Беларускі нацыянальны камітэт (Магілёў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларускі нацыянальны камітэт
Дата заснавання 17 красавіка 1917
Дата роспуску лістапад 1918
Тып грамадская арганізацыя
І. І. Рэут (красавік—кастрычнік 1917 г.)
М. С. Кахановіч (кастрычнік 1917—лістапад 1918)

Белару́скі нацыяна́льны камітэ́т (БНК) у Магілёве (таксама вядомы як — Магілёўскі беларускі камітэт, Магілёўскі беларускі арганізацыйны камітэт, Магілёўская беларуская рада) — беларуская грамадска-палітычная, культурна-асветная арганізацыя ў 1917—1918 гг. Створаны 17 красавіка 1917 года.

Мэта і задачы[правіць | правіць зыходнік]

Меў на мэце стварэнне дзяржаўна-прававых, культурна-асветных і эканамічных умоў для беларускага адраджэння, пашырэнне нацыянальнай свядомасці сярод беларускага насельніцтва. На пачатку дзейнасці выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай рэспублікі, з 1918 г. за дзяржаўную незалежнасць Беларусі.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Заснавальнікі: выкладчыкі навучальных устаноў горада, работнікі суда, архіва, бібліятэк, чыгункі, земскіх і гарадскіх устаноў. Камітэт узначальваў І. І. Рэут, з кастрычніка 1917 г. — М. С. Кахановіч. У яго ўваходзілі Я. і Д. Аляхновічы, Дз. І. Даўгяла (нам. старшыні), В. Я. Какошынскі, ксёндз Д. Лапошка, А. Ф. Пігулеўскі, А. М. Раждзественскі, І. А. Сербаў, М. А. Судзілоўскі, Шчансновіч і інш. Пры камітэце працавалі палітычная, арганізацыйная, фінансавая, школьная, культурна-асветная і этнаграфічная камісіі.

Членамі камітэта праводзіліся сходы і мерапрыемствы, ладзіліся гарадскія святы, прымаліся адозвы, ствараліся структуры БНК, рабіліся захады па заснаванню філіялаў у павятовых гарадах губерні.

Прадстаўнікі камітэту ўдзельнічалі ў рабоце з’ездаў беларускіх арганізацый і партый у Мінску ў ліпені 1917 годзе, Усебеларускім з’ездзе 1917 годзе. Разам з іншымі беларускімі арганізацыямі выставіў кандыдатуры ва Устаноўчы сход па Магілёўскай выбарчай акрузе. Спробы пераўтварыць камітэт у губернскі цэнтр беларускіх нацыянальных арганізацый не мелі поспеху. Спыніў дзейнасць у лістападзе 1918 г. з прыходам у горад Чырвонай Арміі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]