Аб кульце асобы і яго наступствах

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Аб кульце асобы і яго наступствах — даклад першага сакратара ЦК КПСС Мікіты Хрушчова на ўнутраным закрытым пасяджэнні 20-га з'езду партыі 25 лютага 1956 года ў маскоўскім Вялікім Крамлёўскім палацы. Грунтаваўся на дадзеных Пракуратуры СССР, КДБ, Цэнтральнай камісіі па пераглядзе спраў на раней асуджаных грамадзян і Камісіі партыйнага кантролю ЦК КПСС. Змяшчаў абвінавачанне папярэдняга кіраўніка партыі Іосіфа Сталіна ў сфабрыкаванні крымінальных спраў аб змовах і ў рэпрэсіях, ад якіх загінулі тысячы людзей. Таксама ў дакладзе адзначалася, што Нямецка-савецкую вайну ўдалося выйграць насуперак рашэнням Сталіна: «Калі фашысцкія войскі ўжо ўварваліся.., з Масквы быў загад — на стрэлы не адказваць.. таму, што Сталін.. лічыў, што гэта яшчэ не вайна.. Гэта прывяло да таго, што ў першыя ж гадзіны і дні праціўнік вынішчыў у нашых памежных раёнах вялікую колькасць авіяцыі, артылерыі,.. знішчыў вялікую колькасць нашых ваенных кадраў, дэзарганізаваў кіраванне войскамі, і мы апынуліся не ў стане перагарадзіць яму шлях углыб краіны».

З'езд пастанавіў азнаёміць з дакладам толькі аднапартыйцаў, камсамольцаў і беспартыйных кіраўнікоў, бо Хрушчоў у ім зазначаў: «Гэтае пытанне мы не можам вынесці за межы партыі, а тым больш, у друк». Пасля з'езду замяшанае ў беззаконні Сталіна партыйнае кіраўніцтва вырашыла не друкаваць даклад, бо замест галоснасці мела зацікаўленасць толькі ў спыненні рэпрэсій, ад якіх само цярпела[1]. Пры зачытванні на партыйных сходах у сакавіку 1956 г. яго забаранялася абмяркоўваць і бралася распіска аб неразгалошванні. Аднак у 1956 г. яго надрукавала амерыканская газета «Вашынгтон пост». У СССР даклад упершыню апублікавалі праз 33 гады, у 1989 г., у часопісе «Весткі ЦК КПСС» (руск.: Известия ЦК КПСС)[2].

Зноскі

  1. Ларыса Цімошык. Культ паасобку // Звязда : газета. — 25 лютага 2011. — № 37 (26901). — С. 2. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  2. Сяргей Дубавец. Сакрэтны даклад Хрушчова. — Радыё «Свабода», 26 лютага 2006.(недаступная спасылка)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Лагатып Вікіцытатніка
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Аб кульце асобы і яго наступствах