Бярэзінская водная сістэма

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сергучоўскі канал

Бярэзінская водная сістэма — штучны водны шлях, які злучаў раку Бярэзіну (басейн Дняпра) з Улай (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня 162,1 км. Было 14 шлюзаў і паўшлюзаў, 4 бейшлоты. Эксплуатавалася пераважна ў XIX ст.

Пабудавана ў 1797—1805 гадах (І. К. Герард, Ф. І. Герард, М. І. Фрэйганг, Я. Э. дэ Вітэ і Ф. П. Дэвалан). Рэканструявалася ў 1810—1812, 1823—1836, 1870—1880-х гадах. Прызначалася для вывазу сельгаспрадукцыі, сыравіны і лесу з Магілёўскай і Мінскай губерняў да Рыжскага порту. Першыя праекты злучэння Дняпра з Заходняй Дзвіной распрацаваны ў 1701 годзе, ідэя Бярэзінскага канала належыць шляхціцу Чацкаму (1794).

Бярэзінская водная сістэма ішла з Бярэзіны ад мястэчка Броды па Сергучоўскім канале (3 шлюзы; 8,7 км), рацэ Сергуч, азёрам Манец і Плаўна (злучаны каналам даўжынёй 4 км), Бярэзінскім канале (4 шлюзы; 7,6 км), возеры Бярэшча, рацэ Бярэшчы, Верабскім канале (2 шлюзы; 2,6 км), рацэ Эсе, 1-м Лепельскім канале (2 шлюзы; 8 км), Лепельскім возеры, 2-м Лепельскім канале (1 шлюз; 0,2 км), рацэ Уле, Чашніцкім канале (2 шлюзы; 1,2 км), зноў па рацэ Уле ў Заходнюю Дзвіну.

Лепельскі канал, пач. ХХ ст.

Да 1817 і з 1880-х гадоў па сістэме здзяйснялася суднаходства, у канцы XIX ст. штогод па сістэме перавозілі да 40—50 млн пудоў грузу. Канкурэнцыя чыгунак прычынілася заняпаду сістэмы ў пачатку XX ст. Тым не менш, яшчэ да 1941 года па частцы сістэмы сплаўлялі лес, але падчас 2-й сусветнай вайны шлюзы падарваны і каналы канчаткова заняпалі. Цяпер частка каналаў выкарыстоўваецца турыстамі — энтузіястамі падарожжаў па водных шляхах.