Беларускі камітэт (Беласток)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Управа Беларускага камітэта ў Беластоку, 1941 г. Стаяць злева направа: Іван Гелда, С. Пяткевіч, П. Барташэвіч, В. Маркевіч, Эдвард Валанцей, Мікола Чарнецкі. Сядзяць злева направа: Хведар Ільяшэвіч, В. Аляксеюк, Мікола Шчорс, Валянціна Міленушкіна, Уладзімір Тамашчык.

Беларускі камітэт — грамадская нацыянальная арганізацыя, якая дзейнічала ва ўмовах нацысцкай акупацыі ў часы Другой сусветнай вайны.

Камітэт быў створаны летам 1941 года ў акупаваным Беластоку з дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў. Першапачаткова яго ўзначальваў Часлаў Ханяўка, пазней — Уладзімір Тамашчык і Хведар Ільяшэвіч. У задачы арганізацыі ўваходзіла дапамога беларускаму насельніцтву, абуджэнне беларускай нацыянальнай свядомасці, адукацыйныя і культурныя мерапрыемствы.

Cядзіба Беларускага камітэта мясцілася ў Беластоку на вул. Варшаўскай 6, пазней на Слонімскай 15, Кіеўскай 1 і Вясковай 1.

У камітэце сфармаваліся наступныя аддзелы: арганізацыйны, навучальны, прапаганды і культуры, а таксама забеспячэння. Беларускі камітэт стварыў рэгіянальныя аддзяленні ў — Белавежы, Бельску Падляскім, Бераставіцы, Ваўкавыску, Гродне, Пружанах, Свіслачы, Скідзелі, Новым Двары, Нараўцы і Міхалове. Дакладная агульная колькасць членаў Беларускага камітэта ў Беластоцкай акрузе невядомая і ацэньваецца па-рознаму — ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч чалавек.

У 1942 годзе пачала выходзіць беларускамоўная газета «Новая дарога». Газета выходзіла кожны тыдзень да чэрвеня 1944 г. Выйшла больш за 100 нумароў. Рэдакцыя мясцілася па адрасе: вул. Готгарда 1. Галоўным рэдактарам быў Хведар Ільяшэвіч, журналістамі, сярод іншых, Юрый Попка і Масей Сяднёў.

Беларускі хор, Беласток, 1943 г. Па цэнтры сядзіць Дзмітрый Арлоў.

Пры Беларускім камітэце дзейнічаў беларускі хор, балетная трупа і аркестр. Хорам кіраваў Канстанцін Кіслы, а з сакавіка 1943 года — Дзмітрый Арлоў. Салістамі хора былі, сярод іншых, Лявон Богуш і Мікалай Чураба.

На Беласточчыне была створана сетка беларускіх пачатковых школ, інспектарам якіх быў прызначаны Аляксей Грыцук. На мяжы 1943—1944 гадоў на тэрыторыі былога Беластоцкага ваяводства колькасць беларускіх школ складала каля 70 %.

У сярэдзіне 1943 года структуры Беларускага камітэта пераўтварыліся ў Беларускае нацыянальнае аб’яднанне.

Улетку 1943 года была арганізавана беларуская дапаможная паліцыя. Палітычнае кіраўніцтва над ёй прыняло на сябе Беларускае нацыянальнае аб’яднанне. Камандаванне падраздзяленнем (120—150 чалавек) ажыццяўляў Іван Гелда.

Дзейнасць арганізацыі спынілася летам 1944 года.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]