Бетыка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рымская правінцыя Бетыка каля 120 года

Бетыка (лац.: Baetica) — старажытнарымская правінцыя, якая знаходзілася на тэрыторыі сённяшняй Іспаніі, на поўдні Пірэнейскага паўвострава, што адпавядала цяперашняй Андалусіі з прылеглымі часткамі Эстрэмадуры і партугальскай правінцыі Алентэжу; лічылася найбольш урадлівай і найлепш апрацаванай з усіх рымскіх правінцый, з вельмі развітай прамысловасцю і гандлем: экспартавала шмат хлеба ў Рым. Страбон налічвае ў ёй да 250 гарадоў, з якіх асабліва вядомыя былі Гадэс (сучасны Кадыс), Кордуба (Кордава), Гіспаліс (Севілья) і інш. Жыхарамі краіны былі плямёны, якія пазней змяшаліся з прышлым насельніцтвам: турдэтаны, бастулы, кельты, турдулы; асабліва да першых хутка прывіліся рымскія норавы і рымская цывілізацыя. Шмат якія знакамітыя рымскія пісьменнікі імператарскага перыяду былі выхадцамі Бетыкі, як, напрыклад, Сенека, Лукан, Марцыял і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Franz Braun: Die Entwicklung der spanischen Provinzialgrenzen in römischer Zeit, Berlin 1909