Вялікі цырк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вялікі цырк, 1978

Вялікі цырк (лац.: Circus Maximus) — самы вялікі[1] іпадром у Старажытным Рыме. Размяшчаўся ў даліне паміж узгоркамі Авенцінам і Палацінам. У спаборніцтвах на іпадроме маглі адначасова браць удзел 12 калясніц.

Паводле легенды, менавіта на гэтым месцы адбылося выкраданне сабінянак, а таксама выкраданне скаціны Геркулеса[2].

Стварэнне[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца, што спаборніцтвы на калясніцах былі ўпершыню праведзены тут яшчэ царом Тарквініем Прыскам (каля 500 да н.э.). Даліна паміж Палацінам і Авенцінам, даўжынёю ў 600 і шырынёй каля 150 м, спрадвеку, дзякуючы свайму становішчу ў найстаражытнейшай частцы горада і надзвычай зручнай канфігурацыі мясцовасці, служыла месцам конных спаборніцтваў, звязаных з найстаражытнымі гульнямі Рыма (т.зв. лац.: ludi Romani). Да 329 да н.э. прыстасаванні для скачак у гэтым месцы не згадваліся; відавочна, акрамя арэны і часовых месцаў для ганаровых гледачоў, на месцы цырка не было ніякіх пабудоў. Верагодна, даліна апрацоўвалася і давала ўраджаі, як паказваюць найстаражытныя свяцілішчы сельскіх багоў — (алтар Конса, свяцілішча трыяды Seia, Segetia, Tutilina), захаваныя і пасля ўзвядзення цырка.

Верагодна, гульні ладзіліся толькі пасля канца жніва (у 366 г. да н.э. ludi Romani фіксаваны былі на верасень). Толькі ў 329 г. быў пабудаваны старт — лац.: carceres — з дрэва з пярэстай афарбоўкай. Пастаяннай spina не было, меты былі драўляныя. Згадкі пра пастаноўку статуй, пра будаўніцтва брамы, пра аднаўленне carceres і мет, пра ўстаноўку апарата з яйкамі для падліку тураў (лац.: missus), пра набыццё клетак для звяроў і да т.п. з'яўляюцца пасля пунічных войнаў. Пры Цэзары пашырана плошча цырка і выкапаны канал (лац.: euripus) вакол арэны.

У тыя часы спаборніцтва калясніц праходзілі па прамой — даехаўшы да канца арэны калясніцы разварочваліся і імчаліся ў адваротны бок. Пазней, з развіццём каналізацыйнай сістэмы Рыма, пад арэнай быў пракладзены вялікі тунэль (прыкладна 4,5 метраў у вышыню і 2,5 метра ў шырыню), у выніку чаго з часам на арэне ўтварыўся «хрыбет». Выраўноўванне зямлі на арэне перад кожным спаборніцтвам каштавалі істотных працавыдаткаў, і таму спаборніцтвы ўжо не маглі праводзіцца па старой схеме. Правілы спаборніцтваў былі зменены, і калясніцы сталі ездзіць не па прамой, а па кальцы, агінаючы «хрыбет» арэны. Новы спосаб правядзення конных спаборніцтваў хутка прыжыўся, і з тых часоў конныя скачкі сталі праводзіцца на кальцавых іпадромах.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Сестэрцый Каракалы, на якім бачны Вялікі цырк з абеліскам і spina

Юлій Цэзар пашырыў Вялікі цырк да 600 метраў у даўжыню, так што на ім магло размясціцца 250 тысяч гледачоў (яшчэ столькі ж маглі назіраць за спаборніцтвамі стоячы). У сярэдзіне кароткага і паўкруглага боку апісанай агароджы арэны знаходзіліся вароты, праз якія выязджалі з Цырка пераможцы на скачках (лац.: porta triumphalis). На процілеглым канцы арэны стаялі тры вежы (лац.: oppida); у сярэдняй былі зроблены таксама вароты, якія служылі для ўезду калясніц унутр Цырка (лац.: porta pompae); паміж ім і бакавымі вежамі быў створаны, справа і злева, размешчаны па дузе круга рад стойлаў (лац.: carceres) для калясніц і коней. Па сярэдзіне арэны цягнулася доўгая і вузкая платформа (лац.: spina) з паўкружжамі на абодвух канцах і конусападобнымі слупамі (лац.: metae), якія стаялі на іх. Гэта платформа была ўпрыгожана спачатку адным, а потым дзвюма абеліскамі; абодва яны ацалелі і захаваліся да нашых дзён; першы, вывезены з Егіпта і пастаўлены Аўгустам, высіцца цяпер на П'яцца дэль Попала; другі, яшчэ большы, пастаўлены Канстанцінам Вялікім, перанесены ў 1588 г. на плошчу перад Латэранскім палацам. Акрамя абеліскаў, на платформе ў двух месцах былі пастаўлены на невялікіх пастаментах (без сумневу, у гонар заступніка рысталішчаў Нептуна Eqnestris) па сем статуй дэльфінаў, якія вырыгвалі ваду ў невялікія басейны, і асобна ад гэтых фігур, на асобых падстаўках, па сем шароў (лац.: ova).

Circus Maximus, рэканструкцыя Поля Біго, універсітэт Канаў, Францыя

Сваёй пастаяннай архітэктурнай формай Вялікі цырк абавязаны Аўгусту. Рад месцаў на найбліжэйшых ступенях быў прадстаўлены сенатарам і вершнікам; гледачоў пускалі на ненумараваных бронзавых марках-квітках. Да гэтага часу адносіцца апісанне Дзіянісія Галікарнаскага. Паводле гэтага апісання, ніжні паверх месцаў для гледзішчаў быў каменны, верхнія два — драўляныя; вонкавыя аркады былі аднапавярховыя, у іх знаходзіліся крамы, корчмы і да т.п. Carceres уяўлялі сабой порцік з дванаццаццю аркамі для варотаў і сярэднім парталам. Клаўдзій стварыў мармуровыя carceres і пазалочаныя меты; Нерон у 63 годзе загадаў засыпаць Цэзараў канал, каб даць больш месца вершнікам. Пажар 64 года знішчыў, верагодна, толькі драўляныя часткі; у 68 годзе ў цырку зноў даюцца раскошныя святы. У 81 годзе Цітам была пабудавана цудоўная брама на паўднёвым кароткім боку цырка.

Эпохай у жыцці цырка было кіраванне Траяна, які значна пашырыў месцы для гледачоў, часткай на месцы знішчанага імператарскага ложа, пабудаванага Даміцыянам. Даміцыян праклаў дарогу ад цырка ў свайго палаца.[3] І пасля Траяна значная частка месцаў была драўляная, як паказваюць паўторныя выпадкі абвалаў, якія каштавалі жыцця тысячам гледачоў. Пры Канстанціне цырк быў грунтоўна рэстаўраваны; spina упрыгожылася новым абеліскам, вывезеным з Геліёпаля.

Заняпад і разбурэнне[правіць | правіць зыходнік]

Яшчэ ў VI стагоддзі Тэадорых падтрымліваў цырк; апошнія гульні даў Тотыла ў 549 годзе. Найбольш масіўнае цыркавое збудаванне — арка Ціта — стаяла да XII ст., але ўжо ў XVI ст. ад цырка заставалася не больш, чым засталося да XIX стагоддзя, калі даліну цырка забудавалі будынкамі газавай фабрыкі. У Сярэднявеччы каменныя збудаванні цырка былі разабраны на новые будаўніцтва. Тым не менш тэрыторыя цырка ніколі цалкам не забудоўвалася, і дагэтуль тут праводзяцца грамадскія мерапрыемствы (напр., рок-канцэрты).

Зноскі

  1. Circus Maximus (arena, Rome, Italy) (англ.). — артыкул з Encyclopædia Britannica Online.
  2. Секст Аўрэлій Віктар. Паходжанне рымскага народа. VII
  3. Rom. Verlag Baedeker. 12.Auflage 2002 ISBN 3-87504-125-9

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).