выступіць у якасці пасрэдніка. У выпадку развязвання баявых дзеянняў Рада прыкладае намаганні па іх спыненні. Яна можа таксама накіраваць міратворчую місію, каб дапамагчы бакам захаваць замірэнне альбо забяспечыць раз'яднанне варагуючых сілаў.

Рада можа прымаць меры дзеля таго, каб забеспячыць выкананне прынятых ёю рашэнняў. Яна можа ўводзіць эканамічныя санкцыі альбо ўстанаўліваць эмбарга на пастаўкі зброі. У рэдкіх выпадках для забеспячэння выканання прынятых ёй рашэнняў Рада ўпаўнаважвала дзяржавы-члены выкарыстоўваць "усе неабходныя сродкі", уключаючы супольныя ваенныя дзеянні.

Рада таксама прадстаўляе Генеральнай Асамблеі рэкамендацыі адносна кандыдатуры на пасаду Генеральнага сакратара і адносна прыёму ў Арганізацыю Аб'яднаных Нацый новых членаў.

Эканамічная і Сацыяльная Рада

Эканамічная і Сацыяльная Рада дзейнічае пад агульным кіраўніцтвам Генеральнай Асамблеі і каардынуе дзейнасць Арганізацыі Аб'яднаных Нацый ды ўстановаў яе сістэмы ў эканамічнай і сацыяльнай сферах. Выконваючы функцыю галоўнага форуму для абмеркавання міжнародных эканамічных ды сацыяльных праблем і выпрацоўкі рэкамендацый у дачыненні да палітыкі ў гэтых галінах, Рада мае вялікае значэнне ва ўмацаванні міжнароднага супрацоўніцтва ў мэтах развіцця. У сваёй працы Рада кансультуецца з адпаведнымі няўрадавымі арганізацыямі (НУА), падтрымліваючы гэтым жыццёва важную сувязь паміж Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый і грамадзянскай супольнасцю.

У склад Рады ўваходзяць 54 члены, якія абіраюцца Генеральнай Асамблеяй на тры гады. Штогод Рада праводзіць - напераменку ў Нью-Йорку і Жэневе - сваю сесію працягласцю ў адзін месяц. Падчас сесіі праводзіцца спецыяльнае пасяджэнне на ўзроўні міністраў для абмеркавання найважнейшых эканамічных і сацыяльных пытанняў, а, пачынаючы з 1998 года, ў межах сесіі праводзіцца і этап разгляду гуманітарных пытанняў.

На працягу года праца Рады вядзецца ў яе дапаможных органах, якія рэгулярна праводзяць свае пасяджэнні і робяць справаздачу перад Радай. Напрыклад, Камісія па правах чалавека ажыццяўляе кантроль за выкананнем правоў чалавека ва ўсіх краінах свету. Іншыя органы займаюцца пытаннямі сацыяльнага развіцця, становішча жанчын, папярэджання злачыннасці, барацьбы з наркаманіяй і аховы навакольнага асяроддзя. Пяць рэгіянальных камісій садзейнічаюць эканамічнаму развіццю і ўмацаванню эканамічных адносін у сваіх рэгіёнах.

Рада па Апецы

Рада па Апецы была створана, каб забяспечыць міжнароднае назіранне за 11 падапечнымі тэрыторыямі, што знаходзіліся пад кіраваннем 7 дзяржаваў-членаў, а таксама каб гарантаваць рэалізацыю намаганняў, неабходных для падрыхтоўкі гэтых тэрыторый да самакіравання альбо незалежнасці. Да 1994 года ўсе падапечныя тэрыторыі перайшлі да самакіравання альбо сталі незалежнымі ці ў якасці самастойных дзяржаваў, ці праз далучэнне да суседніх незалежных дзяржаваў. У той жа перыяд падапечная тэрыторыя Ціхаакіянскія астравы (Палау), якая знаходзілася пад кіраўніцтвам Злучаных Штатаў, перайшла да самакіравання.

Паколькі праца Рады па Апецы, у склад якой цяпер уваходзяць пяць пастаянных членаў Рады Бяспекі, у асноўным выкананая, правілы яе працэдуры былі змененыя такім чынам, каб яна магла праводзіць свае пасяджэнні адно ў выпадках, калі гэтага патрабуюць абставіны. Нядаўна Генеральны сакратар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Кофі Анан прапанаваў дзяржавам-членам пераўтварыць Раду ў форум для ажыццяўлення іх калектыўнай апекі над навакольным асяроддзем планеты, а таксама для таго, каб яна забяспечвала сувязь паміж Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый, дзяржаўным і прыватным сектарамі і добраахвотнікамі.

Міжнародны Суд

Міжнародны Суд, вядомы таксама як Сусветны суд, з'яўляецца галоўным судовым органам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Ён складаецца з 15 суддзяў, якіх абіраюць Генеральная Асамблея і Рада Бяспекі, і займаецца ўрэгуляваннем спрэчак паміж дзяржавамі. Удзел дзяржаваў у судовых разбіральніцтвах з'яўляецца добраахвотным, але калі дзяржава згаджаецца на гэта, яна абавязаная падпарадкоўвацца рашэнню Суда. Суд таксама займаецца падрыхтоўкай кансультатыўных высноваў на запыты Генеральнай Асамблеі і Рады Бяспекі.

Сакратарыят

Сакратарыят праводзіць аператыўную і адміністрацыйную працу Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у адпаведнасці з указаннямі Генеральнай Асамблеі, Рады Бяспекі і іншых органаў. На чале яго стаіць Генеральны сакратар, які набірае штат супрацоўнікаў, неабходных для працы Арганізацыі, і забяспечвае агульнае адміністрацыйнае кіраванне.

У цяперашні час Сакратарыят складаецца з дзевяці дэпартаментаў і шэрагу ўпраўленняў, у якіх працуюць 8700 чалавек амаль са 160 краін свету. Апрача Цэнтральных установаў, што размяшчаюцца ў Нью-Йорку, аддзяленні Арганізацыі Аб'яднаных Нацый ёсць у Жэневе, Вене і Найробі.

Сістэма Арганізацыі Аб'яднаных Нацый

Міжнародны валютны фонд, Сусветны банк і дванаццаць іншых незалежных арганізацый, якія называюць "спецыялізаванымі ўстановамі" , звязаны з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый праз адпаведныя дамовы аб супрацоўніцтве. Усе гэтыя ўстановы, уключаючы Сусветную арганізацыю аховы здароўя і Міжнародную арганізацыю цывільнай авіяцыі, з'яўляюцца самастойнымі органамі, створанымі на аснове міжурадавых пагадненняў. На іх ускладзены шырокі дыяпазон міжнародных функцый у эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сферах, а таксама ў галіне адукацыі, аховы здароўя і іншых. Некаторыя з іх, напрыклад Міжнародная арганізацыя працы і Сусветны паштовы саюз, старэйшыя за саму Арганізацыю Аб'яднаных Нацый. Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі таксама звязанае з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый спецыяльнай дамовай.

Апрача гэтага, цэлы шэраг упраўленняў, праграм і фондаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый - такіх, як Упраўленне Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па справах бежанцаў (УВКБ), Праграма развіцця Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ПРААН) альбо Дзіцячы фонд Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ЮНІСЕФ), займаюцца паляпшэннем сацыяльных і эканамічных умоваў ва ўсіх рэгіёнах свету. Гэтыя органы робяць справаздачы Генеральнай Асамблеі альбо Эканамічнай і Сацыяльнай Радзе.

Усе гэтыя арганізацыі маюць свае ўласныя кіраўнічыя органы, бюджэты і сакратарыяты. Разам з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый яны складаюць адзіную сям'ю, або сістэму Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Агульнымі і ўсё больш скаардынаванымі намаганнямі гэтых арганізацый і ажыццяўляецца іх шматгранная праграма дзеянняў.

Галерэя

У Сеціве

Гл. таксама

Шаблон:Link FA