Ford Union

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ford Union
Заснаванне 1996
Скасавана 2000
Размяшчэнне  Беларусь: Апчак, Мінская вобласць
Ключавыя постаці

Дырэктар завода

Ніл Кэмпбелл
Галіна Аўтамабілебудаванне
Прадукцыя Легкавыя і камерцыйныя аўтамабілі Ford
Колькасць супрацоўнікаў 130 чалавек (1997 год)

ЗАТ «Ford Union» — сумеснае беларуска-амерыканскае прадпрыемства па зборцы легкавых аўтамабіляў Ford Escort і мікрааўтобусаў Ford Transit. Існавала ў 19972000 гадах.

Заснавальнікамі прадпрыемства выступілі Ford Motor Company (51%), урад РБ (26%) і кампанія Лада ОМС (23%). Запланаваны аб'ём выпуску ў 1997 годзе быў 6300 аўтамабіляў, колькасць працаўнікоў ЗАТ "Форд-Юніён" — 130 чалавек[1].

У ліпені 2000 года завод згортвае вытворчасць у сувязі з нізкім попытам на прадукцыю. Агулам за амаль тры гады на заводзе былі сабраныя 3660 машынаў Ford.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

ЗАТ «Ford Union» утворана на былой прамысловай пляцоўцы Мінскага трактарнага завода спецыяльным рашэннем кабінета міністраў РБ ў сакавіку 1996 года[2].

Завод «Форд Юніён» у вёсцы Апчак пад Мінскам быў урачыста адчынены 30 ліпеня 1997 года. Праектная магутнасць заводу ў Апчаку складала каля 6 тысячаў аўтамабіляў штогод. Удзельнікамі СП «Форд-Юніён» з’яўляліся: кампанія «Форд Мотар», якая валодала 51% акцыяў; беларускі ўрад, які валодаў 26% акцыяў; і фірма «Лада ОМС» — 23% акцыяў. На заводзе працавалі 124 супрацоўнікі.

Восенню 1997 года з канвеера сышлі першыя аўтамабілі: мінівэн Ford Transit і легкавы Ford Escort. Амерыканскі канцэрн валодаў падаткавымі ільготамі ў Беларусі і збяраўся заняць вялікую нішу на расійскім рынку.

Спрыяльныя ўмовы вытворчасці аўтамабіляў былі звязаныя з тым, што ў 1996 годзе парламент Беларусі ўхваліў скасаванне мыты на камплектуючыя і абсталяванне для вытворчасці «Форд Юніён», а таксама адмену падатку на дадатковы кошт (ПДК) на 5 гадоў. Аднак увосень 1997 года прэзідэнт Беларусі сваім указам узнавіў роўныя ўмовы гаспадарання для ўсіх машынабудаўнікоў.

Амерыканскі канцэрн пазбавіўся падаткавых льготаў і захаваў толькі нязначныя падаткавыя паслабленні. У Расіі цана Ford Transit падвысілася да 18 тысячаў долараў, а па гэтай прычыне канкурэнцыю таннай расійскай «Газэлі» цаной у 5 тысяч долараў стварыць не атрымалася. Больш за тое, пасля крызісу 1998 года ў Расіі аб’ём продажаў стаў значна падаць. За ўвесь 1999 год было прададзена толькі 440 легкавых і камерцыйных аўтамабіляў беларускай зборкі.

Пазней планавалася, што ў Беларусі будзе наладжаная вытворчасць легкавіка Ford Escort, аднак высокая цана аўтамабіля, якая складала больш за 10 тысячаў долараў, адштурхнула пакупнікоў.

12 траўня 2000 года кампанія «Форд Мотар» афіцыйна заявіла пра спыненне вытворчасці аўтамабіляў на заводзе СП «Форд-Юніён» пад Мінскам. Алан Баці, прэзідэнт «Форд Мотар Кампані» ў Расіі і СНД паведаміў: «Са шчырым спачуваннем мы вымушаныя паведаміць пра спыненне вытворчасці мадэляў Escort і Transit на нашым заводзе ў Апчаку».

Усяго за тры гады ў Беларусі былі сабраныя 3660 машынаў маркі Ford. Укладанні амерыканскай кампаніі ў праект склалі 9,69 мільёна долараў.

Пасля спынення вытвочасці аўтамабіляў завод быў прададзены і перапрафіляваны. Новым інвестарам стала англійская кампанія J&W Sanderson, якая спецыялізуецца на іньекцыйным ліцці пластмасавых кампанентаў для радыёэлектроннай прамысловасці.

Прадукцыя[правіць | правіць зыходнік]

Ford Transit
Ford Escort

На заводзе была асвоена CKD-зборка легкавых аўтамабіляў Ford Escort (пераважна з кузавам седан) і доўгабазных фургонаў Ford Transit.

5 снежня 1997 «Форд-Юніён» выпускае соты аўтамабіль. На працягу першых двух гадоў з канвеера сышло аўтамабіляў 3000, 1999 у годзе выпушчана 440 машын, а з пачатку года 2000 года — 140.

Усяго з 1997 па 2000 год было сабрана 3660 аўтамабіляў, з іх: 2380 — Ford Escort і 1420 — Ford Transit. Сабраныя ў Беларусі аўтамабілі ў ідэнтыфікацыйным нумары мелі код завода-вытворцы Y4F, код пастаўшчыка і зборачнага завода — RA[3].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]