Аўтакефалія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Аўтакефалія (грэч. αὐτοκεφαλία ад αὐτός - сам + κεφαλή - галава[1]) — гэта статус памеснай праваслаўнай царквы, як самакіруемай, незалежнай часткі Усяленскай Праваслаўнай Царквы, якую узначальвае патрыярх, арцыбіскуп або мітрапалітам. Этымалогія слова літаральна азначае "сам сабе галава".

Аўтакефальная праваслаўная царква - гэта памесная праваслаўная царква (да юрысдыкцыі якой належыць пэўная тэрыторыя, на якой не павінны дзейнічаць іншыя памесныя цэрквы без згоды прадстаяцеля гэтай царквы). Ніжэй за аўтакефалію правы мае аўтаномная царква. Аўтакефальная царква не з'яўляецца ні іерархічна, ні адміністрацыйна часткай іншай праваслаўнай царквы, а з'яўляецца самакіраванай часткай Усяленскай Праваслаўнай Царквы.

Умовы надання аўтакефаліі[правіць | правіць зыходнік]

Каноны праваслаўнай царквы не даюць прамога вызначэння спосабу абвяшчэння аўтакефаліі той ці іншай царквы. Розныя памесныя цэрквы маюць розныя погляды на рашэнне гэтага пытання. Тэмы "Аўтакефалія і спосаб яе абвяшчэння; аўтаномія і спосаб яе абвяшчэння" так і не былі разгледжаны на Усеправаслаўным саборы.

Праз адсутнасць канонаў, якія вызначаюць уласна спосаб абвяшчэння аўтакефаліі, парушыць іх немагчыма. Таму кожная аўтакефальная царква дзейнічае кананічна, калі абвяшчэнне яе аўтакефаліі адбылося згодна з тымі кананічнымі правіламі, якія ўскосна датычацца пытання аўтакефаліі, а таксама ў адпаведнасці з гістарычнай традыцыяй.

  • Аўтакефальнай можа быць толькі тая царква, якая дарасла да самастойнага быцця, мае ўнутраныя магчымасці існаваць незалежна ад іншай царкоўнай улады. Для гэтага патрабуецца наяўнасць па меншай меры трох біскупаў, два з якіх у выпадку смерці аднаго з іерархаў могуць паставіць яго пераемніка.
  • Аўтакефальнай можа быць толькі тая царква, якая мае дастатковую колькасць пастыраў і паствы для таго каб яе служэнне здзяйснялася нармальна.
  • Аўтакефальная царква павінна мець палітычна незалежны народ, сярод якога адпаведная царква нясе сваё служэнне. Падчас прыняцця рашэння аб аўтакефаліі прымаецца пад увагу меркаванне дзяржаўнай улады адпаведнай краіны.
  • Агульная воля епіскапату, духавенства і вернікаў адпаведнай йарквы, выяўленая праз пастанову памеснага сабора. Пасля прыняцця саборнага рашэння аб аўтакефаліі яно праходзіць працэс прызнання з боку Маці-Царквы і іншых памесных праваслаўных цэркваў.

Права абвяшчэння аўтакефаліі пры наяўнасці ўмоў і падстаў, адным з якіх з'яўляецца адпаведная дзяржаўна-адміністрацыйная незалежнасць, належыць сабору царквы, якая абвяшчае сваю аўтакефалію, а права першай прызнаць гэтую аўтакефалію належыць Маці-Царкве.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя аўтакефальныя цэрквы паўсталі на тэрыторыі Рымскай імперыі і ў суседніх з ёй дзяржавах. У 4 ст. існавала пяць аўтакефальных цэркваў (Пентархія): Рымская, Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыахійская і Іерусалімская. Пазней ад Антыахійскай аддзяліліся Кіпрская і Грузінская.

У 11 ст. адбыўся раскол паміж Рымскай царквой і астатнімі памеснымі цэрквамі. Пасля яго Рымская царква пайшла сваім уласным шляхам развіцця, прыняла новыя дагматы і г.д.

У 19-20 ст. паўстаў шэраг аўтакефальных цэркваў ва Усходняй Еўропе: Сербская, Балгарская, Румынская, Польская, Албанская, Чэшскіх зямель і Славакіі.

У сярэдзіне 20 ст. Маскоўскі Патрыярхат дараваў аўтакефалію сваім епархіям на тэрыторыі Паўночнай Амерыкі, чым была створана Праваслаўная Царква Амерыкі. Гэтая аўтакефалія (гэта значыць сам статус) не была прызнана некаторымі іншымі памеснымі цэрквамі, у прыватнасці грэцкай традыцыі, але ПЦА знаходзіцца ў еўхарыстычных зносінах з усімі іншымі памеснымі цэрквамі і з'яўляецца часткай паўсюднай Праваслаўнай Царквы.

Гісторыя сведчыць, што аўтакефалія абвяшчалася самой царквой, якая яе дамагалася, а толькі потым, раней ці пазней, прызнавалася з боку іншых памесных цэркваў. Адным з вырашальных фактараў абвяшчэння аўтакефаліі з'яшляюцца адпаведныя палітычныя ўмовы, у прыватнасці — незалежнасць таго народа, сярод якога памесная царква нясе сваё служэнне. Актыўную ролю ў пытанні абвяшчэння аўтакефаліі многіх цэркваў мела дзяржаўная ўлада і патрыятычныя палітычныя сілы. У выпадку з Сербскай і Балгарскай цэрквамі за абвяшчэнне аўтакефаліі на іерархію і нават на ўвесь народ накладаліся анафемы, што не стала перашкодай у будучыні аднавіць еўхарыстычнае яднанне, а ўсе анафемы і забароны былі скасаваныя. Нягледзячы на непрызнаны статус аўтакефаліі, на існаванне паралельнай іерархіі або анафемы, накладзенай на іерархаў аўтакефальнай царквы ў памесных цэрквах працягвалася царкоўнае жыццё, здзяйсняліся ўсе сакрамэнты і святары належным чынам неслі сваё служэнне сярод адпаведнага народа.

Аўтакефальныя цэрквы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Слоўнік іншамоўных слоў : у 2 т. / А. М. Булыка. — Мінск : БелЭн, 1999.  — Т. 1 : А-Л. — 1999. — 736 с. — ISBN 985-11-0152-4, С.172

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8