Беластоцкая гімназія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
VI агульнаадукацыйны ліцэй імя караля Жыгімонта Аўгуста (раней Беластоцкая гімназія)
Заснаваны 1802
Дырэктар Dariusz Naumowicz
Тып Ліцэй
Адрас Беласток, вул. Варшаўская, 8, 15-063
Сайт http://www.vilo.bialystok.pl
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Беластоцкая гімназія, зараз VI агульнаадукацыйны ліцэй імя караля Жыгімонта Аўгуста (польск.: VI Liceum Ogólnokształcące im. Króla Zygmunta Augusta w Białymstoku) —  польская навучальная ўстанова для атрымання сярэдняй адукацыі ў Беластоку, што існавала, перажываючы шматлікія рэформы, з 1802 па 1944 гады.

Найбольш вядомы вучань Беластоцкай гімназіі — Людвік Заменхоф, стваральнік мовы эсперанта. Ён вучыўся тут з 1869 па 1871 год.

Таксама ў 1875 годзе Беластоцкую гімназію скончыў царазабойца Ігнат Грынявіцкі, ён быў лепшым вучнем свайго выпуску. Яшчэ адзін вядомы выпускнік — беларускі ваенны і палітычны дзеяч Мікалай Дзямідаў, што скончыў гэту навучальную ўстанову ў 1910.

Сярод выбітных настаўнікаў Беластоцкай гімназіі — выкладчык фізікі і матэматыкі Караль Чаховіч[1], што працаваў тут з 1863 па 1884 гады, а таксама вядомы польскі педагог Леон Баруцкі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя ўзгадкі пра школу сягаюць 1777 году, калі Камісія народнай асветы Рэчы Паспалітай у ходзе агульнай рэформы сістэмы адукацыі зацвердзіла праграму навучэння новастворанай беластоцкай пачатковай школы. Спачатку яна знаходзілася на рагу вуліц Кілінскага і Касцёльнай. Да 1794 года кіраўніком школы быў ксёндз Ян Міхалоўскі. У 1796 годзе, пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, школа не магла больш заставацца ў гэтым будынку, і з дапамогай Ізабелы Браніцкай, сястры караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, часова пераехала ў памяшканне былога прыдворнага тэатру.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Статус гімназіі навучальная ўстанова атрымала ў 1802 годзе, яшчэ пад аўтарытарнай прускай уладай. У 1808, пасля далучэння Беласточчыны да Расійскай імперыі ў выніку Тыльзіцкага міру, гімназія пераехала ў будынак на скрыжаванні вуліц Варшаўскай і Палацавай. Апошняя змена будынку адбылася ў 1858 годзе, калі гімназія пераехала ў класістычны палац на вул. Касцёльнай, 9 (сёння Варшаўская, 8). Гэты будынак быў узведзены ў 1831 годзе, да таго ў ім змяшчалася расейская адміністрацыя і ваенны шпіталь. У 1873 годзе гімназія змяніла профіль з гуманітарнага на тэхнічна-прыродазнаўчы і была перайменавана ў Беластоцкае рэальнае сярэдняе вучылішча (польск:. Szkoła Realna).

У 1915 годзе Беласток быў заняты германскімі вайскамі. Пад акупацыяй пры падтрымцы Таварыства дапамогі польскім школам 29 лістапада 1915 года была адчыненая Беластоцкая рэальная гімназія. Яе дырэктарам стаў ксёндз Станіслаў Галка — вядомы асветнік, які, дарэчы, паходзіў з Ашмяншчыны[2]. Пасля аднаўлення Польскай рэспублікі ў 1918 годзе паводле ініцыятывы Галкі навучальная ўстанова атрымоўвае імя караля Жыгімонта Аўгуста. Дзякуючы кіпучай дзейнасці Галкі, які да таго ж у гэты час быў паслом Другой Польскай Рэспублікі, вучні арганізуюць шматлікія гурткі, выдаюць часопіс "Głos Uczniowski".

У верасні 1939 года ў Беласток увайшлі спачатку нямецкія войскі, а потым — савецкія. З 1939 па 1941 Беласток з'яўляўся часткай БССР. Пры савецкай уладзе ксёндз Станіслаў Галка падпаў пад пераследванне НКУС, гімназія перапыніла сваю дзейнасць. Навучанне аднавілася ў 1944 годзе ў форме мужчынскай і жаночай гімназій. У 1958 годзе на іх аснове быў створаны I агульнаадукацыйны ліцэй, які зараз называецца VI агульнаадукацыйны ліцэй імя караля Жыгімонта Аўгуста.

Зноскі

  1. Раманоўскі, М. Як Бялінскі ня стаў настаўнікам у Беларусі. Гутарка з гісторыкам Тацянай Процька. – Радыё Свабода, 29 траўня 2008. 
  2. Ks. Stanisław Hałko. Артыкул на старонцы IV агульнаадукацыйнага ліцэя імя караля Сігізмунда Аўгуста ў Беластоку.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Беларускі Беласток Архівавана 21 мая 2017.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]