Вялес

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вялес
Міфалогія славянская міфалогія
Пол мужчынскі пол
У іншых культурах велняс і Flins[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вялес, Велес, Волас[крыніца?] (ст.-рус. Велесъ, Волосъ) — у славянскай і, у прыватнасці, беларускай міфалогіі — бог палявання, жывёлагадоўлі і багацця. Хаця ён не ўспамінаецца ў апісанні Кіеўскага пантэону («Аповесць мінулых часоў»), шматлікія паданні сведчаць пра тое, што Вялес быў адной з ключавых постацей язычніцкага светаўляўлення. Уласна язычніцкіх міфаў пра яго не захавалася, але фалькларысты зафіксавалі шэраг пазнейшых паданняў, песень і казак пра персанажы з падобнымі рысамі. Меркавана яны ўтрымліваюць рэшткі міфаў пра Вялеса.

Гісторыя культу[правіць | правіць зыходнік]

Бог Вялес ва ўяўленні сучаснага беларускага 3D-мастака. На яго ключыцы — знак, які ў беларускім Пасожжы вышывалі на ручніках і называлі «Вядзмедзь». На думку Г. Р. Нячаевай, сімвал ускосна звязаны з Вялесам

Да ўзнікнення земляробства Вялес быў апекуном паляўнічых і, на думку Б. А. Рыбакова, яго маглі атаясняць з духам забітага звера[1]. Пазней выступае богам жывёлагадоўлі («скотий бог»). У «Аповесці мінулых гадоў» гаворыцца, што князь і дружына кляліся Пяруном, а ўся Русь — Вялесам.

Заменнікі Вялеса ў хрысціянскую эпоху[правіць | правіць зыходнік]

Пасля прыходу хрысціянства культ Вялеса быў забаронены, а яго функцыі перайшлі да цэлага шэрагу святых і іншых персанажаў. Верагодна, ні адзін язычніцкі бог не меў столькі хрысціянскіх пераемнікаў.

  • Святы Улас (Аўлас) — апякун жывёлагадоўлі[2];
  • Святы Мікола — заступнік земляробства і хатняй жывёлы[3];
  • Сцяпан — пад гэтым імем у паданнях успамінаецца як хрысціянскі святы Сцяпан, так і волат, камень-кравец; ва ўсіх выпадках персанаж з такім імем мае нейкія рысы Вялеса[4];
  • Цмок — у некаторых паданнях гэты персанаж мае відавочныя рысы язычніцкага бога;
  • Чорт — у касмаганічных міфах выступае як памагаты — праціўнік Бога; гэтыя паданні могуць захоўваць рэшткі сюжэтаў пра ўдзел Вялеса ў стварэнні сусвету і яго процістаянне з Пяруном (Дундарам).

У беларускіх касмаганічных міфах[правіць | правіць зыходнік]

Захаваліся хрысціянізаваныя паданні пра сумеснае стварэнне сусвету Богам і Чортам. Яны то супрацоўнічаюць (Сатана дастае дзеля Бога жменю пяску з акіяну, каб пабудаваць зямлю), то варагуюць (чорт з зайздрасці калечыць зямлю, ад чаго на той узнікаюць ямы і горы). Карані гэтых паданняў глыбока язычніцкія, фактычна іх хрысціянізацыя была толькі вонкавай. У паданні «Паходжанне д’ябла і балот» чорт нараджаецца ўнутры вадзянога слупа (які, верагодна, сімвалізуе мацярынскае чэрава) і мае прыгожую знешнасць; паданне называе яго «волатам». Словы «Вялес» і «волат» маюць агульную этымалогію[5]. Балцкія міфы, дзе чорта завуць Велняс, падмацоўваюць думку, што ў касмаганічных міфах гаворка ідзе пра стварэнне зямлі Вялесам і нябесным боствам — відаць, Перуном (Дундарам). Гэтыя міфы змяшчаюць ідэю стварэння сусвету двума супрацьлеглымі пачаткамі: калі ў хрысціянскі час яна зводзілася да апазіцыі дабра і зла (Бог і Чорт), то арыгінальны язычніцкі міф, хутчэй за ўсё, супрацьпастаўляў нябеснае боства (Пярун) і боства зямлі, вады — Вялеса.

У іншых паданнях[правіць | правіць зыходнік]

Па ўсёй Беларусі зафіксаваны шэраг сюжэтаў пра розных персанажаў з імем Сцяпан (адзін з заменнікаў Вялеса ў пазнейшых паданнях).

Паданне «Сіні калодзеж»[правіць | правіць зыходнік]

У паданні пра Сіні Калодзеж (запісана паблізу Прапойска) фігуруе валатоўна Кацярына, за якую спаборнічаюць два волаты — Сцяпан і Марка. Кацярына кахае Сцяпана, але ён, аднак, быў крыху слабейшы за свайго саперніка. Яны абяцае выйсці за таго, хто далей кіне валун. Марка перамагае і Кацярына, каб не жыць з некаханым, падае з камення, ператвараецца ў ваду і выходзіць з-пад зямлі за 5 вёрст ад Прапойска ў выглядзе крыніцы — гэтую крыніцу назвалі Сіні Калодзеж[6]. Валатоўна Кацярына сустракаецца і ў іншых паданнях. Яна мае відавочныя рысы старажытнага архетыпнага жаночага боства зямлі, вады і жыцця, між тым як Сцяпан — празрыстая адсылка да вобраза Вялеса. Адсюль магчыма, што багіня, якой адпавядае пазнейшы персанаж Кацярыны, была яго жаночай парай, а ў самім паданні прасочваюцца рэшткі старажытнага міфа пра канфлікт Вялеса з іншым богам за прыхільнасць нейкага жаночага боства.

Паданні аб камнях-краўцах[правіць | правіць зыходнік]

Сюжэты пра камяні-краўцы таксама захавалі відавочныя сувязі са старадаўнімі міфамі пра спаборніцтва Вялеса з Перуном (гл. таксама Лукомскі цмок). Яны ж паказваюць на яго верагоднае месца жыхарства — унутры сусветнага каменя, або Залатой гары, на якой стаіць Сусветнае Дрэва.

Легенда «Сцяпан і Вяльяна»[правіць | правіць зыходнік]

У гэтым тэксце фігуруе герой з імем Сцяпан, які зноў жа з’яўляецца краўцом (праца, звязаная, дарэчы, з жывёлагадоўляй і земляробствам, — сферамі дзейнасці Вялеса, у процівагу кавальскай прафесіі нябеснага боства). Ён меў здольнасці, багацце і кахаў прыгожую дзяўчыну Вяльяну, яна адказвала яму ўзаемнасцю, але хавала пачуцці, і Сцяпан думаў, што дзяўчына не звяртае на яго ўвагі. Ён накіраваўся ў поле і заклікаў чорную сілу, абяцаў узамен за руку і сэрца Вяльяны аддаць сваю душу. Але хлопец ператварыўся ў камень, а Чорт быў забіты нябеснымі маланкамі. Вяльняна даведалася пра трагічны лёс Сцяпана, прыйшла да каменя, і ад яе слёз утварылася рака Вілія, а сама дзяўчына памерла. Камень, з якім звязана гэтае паданне, цяпер знаходзіцца ў Докшыцкім раёне, у язычніцкія часы выконваў культавыя функцыі[7].

Абагульненне[правіць | правіць зыходнік]

Ва ўсіх трох вышэй прыведзеных сюжэтах ёсць нязменныя кампаненты:

  1. Персанаж, звязаны з ніжэйшым светам, з камянямі, з хтанічнымі («сырымі») рамёствамі.
  2. Вялікая вада (рака, крыніца, залева), якая з’яўляецца пасля смерці персанажа — часцей за ўсё ад слёз ці з цела дзяўчыны — яго жаночай пары. У паданні пра лепельскага цмока дзяўчына не з’яўляецца непасрэднай прычынай залеваў, але гэтая сувязь магла існаваць у ранейшых варыянтах сюжэту.
  3. Нябесная маланка, якая нясе смерць хтанічнаму герою. У паданні пра Сіні Калодзеж маланкі няма, але волат Марка можа быць менавіта ўвасабленнем нябеснай стыхіі, супрацьлеглай хтанічнаму, «зямному» Сцяпану.

Верагодна, сам архаічны язычніцкі міф апавядаў пра канфлікт нябеснага Пяруна і падземнага Вялеса за прыхільнасць жаночага боства, якое ўвасабляла водную стыхію. Вялес гіне ў гэтым двубоі, выклікаючы роспач воднай багіні, якая выявілася ў прыродным катаклізме — магчыма, патопе ці залевах.

Імя Вялеса ў сучаснай беларускай тапаніміцы[правіць | правіць зыходнік]

Імя хтанічнага бога захавалася ў назвах некаторых азёр і вёсак, што можа сведчыць пра наяўнасць там у старажытныя часы культавых збудаванняў (капішчаў і інш.), прысвечаных Вялесу:

Зноскі