Беларускае слова (1926)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Беларускае слова»
Тып газета
Выдавец Беларуская часовая рада
Галоўны рэдактар Тодар Вернікоўскі
Заснавана 3 лютага 1926
Спыненне публікацый 9 лютага 1928
Мова беларуская
Галоўны офіс

«Белару́скае сло́ва»заходнебеларуская штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася з 3 лютага 1926 да 9 лютага 1928 года ў Вільні на беларускай мове. Выдавец — Часовая беларуская рада, з № 20 (1926) — Беларуская нацыянальная рада. Адказны рэдактар — Т. Вернікоўскі.

У сваіх праграмных артыкулах заяўляла пра нацыянальнае адраджэнне, тэрытарыяльную і культурна-нацыянальную аўтаномію Беларусі, перадачу зямлі сялянам на падставе ўласнасці, шырокі дэмакратызм, барацьбу з камунізмам, нацыянальную царкву, далучэнне Усходняй Беларусі да Заходняй, прызнанне польскай дзяржаўнасці, спыненне нацыянальнай варожасці, агульную грамадскую згоду паміж польскім і беларускім народамі.

Крытыкавала праграмы Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), Беларускага сялянскага саюза, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, «камуністычную работу» БСРГ і яе газеты «Беларуская ніва». Пісала пра варожасць апошняй да газеты «Беларуская крыніца», якую «Беларуская ніва» называла «буржуазна-ксяндзоўскім» органам, пра адносіны беларускіх палітычных арганізацый да БСРГ, якая выступае за «інтэрнацыянальныя інтарэсы пралетарыяту», здрадзіўшы беларускаму сялянству.

Змяшчала матэрыялы пра краявы польскі з’езд у Гродне, агульны сход таварыства «Прасвет» і яго працу (арганізацыю беларускіх настаўніцкіх курсаў і бібліятэк, удзел у школьным плебісцыце, падтрымку беларускіх культурных устаноў і інш.), асвятляла пытанні беларускага школьніцтва, працаўладкавання інтэлігенцыі ў школы і адміністрацыйныя ўстановы, удзелу ў самаўрадах, зямельнай справы і інш. Уважліва сачыла за працэсам беларусізацыі ў БССР. У артыкуле «Бальшавікі і царква», які быў апублікаваны ў 1926 годзе (№ 3), крытычна ставілася да змены ў БССР абраду «хрышчэння» на «акцябрыны», калі немаўлят накрывалі чырвоным сцягам і давалі ім імёны Акцябр, Рэвалюцыя, Марксіст.

Змяшчала на сваіх старонках агляды падзей у свеце і Польшчы, юрыдычныя парады. У рубрыцы «Наш сатырыкон» друкавала пародыі на творы І. Крылова, Ядвігіна Ш., артыкулы Я. Светазара, пераклады з рускай мовы твораў П. Раманава і інш.

Выйшла 74 нумары.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]