Ёда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ёда
Дзейнасць Гранд Майстар-Джэдай
Родная планета невядомая
Раса невядомая
Пол мужчына
Рост 66 см
Валасы карычневыя, пасля сівыя
Вочы карычневыя
Зброя кароткі светлавы меч зялёнага колеру
Прыналежнасць Ордэн Джэдаяў,
Галактычная Рэспубліка
Акцёр Лялька, камп'ютарная графіка
Агучка

Ё́да (англ.: Yoda; 896 ДБЯ — 4 ПБЯ) — персанаж і адзін з галоўных герояў сусвету «Зорных войнаў», наймацнейшы і наймудрэйшы джэдай. Фігуруе ва ўсіх фільмах франшызы, за выняткам IV эпізоду.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне і раса Ёды невядомыя. Ён навучаўся джэдайскаму майстэрству ў майстроў, выхаваных непасрэдна ў традыцыі часоў Новых войнаў сітхаў  (польск.). Пасля гэтага шмат стагоддзяў сам займаўся навучаннем рыцараў-джэдаяў, разам з мабільнай акадэміяй Чу’унтар лётаў па галактыцы ў пошуках новых адэптаў Сілы, пакуль карабель не разбіўся на Датаміры.

З часам Ёда стаў наймагутнейшым і найстарэйшым джэдаем у галактыцы, увайшоў у Савет джэдаяў на Карусанце, дзе працягваў трэніраваць падаванаў і маладзейшых адэптаў. Большасць джэдаяў перыяду канцу старой рэспублікі на тым ці іншым этапе навучання праходзілі праз яго рукі. Ёда навучаў найбольш магутных джэдаяў: графа Дуку, Мейса Вінду, Кі-Адзі-Мундзі, Кіта Фіста і Люка Скайуокера.

У фільмах[правіць | правіць зыходнік]

На экране Ёда ўпершыню з’яўляецца ў V эпізодзе як настаўнік Люка Скайуокера, а ўвогуле фігуруе ва ўсіх фільмах франшызы, за выняткам IV эпізоду.

У «Атацы клонаў» Ёда выпраўляецца на планету Каміна з мэтай узяць на ўзбраенне Рэспублікі войска клонаў. На чале вялізнай арміі Ёда прыбывае на Геанозіс — прытулак сепаратыстаў, — такім чынам распачынаючы клянічныя войны. Тут адбываецца яго паядынак з правадыром сепаратыстаў Дартам Тыранусам, які завяршаецца ўцёкамі сепаратыста.

У заключнай фазе клянічных войнаў, прадстаўленай у III эпізодзе, Ёда з батальёнам клонаў выпраўляецца на родную планету вукаў — Кашыіік — дзеля каардынацыі дзеянняў супраць сепаратыстаў. Акурат у гэты час канцлер Палпацін уводзіць у дзеянне загад 66, накіраваны на вынішчэнне джэдаяў, аднак Ёда здолеў ацалець, забіўшы пасланых да яго клонаў-асасынаў.

Пасля ўтварэння імперыі і паражэнні ў бітве з Палпацінам, у якой ён страціў свой светлавы меч, Ёда сыходзіць у падполле на забагненую планету Дагоба. Тут у 3 годзе ПБЯ яго адшуквае Люк Скайуокер, прысланы духам Обі-Вана Кенобі дзеля навучання джэдайскаму майстэрству. Ёда працягвае яго навучанне да ўласнага скону ў «Вяртанні джэдая» ва ўзросце 900 гадоў. Па смерці аб’яднаўся з Моцай і ператварыўся ў дух, які можа з’яўляцца жывым асобам, што прадэманстравана пад канец VI эпізоду.

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Паводле задумкі Лукаса, Ёда мусіць заставацца загадкавай асобай, таму пра яго амаль нічога не вядома. Імя Ёды можа быць узята са старажытнае зямное мовы; так, на санскрыце «yoddha» азначае «жаўнер», а «yodea» на іўрыце — «той, хто ведае».

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Выклікае цікавасць таксама своеасаблівая гаворка Ёды, багатая на разнастайныя інверсіі. На галактычнай асноўнай мове ён размаўляе, выкарыстоўваючы парадак словаў «Аб'ект — суб'ект — дзеяслоў». Напрыклад, сябе ён характарызуе Люку Скайуокеру так:

" Памер значэння не мае. Паглядзі на мяне. Мяркуеш пра мяне па росце ты? Га? Гм… А не павінен ты. Бо мой саюзнік — Сіла, і магутны саюзнік гэта.
Ёда
«Зорныя войны: Імперыя наносіць удар у адказ»
"

Здымкі[правіць | правіць зыходнік]

У першай трылогіі ролю Ёды выконвала лялька, якою кіраваў і агучваў Фрэнк Оз. У першай серыі трылогіі-прыквела Ёда часткова быў анімаваны камп’ютарна, часткова выкананы лялькай. У наступных серыях ён ужо выключна згенераваны камп’ютарна.

Узнагароды і адзнакі[правіць | правіць зыходнік]

  • У 2008 годзе Ёда заняў 25 месца ў спісе найвялікшых кінаперсанажаў усіх часоў і народаў, складзеным часопісам «Empire»[1].

Цікавосткі[правіць | правіць зыходнік]

  • Ёда не браў удзелу ў «Новай надзеі», але яго імя згадвалася ў сцэнары.
  • Паводле задумкі Лукаса, Ёда павінен заставацца загадкаваю, нераскрытаю цалкам істотаю. Яго паходжанне і мінулае забаронена апісваць ва ўсіх кнігах, мультфільмах, гульнях і іншых твораў па матывах «Зорных войнаў».
  • Італьянскія прыхільнікі «Зорных войнаў», асабліва дзеці, часта называюць Ёду «першым сардзінцам» або «тым, хто гаворыць па-сардзінску». Гэта тлумаччыца тым, што пры перакладзе фільмаў на італьянскую мову манера размовы Ёды вельмі нагадвала сардзінскі акцэнт, які лічыцца ў Італіі дзіўным і нават бязглуздым.

Зноскі

  1. Empire's The 100 Greatest Movie Characters (англ.). Empire Magazine. Архівавана з першакрыніцы 1 чэрвеня 2012. Праверана 15 лютага 2015.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Лагатып Вікісховішча На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ёда
  • Ёда у Вукіпедыі — вікі-энцыклапедыі «Зорных войнаў». (бел.)}