Гальфстрым

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Схема цячэння Гальфстрым
Тэрмічная карта Гальфстрыма ля ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі. Крыніца: НАСА.

Гальфстры́м (ад англ.: gulf stream — цячэнне з заліва) — цёплае марское цячэнне ў Атлантычным акіяне. Працягам Гальфстрыма з’яўляецца Паўночна-Атлантычнае цячэнне. З-за Гальфстрыма краіны Еўропы, што прылягаюць да Атлантычнага акіяна, адрозніваюцца больш лагодным кліматам, у адрозненне ад рэгіёнаў на аналагічнай геаграфічнай шыраце: масы цёплай вады грэюць паветра, што праходзіць над імі, а заходнія ветры пераносяць яго на Еўропу.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Гальфстрым цягнецца на 10 тысяч кіламетраў ад паўвострава Фларыда да Вялікай Ньюфаўндлендскай банкі (уласна Гальфстрым) і далей да астравоў Шпіцберген і Новая Зямля (Паўночна-Атлантычнае цячэнне).

Фарміруецца ў паўночнай частцы Фларыдскага праліва як сцёкавае цячэнне Мексіканскага заліва, рухаецца на поўнач уздоўж узбярэжжа Паўночнай Амерыкі, жывіцца водамі Паўночнага Пасатнага і Гвіянскага цячэнняў. На поўдзень (у Фларыдскім праліве) Гальфстрым мае шырыню 75 км, таўшчыню патоку 700—800 м, скорасць да 10 км/гадз, тэмпература вады на паверхні ад 24 да 28 °C, расход вады каля 25 мільёнаў м³/с (у 20 разоў перавышае расход усіх рэк зямнога шара). У акіяне Гальфстрым злучаецца з Антыльскім цячэннем, і на 38° паўночнай шыраты яго расход вады дасягае 82 мільёнаў м³/с. Каля Вялікай Ньюфаўндлендскай банкі шырыня складае 200 км, тэмпература вады на паверхні ад 10 да 20 °C; скорасць да 4 км/гадз, каля берагоў Еўропы — 0,4-0,7 км/гадз. Сярэднегадавая салёнасць — 36-36,4 %, максімальная — 36,5 % на глыбіні 200 м. Да паўднёвай ускраіны Вялікай Ньюфаўндлендскай банкі да Гальфстрыма падыходзіць з поўначы халоднае Лабрадорскае цячэнне, на мяжы з якім адбываецца перамешванне і апусканне паверхневых вод. У сістэму Гальфстрыма ўваходзяць адгалінаванні Паўночна-Атлантычнага цячэння — Нарвежскае цячэнне, Ірмінгера цячэнне і Нардкапскае цячэнне.

Гальфстрым аказвае значны ацяпляльны ўплыў на клімат, гідралагічныя і біялагічныя ўмовы паўночнай часткі Атлантычнага акіяна і на Паўночны Ледавіты акіян, а таксама на клімат Еўропы.

Гісторыя адкрыцця і даследаванняў[правіць | правіць зыходнік]

Гальфстрым выяўлены ў 1513 годзе іспанскай экспедыцыяй пад камандаваннем Хуана Понсэ дэ Леона. У 1770-я гг. Бенджамін Франклін нанёс напрамкі руху цячэння на геаграфічныя карты. З 1996 года Акіянаграфічнае ўпраўленне ВМС ЗША выдае штомесячную зводку па Гальфстрыму, у якой апісваецца яго стан у Паўночнай Атлантыцы і яго фізічныя якасці[1].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Гальфстрым // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 478. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).