Андрэй Рымша

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Андрэй Рымша
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння каля 1550
Месца нараджэння
Дата смерці 1599[1]
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, паэт
Мова твораў беларуская, польская і лацінская мова
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Андрэ́й Ры́мша (каля 1550, в. Пянчын, Новагародскае ваяводства, цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобл.  — пасля 1599) — вялікалітоўскі паэт-панегірыст 2-й паловы XVI ст., пісаў на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах, нават у эпоху, калі шматмоўе для літаратуры было нормай, адзін з самых шматмоўных пісьменнікаў. Аўтар вершаў на старабеларускай мове — «Храналогіі» і трох эпіграм на гербы вялікалітоўскіх магнатаў.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў шляхецкай сям'і герба «Газдава». З 1572 года служыў Радзівілам — спачатку Мікалаю Рудому, затым Крыштофу Пяруну. У 1581 годзе браў удзел у паходзе Крыштофа ўглыб маскоўскіх зямель, пазней суправаджаў у падарожжы па Лівоніі. У 1589--1599 гадах выконваў абавязкі падстаросты (прэтара) Біржаў — родавага ўладання Радзівілаў.

Невядома, якую Рымша меў адукацыю. У 1581 годзе з Астрожскай друкарні І. Фёдарава выйшаў вершаваны твор Рымшы «Которого ся месяца што за старых веков дело короткое описание», які пазней атрымаў назву «Храналогіі» (у самім творы такога слова няма).

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштофа Радзівіла[правіць | правіць зыходнік]

Паход польнага гетмана літоўскага Крыштофа Радзівіла Перуна па тылах маскоўскіх войскаў восенню 1581 г. аказаўся для тагачасных паэтаў найбольш прыцягальным з усіх эпізодаў шматгадовай Лівонскай вайны. Але найбольш падрабязнае паэтычнае апісанне паходу К. Радзівіла выйшла з-пад пяра А. Рымшы: «Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў князя Крыштофа Радзівіла» (Вільня, 1585). Паэма налічвае 2184 радкі (без уступнай часткі). «Дзесяцігадовая аповесць…» з'яўляецца найбольш значным творам з радзівілаўскага цыклу і з мастацкага пункту гледжання.

Эпіграмы[правіць | правіць зыходнік]

Панегірык А. Рымшы на герб Л. Сапегі, надрукаваны ў Статуце 1588 г.

А. Рымша зрабіў рашучы крок да старабеларускамоўнай творчасці, стаўшы ў гісторыі старабеларускай літаратуры заснавальнікам жанру панегірычнай паэзіі. Пасля выхаду ў свет «Дзесяцігадовай аповесці…» паэт змясціў у віленскіх выданнях Мамонічаў тры эпіграмы на старабеларускай мове: «На герб яснавяльможнага пана Астафея Валовіча…» (1585), «На гербы… Льва Сапегі» (1588), «На гербы яснавяльможнага пана… Тэадора Скуміна» (1591).

Эпіграмы на родавыя гербы магнатаў і шляхты насілі характар прысвячэнняў і змяшчаліся звычайна на адвароце тытульнага ліста кнігі, часта разам з выявай герба. Эпіграмы з'яўляліся прасцейшым гатункам героіка-эпічнай паэзіі, яе папярэднім ідэйна-мастацкім фундаментам і пазаструктурным працягам. Таксама, як і вялікія па памерах эпічныя паэмы, кароценькія эпіграмы ўслаўлялі культ рыцарства, воінскай мужнасці, былі прасякнуты патрыятычнымі настроямі і традыцыйнай павагай да патрыярхальнага жыцця продкаў.

«Подавайте ж потомком, што маете з предков!» — гэты заклік А. Рымшы з эпіграмы «На гербы… Льва Сапегі», змешчанай у першым выданні Статута 1588 г., з'яўляецца, па-сутнасці, галоўнай ідэяй усёй героіка-эпічнай вялікалітоўскай паэзіі канца XVI ст., якая культывавала погляд на чалавека як на звяно ў ланцугу родавай славы і годнасці.

Ёсць падставы меркаваць, што ў паэта было значна больш вершаў на старабеларускай мове: у лістах Саламона Рысінскага захаваліся радкі пра эпіграму на «народнай мове» А. Рымшы ў гонар Радзівілаў, два варыянты перакладу гэтай эпіграмы на лацінскую мову, а таксама згадка пра існаванне дзённіка А. Рымшы.

Апошняя вядомая літаратурная праца А. Рымшы — выданы Я. Карцанам пераклад на польскую мову твора Ансельма Паляка «Хараграфія, альбо тапаграфія, гэта значыць асаблівае і падрабязнае апісанне Святой Зямлі…» (Вільня, 1595). Тытульны ліст «Хараграфіі…» ўпрыгожаны вершаваным двухрадкоўем паэта, у якім высмейваецца псеўдаадукаванасць і невуцтва выпускнікоў замежных універсітэтаў. На адвароце тытульнага ліста змешчана эпіграма на герб Астрожскіх, завяршае кнігу вершаванае чатырохрадкоўе прэфацыйнага зместу. У кнізе аўтар згадвае ў празаічнай прадмове да Альжбеты з Астрожскіх, жонкі Крыштофа Радзівіла, пра нейкую хроніку, у якой належным чынам услаўлены заслугі роду Астрожскіх.

Арыгінальнасць «эпікграм» выявілася найперш у структурна-кампазіцыйнай будове. Яны складаліся з чатырох адносна элементаў, што размяшчаліся, як правіла, у строгай паслядоўнасці адносна адзін аднаго. Спачатку ішоў уступ-зачын, затым — зварот да памяці продкаў, цэнтральнае месца займалі тлумачэнні знакаў, «кляйнотаў» герба, і, нарэшце, завяршала «эпікграму» заключэнне-пажаданне. Кожны з элементаў «эпікграмы» выконваў пэўную ідэйна-мастацкую функцыю.

Ва ўступе зачыне часцей за ўсё апісваліся нябесныя свяцілы, касмічная прастора або штосьці велічнае і незвычайнае. Так, эпіграма А. Рымшы «На герб Льва Сапегі» пачыналася паведамленнем пра велічнасць і дабрачыннасць мужнага роду Сапегаў. Іхняя слава нібыта не ведала межаў на зямлі і на небе. Другая эпіграма, «На герб Тэадора Скуміна», адкрывала тлумачэнне «незямнога» паходжання княжацкага герба.

Для другога элемента эпіграм — зваротаў да памяці продкаў — характэрнае тлумачэнне прычын узнікнення герба, указанне часу і абставін, пры якіх адбылася знамянальная падзея. Напрыклад, А. Рымша, узнаўляючы гісторыю герба Тэадора Скуміна, падкрэсліваў: набыццё герба — узнагарода за вялікія подзвігі; яго атрымліваюць толькі тыя, хто не шкадуючы свайго жыцця абараняе Бацькаўшчыну. Так, дзякуючы мужнай барацьбе з «нечестивыми татарами», паводле А. Рымшы, набылі фамільны герб слаўныя Сапегі:

К тому еще два гербы видиш быть на споде,
Тых достали предкове его на свободе
Будучи. А цнотою оных доставали,
Веру з мужством Отчызне своей заховали.
Вер ми, гербов не дають въ дому седящому,
Але зъ татарми въ полю часто гулящюму
Не зъ голою рукою, зъ шаблею острою,
Завжды будучы готов до смерного бою.

Абавязковы і найбольш істотны элемент эпіграм на гербы — вытлумачэнне сімвалічнага сэнсу знакаў, «кляйнотаў». Вытлумачэнне ў эпіграмах сэнсу знакаў княжацкіх гербаў — якраз і ёсць раскрыццё іх сімвалічных значэнняў. У эмблематычных вершах сімвалы герба пранікалі ў сферу мастацкай і паэтычнай свядомасці, станавіліся ўстойлівымі вершаванымі тропамі.

Галоўны мастацкі прынцып пры раскрыцці ў эпіграмах на гербы значэнняў геральдычных знакаў — выяўленне сімвалічнай узаемасувязі паміж знакамі герба і яго ўладальнікам. Восем груп рэчаў і з'яў матэрыяльнага свету часцей за ўсё выступалі ў ролі гербавых знакаў. Галоўныя сярод іх: нябесныя свяцілы («сонца», «месяц», «луна», «зоркі», «венера») і вытворныя ад іх («прамяні», «зара»); прадметы культу і рэлігійнай сімволікі («крыж», «мітра»); зброя і ваярскі рыштунак («меч», «лук», «стрэлы», «влочні» (дзіды), «гелм» (шлем), «намет» (палатка)); расліны («ружа», «лілея»); жывёлы і птушкі («конь», «арол», «крэчат» (пятух)); крыніцы вады («мора», «рэкі», «хмары»); органы чалавека і канечнасці («сэрца», «рука»); сімвалы дзяржавы («карона»).

Знакі герба Скумінаў — «зорка», размешчаная над яркім «месяцам» у акружэнні «хмары» у эпіграме А. Рымшы сімвалізуюць не толькі славу Скумінаў, але і іх незвычайную шчодрасць:

Якъ звезда над луною хорошо ся блищить,
А светла месячного бынамне не нищить,
Так обое светлятся ровъно окром хмары,
Якъ слава у Скуминов маеть свои дары.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск: Беларуская навука, 2006.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 5. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
  • Ры́мша Андрэй // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 632. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • РЫ́МША Андрей // Литературный энциклопедический словарь / Под редакцией В. М. Кожевникова, П. А. Николаева. — М., 1987. (руск.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]