Іглу

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вонкавы выгляд

І́глу (інув.: igloo, ᐃᒡᓗ, літаральна «жытло») — традыцыйная зімовая купалападобная хаціна з прамавугольных і трапецыяпадобных пліт снегу альбо лёду ў некаторых эскімоскіх народаў паўночнага ўсходу Канады і паўночнага захаду Грэнландыі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На мове інувіялуіт слова іглу можа значыць любое жытло. Аднак у вонкавым свеце яго звычайна адносяць да часовых снежных жытлаў. У мінулым снег у якасці ўцяпляльніка выкарыстоўвалі для розных тыпаў пабудоў. Асноўнымі канструкцыйнымі матэрыяламі найчасцей былі кітовы вус і дзёран. Жытлы са снежных і лёдавых пліт сустракаліся толькі ў некаторых арктычных раёнах Канады і Грэнландыі. Вылучаліся невялікія пабудовы для сабак і паляўнічых, болей прасторныя — для сям’і, у раёне Гудзонава праліва сустракаліся групы іглу, аб’яднаныя паміж сабою калідорамі.

У нашы дні іглу рэдка ўзводзяцца самімі эскімосамі, якія аддаюць перавагу сучасным жытлам і палаткам. Тым не меней, іглу або іглупадобныя будынкі аказваюць значны ўплыў на сучасную архітэктуру.

Будаўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Снег з’яўляецца выдатным захавальнікам цяпла, паколькі паветраныя «кішэні» ў ім ізалююць унутраную прастору ад вонкавага надвор’я. Такім чынам пры вонкавай тэмпературы −45 °C знутры іглу ўсталёўваецца тэмпература ад −16 °C да −7 °C, нават калі памяшканне падаграваецца толькі цяплом чалавечага цела. Снег, які выкарыстоўваецца для будаўніцтва іглу, павінен мець дастатковую структурную трываласць, каб яго можна было правільна разразаць і ўкладваць. Для гэтай мэты лепш за ўсё ўжываць снег, прынесены ветрам, ён выдатна ўшчыльняецца, адбываецца надзейнае счапленне ўнутраных крышталікаў.

Звычайна іглу мелі вышыню ад 3 м да 3,5 м і дыяметр ад 3,5 м да 4,5 м, хаця маглі сустракацца меншыя па памерах пабудовы, а таксама іглу, што ўмяшчалі да 20 чалавек. Для выразання снежных блокаў у мінулым выкарыстоўвалі касцяныя нажы і пілы. З іх майстравалі паступова нахіленыя ўнутр сцены. Блокі клалі па спіралі, звычайна ў 2 муроўкі — вонкавую і ўнутраную. Доступ забяспечваўся дзякуючы вузкім праходам, часам ніжэйшым за ўзровень грунту. Дзверы складаліся з нясчэпленых снежных пліт. У якасці акна выкарыстоўвалі азёрны лёд або кішкі цюленя. Наверсе ладзілі вентыляцыйную адтуліну.

Пасля заканчэння будаўніцтва ўсе шчыліны засыпалі снегам. Унутранае памяшканне маглі высцілаць скурамі жывёл. Канструкцыя ўваходнага праходу не абавязкова была купалападобнай, яго сцены і дах часам прымалі пляскатую форму. Розніца вонкавай і ўнутранай тэмператур прыводзіла да паступовага раставання і замярзання блокаў, ападання ніжніх шэрагаў, таму іх счапленне толькі павялічвалася.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]