Privilegium Maius

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Privilegium Maius» (лац.: Вялікі прывілей; 1358) — зборнік фальшывых лістоў і ўказаў імператараў Рымскай і Свяшчэннай Рымскай імперый, якія падаюць асобыя правы манархам Аўстрыі і замацоўваюць фактычную незалежнасць аўстрыйскай дзяржавы ад Германіі. Зборнік быў складзены ў 1358 г. аўстрыйскім герцагам Рудольфам IV (1358—1365). У прыватнасці, у «Privilegium Maius» упершыню згадваецца новы тытул кіраўнікоў Аўстрыі — эрцгерцаг.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Выданне «Privilegium Maius» было адказам Аўстрыі на «Залатую булу» 1356 г. імператара Карла IV, якая выключыла аўстрыйскіх манархаў са складу калегіі выбаршчыкаў імператара. «Залатая була» ўводзіла ў Германіі алігархічную сістэму кіравання, а Аўстрыя і шэраг іншых буйных княстваў (перш за ўсё, Баварыя) заставаліся за межамі круга курфюрстаў, здольных уплываць на палітыку краіны. У гэтай сувязі фабрыкацыя Рудольфам IV дакументаў пра асобыя прывілеі Аўстрыі стала спробай, з аднаго боку, павялічыць статус свайго княства ўнутры імперыі, а з іншай — зрабіць яго фактычна незалежным ад імператара.

Склад[правіць | правіць зыходнік]

«Privilegium Maius» уяўляў сабой зборнік сямі дакументаў: лісты старажытнарымскіх імператараў Юлія Цэзара і Нерона, пастановы германскіх імператараў Генрыха IV, Фрыдрыха II, Генрыха VII і Рудольфа I, а таксама «Privilegium Minus» імператара Фрыдрыха I. З усіх гэтых дакументаў толькі «Privilegium Minus» быў сапраўдным.

Утрыманне[правіць | правіць зыходнік]

Паводле «Privilegium Maius» адзіным абавязацельствам аўстрыйскіх манархаў перад імператарамі было выстаўленне салдат у выпадку вайны з Венгрыяй. Любая іншая служба залежала выключна ад волі герцага. Аўстрыйскі манарх не мог быць выкліканы на суд імператара. У выпадку перадачы ленаў на тэрыторыі Аўстрыі, для інвестытуры імператар сам павінен быў прыехаць у Аўстрыю. У рэйхстагу імперыі аўстрыйскі манарх меў правы «пфальцэрцгерцага» — па старшынстве адразу пасля курфюрстаў. Імператар не мог мець ленаў на тэрыторыі Аўстрыі, а права вярхоўнага суда над усімі асобамі, якія валодаюць землямі ў дзяржаве, падавалася герцагу. Падданыя і васалы герцага не маглі звяртацца да імператара непасрэдна, абыходзячы аўстрыйскага манарха. Любое ўмяшанне германскага караля ў палітыку герцага Аўстрыі было абвешчана незаконным. Аўстрыйскія землі Габсбургаў былі прызнаны непадзельным даменам, якія перадаюцца як па мужчынскай, так і па жаночай лініі габсбургскага дому, прычым герцаг атрымліваў права свабоды вызначэння свайго спадчынніка.

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

«Privilegium Maius» падаваў беспрэцэндэнтныя ў Германіі правы аўстрыйскім герцагам, фактычна ператвараючы іх у незалежных ад імператара кіраўнікоў. Гэта заклала прававую аснову для стварэння на працягу наступных стагоддзяў моцнай Аўстрыйскай манархіі, адасобленай ад Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Імператар Карл IV не прызнаў сапраўднасці «Privilegium Maius» і дамогся ад Рудольфа IV адмовы ад выкарыстання тытула эрцгерцага. Наступныя імператары з Люксембургскай дынастыі таксама ўстрымліваліся ад зацвярджэння гэтага дакумента. Толькі пасля ўзыходжання на прастол імперыі Фрыдрыха III Габсбурга становішча змянілася. У 1453 г. ён зацвердзіў «Privilegium Maius». Ужо яго брат Альбрэхт VI пачаў карыстацца тытулам эрцгерцаг, які неўзабаве быў прызнаны радавым у дынастыі Габсбургаў.

Упершыню доказы таго, што «Privilegium Maius» з'яўляецца фальшыўкай, былі прадстаўлены ў 1856 г.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Митрофанов, П. История Австрии с древнейших времён до 1792 г. — М., 2003
  • Пристер, Е. Краткая история Австрии. — М., 1952
  • Шимов, Я. Австро-Венгерская империя. — М., 2003