Бітва пры Гвадараме

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бітва пры Гвадараме
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Іспаніі
Рэспубліканскія апалчэнцы сдаюцца ў палон нацыяналістам у Самасьеры.
Рэспубліканскія апалчэнцы сдаюцца ў палон нацыяналістам у Самасьеры.
Дата 19 ліпеня10 жніўня 1936
Месца Сьера-дэ-Гвадарама, Самасьера, Іспанія
Вынік перамога рэспубліканцаў
Праціўнікі
Другая Іспанская Рэспубліка Рэспубліканцы Паўстанцы
Камандуючыя
Другая Іспанская Рэспубліка Хулія Мангада
Другая Іспанская Рэспубліка Хасэ Рыкельме
Эміліа Мола
Франсіска Гарсія-Эскамес
Рыкарда Серадор
Сілы бакоў
невядома невядома
Страты
невядома невядома
Агульныя страты
не менш за 5000 забітымі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бітва пры Гвадарраме, або Бітва пры Самасьеры — першая бітва грамадзянскай вайны ў Іспаніі, якая адбылася ў апошні тыдзень ліпеня — пачатку жніўня 1936 года. Нацыяналісты пад камандаваннем генерала Эміліа Мола спрабавалі перасекчы горныя перавалы Сьера-дэ-Гвадарама і дасягнуць Мадрыда з поўначы, але рэспубліканцы, у асноўным апалчэнцы, у баях спынілі надыходзячых мяцежнікаў.

Планы і сілы бакоў[правіць | правіць зыходнік]

Генерал Эміліа Мола, арганізатар і кіраўнік ваеннага перавароту, планаваў скаардынаванае паўстанне гарнізонаў па ўсёй Іспаніі. Ён разумеў, што путч у Мадрыдзе пад камандаваннем генерала Хаакіна Фанхуля будзе цяжка ажыццявіць з-за шматлікіх прыхільнікаў Народнага Фронту, таму планавалася, што Мола накіруе калону рэгулярных войскаў з поўначы, каб падтрымаць паўстанне ў сталіцы. Калі гэта не атрымаецца, генерал Франсіска Франка рушыць з Іспанскага Марока праз Гібралтарскі праліў і будзе наступаць на горад з поўдня і захаду.

Рэспубліка не магла разлічваць на свае рэгулярныя вайсковыя часці, таму ўрад Хасэ Хіраля выдаў дэкрэт аб роспуску падраздзяленняў, каб спыніць мяцеж. Асноўнай узброенай сілай урада ў пачатковы перыяд вайны сталі калоны апалчэнцаў. У жніўні ў Мадрыдзе было каля 40 000 міліцыянтаў, якія ўступілі ў калоны па 300 чалавек у кожнай. Рэспубліка мела перавагу ў баях пры Гвадараме як у артылерыі, так і ў паветры.

Баявыя дзеянні[правіць | правіць зыходнік]

19 ліпеня, пасля таго як Мола захапіў кантроль над Наварай, ён адправіў палкоўніка Франсіска Гарсія-Эскамеса на поўдзень на чале калоны, каб падтрымаць пераварот у Гвадалахары. Калі паўстанцы былі прыкладна ў 30 кіламетрах ад сваёй мэты, яны даведаліся, што пераварот у Гвадалахары ўжо праваліўся, і яна знаходзіцца ў руках урадавых войскаў, дасланых з Мадрыда.

Замест гэтага палкоўнік Гарсія-Эскамес вырашыў адправіцца на перавал Самасьера ў Сьера-дэ-Гвадарама. 22 ліпеня калоне ўдалося забяспечыць кантроль над перавалам, жыццёва важным для прасоўвання да сталіцы.

21 ліпеня іншая калона паўстанцаў у складзе двухсот або трохсот чалавек пад камандаваннем палкоўніка Рыкарда Серадора пакінула Вальядалід. Адначасова яшчэ адна калона рушыла захапіць іншы важны перавал, Альта-дэль-Леон, размешчаны на захад ад Самасьеры. Прыбыўшы на месца, мяцежнікі выявілі, што перавал ужо быў заняты праціўнікам, але ім удалося іх адтуль выцесніць да 25 ліпеня.

Калоны Эскамеса і Серадора не змаглі прасунуцца да Мадрыда з-за недахопу боепрыпасаў, таму яны ўмацаваліся, рыхтуючыся супрацьстаяць контратацы рэспубліканскіх войскаў. Некаторы час іх становішча было адчайным, пакуль, нарэшце, не прыбылі боепрыпасы, якія генерал Франка даслаў з Андалузіі. Рэспубліканцы прыступілі да бамбардзіровак населеных пунктаў, занятых паўстанцамі, у тым ліку Авілы і Сеговіі.

Урадавая калона пад камандаваннем палкоўніка Хуліа Мангада рушыла да Авілы, каб паспрабаваць з тылу ізаляваць сілы мяцежнікаў у Альта-дэль-Леоне. У сваім прасоўванні Мангада заняў некалькі гарадоў, захопленых паўсталай грамадзянскай гвардыяй, але не змог прасунуцца далей, баючыся страціць сувязь з Мадрыдам. Да 27 ліпеня баі заціхлі.

Генерал Мола змяніў кірунак удару. 5 жніўня 1936 года ён распачаў апошнюю спробу прарвацца да Мадрыда праз плато Альта-дэ-Леон. Менавіта тады камандуючы нацыяналістаў заявіў, што іспанская сталіца будзе ўзята яго чатырма калонамі пры падтрымцы пятай, якая ўдарыць з тылу (так нарадзіўся тэрмін «пятая калона»). Але планы генерала заняць горад да 15 жніўня праваліліся, і ўжо 10 жніўня мяцежнікі перайшлі на гэтым участку фронту да абароны. На Сьера-дэ-Гвадарама стаў утварацца пазіцыйны фронт.

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

Праз сур’ёзныя страты рэспубліканцы ўсё ж дасягнулі поспеху, хоць і няпоўнага. Разбіць сілы Молы не ўдалося, аднак спроба мяцежнікаў авалодаць сталіцай з поўначы таксама павярнулася правалам.

Баявыя дзеянні з першых дзён адрозніваліся жорсткасцю з абодвух бакоў. Палонных расстрэльваліся. Па ацэнкавых даных, у гэтых першых баях загінула не менш за 5000 чалавек.

Усю астатнюю частку вайны фронт у Сьера-дэ-Гвадарама заставаўся нязменным, аж да апошняга наступлення нацыяналістаў у канцы сакавіка 1939 года.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Данилов С. Ю. Гражданская война в Испании (1936—1939). — М.: Вече, 2004. — 352 с. — ISBN 5-9533-0225-8.
  • Платошкин Н. Н. Гражданская война в Испании. 1936—1939 г.г.. — Олма-Пресс, 2005. — 478 с. — (Архив). — ISBN 5-224-04456-1.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Frente de Somosierra 1936 -1939 [1]
  • Operaciones militares de la guerra de España 1936 - 1939. 86 mapas [2]