Берасцейская зямля

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Берасцейская зямля — гісторыка-геаграфічны рэгіён, які ў раннефеадальны перыяд займаў тэрыторыю па абодва бакі сярэдняга цячэння Заходняга Буга з гарадамі Бельск, Берасце, Дарагічын Надбужскі, Каменец, Кобрын, Мельнік і іх акругамі. Населены пераважна дрыгавічамі і валынянамі. Па тэрыторыі Берасцейскай зямлі праходзілі важныя гандлёвыя магістралі, па якіх ажыццяўляўся тавараабмен паміж Турава-Пінскай, Кіеўскай, Галіцка-Валынскай, Наўгародскай, Чарнігаўскай і іншымі землямі і Заходняй Еўропай. Апошнім мытным пунктам на гандлёвым шляху быў Дарагічын, дзе знойдзены тысячы старажытных алавяных таварных пломбаў.

З канца Х ст. у складзе Русі, з другой паловы ХІ ст. да сярэдзіны ХІІ ст. ва ўладанні тураўскіх, ад сярэдзіны ХІІ ст. — валынскіх князёў. Паводле ўскосных звестак Іпацьеўскага летапісу, у 1240 годзе сюды з поўдня ўварваліся мангола-татары. У першай палове ХІV ст. увайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, ва ўладанні князя Кейстута. У 1349 годзе Берасцейскую зямлю на некаторы час захапіў польскі кароль Казімір III. Канчаткова Берасцейшчына адыйшла да ВКЛ у 1366 годзе. З 1413 года ў складзе Троцкага ваяводства. У 1566 годзе рэгіён раздзелена на Берасцейскае ваяводства і Падляшскае ваяводства (паветы Дарагіцкі, Бельскі, Мельніцкі; Гл. таксама: Віленскі сойм).

У гістарычным, этнічным і фізіка-геаграфічным аспектах Берасцейская зямля ўяўляла сабою адзіную і цэльную тэрыторыю, натуральны працяг дрыгавіцкага Турава-Пінскага Палесся. На поўначы яна межавала з Гарадзеншчынай. Такім чынам, яна была арганічна звязана з карэннай тэрыторыяй, на якой сфарміраваўся беларускі народ, складаючы яе неад'емную частку[1].

Улучэнне Берасцейшчыны ў склад старажытнай Валыні, якое праводзяць адныя навукоўцы[2], лічыцца цалкам няправільным іншымі, бо сувязь існавала толькі палітычная[3]. Пасля Люблінскай уніі адзінства Берасцейскай зямлі было парушана, і Падляшскае ваяводства адыйшло да Польскай Кароны, трапіўшы пад узмоцненую паланізацыю, асабліва пасля царкоўнай уніі, і каланізацыю выхадцамі з Мазовіі[1].

Берасцейскія князі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б Грынблат, С.78—80.
  2. Н. С. Дзяржавін і інш.
  3. М. К. Любаўскі, за ім М. Я. Грынблат і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]