Вайна 1812 года

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вайна 1812 г.
Асноўны канфлікт: Напалеонаўскія войны
Полацкая бітва (мал. XIX ст.)
Полацкая бітва (мал. XIX ст.)
Дата 24 чэрвеня14 снежня 1812
Месца Расійская імперыя
Праціўнікі
Сцяг Францыі Французская імперыя
Сцяг Расіі Расійская імперыя
Камандуючыя
Сцяг Францыі Напалеон I
Сцяг Расіі Аляксандр I
Сілы бакоў
691 500 чалавек 350 000 чалавек напачатку,
пасля 900 000
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вайна 1812 года паміж Францыяй і Расіяй, вядомая таксама як французска-руская вайна 1812 года[1], нашэсце Напалеона на Расію[2], Айчынная вайна 1812 года[3] (пераважна ў савецкай, украінскай і расійскай гістарыяграфіях), расійская кампанія 1812 года (фр.: Campagne de Russie, 1812)[4] — частка Напалеонаўскіх войн у Еўропе. Адбывалася на тэрыторыі Расійскай імперыі. Скончылася знішчэннем Вялікай арміі Напалеона і яго адступленнем у Францыю.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Палітычная сітуацыя перад вайной[правіць | правіць зыходнік]

19 лістапада 1806 г. у прамове да польскіх дэпутатаў у Берліне Напалеон заявіў:

" Ніколі Францыя не прызнавала падзелу Польшчы, бо ніколі гэты падзел з яе інтарэсамі не пагаджаўся... Хутка ўбачу 30 - 40 тысяч узброеных людзей, аб'яўлю ў Варшаве вашу незалежнасць, якая ад гэтага часу будзе стаяць нерухома... Хачу ведаць погляд усяго народа. Гэта ёсць адзіны момант для вас цяпер, калі яшчэ раз зможаце стаць народам "

Гэтую думку ён паўтарыў і ў прамове да польскіх дэпутатаў у Познані 28 лістапада 1806 г.[5]

Пасля разгрому рускіх войскаў у бітве пад Фрыдландам у чэрвені 1807 г. імператар Аляксандр I заключыў з Напалеонам Тыльзіцкі мір, згодна з якім абавязаўся далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі. Падчас перагавораў вялася гаворка аб польскіх землях пасля другога і трэцяга, часткова і першага падзелаў — яны пяройдуць пад панаванне саюзніка Францыі саксонскага герцага Фрыдрыха I (унука польскага караля Аўгуста III). Аляксандр I атрымаў Беластоцкую акругу, але не згадзіўся на ўжыванне слова «Польшча» ў назве створанай Напалеонам новай дзяржавы — таму назвалі яе Герцагства (Княства) Варшаўскае. Па дамоўленасці з Напалеонам Расія ў 1808 г. адабрала ў Швецыі Фінляндыю і зрабіла шэраг іншых тэрытарыяльных набыццяў; у Напалеона ж развязаліся рукі для заваявання ўсёй Еўропы за выключэннем Англіі і Іспаніі. У 1810 г. Напалеон ажаніўся з Марыяй-Луізай Аўстрыйскай, дачкою аўстрыйскага імператара Франца, умацаваўшы сабе такім чынам тыл і стварыўшы ў Еўропе пункт апоры. Французскія войскі пасля шэрагу анексій прысунуліся ўшчыльную да межаў Расійскай імперыі.

Імператар Аляксандр I

У 1810 у Расіі загаварылі аб новай вайне з Напалеонам. Французы прыціскалі інтарэсы рускіх у Еўропе, пагражалі аднаўленнем незалежнай Польшчы; рускія не выконвалі кантынентальную блакаду і абклалі французскія тавары мытай. Расія патрабавала вывесці французскія войскі з Прусіі, размешчаныя там насуперак Тыльзіцкаму дагавору; Напалеон патрабаваў ад цара ўзмацніць жорсткасць блакады Англіі. Абодва бакі рыхтаваліся да непазбежнай вайны.

Напалеон заключыў у снежні 1811 г. ваенны саюз паміж Францыяй і Аўстрыяй, паводле якога аўстрыйцы абавязаліся выставіць 30 тысяч салдат супраць Расіі. У лютым 1812 г. Напалеон заключыў таксама саюзны дагавор з Прусіяй, якая павінна была выставіць супраць Расіі 20 тысяч салдат, а таксама забяспечыць тыл французскага войска.

Імператар Напалеон у 1812

Расія таксама дыпламатычна падрыхтоўвала тылы. У выніку тайных перагавораў вясной 1812 г. аўстрыйцы далі зразумець, што іх войска не пойдзе далёка ад аўстрыйска-рускай мяжы і наогул не будзе завіхацца на карысць Напалеона. У красавіку таго жа года з боку Швецыі былы напалеонаўскі маршал Бернадот (будучы кароль Швецыі Карл XIV), які быў абраны спадчынным прынцам у 1810 г. і фактычна ўзначальваў швецкую арыстакратыю, запэўніў у сваім сяброўскім стаўленні да Расіі і склаў саюзны дагавор. 22 мая 1812 г. рускі пасол Кутузаў (будучы фельдмаршал і пераможца Напалеона) здолеў падпісаць мір з Турцыяй, скончыўшы пяцігадовую вайну за Малдавію. На поўдні Расіі вызвалілася Дунайская армія Чычагава як заслон ад Аўстрыі, вымушанай быць у саюзе з Напалеонам.

19 мая 1812 г. Напалеон выехаў у Дрэздэн, дзе правёў агляд васальным манархам Еўропы. З Дрэздэна імператар адправіўся да «Вялікай Арміі» на раку Нёман, якая падзяляла Прусію і Расію. 22 чэрвеня Напалеон напісаў заклік да войскаў, у якім абвінаваціў Расію ў парушэнні Тыльзіцкага дагавора і назваў інтэрвенцыю другой польскай вайной. Вызваленне Польшчы стала адным з лозунгаў, які дазволіў прыцягнуць у французскае войска шмат палякаў. Нават французскія маршалы не зразумелі сэнсу і мэт інтэрвенцыі ў Расію, але звыкла падпарадкоўваліся.

У 2 гадзіны раніцы 24 чэрвеня 1812 года Напалеон загадаў пачаць пераправу на рускі бераг Нёмана па 4 наведзеных мастах вышэй Коўна.

Узброеныя сілы праціўнікаў[правіць | правіць зыходнік]

Карта Еўропы ў 1812 годзе

Напалеон змог сканцэнтраваць супраць Расіі каля 450 тысяч салдат, з якіх самі французы складалі палову (гл. Вялікая Армія). У паходзе прымалі ўдзел таксама італьянцы, палякі, немцы, галандцы, нават гвалтоўна мабілізаваныя іспанцы. Аўстрыя і Прусія вылучыла корпусы (30 і 20 тысяч, адпаведна) супраць Расіі згодна з саюзнымі дагаворамі з Напалеонам.

Іспанія, звязаўшы партызанскім супраціўленнем каля 200 тысяч французскіх салдат, аказала вялікую дапамогу Расіі. Англія аказвала матэрыяльную і фінансавую падтрымку Расіі, але яе армія была занята ў баях у Іспаніі, а яе моцны флот не мог уплываць на сухапутныя аперацыі ў Еўропе, хоць і з’яўляўся адным з фактараў, якія схілілі пазіцыю Швецыі на карысць Расіі.

У Напалеона заставаліся наступныя рэзервы: каля 90 тысяч французскіх салдат у гарнізонах цэнтральнай Еўропы (з іх 60 тыс. у 11-м рэзервовым корпусе ў Прусіі) і 100 тысяч у Нацыянальнай гвардыі Францыі, якая па законе не магла ваяваць за межамі Францыі.

Расія мела вялікую армію (гл. Руская армія 1812 года), але не магла хутка мабілізаваць войскі з-за дрэнных дарог і вялікай тэрыторыі. Удар войска Напалеона прынялі на сябе войскі, размешчаныя на заходняй мяжы: 1-я армія Барклая і 2-я армія Баграціёна, усяго 153 тысячы салдат і 758 арудый[6]. Яшчэ больш паўднёва, на Валыні, размяшчалася 3-я армія Тармасава (да 45 тыс., 168 арудый), якая служыла заслонам ад Аўстрыі. У Малдавіі супраць Турцыі стаяла Дунайская армія Чычагава (55 тыс., 202 арудыя). У Фінляндыі супраць Швецыі стаяў корпус рускага генерала Штэйнгеля (19 тыс., 102 арудыя). У раёне Рыгі знаходзіўся асобны корпус Эсэна (да 18 тыс.), да 4-х рэзервовых карпусоў размяшчаліся далей ад мяжы[7].

Нерэгулярныя казачыя войскі налічвалі па спісах да 110 тысяч лёгкай кавалерыі, аднак рэальна ў вайне прынялі ўдзел да 20 тысяч казакоў.

Краіны Пяхота,
тыс.
Кавалерыя,
тыс.
Артылерыя,
тыс.
Казакі,
тыс.
Гарнізоны,
тыс.
Заўвагі
Расія[8] 360—380 60—70 35—40
1600 гармат
100—110 105

110—132 тысячы ў 1-й арміі Барклая ў Літве,
39—48 тысяч у 2-й арміі Баграціёна ў Беларусі,
40—48 тысяч у 3-й арміі Тармасава на Украіне,
52—57 тысяч на Дунае, 19 тысяч у Фінляндыі,
астатнія войскі на Каўказе і па краіне

Францыя[9] 360 70 1370 гармат[10] 190
За межамі Расіі
450 тыс. уварваліся ў Расію. Пасля пачатку вайны ў выглядзе падмацаванняў у Расію прыбыла яшчэ 140 тыс. У гарнізонах Еўропы да 90 тыс. + Нацыянальная гвардыя ў Францыі (100 тыс.)[11]
Таксама тут не паказаныя 200 тыс. у Іспаніі і 30 тыс. саюзны корпус з Аўстрыі.
Лічбы ўключаюць усе войскі пад пачаткам Напалеона, у тым ліку салдат з германскіх дзяржаў Рэйнскага саюза, Прусіі, італьянскіх каралеўстваў, Польшчы.

Наступленне Напалеона (чэрвень—верасень 1812 г.)[правіць | правіць зыходнік]

10 чэрвеня французскі пасол у Санкт-Пецярбургу Ж. А. Ло дэ Ларыстон уручыў ўпраўляючаму Міністэрства замежных спраў князю А. М. Салтыкову ноту аб аб’яўленні вайны. Аляксандр I у гэты час знаходзіўся ў Вільні. У сталіцу ён вяртаўся праз Полацк (67 ліпеня) і Маскву (1315 ліпеня)[12].

22 чэрвеня 1812 г. французскім войскам перад пераходам цераз Нёман і ўварваннем на тэрыторыю былога ВКЛ зачыталі загад Напалеона, у якім ён падкрэсліваў, што вядзе вайну дзеля аднаўлення Польшчы ў межах 1772 г.:

" Салдаты! Другая польская вайна пачалася. Першая закончылася ў [...] Пойдзем жа наперад, пяройдзем Нёман [...] Другая польская вайна для французскай зброі такой жа славутай, як і першая "

Перад адпраўкай польскага корпуса з Варшавы Панятоўскі таксама зачытаў прамову:

" Сябры па зброі! Ідзем ваяваць пад штандарамі цэсара. Памятайце, пераходзячы цераз мяжу Княства, што ўваходзіце не на чужую зямлю, а на польскую. Нясіце зброю помсты ворагу і апеку суайчыннікам. Ідзем не заваёўваць, а вызваляць. Хопіць гэтага для палякаў! Няхай жыве цэзар! "

[13]

Па словах польскага даследчыка М. Гандэльсмана, Напалеон з 1805 г. «уступіў на шлях, які вёў праз Польшчу. З гэтага часу „польская справа“ будзе займаць у яго палітыцы значнае месца і стане адным з пытанняў міжнароднай палітыкі»[14].

У 6 гадзін раніцы 24 чэрвеня (12 чэрвеня па старым стылі) 1812 года авангард французскіх войскаў увайшоў у расійскі Коўна (суч. Каўнас у Літве), фарсіраваўшы Нёман. Пераправа 220 тыс. салдат французскай арміі (1-ы, 2-і, 3-і пяхотныя карпусы, гвардыя і кавалерыя) пад Коўнам заняла 4 дні. 26 чэрвеня у тры гадзіны ночы ў Гродна прыехаў царскі кур’ер. Ён абвясціў аб пераходзе Напалеонам цераз Нёман каля Коўна і загадаў Лятучаму казачаму корпусу генерала Мацвея Іванавіча Платава дзейнічаць у фланг і тыл непрыяцеля. 27 — 28 чэрвеня М. І. Платаў займаўся эвакуацыяй Гродна. Вывозіліся зброя і амуніцыя гарнізоннага батальёна, хворыя салдаты царскай арміі, аптэка і асабліва харчовыя запасы. Гужавога транспарту не хапала, і Платаў накіраваў у вёскі спецыяльныя каманды, якія канфіскоўвалі ўсё патрэбнае для корпуса. Паводле атамана Войска Данскога, у эвакуацыі «губернскага горада Гродна» было задзейнічана звыш 1000 фурманак[15]. Я. Арлоўскі ў пачатку XX ст. з эпічным размахам пісаў нават аб 3000 фурманках і колах, адпраўленых з Гродна[16]. 28 чэрвеня горад пакінулі чыноўнікі з губернатарам і гродзенскі гарнізонны батальён. Гэты абоз цягнуўся на ўсход праз Шчучын — Беліцу — Навагрудак — Мір — Кайданава — Мінск.

29—30 чэрвеня каля Прэны (суч. Prienai у Літве) трохі на поўдзень ад Коўна Нёман перайшла іншая групоўка (79 тыс. салдат: 6-ы і 4-ы пяхотныя карпусы, кавалерыя) пад камандаваннем прынца Багарнэ.

Адначасова 30 чэрвеня яшчэ далей на поўдзень пад Гродна Нёман перасеклі 4 корпусы (78—79 тыс. салдат: 5-ы, 7-ы, 8-ы пяхотныя і 4-ы кав. карпусы) пад агульным камандаваннем Жэрома Банапарта.

На поўнач ад Коўна пад Тыльзітам Нёман перасёк 10-ы корпус французскага маршала Макдональда. На поўдні ад цэнтральнага кірунку з боку Варшавы раку Буг перасёк асобны аўстрыйскі корпус Шварцэнберга (30—33 тыс. салдат).

Цар Аляксандр I даведаўся пра пачатак уварвання позна вечарам 24 чэрвеня ў Вільні (суч. Вільнюс у Літве). А ўжо 28 чэрвеня ў Вільню ўвайшлі французы. Толькі 16 ліпеня Напалеон, устроіўшы дзяржаўныя справы ў акупаванай Літве, пакінуў горад услед за сваімі войскамі.

Пераправа напалеонаўскай арміі цераз Неман.
Пераправа Напалеона цераз Неман.

Ад Нёмана да Смаленска (ліпень—жнівень 1812 г.)[правіць | правіць зыходнік]

Паўночны кірунак[правіць | правіць зыходнік]

На поўнач Расійскай імперыі Напалеон накіраваў 10-й корпус маршала Макдональда, які складаўся з 32 тысяч прусаў і немцаў. Яго мэтай было ўзяцце Рыгі, а потым, злучыўшыся з 2-м корпусам маршала Удына (28 тыс.), рушыць на Пецярбург.

Асновай корпуса Макдональда быў 20-тысячны прускі корпус пад камандаваннем генерала Граверта (пазней Ёрка).

Макдональд падступіў да ўмацаванняў Рыгі, аднак, не маючы аблогавай артылерыі, спыніўся на далёкіх подступах да горада. Ваенны губернатар Рыгі Эсэн спаліў прадмесці і замкнуўся ў горадзе з моцным гарнізонам. Імкнучыся падтрымаць Удына, Макдональд захапіў пакінуты Дынабург на Заходняй Дзвіне і спыніў актыўныя дзеянні, чакаючы аблогавую артылерыю з Усходняй Прусіі. Прусакі корпуса Макдональда імкнуліся пазбягаць актыўных баявых сутыкненняў у гэтай чужой для іх вайне, аднак, калі сітуацыя пагражала «гонару прускай зброі», прусакі аказвалі актыўнае супраціўленне, і неаднаразова з вялікімі стратамі адбівалі вылазкі рускіх з Рыгі.

Удына, заняўшы Полацк, вырашыў абыйсці з поўначы асобны корпус Вітгенштэйна (25 тысяч), вылучаны 1-й арміяй Барклая пры адступленні праз Полацк, і адрэзаць яго ад тылу. Асцерагаючыся злучэння Удына з Макдональдам, Вітгенштэйн 30 ліпеня атакаваў не чакаўшага нападу і саслабелага маршам на 2/3 корпус Удына ў баю пры Клясціцах і адкінуў яго назад да Полацка. Перамога дазволіла Вітгенштэйну атакаваць Полацк 17—18 жніўня, аднак корпус Сен-Сіра, своечасова накіраваны Напалеонам у падтрымку корпусу Удына, дапамог адбіць атаку і аднавіў раўнавагу.

Удына і Макдональд загразлі ў млявапраяўных баявых дзеяннях, застаючыся на месцы.

Маскоўскі кірунак[правіць | правіць зыходнік]

Французы атакуюць. Руская кампанія 1812 года. Малюнак 1896 г.

Часткі 1-й арміі Барклая былі раскіданыя ад Балтыкі да Ліды, у Вільні знаходзіўся штаб. З-за імклівага наступлення Напалеона ў падзеленых рускіх карпусоў з’явілася пагроза быць пабітымі па частках. Корпус Дохтурава апынуўся ў аператыўным акружэнні, але змог вырвацца і прыбыць у зборны пункт Свянцяны. Пры гэтым конны атрад Дорахава апынуўся адрэзаным ад корпуса і злучыўся з войскам Баграціёна. Пасля таго, як 1-я армія злучылася, Барклай дэ Толі пачаў паступова адыходзіць да Вільні і далей да Дрысы.

26 чэрвеня армія Барклая выйшла з Вільні і 10 ліпеня прыбыла ў Дрыскі ўмацаваны лагер на Заходняй Дзвіне (на поўначы Беларусі), дзе цар Аляксандр I планаваў адбівацца ад напалеонаўскіх войскаў. Генералам удалося ўпэўніць цара ў абсурднасці гэтай ідэі, высунутай ваенным тэарэтыкам Пфулем (або Фулем). 16 ліпеня руская армія працягнула адступленне праз Полацк на Віцебск, пакінуўшы для абароны Пецярбурга 1-й корпус генерал-лейтэнанта Вітгенштэйна. У Полацку Аляксандр I пакінуў армію, перакананы да ад’езду настойлівымі просьбамі саноўнікаў і сям’і. Выканаўчы генерал і асцярожны стратэг Барклай адыходзіў пад націскам праўзыходных сіл амаль усёй Еўропы, і гэтым моцна раздражняў Напалеона, зацікаўленага ў скарэйшай генеральнай бітве.

2-я руская армія (да 45 тысяч) пад камандаваннем Баграціёна ў пачатку ўварвання размяшчалася пад Гроднам на захадзе Беларусі прыкладна за 150 кіламетраў ад 1-й арміі Барклая. Спачатку Баграціён зрушыўся на злучэнне з асноўнай 1-й арміяй, але калі ён дасягнуў Ліды (100 км ад Вільні), было позна. Яму прыйшлося адыходзіць ад французаў на поўдзень. Каб адрэзаць Баграціёна ад асноўных сіл і знішчыць, Напалеон паслаў напярэймы Баграціёну маршала Даву з сіламі да 50 тысяч салдат. Даву зрушыўся з Вільні на Мінск, які заняў 8 ліпеня. З іншага боку, з захаду, на Баграціёна наступаў Жэром Банапарт з 4-мя карпусамі, якія перайшлі Нёман пад Гроднам. Напалеон імкнуўся не дапусціць злучэння рускіх войскаў, з тым, каб разбіць іх па частках. Баграціён імклівымі маршамі і паспяховымі ар’ергарднымі баямі адарваўся ад войскаў Жэрома, зараз яго асноўным праціўнікам стаў маршал Даву.

Схема злучэння рускіх войскаў пад Смаленскам у пачатку жніўня 1812 года.

19 ліпеня Баграціён знаходзіўся ў Бабруйску на Бярэзіне, у той час як Даву 21 ліпеня заняў перадавымі часцямі Магілёў на Дняпры, гэта значыць французы апярэджвалі Баграціёна, быўшы на паўночным усходзе ад 2-й арміі рускіх. Баграціён, падыдучы да Дняпра 60 км ніжэй Магілёва, паслаў 23 ліпеня корпус генерала Раеўскага супраць Даву з мэтай адкінуць французаў ад Магілёва і выйсці на прамую дарогу ў Віцебск, дзе па планах павінны былі злучыцца рускія войскі. У выніку бою пад Салтанаўкай Раеўскі затрымаў рушэнне Даву на ўсход да Смаленска, але шлях на Віцебск аказаўся закрыты. Баграціён змог без перашкод 25 ліпеня фарсіраваць Днепр у мястэчку Новае Быхава і накіраваўся да Смаленска. Даву не меў ужо сіл пераследваць 2-ю армію рускіх, а войскі Жэрома Банапарта, безнадзейна адстаўшы, усё яшчэ пераадольвалі лясіста-балоцістую тэрыторыю Беларусі.

Армія Барклая 23 ліпеня прыйшла ў Віцебск, дзе Барклай хацеў пачакаць Баграціёна. Каб перашкодзіць прасоўванню французаў, ён выслаў 4-й корпус Астэрмана-Талстога насустрач авангарду праціўніка. 25 ліпеня ў 26 вёрстах ад Віцебска адбыўся бой пры Астроўне, які працягнуўся і 26 ліпеня.

27 ліпеня Барклай адступіў з Віцебска да Смаленска, даведаўшыся пра набліжэнне Напалеона з асноўнымі сіламі і немагчымасць для Баграціёна прадзерціся да Віцебска. 3 жніўня рускія 1-я і 2-я арміі злучыліся пад Смаленскам, дасягнуўшы такім чынам першага стратэгічнага поспеху. У вайне наступіла невялікая разрыўка, абодва бакі прыводзілі ў парадак арміі, стомленыя бесперапыннымі маршамі.

Пасля дасягнення Віцебска Напалеон зрабіў прыпынак, каб даць адпачынак войскам, засмучаным пасля 400 км наступлення ў адсутнасці баз забеспячэння. Толькі 12 жніўня, пасля доўгіх ваганняў[17], Напалеон выступіў з Віцебска на Смаленск.

Паўднёвы кірунак[правіць | правіць зыходнік]

7-ы саксонскі корпус пад камандаваннем Рэнье (17-22 тыс.) павінен быў прыкрываць левы фланг галоўных сіл Напалеона ад 3-й рускай арміі пад камандаваннем Тармасава (25 тыс.). Рэнье заняў кардоннае размяшчэнне па лініі БрэстКобрынПінск, распыліўшы на працягу 170 км і так невялікі корпус. 27 ліпеня Тармасаў акружыў Кобрын, саксонскі гарнізон пад камандаваннем Кленгеля (да 5 тыс.) быў цалкам разбіты. Таксама былі ачышчаны ад французскіх гарнізонаў Брэст і Пінск.

Зразумеўшы, што саслабелы Рэнье не зможа ўтрымаць Тармасава, Напалеон прыняў рашэнне не прыцягваць на галоўны кірунак аўстрыйскі корпус Шварценберга (30 тыс.) і пакінуў яго на поўдні супраць Тормасава. Рэнье, сабраўшы свае войскі і злучыўшыся са Шварцэнбергам, атакаваў Тармасава 12 жніўня ля Гарадзечны, прымусіўшы рускіх адступіць да Луцка (паўночны захад сучаснай Украіны). Асноўныя бітвы адбываюцца паміж саксонцамі і рускімі, аўстрыйцы імкнуцца абмежавацца артылерыйскім абстрэлам і манеўрамі.

Да канца верасня на паўднёвым напрамку вяліся млявапраяўныя баявыя дзеянні ў маланаселенай балоцістай мясцовасці ў раёне Луцка.

Акрамя Тармасава на паўднёвым напрамку знаходзіўся 2-гі рускі рэзервовы корпус генерал-лейтэнанта Эртэля, сфарміраванага ў Мазыры і аказваўшага падтрымку блакаванаму гарнізону Бабруйска. Для блакады Бабруйска, а таксама для прыкрыцця камунікацый ад Эртэля Напалеон пакінуў польскую дывізію Дамброўскага (10 тыс.) з 5-га польскага корпуса.

Ад Смаленска да Барадзіна (жнівень—верасень 1812 г.)[правіць | правіць зыходнік]

Пасля злучэння рускіх войскаў генералітэт стаў настойліва патрабаваць ад Барклая генеральнай бітвы. Скарыстаўшыся раскінутым становішчам французскіх карпусоў, Барклай вырашыў разбіць іх па адзіночцы і выступіў 8 жніўня на Рудню, дзе кватаравала кавалерыя Мюрата.

Аднак Напалеон, выкарыстаўшы павольнае рушэнне рускага войска, сабраў свае карпусы ў кулак і паспрабаваў зайсці Барклаю ў тыл, абыйдучы яго левы фланг з поўдня, для чаго фарсіраваў Дняпро на захадзе ад Смаленска. На шляху авангарда французскага войска апынулася 27-я дывізія генерала Невяроўскага, якая прыкрывала левы фланг рускага войска пад Красным. Упартае супраціўленне Невяроўскага дало час перакінуць корпус генерала Раеўскага да Смаленска.

Да 16 жніўня Напалеон падышоў да Смаленска з 180 тысячамі. Баграціён даручыў генералу Раеўскаму (15 тыс. салдат), у 7-ы корпус якога ўліліся астаткі дывізіі Невяроўскага, абараняць Смаленск. Барклай быў супраць непатрэбнай на яго погляд бітвы, але на той момант у рускім войску панавала фактычнае двуначалле. У 6 гадзін раніцы 16 жніўня Напалеон пачаў штурм горада з марша. Упартая бітва за Смаленск працягвалася да раніцы 18 жніўня, калі Барклай адвёў войскі гарэўшага горада, каб пазбегнуць вялікай бітвы без шанцаў на перамогу. Барклай меў 76 тысяч, яшчэ 34 тысячы (войска Баграціёна) прыкрывалі шлях адыходу рускага войска на Дарогабуж, які Напалеон мог перарэзаць абыходным манеўрам (падобным таму, які не атрымаўся пад Смаленскам).

Маршал Ней пераследваў адыходзячую армію. 19 жніўня ў кровапралітнай бітве ля Валуцінай гары рускі ар’ергард затрымаў маршала, які меў значныя страты. Напалеон паслаў генерала Жуно абыходным шляхам зайсці ў тыл рускіх, але той не здолеў выканаць задачу, уткнуўшыся ў непраходнае балота, і рускае войска ў поўным парадку адышло ў бок Масквы да Дарагабужа. Бітва за Смаленск, якая разбурыла немалы горад, адзначыла разгортванне ўсенароднай вайны рускага народа з непрыяцелем, што адразу адчулі як радавыя французскія забеспячэнцы, так і маршалы Напалеона. Населеныя пункты на шляху французскага войска спальваліся, насельніцтва па меры магчымасці сыходзіла. Напалеон адразу пасля Смаленскай бітвы зрабіў замаскіраваную прапанову міру цару Аляксандру I, пакуль з пазіцыі моцнага, але адказу не атрымаў[18].

Напалеон у асяроддзі генералаў кіруе Барадзінскай бітвай. Малюнак з кнігі XIX ст.

Адносіны паміж Баграціёнам і Барклаем пасля выхаду са Смаленска з кожным днём адступлення станавіліся ўсё больш напружанымі, і ў гэтай спрэчцы настроі дваранства былі не на баку асцярожнага Барклая. Яшчэ 17 жніўня цар сабраў савет, які рэкамендаваў цару прызначыць галоўнакамандуючым рускага войска генерала-ад-інфантэрыі князя Кутузава. 29 жніўня Кутузаў у вёсцы Царова-Займішча прыняў армію. У гэты дзень французы ўвайшлі ў Вязьму.

Працягваючы ўвогуле стратэгічную лінію свайго папярэдніка, Кутузаў не мог пазбегнуць генеральнай бітвы па палітычных і маральных меркаваннях. Бітвы патрабавала рускае грамадства, хоць яна была залішняй на ваенны погляд. Да 3 верасня руская армія адступіла да вёскі Барадзіно, далейшае адступленне азначала здачу Масквы. Кутузаў вырашыўся даць генеральную бітву, бо баланс сіл змяніўся ў рускі бок. Калі ў пачатку ўварвання Напалеон меў трохразовую перавагу ў колькасці салдат над рускім войскам, то зараз колькасці армій былі параўнальныя — 135 тысяч у Напалеона супраць 110—130 тысяч у Кутузава. Праблема рускага войска заключалася ў недахопе ўзбраення. У той час як апалчэнне дало да 80—100 тысяч ратнікаў з расійскіх цэнтральных губерній, не было стрэльб, каб узброіць апалчэнцаў. Ратнікам раздалі пікі, але выкарыстоўваць людзей у якасці «гарматнага мяса» Кутузаў не стаў.

7 верасня (26 жніўня па ст. стылю) ля сяла Барадзіно (за 124 км на захад ад Масквы) адбылася найбуйнейшая бітва вайны 1812 г. паміж рускай і французскай арміямі.

Атака рускіх кірасір пад Барадзіном. Фрагмент панарамы Барадзінскай бітвы. Ф. Рубо, 1912 г.

Пасля амаль двухдзённай бітвы, якая ўяўляла сабою штурм французскімі войскамі ўмацаванай лініі рускіх, французы коштам 30—34 тысяч сваіх салдат адціснулі левы фланг рускіх з пазіцыі. Руская армія панесла цяжкія страты, і Кутузаў загадаў 8 верасня адступіць на Мажайск з цвёрдым намерам захаваць войска. У 4 гадзіны дня 13 верасня ў вёсцы Філі Кутузаў загадаў генералам з’явіцца на нараду аб далейшым плане дзеянняў. Большасць генералаў выказаліся за новую генеральную бітву з Напалеонам. Тады Кутузаў абарваў паседжанне і заявіў, што распараджаецца адыходзіць.

14 верасня рускае войска прайшло праз Маскву і выйшла на Разанскую дарогу (паўднёвы ўсход ад Масквы). Бліжэй да вечара ў спусцелую Маскву ўступіў Напалеон.

Захоп Масквы (верасень 1812 г.)[правіць | правіць зыходнік]

Пажар Масквы. Карціна А. Ф. Смірнова (1813 г.)

14 верасня Напалеон заняў Маскву без бою, а ўжо ўначы таго жа дня горад быў ахоплены пажарам, які да ночы 15 верасня ўзмацніўся настолькі, што Напалеон быў вымушаны пакінуць Крэмль. Пажар бушаваў да 18 верасня і знішчыў вялікую частку Масквы. Прычына пажару засталася да канца няяснай, ці то патрыятычныя гараджане падпальвалі свой горад, ці то падпал быў арганізаваны «зверху», ці то агонь разгарэўся з-за п’яных рабаванняў бязлюднага горада (насельніцтва сышло разам з рускім войскам). Да 400 гараджан з ніжэйшых саслоўяў былі расстраляныя ваенна-палявым судом па падазрэнні ў падпалах.

Кутузаў, адыходзячы з Масквы на поўдзень на Разанскую дарогу, здзейсніў знакаміты Таруцінскі манеўр. Збіўшы са следа пераследаваўшых кавалерыстаў Мюрата, Кутузаў павярнуў на захад з Разанскай дарогі праз Падольск на старую Калужскую дарогу, куды выйшаў 20 верасня ў раёне Чырвонай Пахры (побач з суч. горадам Троіцкам).

Растрэл меркаваных падпальшчыкаў Масквы французамі. В. В. Верашчагін (1898 г.)

Затым, упэўніўшыся ў нявыгаднай пазіцыі, Кутузаў да 2 кастрычніка перакінуў войска на поўдзень да сяла Таруціна, што ляжыць па старой Калужскай дарозе ў Калужскай вобласці недалёка ад мяжы з Маскоўскай. Гэтым манеўрам Кутузаў перакрыў асноўныя дарогі Напалеону ў паўднёвыя губерніі, а таксама стварыў сталую пагрозу тылавым камунікацыям французаў.

Маскву Напалеон назваў не ваеннай, але палітычнай пазіцыяй. Адсюль ён робіць неаднаразовыя спробы пагадніцца з Аляксандрам I. У Маскве Напалеон апынуўся ў пастцы: зімаваць у спустошанай пажарам сталіцы было немагчыма, фуражоўкі за межамі горада дрэнна атрымоўваліся, расцягнутыя на тысячы кіламетраў камунікацыі французаў былі вельмі ўразлівыя, армія пасля перанесеных пакут пачынала разлагацца. 5 кастрычніка Напалеон адправіў генерала Ларыстона да Кутузава для пропуску да Аляксандра I з наказам: «Мне патрэбен мір, ён мне патрэбен абсалютна ў што бы то ні стала, выратуйце толькі гонар». Кутузаў пасля кароткай гутаркі адправіў Ларыстона назад у Маскву. Напалеон стаў рыхтавацца да адступлення пакуль не з Расіі, але на зімовыя кватэры дзесьці паміж Дняпром і Дзвіной.

Адступленне Напалеона (кастрычнік—снежань 1812 г.)[правіць | правіць зыходнік]

Галоўная армія Напалеона глыбока ўрэзалася ў Расію падобна кліну. У той час, калі Напалеон уваходзіў у Маскву, над яго левым флангам на поўначы ў раёне Полацка вісела войска Вітгенштэйна, якое ўтрымлівалася французскімі карпусамі Сен-Сіра і Удына. Правы фланг Напалеона таптаўся каля меж Расійскай імперыі ў Беларусі. Войска Тормасава звязала сваёй прысутнасцю аўстрыйскі корпус Шварцэнберга і 7-й корпус Рэн’е. Французскія гарнізоны ўздоўж Смаленскай дарогі ахоўвалі камунікацыйную лінію і тыл Напалеона.

Ад Масквы да Малаяраслаўца (кастрычнік 1812 г.)[правіць | правіць зыходнік]

Адступленне Напалеона з Масквы. Бітва за Малаяраславец.

18 кастрычніка Кутузаў ажыццявіў нападзенне на французскі заслон пад камандаваннем Мюрата, які сачыў за рускай арміяй пад Таруціна. Страціўшы да 4-х тысяч салдат і 38 гармат, Мюрат адступіў да Масквы. Таруцінскі бой стаў знакавай падзеяй, якая адзначыла пераход рускага войска ў контрнаступленне.

19 кастрычніка французская ярмія (110 тысяч) з вялізным абозам стала пакідаць Маскву па старой Калужскай дарозе. Напалеон перад надыходзячай зімой планаваў дабрацца да бліжэйшай вялікай базы, Смаленска, дзе па яго разліках былі назапашаныя харчы для французскай арміі, якая цярпела лішэнні. Дабрацца ва ўмовах расійскай бездаражы да Смаленска можна было прамым шляхам, Смаленскай дарогай, па якой французы дашлі да Масквы. Іншы шлях вёў паўднёвым маршрутам праз Калугу. Другі маршрут быў больш прывабны, бо праходзіў праз неразрабаваныя месцы, а мор коней ад недахопу фуражу ў французскай арміі дасягнуў пагрозлівых памераў. З-за адсутнасці коней артылерыйскі парк скараціўся, буйныя кавалерыйскія злучэнні французаў практычна зніклі.

Дарогу на Калугу Напалеону закрыла войска Кутузава, размясціўшыся пад Таруціна на старой Калужскай дарозе. Не хочучы прарывацца з аслабелым войскам праз умацаваную пазіцыю, Напалеон павярнуў у раёне сяла Траецкае (суч. Троіцк) на новую Калужскую дарогу (суч. Кіеўская шаша), каб абысці Таруціна. Аднак Кутузаў перакінуў войска пад Малаяраславец, перарэзаўшы шлях адступлення французаў па новай Калужскай дарозе.

Адыход французаў з Масквы. Я. Сухадольскі, 1844 г.

24 кастрычніка адбылася бітва пад Малаяраслаўцам. Французам удалося захапіць Малаяраславец, але Кутузаў заняў умацаваную пазіцыю за горадам, якую Напалеон не рызыкнуў штурмаваць. Армія Кутузава да 22 кастрычніка налічвала 97 тысяч рэгулярных войскаў, 20 тысяч казакоў, 622 гарматы і больш за 10 тысяч ратнікаў апалчэння[19]. Напалеон меў пад рукой да 70 тысяч баяздольных салдат, кавалерыя практычна знікла, артылерыя была значна слабейшая за рускую. Ход вайны зараз дыктавала руская армія.

26 кастрычніка Напалеон загадаў адыходзіць на поўнач на БароўскШулуМажайск. Баі за Малаяраславец былі для французаў марнымі і толькі затрымалі іх адступленне. З Мажайска французская армія аднавіла рух да Смаленска той дарогай, па якой наступала на Маскву.

Ад Малаяраслаўца да Бярэзіны (кастрычнік—лістапад 1812 г.)[правіць | правіць зыходнік]

Казакі нападаюць на адыходзячых французаў. Малюнак 1813 г.

Ад Малаяраслаўца да пасёлка Чырвонага (у 45 км на захад ад Смаленска) Напалеона праследаваў авангард рускай арміі пад камандаваннем Міларадавіча. З усіх бакоў адыходзячых французаў атакавалі казакі Платава і партызаны, не даючы праціўніку ніякай магчымасці для забеспячэння. Асноўная армія Кутузава марудліва рухалася паўднёвей паралельна Напалеону, здзяйсняючы так званы флангавы марш.

1 лістапада Напалеон прайшоў Вязьму, 8 лістапада ўступіў у Смаленск, дзе правёў 5 дзён, чакаючы адсталых. 3 лістапада рускі авангард моцна пабіў замыкаючыя карпусы французаў у бітве пад Вязьмай. У распараджэнні Напалеона ў Смаленску заставалася да 50 тысяч салдат пад ружжом (з іх толькі 5 тыс. кавалерыі), і прыкладна столькі жа небаяздольных салдат, параненых і страціўшых зброю. Часці французскай арміі, моцна парадзелыя на маршы ад Масквы, уваходзілі ў Смаленск цэлы тыдзень з надзеяй на адпачынак і ежу. Вялікіх запасаў правіянту ў горадзе не аказалася, а тое, што было, разрабавалі натоўпы некіруемых салдат Вялікага Войска. Напалеон загадаў расстраляць французскага інтэнданта Сіофа, які, сутыкнуўшыся з супраціўленнем рускіх сялян, не здолеў арганізаваць збор харчавання.

Стратэгічнае становішча Напалеона моцна пагоршылася, з поўдня набліжалася Дунайская армія Чычагава, з поўначы наступаў Вітгенштэйн, авангард якога 7 лістапада захапіў Віцебск, пазбавіўшы французаў назапашаных там харчовых запасаў.

Французскія салдаты маршала Нея загнаныя ў лес у бітве пад Красным.

14 лістапада Напалеон з гвардыяй зрушыўся са Смаленска ўслед за авангарднымі карпусамі. Корпус Нея, які знаходзіўся ў ар’ергардзе, пакінуў Смаленск толькі 17 лістапада. Калона французскіх войскаў моцна расцягнулася, бо цяжкасці дарогі выключалі кампактны марш вялікіх мас людзей. Гэтай акалічнасцю скарыстаўся Кутузаў, які перарэзаў французам шлях адступлення ў раёне Краснага. 1518 лістапада ў выніку баёў пад Красным у Напалеона атрымалася прадзерціся, страціўшы шмат салдат і вялікую частку артылерыі.

Дунайская войска адмірала Чычагава (24 тысячы) захапіла 16 лістапада Мінск, пазбавіўшы Напалеона буйнейшага тылавога цэнтра. Больш таго, 21 лістапада авангард Чычагава захапіў Барысаў, дзе Напалеон планаваў пераправіцца цераз Бярэзіну. Авангардны корпус маршала Удына выбіў Чычагава з Барысава на заходні бераг Бярэзіны, аднак рускі адмірал з моцным войскам пільнаваў магчымыя месцы пераправы.

24 лістапада Напалеон падышоў да Бярэзіны, адарваўшыся ад пераследваўшых яго войскаў Вітгенштэйна і Кутузава.

Ад Бярэзіны да Нёмана (лістапад—снежань 1812 г.)[правіць | правіць зыходнік]

Уцёкі французаў з сем’ямі з Расіі. Вілевальдэ Б. П., 1846 г.

25 лістапада шэрагам майстэрскіх манеўраў Напалеону ўдалося адцягнуць увагу Чычагава да Барысава і на поўдзень ад Барысава. Чычагаў не атрымліваў усяе інфармацыі ад Кутузава і меркаваў, што Напалеон мае намер пераправіцца ў гэтых месцах, каб выйсці кароткім шляхам на дарогу да Мінска і затым накіравацца на злучэнне з аўстрыйскімі саюзнікамі. Тым часам французы навялі 2 масты на поўнач ад Барысава, па якіх 26—27 лістапада Напалеон пераправіўся на левы (заходні) бераг Бярэзіны, адкінуўшы слабую вартаўнічую ахову рускіх.

Усвядоміўшы памылку, Чычагаў атакаваў Напалеона асноўнымі сіламі 28 лістапада на левым беразе. На правым беразе французскі ар’ергард, які абараняў пераправу, быў атакаваны падышэдшым корпусам Вітгенштэйна. Асноўная армія Кутузава адстала ззаду. Не дачакаўшыся пераправы ўсяго вялізнага натоўпу адстаўшых французаў, які складаўся з параненых, абмарожаных, страціўшых зброю і грамадзянскіх, Напалеон загадаў спаліць масты раніцай 29 лістапада. Асноўным вынікам бітвы на Бярэзіне стала тое, што Напалеон пазбег поўнага разгрому ва ўмовах значнай перавагі рускіх сіл. Ва ўспамінах французаў пераправа цераз Бярэзіну займае не меншае месца, чым буйнейшая Барадзінская бітва.

Страціўшы на пераправе да 30 тысяч чалавек, Напалеон з 9 тысячамі пакінутых пад ружжом салдат зрушыўся да Вільні, далучаючы па дарозе французскія дывізіі, якія дзейнічалі на іншых напрамках. Армію суправаджаў вялікі натоўп небаяздольных людзей, галоўнай чынам абяззброеныя салдаты з саюзных дзяржаў. Ход вайны на заключным этапе, 2-х тыднёвае праследаванне рускай арміяй астаткаў напалеонаўскіх войскаў да мяжы Расійскай імперыі, выкладзена ў артыкуле «Ад Бярэзіны да Нёмана». Моцныя маразы, якія ўдарылі яшчэ падчас пераправы, канчаткова вынішчылі і без таго аслабленых голадам французаў. Праследаванне рускіх войскаў не дало магчымасці Напалеону сканцэнтравацца хоць трохі з сіламі ў Вільні, уцёкі французаў працягнуліся да Нёмана, які аддзяляў Расію ад Прусіі і буфернай дзяржавы Варшаўскае герцагства.

6 снежня Напалеон пакінуў войска, адправіўшыся ў Парыж набіраць новых салдат замест загінулых у Расіі. З 47 тысяч элітнай гвардыі, якая ўвайшла ў Расію з імператарам, праз паўгода засталося некалькі соцень салдат.

14 снежня ў Коўна толькі астаткі «Вялікага Войска» у колькасці 1600 чалавек пераправіліся цераз Нёман у Польшчу, а затым у Прусію. Пазней да іх далучыліся астаткі войскаў з іншых напрамкаў. Айчынная вайна 1812 года завяршылася практычна поўным знішчэннем «Вялікай Арміі».

Апошні этап вайны пракаменціраваў бесстаронні назіральнік Клаўзэвіц[20]:

«Рускія рэдка апярэджвалі французаў, хоць і мелі для гэтага шмат зручных выпадкаў; калі ж ім і ўдавалася апярэдзіць праціўніка, яны ўсякі раз яго выпускалі; ва ўсіх баях французы заставаліся пераможцамі; рускія далі ім магчымасць ажыццявіць немагчымае; але калі мы падвядзем вынік, то акажацца, што французскае войска перастала існаваць, а ўся кампанія завяршылася поўным поспехам рускіх за выключэннем таго, што ім не ўдалося ўзяць у палон самога Напалеона і яго бліжэйшых супрацоўнікаў.»

Паўночны кірунак (кастрычнік—снежань 1812 г.)[правіць | правіць зыходнік]

Пасля 2-й бітвы за Полацк (18-20 кастрычніка), якая адбылася праз 2 месяцы пасля 1-й, маршал Сен-Сір адступіў на поўдзень да Чашнікаў, небяспечна прыблізіўшы войска Вітгенштэйна да тылавой лініі Напалеона. У гэтыя дні Напалеон пачаў адступленне з Масквы. На дапамогу быў неадкладна пасланы са Смаленска 9-й корпус маршала Віктора, які прыбыў у верасні як рэзерв Напалеона з Еўропы. Злучаныя сілы французаў дасягнулі 36 тыс. салдат, што прыкладна адпавядала сілам Вітгенштэйна. Сустрэчная бітва адбылася 31 кастрычніка пад Чашнікамі, у выніку якой французы пацярпелі паражэнне і адкаціліся яшчэ далей на поўдзень.

Віцебск застаўся непрыкрытым, атрад з арміі Вітгенштэйна 7 лістапада ўзяў штурмам гэты горад, захапіўшы ў палон 300 салдат гарнізона і запасы харчавання для адыходзячай арміі Напалеона. 14 лістапада маршал Віктор у раёне вёскі Смаляны паспрабаваў адкінуць Вітгенштэйна назад за Дзвіну, аднак беспаспяхова, і бакі захоўвалі свае пазіцыі да падыходу Напалеона да Бярэзіны. Затым Віктор, злучыўшыся з асноўнай арміяй, адыходзіў да Бярэзіны ў якасці ар’ергарда Напалеона, стрымліваючы націск Вітгенштэйна.

У Прыбалтыцы пад Рыгай вялася пазіцыйная вайна з рэдкімі вылазкамі рускіх супраць корпуса Макдональда. Фінляндскі корпус генерала Штейнгеля (12 тыс.) падышоў 20 верасня на дапамогу гарнізону Рыгі, аднак пасля ўдалай вылазкі 29 верасня супраць французскай аблогавай артылерыі Штейнгель быў перакінуты да Вітгенштэйна ў Полацк на тэатр асноўных баявых дзеянняў. 15 лістапада Макдональд у сваю чаргу ўдала атакаваў рускія пазіцыі, ледзь не знішчыўшы вялікі рускі атрад.

10-ы корпус маршала Макдональда стаў адыходзіць з-пад Рыгі ў бок Прусіі толькі 19 снежня, ужо пасля таго, як астаткі галоўнай арміі Напалеона пакінулі межы Расіі. 26 снежня атрадам Макдональда прыйшлося ўступіць у бой з авангардам Вітгенштэйна. 30 снежня рускі генерал Дзібіч склаў з камандуючым прускага корпуса генералам Йоркам дагавор аб перамір’і, вядомы па месцы падпісання як Таўрагенская канвенцыя. Такім чынам Макдональд пазбавіўся сваіх асноўных сіл, яму прыйшлося спешна адыходзіць праз Усходнюю Прусію.

Паўднёвы кірунак (кастрычнік—снежань 1812 г.)[правіць | правіць зыходнік]

18 верасня адмірал Чычагаў з арміяй (38 тыс.) падышоў з Дуная на маларухомы паўднёвы фронт у раёне Луцку. Злучаныя сілы Чычагава і Тормасава (65 тыс.) атакавалі Шварцэнберга (40 тыс.), прымусіўшы апошняга ў сярэдзіне кастрычніка адысці ў Польшчу. Чычагаў, які прыняў галоўнае камандаванне пасля адклікання Тормасава, даў войскам 2-х тыднёвы адпачынак, пасля чаго 27 кастрычніка з Брэст-Літоўска зрушыўся на Мінск з 24 тыс. салдат, пакінуўшы супраць аўстрыйцаў Шварцэнберга генерала Сакена з 27-тысячным корпусам.

Шварцэнберг пагнаўся за Чычагавым, абыйдучы пазіцыі Сакена і прыкрываючыся ад яго войскаў саксонскім корпусам Рэн’е. Рэн’е не здолеў утрымаць большыя сілы Сакена, і Шварцэнберг быў вымушаны звярнуць на рускіх са Слоніма. Сумеснымі сіламі Рэн’е і Шварцэнберг адагналі Сакена на подзень ад Брэста-Літоўскага, тым не менш у выніку армія Чычагава прадзерлася ў тылы Напалеона і 16 лістапада заняла Мінск, а 21 лістапада падышла да Барысава на Бярэзіне, дзе адыходзячы Напалеон планаваў пераправіцца.

27 лістапада Шварцэнберг па загадзе Напалеона зрушыўся на Мінск, але спыніўся ў Слоніме, адкуль 14 снежня адступіў праз Беласток у Польшчу.

Ваеннапалонныя[правіць | правіць зыходнік]

На першым этапе вайны колькасць ваеннапалонных з боку Вялікай арміі была нязначнай. Становішча кардынальна змянілася, калі Вялікая армія, што пераследавалася расійскімі войскамі, панесла значныя небаявыя страты, губляючы па меры набліжэння да мяжы здольнасць да супраціву. У справаздачы Аляксандру I пра бітву пры Бярэзіне М. І. Кутузаў пісаў, што праціўнік страціў 50 тыс. чал., але з іх 25 тыс. — палонныя. 28 снежня 1812 г. фельдмаршал паведамляў, што Напалеон «пакінуў нам, па меншай меры, 150 тыс. палонных»[21].

Стаўленне да Вялікай арміі, як сведчыць прыватная перапіска, дзённікі рускіх афіцэраў і грамадзянскіх асоб, па ходзе вайны мянялася. У ліпені 1812 г. пецярбургскі чыноўнік І. Б. Адэнталь пісаў:

" Здзіўляюся, што французаў бяруць жывых у палон. Гэта чыстае вады зараза. Злыдні гэтыя насычаны такім духам, што іх больш яшчэ павінна асцерагацца палонных, чым змагацца з імі. "

Ён жа абвінаваціў М. І. Кутузава у залішняй літасці да ворага[22].

Восенню стаўленне стала прыкметна змяняцца. Генерал Д. М. Валконскі ў лістападзе 1812 г. пісаў:

" Марозы прымоцныя... Сустрэў палонных. Яны ў згубным становішчы. Іх ставяць на біваках без адзення і нават амаль без ежы... іх мноства па дарозе памірае... "

[23]

Палкоўнік М. М. Пятроў, апісваючы пакуты французаў, робіць выснову:

" Як бы ні былі вялікія злачынствы французаў, мера лютай пакуты іх... перамагла справядлівую да іх нянавісць "

[24].

У шэрагу выпадкаў дваране, неабыякавыя да лёсу ваеннапалонных (у першую чаргу генералаў і афіцэраў), забяспечвалі іх грашыма і адзеннем, уладкоўвалі на жыхарства і прымалі ў сваіх дамах. Так, у генерала А. П. Ярмолава да самога ўступлення арміі за мяжу жыў стары зранены палкоўнік. Ён жа адправіў у маёнтак свайго бацькі генерала Ш.-А. Банамі, літаральна знятага са штыкоў на Барадзінскім полі.

Вынікі вайны 1812 года[правіць | правіць зыходнік]

Вайна рускага народа супраць французаў у брытанскай карыкатуры 1813 г.

Напалеон, прызнаны геній ваеннага мастацтва, уварваўся ў Расію з сіламі, у тры разы большымі за заходнія рускія арміі пад начальствам генералаў, не адзначаных бліскучымі перамогамі, а ўжо праз паўгода кампаніі яго армія, наймацнейшая ў гісторыі, была цалкам знішчана.

Руская кампанія (паводле заходняй гістарыяграфіі) атрымала ў Расіі назву Айчыннай, менавіта гэтым тлумачыцца разгром Напалеона. Да яго паражэння прывяла сукупнасць фактараў: усенародны ўдзел у вайне, масавая гераічнасць салдат і афіцэраў, палкаводніцкая здольнасць Кутузава і іншых генералаў, умелае выкарыстанне прыродных фактараў. Перамога ў Айчыннай вайне выклікала не толькі ўздым нацыянальнага духу, але і імкненне да мадэрнізацыі краіны, якое прывяло ў канчатковым выніку да паўстання дзекабрыстаў у 1825 годзе.

Клаўзевіц, аналізуючы з ваеннага пункта Напалеона:

"Што рускія пакінуць Маскву, спаляць яе і пачнуць вайну на знішчэнне, гэтага нельга было ўпэўнена прадбачыць ды, мабыць, гэта не ўяўлялася і верагодным; але раз гэта адбылося, то вайна ў цэлым, як бы яе ні вялі, была асуджаная на няўдачу

Па падліках Клаўзевіца армія ўварвання ў Расію разам з падмацаваннямі падчас вайны налічвала 610 тысяч салдат, уключаючы 50 тысяч салдат Аўстрыі і Прусіі. У то час як аўстрыйцы і прусакі, якія дзейнічалі на другарадных напрамках, у асноўным уцалелі, з асноўнага войска Напалеона сабраліся за Віслай да студзеня 1813 г. толькі 23 тысячы салдат. Напалеон страціў у Расіі звыш 550 тысяч навучаных салдат, усю элітную гвардыю, звыш 1200 гармат.

Вяртанне ратніка дадому.

Па падліках прускага службоўца Аўэрсвальда да 21 снежня 1812 праз Усходнюю Прусію прайшло з Вялікая Армія 255 генералаў, 5111 афіцэраў, 26950 малых чыноў, «у жаласным стане і асноўным бяззбройных»[25]. Многія з іх, па сведчанню графа Сегюра, памерлі ад хвароб, дасягнучы бяспечнай тэрыторыі. Да гэтага ліку трэба дадаць прыкладна 6 тыс. салдат (якія вярнуліся ў французскую армію) з карпусоў Ренье і Макдональда, што дзейнічалі на іншых напрамках. Мабыць з усіх гэтых салдат, якія вярнуліся, і сабралася пазней 23 тысячы (упамянутыя Клаўзэвіцам) у французаў. Адносна вялікая колькасць выратаваўшыхся афіцэраў дазволіла Напалеону арганізаваць новае войска, прызваўшы рэкрутаў 1813 года.

У дакладзе цару Аляксандру I фельдмаршал Кутузаў ацаніў агульны лік французскіх палонных у 150 тысяч чалавек (снежань, 1812 г.)[26].

Хоць Напалеону ўдалося сабраць свежыя сілы, іх баявыя якасці не маглі замяніць загінуўшых ветэранаў. Айчынная вайна ў студзені 1813 перайшла ў «Замежны паход рускай арміі»: баявыя дзеянні перамясціліся на тэрыторыю Германіі і Францыі. У кастрычніку 1813 Напалеон быў разгромлены ў бітве пад Лейпцыгам і ў красавіку 1814 адрокся ад трона Францыі.

Гісторык сярэдзіны XIX стагоддзя М. І. Багдановіч прасачыў папаўненні рускіх армій за час вайны па ведамасцях Ваенна-навуковага архіва Галоўнага штаба. Ён палічыў папаўненні Галоўнай арміі ў 134 тыс. чалавек [27]. Галоўная армія да моманту заняцця Вільні ў снежні налічвала ў сваіх радах 70 тыс. салдат, а склад 1-й і 2-й заходніх армій да пачатку вайны быў да 150 тыс. салдат. Такім чынам агульнае размяншэнне да снежня складае 210 тыс. салдат. З іх, па меркаванню Багдановіча, у строй вярнулася да 40 тыс. параненых і хворых. Страты карпусоў, якія дзейнічалі на другарадных напрамках, і страты апалчэнняў могуць складаць прыкладна тыя жа 40 тыс. чалавек. На аснове гэтых падлікаў Багдановіч ацэньвае страты рускага войска ў Айчыннай вайне ў 210 тысяч салдат і апалчэнцаў.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. [Французска-руская вайна 1812 года: еўрапейскія дыскурсы і беларускі погляд. /Рэд. Козак К. І. — Мн.: Выд-ва БДУ, 2003]
  2. Тарле Е. В. Наполеон. — Мн.:Беларусь, 1992. С. 259
  3. Трещенок Я. И. История Беларуси. Ч. 1. Досоветский период: учебное пособие. — Могилёв: МГУ им. А. А. Кулешова, 2003. — 176 с.
  4. Fabry G. J. Campagne de Russie (1812). — Paris: Librairie Militaire R.Chapelot, 1903
  5. Mościcki, H. Dzieje porozbiorowe Litwy i Rusi. T. 1, 1772—1800 / Henryk Mościcki. — Wilno: «Kurjer Litewski», [1910]. — [4], 448 s., [2] k. tabl.: il., err. — S. 88 — 89.
  6. Тарле Е. В., «Нашествие Наполеона на Россию», Гл. 2.2
  7. Керсновский А. А., Русская армия 1812 г. Архівавана 28 студзеня 2007.,
    Богданович, «История отечественной войны 1812 г.», Спб., 1859—1860, Приложения, стр. 492—503 [1] Архівавана 26 верасня 2007.
  8. Реферат по вооружённым силам России в 1812 г. Архівавана 15 красавіка 2008.: лічбы, прыведзеныя на аснове прац гісторыкаў А. І. Міхайлоўскага-Данілеўскага, М. І. Багдановіча, Л. П. Багданава.
    колькасць артылерыі ў гарматах з кнігі Тарле «Нашэсце Напалеона на Расію»
  9. Тарле Е. В., «Нашествие Наполеона на Россию», Гл. 2.2 — Вооружённые силы Франции в 1812 г.
  10. Артылерыя Напалеона ў Расіі па падліках Клаўзевіца
  11. Ф. Меринг, «Очерки по истории войн и военного искусства», —М., 1941 г.
  12. Троицкий, Н. А. Александр I и Наполеон / Н. А. Троицкий. — М.: Высшая школа, 1994. — 302,[2] с.: ил. — С. 196, 203—205. — (История в лицах). — ISBN 5-06-002839-9.
  13. Brandys, M. Kozietulski i inni / Marian Brandys. — Wyd. 3 przejrz. i uzup. — Warszawa: «Iskry», 1971. — 587, [4] s. — (Seria Kieszonkowa Iskier). — S. 327.
  14. Handelsman, M. Napoleon a Polska / Marceli Handelsman. — Warszawa — Lwów: E. Wende — H. Altenberg, G. Seyfarth, E. Wende, 1914. — VII, [1], 162, [2] s. — (Biblioteka Naukowa Wendego, № 2). — S. 165
  15. Донские казаки в 1812 году: Сборник документов. — Ростов-на-Дону, 1954. — 356 с. — С. 59 — 60
  16. Орловский, Е. Ф. Гродненская губерния в 1812 году: Исторический очерк. — Гродно, 1912. — 50 с. — С. 10
  17. Напалеон у Віцебску вагаўся паміж выбарам: застацца зімаваць на захопленай тэрыторыі і працягнуць вайну ў наступным годзе, або ісці за рускім войскам углыб Расіі. З надзеяй вырашыць кампанію адной бітвай пад Масквой Напалеон зрабіў выбар на карысць праследавання рускага войска.
  18. Напалеон папрасіў захопленага ў палон пры Валуцінай гары генерала Тучкова напісаць ліст свайму брату, камандзіру рускага 3-га корпуса, дзе даводзілася да ведама цара жаданне Напалеона заключыць мір.
  19. О численности и потерях русской армии в сражении при Малоярославце
  20. Клаузевиц, «1812 г.», часть 2
  21. Сироткин, В. Наполеон и Россия / Владлен Сироткин. — М.: ОЛМА-Пресс, 2000. — 379, [1] с., [8] л. цв. ил., портр. — С. 179. — (Историческое досье). — ISBN 5-224-00672-4.
  22. «К чести России»: Из частной переписки 1812 г. / [Сост., авт. предисл. и примеч. М. Бойцов]. — М.: Современник, 1988. — 237,[2] с.ил. — С. 58, 91. — ISBN 5-270-00979-X.
  23. Волконский, Д. М. Дневник 1812 г. // 1812 год… Военные дневники / Сост., вступ. ст. А. Г. Тартаковского. — М.: Советская Россия, 1990. — 464 с. — С. 153. — (Русские дневники). — ISBN 5-268-00886-2.
  24. Петров, М. М. Рассказы… // 1812 год. Воспоминания воинов русской армии Из собрания отделения письменных источников Государственногор Исторического музея / [Сост. Ф. А. Петров и др.; Предисл. Ф. А. Петрова]. — М. :Мысль, 1991. — 477,[1] с., [40] л. ил.ил. — С. 203—204. — ISBN 5-244-00404-2.
  25. Ф. Меринг, «Очерки по истории войн и военного искусства», —М., 1941 г., с. 265
  26. М. И. Кутузов. Сборник документов. Т. IV. Ч. 2. М., 1955. С. 554—556 Архівавана 27 верасня 2007.
  27. Богданович М. И., «История Отечественной войны 1812 года по достоверным источникам». т. 3. -СПБ., 1860, с.396