Беларуская града

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларуская града на фізічнай карце Еўропы.

Беларуская града — сістэма ўзвышшаў у цэнтральнай частцы Беларусі.

Беларуская града займае паўночна-ўсходнюю частку Гродзенскай вобласці, цэнтральную частку Мінскай, паўднёва-ўсходнюю частку Віцебскай вобласці. Працягнулася з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, затым на паўночны ўсход больш чым на 350 км, з поўначы на поўдзень ад 20 да 120 км, плошча 13 тыс. км². У межах грады вылучаюць Ашмянскае ўзвышша, Мінскае ўзвышша, Аршанскае ўзвышша. Паводле часу ўтварэння і па знешнім абліччы да Беларускай грады адносяць яшчэ некалькі ўзвышшаў — Паўднёва-Заходняе адгалінаванне Беларускай грады.

На Беларускай градзе знаходзіцца найвышэйшы пункт Беларусі — Дзяржынская гара на Мінскім узвышшы (вышыня над узроўнем мора 345 м). Беларуская града мае складаную будову. Тут намножыліся магутныя тоўшчы (100—180, месцамі да 300 м) марэнных адкладаў чатырох ледавіковых эпох. Апошнім на гэтай тэрыторыі быў сожскі ледавік. У час паазерскага, апошняга на Беларусі зледзянення, на схілах грады намнажаліся лёсападобныя суглінкі, адбываліся працэсы плоскаснай і глыбіннай эрозіі.

Гара Маяк, Валожынскі раён.

На градзе, на вышынях больш за 260 м над узроўнем мора, рэльеф градава-ўзгорысты. Адносныя вышыні ўзгоркаў 50—80 м, стромкасць схілаў да 30° (Мінска-Плешчаніцкі ўчастак, асобныя ўчасткі Ашмянскага ўзвышша). Тут пашыраны пясчана-жвіровыя і галечныя грунты, марэнныя суглінкі і супескі, трапляюцца буйныя валуны. Рэльеф на абсалютных вышынях 220—260 м сярэдне- і дробнаўзгорысты. Месцамі ўзгорыстая паверхня ўзвышшаў змяняецца выраўнаванымі ўчасткамі з катлавінамі, запоўненымі азёрна-балотнымі адкладамі. Пашыраны згладжаныя і нярэдка платопадобныя паверхні, на якіх, таксама як і на схілах узгоркаў, з паверхні залягаюць лёсападобныя суглінкі, пашкоджаныя эрозіяй (Аршанскае, поўдзень Мінскага, усходняя частка Ашмянскага ўзвышшаў). Уздоўж рачных далін цягнуцца значныя па плошчы раўніны, складзеныя пяском і жвірам (зандры). Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, мінеральныя воды.

Краявід у Смалявіцкім раёне.

Аршанская паласа краявых марэнных утварэнняў звязана з мяжой апошняга (паазерскага) ледавікоўя. Па асаблівасцях рэльефу і геалагічнай будовы падпадзяляецца на заходнюю і усходнюю часткі.

Усходняя частка Аршанскай паласы ўтворана Лукомскім узвышшам, Паўднёва-Нарачанскай і Астравецкай градамі і характарызуецца шырокім распаўсюджваннем марэнных град з вялікай колькасцю валуноў і груд крышталічных парод, а таксама дэвонскіх даламітаў.

Заходняя частка Аршанскай паласы ўзнікла каля 17 тыс. гадоў таму і ўключае ў сябе Азёрную групу, паўночнае падножжа Гродзенскага ўзвышша. Яна прадстаўлена ў асноўным узгорыстым камавым рельефам з вялікай колькасцю тэрмакарставых западзін. Марэнныя ўзгоркі і масівы адрозніваюцца тут конусападобным профілем і адноснай вышынёй ад 5 да 15 м; яны узніклі ў выніку таяння лёду дзякуючы наяўнасці падвышэнняў рэльефу (Гродзенскае ўзвышша, Лідская раўніна).

Стромкі бераг Іслачы.

Беларуская града — водападзел паміж басейнамі рэк Чорнага і Балтыйскага мораў. Тут працякаюць рэкі басейна Дняпра (Свіслач, Гайна, Бобр, вытокі Пцічы і Друці), Заходняй Дзвіны (Абалянка і Усвейка), Нёмана (Вілія, Заходняя Бярэзіна, Іслач, Сула, Уса). У межах Беларускай грады Вілейска-Мінская водная сістэма. Вадасховішчы на Свіслачы — Заслаўскае вадасховішча, Крыніца, Дразды, Чыжоўскае, на р. Вяча — Вяча, на р. Пціч — Воўчкавіцкае. Лясістасць на асобных узвышшах ад 20 да 60 %. Асноўныя масівы лясоў на поўначы Мінскага ўзвышша.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992. — С. 50-51.