Арыянства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Арыянства — адна з буйнейшых хрысціянскіх плыняў (артадаксальнай царквой разглядаецца як ерась). Узнікла ў IV стагоддзі ва Усходняй Рымскай імперыі. Заснавальнік — александрыйскі прэсвітар Арый (каля 256—336). Паводле яго вучэння, 2-я асоба Тройцы, Хрыстос, не роўны Богу Айцу, ён Сын Божы не па сутнасці, а па ласцы Божай. Арый абвяргаў, што Сын адзінасутны (адзінародны) з Айцом. У веры ў боскасць Хрыста ён бачыў пагрозу двухбожжа. Нікейскі сабор 325 года асудзіў арыянства і пацвердзіў артадаксальны сімвал веры, падкрэсліўшы, што Сын ёсць адзінасутны з Айцом. Арыянства распалася на некалькі кірункаў, працягвала пашырацца на Усходзе пры падтрымцы імператараў. У 381 годзе арыянства зноў асуджана на саборы ў Канстанцінопалі. На арыянаў пачаліся жорсткія ганенні, і да канца IV стагоддзя іх амаль не засталося сярод грэка-рымскага насельніцтва імперыі. Да VI—VII стагоддзяў арыянства затрымалася сярод готаў і іншых тэўтонскіх плямёнаў, якія прынялі хрысціянства ад арыянскіх місіянераў.

У XVI стагоддзі ідэі арыянства адрадзіліся ў асяроддзі радыкальных рэфармацыйных плыняў. У Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы дзякуючы падтрымцы часткі магнатаў (Ляшчынскіх, Радзівілаў, Кішкаў) і спрэчак паміж прыхільнікамі кальвінізму частка з іх пачала адмаўляць дагмат аб Троіцы. Яны пачалі называць сябе проста хрысціянамі ці літоўскімі і польскімі братамі, ці арыянамі. Літоўскімі братамі — сацыянамі былі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі, якія ўнеслі вялікі ўнёсак у беларускую і еўрапейскую культуру і кнігадрук. У 1658 годзе сацыяне былі абвінавачаны у тым, што з-за іх ератыцтва пачалася паўстанне, потым маскоўскае і шведскае ўварванне, і яны былі абавязаны пакінуць Рэч Паспалітую за тры гады. Літоўскія і польскія браты перасяліліся ў Нідэрланды.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]