Асвейскае

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Асвейскае
Асвейскае возера з боку пасёлка Чапаеўскага
Асвейскае возера з боку пасёлка Чапаеўскага
Морфаметрыя
Вышыня над узроўнем мора 129,8 м
Даўжыня 11,4 км
Шырыня 7,8 км
Плошча 43,8 км²
Даўжыня берагавой лініі 33,4 км
Найбольшая глыбіня 7,5 м
Гідралогія
Салёнасць 0,125 ‰
Празрыстасць 2,5 м
Басейн
Плошча вадазбору 206 км²
Упадаюць рака Выдранка і інш.
Выцякаюць канал Дзегцяроўка
Размяшчэнне
Краіна  Беларусь
Рэгіён Віцебская вобласць
Асвейскае (Беларусь)
Асвейскае
Асвейскае
Асвейскае (Віцебская вобласць)
Асвейскае
Асвейскае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Асве́йскае возера, Асвея — возера на поўначы Беларусі, другое паводле плошчы сярод беларускіх азёр. Знаходзіцца ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Дрыса.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Назва Асвея балцка-літоўскага паходжання. Звязаная са старалітоўскім ašva, прускім *asva «кабыла», далей да індаеўрапейскага кораня *ek'ṷo-s «конь»[1].

Прамы гідранімічны адпаведнік — назва літоўскага возера Asvejà на Аўкштайцкім Паазер’і, далей латышская Asva, літоўскія Ašva, Ašvija, Ašvinė, пруск. Asswene (усё рэкі)[2].

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Плошча возера 52,8 км², глыбіня да 7,5 м, даўжыня 11,4 км, шырыня да 7,8 км.

План Асвейскага возера. 1927

Катлавіна падпруднага тыпу, авальнай формы, выцягнутая з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Мелкаводнае, водмелі чаргуюцца з паніжэннямі, сярэдняя глыбіня не перавышае 2 метраў. У заходняй частцы возера знаходзіцца востраў Манастыршчына плошчай каля 5 км² — самы вялікі востраў на Беларусі.

Даўжыня берагавой лініі 33,4 км. Берагі возера нізкія, тарфяністыя або пясчаныя. Вадазбор — градава-хвалістыя ўзвышшы ледавіковага паходжання з чаргаваннем раўнінных паніжэнняў.

Упадае рака Выдранка і больш за 40 ручаёў. Сцёк адбываецца праз канал Дзегцяроўка.

Для возера характэрна ўстойлівая летняя і зімовая межань і павышаны ўзровень вады ўвосень.

Каля 80% плошы дна возера ўкрыта гліністымі іламі, крэменязёмістымі і тонкадэтрытавымі сапрапелямі. Уздоўж паўночна-ўсодніх берагоў дно выслана заіленым пяском. Сапрапель высцілае 65% плошчы азёрнай чашы, сярэдняя магутнасць адкладаў 3 м, найбольшая 7,5 м[3].

Экалогія[правіць | правіць зыходнік]

Вада мяккая, слабамінералізаваная, гідракарбанатная. Кіслародная насычанасць добрая ўвесь год. Празрыстасць вады дасягае 2,3 м.

Возера адносіцца да эўтрофнага тыпу. Прыток вады ў вадаём адбываецца, галоўным чынам, за кошт ападкаў. Апошнія 20 гадоў возера інтэнсіўна зарастае надводнай расліннасцю і паступова страчвае сваё значэнне ў якасці рыбапрамысловага вадаёма і месца гнездавання вадаплаўных птушак. Найбольш верагодная прычына такіх змяненняў — зніжэнне ўзроўню вады. Для пад’ёму і стабілізацыі ўзроўню вады ў возеры, у 1951 годзе на канале Дзегцяроўка было ўзведзена гідратэхнічнае збудаванне са шлюзам-рэгулятарам, загараджальнай дамбай і водападводзячым каналам. Аднак цяпер дамба знаходзіцца ў нездавальняючым тэхнічным стане. Другой меркаванай прычынай зніжэння ўзроўню вады могуць быць вынікі торфараспрацовак, якія праводзіліся недалёка ад возера.

Возера Асвейскае — буйнейшае ў рэгіёне Паазер’я месца размнажэння і паслягнездавой канцэнтрацыі некаторых паляўнічых відаў вадаплаўных птушак: качкі-крыжанкі (Anas platyrhynchos), нырка-сівака (Aythya ferina) і лыскі (Fulica atra). Акрамя таго, возера і навакольныя тэрыторыі з’яўляюцца месцам пастаяннай канцэнтрацыі водна-балотных відаў птушак у перыяд міграцый вясной і восенню.

Водзяцца лешч, шчупак, язь, карась, мянтуз, сазан; ёсць вугор. У трысняговых зарасніках сустракаюцца андатра і бабёр.

Над возерам

Возера выкарыстоўваецца ў рыбнай гаспадарцы, у рэкрэацыйных мэтах. З’яўляецца ядром Асвейскага ландшафтнага заказніка. На беразе Асвейскага возера знаходзіцца паляўніча-рыбалоўная база Верхнядзвінскай ЛПГ.

На беразе возера размясціўся гарадскі пасёлак Асвея, пасёлак Чапаеўскі і вёскі Вялікае Сяло, Асвеіца, Канчаны і іншыя.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 301—302.
  2. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 49.
  3. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз. — С. 140

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял разнастайнасці /аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с. — Паводле эл. рэсурса ptushki.org
  • Край Асвейскіх азёр = Край Освейских озер / А. Ф. Бубала, В. І. Рудой; фота А. Ф. Бубала, А. У. Маладзечкін, В. Л. Салаўёў. — Наваполацк, 2007. — 44 с.
  • Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 11, 44, 64. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5.