Іанікій Галятоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іанікій Галятоўскі
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння каля 1620
Месца нараджэння
Дата смерці 2 (12) студзеня 1688
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, лідар супольнасці, палітык, агіёграф, прапаведнік, homiletics, настаўнік, публіцыст, праваслаўны святар, манах
Дэбют «Ключ разумення…», «Наука, албо Способъ зложеня казаня», «Неба новае з новымі зорамі створанае»», «Скарбніца пажытачная»
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Іанікій Галятоўскі (пач. XVII ст. — 1688) — праваслаўны царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік, тэарэтык гамілетыкі і красамоўства, вучоны-энцыклапедыст. Заснавальнік марыялагічнай традыцыі ва ўсходнеславянскай і балгара-румынскай кніжнасці.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Настаўнікам яго быў архіепіскап Лазар Барановіч  (руск.). На апошнім курсе духоўнай акадэміі І. Галятоўскі прымае пострыг і едзе ў Купяціцкі манастыр, неўзабаве ўзводзіцца ў сан настаяцеля. У бытнасць рэктарам акадэміі Л. Барановіч пераводзіць настаяцеля Іанікія ў Кіеў выкладчыкам. 3 31 снежня 1659 да 1662 іераманах Іанікій — рэктар Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі і ігумен Кіева-Брацкага манастыра  (руск.). У 1662 ім знойдзена і ўрачыста ўнесена ў новую акадэмічную царкву цудадзейная Брацкая ікона Божай Маці.

Архімандрыт Наўгарод-Северскага, потым Чарнігаўскага Успенскага Ялецкага манастыра  (руск.). На Чарнігаўшчыне збірае паданні, што лягуць у аснову «Скарбніцы пажытачнай» (32 цуды ад іконы Ялецкай Адзігітрыі). Асабліва ўшаноўваў купяціцкую ікону, як уладкавальніцу ў юнацтве і маладосці, пячэрскую, што надавала мудрасць у сталым веку, ялецкую, якая апекавала яго старасць.

У 1667 па даручэнні Лазара Барановіча архімандрыт Іанікій едзе на радзіму ў Літву, каб агітаваць за абранне на польскі трон царэвіча Аляксея Аляксеевіча. У жніўні 1669 суправаджае па вяртанні з Масквы ў Егіпет александрыйскага Патрыярха Паісія  (руск.). У канцы 1670 I. Галятоўскі па царкоўна-гаспадарчых справах быў у Маскве, дзе запомніўся сваімі казаннямі і прывітальным словам да цара.

Літаратурная творчасць[правіць | правіць зыходнік]

«Ключ разумення». 1659
Тытульны аркуш «Неба новага», гравёр Максім Вашчанка. 1699

У перыяд міжканфесійнай барацьбы I. Галятоўскі ўздымае пропаведзь на новую вышыню сваёй кнігай «Ключ разумення» (1659,1660,1663, 1665) і багаслоўска-педагагічным трактатам «Наука, албо Способъ зложеня казаня» (фактычна падручнік па гамілетыцы). Паводле канцэпцыі рытара, казанне павінна складацца з трох частак: «эксордыума», «початка, прыступа до самой речи, о чым хочет казанье мети», «нарацыі», «повести, которую обецал показати, тая часть наибольшая, бо в ней все казане замыкаемая, и до ней иныя части стягаются» і «конклюзія», «конец казаня». I. Галятоўскі заклікаў так прамаўляць, каб усе людзі разумелі, што ім у павучэнні паведамляецца. Яго «Навука зложеня казаня» суправаджаецца 32 асноўнымі і 14 дадатковымі пропаведзямі. Згодна метаду тлумачэння аўтар вылучае ў кожнай з’яве літаральны, маральны, алегарычны і аналагічны зместы. У казаннях I. Галятоўскі дае метафізічныя звесткі (пра сутнасць з’яў прыроды) — тлумачыць паходжанне маланкі, узнікненне ветру, змяшчае народныя прыкметы, выкладае павучальныя гісторыі, назіранні з жыцця птушак і жывёл, звяртае ўвагу на лекавыя ўласцівасці кветак, зёлак і камянёў.

У час, калі многія падтрымліваюць унію, I. Галятоўскі адстойвае праваслаўе ад нападаў. У 1676 надрукавана «Бяседа Белацаркоўская», што зафіксавала ў прысутнасці караля Яна-Казіміра дыспут езуіта Андрыяна Пякарскага з I. Галятоўскім і перамогу апошняга (1663).

Для XVII ст. характэрна ўшанаванне цудадзейных ікон Божай Маці. Сярод кніг I. Галятоўскага марыялагічнай традыцыі — аповесці пра 445 цудаў ад ікон Багародзіцы з прысвячэннем кузіне Пятра Магілы Ганне Патоцкай «Неба новае з новымі зорамі створанае» (выдавалася на старабеларускай, польскай і рускай мовах, у Львове, Чарнігаве, Магілёве, Маскве) і «Скарбніца пажытачная» пра цудадзейную ікону Божай Маці Ялецка-Чарнігаўскую (Ноўгарад-Северскі, 1676).

«Месія праўдзівы» (Кіеў, 1669) напісаны як рэакцыя на з’яўленне сярод яўрэяў ілжэмесіі, з мэтай засцерагчы суайчыннікаў ад захаплення іудзейскай ерассю.

У канфлікце Лазара Барановіча і Сімяона Адамовіча чарнігаўскі архімандрыт прыняў бок настаўніка. Трактат «Старая Царква» (Ноўгарад-Северскі, 1678) скіраваны супраць «Старой веры» Паўла Боймы, і «Трыбунала» Міколы Ціхановіча. Кніга прысвечаная Лазару Барановічу, у прадмове згадваюцца факты з біяграфіі архіепіскапа.

У 1683 выходзяць «Фундаменты», невялікі па памеры (100 с.) надзённы твор з дынамічнымі сюжэтнымі эпізодамі. Аўтар згадвае шлюбы польскіх каралёў і ўсходнеславянскіх княгінь, фрагменты жыцця праваслаўных святых, крыўды, якія ўчынілі католікі праваслаўным. Багаслоў зміраецца перад ворагамі (заіламі), згадваючы пры гэтым, што Заіл, які высмейваў Гамера, быў павешаны Пталамеем.

У 1679 з падзякаю Ялецкай цудадзейнай іконе Адзігітрыі, якая абараніла чарнігаўскую архімандрыю ад туркаў (на адданне свята Успення з’явілася Багародзіца з воямі ў небе), друкуецца «Лебедзь з пяццю пёрамі». Аўтар цытуе ўрывак з «Вызваленага Ерусаліма» Т. Таса пра хцівасць і жорсткасць мусульман, заклікае не толькі да лучнасці супраць туркаў, але і да вызвалення іншых народаў ад асманскага прыгнёту. Супраць магаметан скіраваны і «Алкаран» (Чарнігаў, 1683), прысвечаны царам Іаану і Пятру Аляксеевічам.

3 пазіцыі выкрыцця сутнасці арыянства напісаны «Алфавіт», дыялог праваслаўнага і арыяніна, а таксама «Сафія мудрасць». «Алфавіт» (1681) змяшчае верш, дзе аўтар зазначае, што цярпліва пераносіць нястачы і цяжкую працу з надзеяй увайсці ў Царства Божае. Сярод апошніх твораў архімандрыта «Богі паганскія» (1686), з прысвячэннем царэўне Сафіі і «Душы памерлых людзей» (1687).

Багаслова вылучае багатая і каларытная мова, даходлівая, эмацыянальна і экспрэсіўна насычаная манера выкладання. У тэарэтычных працах назіраецца трансфармацыя сціплай гаміліі ва ўзвышанае, тэалагічна змястоўнае і грамадска надзённае казанне. I. Галятоўскі ўзбагаціў пропаведзь міфалагічнымі супастаўленнямі, яна дасягае асаблівай вобразнай выразнасці і моцнага ўздзеяння.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Яскевіч А. Іанікі Галятоўскі // Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мінск: Кнігазбор, 2007. — («Беларускі кнігазбор»). ISBN 985-6824-43-5