Геаграфія Кітая

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Геаграфічная карта КНР

Кітайская Народная Рэспубліка знаходзіцца ва Усходняй Азіі. Плошча тэрыторыі КНР складае 9,6 млн км. Кітай з’яўляецца самай вялікай краінай у Азіі і трэцяй па плошчы краінай у свеце, саступаючы толькі Расіі і Канадзе. Прырода Кітая неверагодна разнастайная. У межах краіны ляжыць найбуйнейшае ў свеце нагор’е — Тыбет, а на мяжы з Непалам уздымаюцца горы-васьмітысячнікі, сярод якіх і Эверэст. Кітай валодае багатымі мінеральнымі, агракліматычнымі, воднымі рэсурсамі. Тут цячэ трэцяя ў свеце па даўжыні і шматводнасці рака — Янцзы. Вельмі востра стаіць пытанне аховы прыроды: лясы на ўсходзе Кітая амаль цалкам высечаны, а іх жывёльны свет — знішчаны, рэкі і азёры брудныя, паветрам у гарадах часта немагчыма дыхаць.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Тэрытарыяльныя прэтэнзіі Кітая

Кітай найбуйнейшая — краіна ва Усходняй Азіі. Сумарная даўжыня сухапутных межаў Кітая складае 22 117 км з 14 краінамі: Расія (40 км на паўночным захадзе і 3 605 км на паўночным усходзе), Манголія (4 677 км), КНДР (1 416 км) , В’етнам (1 281 км), Лаос (423 км), М’янма (2 185 км), Індыя (3 903 км), Бутан (470 км), Непал (1 236 км), Пакістан (523 км) Афганістан (76 км), Таджыкістан (414 км), Кыргызстан (858 км) і Казахстан (1 533 км). Працягласць краіны з захаду на ўсход (ад Паміра да Шанхая) — каля 4,5 тыс. км, з поўначы на поўдзень (ад ракі Амур на мяжы з Расіяй да паўднёвага ўскрайку вострава Хайнань) — каля 4,1 тыс. км.

На ўсходзе на працягу 14 000 км абмываецца Жоўтым (з залівам Бахайвань), Усходне-Кітайскім і Паўднёва-Кітайскім марамі Ціхага акіяна. За Тайваньскім пралівам, раздзяляючы сабой два паўднёвых мора, ляжыць Тайвань — найбуйнейшы востраў Кітая, які займае дэ-факта незалежная Кітайская Рэспубліка, якую Пекін не прызнае. Тайвань аддзелены ад мацерыка Тайваньскім пралівам. Хайнань — другі па велічыні востраў, ляжыць праз нешырокі — ўсяго 30 км да паўвострава Лэйчжоў — Хайнаньскі праліў (або Цюйджоў).

КНР мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі амаль да ўсіх сваіх суседзяў на сушы. На моры самым дыскусійным раёнам застаецца Паўднёва-Кітайскае мора.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Тыповы Тыбет

Складаная геалагічная будова абумовіла неверагодна разнастайны рэльеф. Рэльеф Кітая — гэта камбінацыя высокіх горных сістэм, глыбокіх міжгорных упадзін і вялікіх раўнін. На паўднёвым усходзе Кітая ляжыць самае вялікае нагор’е свету (2 млн кв.км, сярэдняя вышыня — 4,5 тыс.м.) — Тыбет, з поўдня аблямаванае высознымі Гімалаямі. Менавіта тут, на мяжы Кітая і Непала, у эпоху апошняга гораўтварэння выраслі самыя высокія горы свету, уключаючы Эверэст (8848 м). На захад ад Тыбету, у Каракаруме — яшчэ адной велічнай горнай сістэме — знаходзіцца другая вяршыня планеты — г. Чагары (8611 м).

Невысокія горы ў карставай вобласці, Гуансі

Вышыні Куньлуня, які апаясвае нагор’е з поўначы, — самага доўгага (2700 км) горнага ланцуга Азіі — дасягаюць 6,3—8,6 тыс. м. А ў перадгор’ях Цянь-Шаня знаходзіцца самая глыбокая ўпадзіна Цэнтральнай Азіі (і трэцяя ў свеце) — Турфанская (-154 м). Ад высокай расчлянёнай Цэнтральнай Азіі шырокімі ступенямі спускаюцца да Ціхага акіяна раўніны. Раўніны верхніх ступеняў — Чырвоны Басейн, Лёсавае плато — складзены лёсам, ніжніх — Сунляа і Вялікая Кітайская — магутнай тоўшчай урадлівага алювію рэк Янцзы і Хуанхэ. На поўдні і часткова на ўсходзе значную плошчу займаюць старыя невысокія маляўнічыя горы, часта паедзеныя карстам.

Карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

Кітай — адна з найбольш багатых карыснымі выкапнямі краіна. Тут здабываюць каменны вугаль, нафту, магніевыя і жалезныя руды, медзь, графіт, волава, сурму, ртуць, малібдэн, марганец, свінец, цынк, золата і інш. Асабліва вялікае значэнне маюць запасы нафты, вугалю, металічных руд і каштоўных металаў. Асноўнай крыніцай энергіі ў Кітаі з’яўляецца вугаль, па запасах якога Кітай саступае толькі ЗША і Расіі. Вугальныя радовішчы ў асноўным размешчаны ў Паўночным і Паўночна-Усходнім Кітаі. Самыя вялікія запасы вугалю сканцэнтраваны ў правінцыі Шаньсі (30 % агульнага аб’ёму запасаў) — Датунская і Янцюаньская вугальныя шахты. Буйныя рэсурсы маюцца таксама ў Паўночна-Заходнім Кітаі. Бядней вуглём іншыя раёны, асабліва паўднёвыя. Большая частка пакладаў прадстаўлена каменным вуглём.

Іншай важнай крыніцай энергарэсурсаў з’яўляецца нафта. Па запасах нафты Кітаю належыць прыкметнае месца сярод краін Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі. Радовішчы нафты выяўлены ў розных раёнах, але найбольш значныя яны ў Паўночна-Усходнім Кітаі (раўніна Сунгары-Нані), прыбярэжных тэрыторыях і шэльфе Жоўтага мора, а таксама ў некаторых ўнутраных раёнах — Джунгарскай катлавіне, Сычуані.

Кітай з’яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам золата з 2007 года[1]. У 2011 годзе аб’ём здабычы золата ў Кітаі павялічыўся на 5,89 % у параўнанні з 2010 годам і склаў 360,96 тон. Кітайскія кампаніі працягваюць актыўна асвойваць руднікі як у сваёй краіне, так і за мяжой. Таксама ў краіне вельмі вялікія залежы сланцаў, з якіх можна здабываць сланцавы газ[2]. У 2015 годзе Кітай планаваў здабыць за 6,5 млрд кубаметраў сланцавага газу. Агульны аб’ём вытворчасці прыроднага газу ў краіне вырасце на 6 % з бягучага ўзроўню. Да 2020 года ў планах было выйсці на ўзровень здабычы ў дыяпазоне ад 60 млрд да 100 млрд кубаметраў сланцавага газу штогод[3].

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

На поўначы і захадзе Кітая клімат умераны, рэзка кантынентальны. Вялізная кантынентальная маса абумоўлівае панаванне азіяцкага максімума ўзімку і вобласці нізкага ціску ўлетку. У замкнутых «ячэйках» катлавін вельмі халодная зіма (да -35 °C) і вельмі гарачае лета (сярэднія тэмпературы вышэй за +24 °C); ападкаў выпадае мала (150—300 мм). Пры руху на ўсход летнія тэмпературы амаль не змяняюцца, а зімовыя — растуць, але дадатнымі становяцца толькі на поўдзень ад вусця Янцзы. Расце і колькасць ападкаў: наветраныя ўсходнія схілы «ступеняў» атрымліваюць 500—800 мм, а паўднёва-ўсходняе ўзбярэжжа дзякуючы трапічным залевам і тайфунам — да 2000 мм — гэта вобласці мусоннага клімату з летнім максімумам.

Рэкі і азёры[правіць | правіць зыходнік]

Янзцы ў адной з трох цяснін

У Кітаі мноства рэк, агульная працягласць якіх складае 220 000 км. Звыш за 5000 з іх нясуць воды, сабраныя з плошчы больш за 100 км² кожная. Рэкі Кітая адносяцця пераважна да басейна Ціхага акіяна — гэта Янцзы, Хуанхэ, Хэйлунцзян (Амур), Чжуцзян, Ланьцанцзян (Меконг), Сіцзян, Нуцзян. Брахмапутра (кітайская назва Ялу Цангпо) прарываецца праз Гімалаі да Індыйскага акіяна; на паўночным захадзе доўгі шлях да Обі і Паўночнага Ледавітага акіяна пачынае Іртыш. Вытокі ўсіх буйных рэк Кітая знаходзяцца ў гарах. Таючы снег на ўсходняй ўскраіне Тыбецкага плато забяспечвае вадой галоўныя артэрыі краіны. Рэкі ўнутранага басейна — іх агульная вадазборная плошча ахоплівае каля 36 % тэрыторыі краіны — нешматлікія, значна аддаленыя адна ад адной і на большасці участкаў змялелыя. Яны ўпадаюць у азёры ўнутраных раёнаў або губляюцца ў пустынях ці салёных багнах.

У Кітаі шмат азёр агульнай плошчай прыкладна 80 000 кв.км. Азёры ў Кітаі таксама можна падзяліць на дзве групы. Да першай адносяцца галоўным чынам звязаныя з вялікімі рэкамі, багатыя аквапрадуктамі прэснаводныя азёры, такія, як Паянху, Дунцінху і Тайху. Да ўнутраных адносяцца салёныя азёры, самае вялікае з якіх — возера Цынхай. Сярод азёр унутраных раёнаў шмат высмаглых, напрыклад Лабнор і Цзюйянь.

Маюцца таксама тысячы штучных азёр — вадасховішчаў. Уздоўж узбярэжжа цягнецца Вялікі канал Кітая, які злучае вусці рэк Янцзы, Хуайхэ і Хуанхэ. Канал быў пабудаваны ў VII—XIII стст. і мае сумарную даўжыню 2470 км.

Ландшафты[правіць | правіць зыходнік]

Пустыня Гобі, Ганьсу

На засушлівых захадзе і поўначы пануюць пустыні (Гобі, Такла-Макан), паўпустыні і стэпы. Апошнія прасціраюцца ўздоўж лепей увільгатнёных ускраін плато Унутранай Манголіі. На вільготным мусонным усходзе пануюць лясы: на поўначы — змешаныя хвойна-шыракалістыя з карэйскага кедру, піхты, дубу, ясеню, ліпы, коркавага дрэва. Далей на поўдзень ў субтрапічным клімаце лясы становяцца вечназялёнымі — з’яўляюцца лаўр, магнолія, гінкга, смакоўніца. Па разнастайнасці лясных парод Кітай займае 1-е месца ў свеце. На асаблівасці фарміравання глебавых рэсурсаў Кітая аказала ўплыў шматвяковае вырошчванне найстаражытнейшай земляробчай культуры краіны — рысу. Яно прывяло да змянення глеб —фарміравання асобных разнавіднасцей, такіх, як «рысавыя балоцістыя» — на поўдні і ўсходне-карбанатныя — на Лёсавым плато.

Экалагічныя праблемы[правіць | правіць зыходнік]

Пекін без смогу і са смогам, 2005

У Кітаі найгоршая ў свеце сітуацыя з забруджваннем атмасферы. З 20 гарадоў з самым дымным небам 16 — кітайскія. Прычына таму — вугальная энергетыка і камунальная гаспадарка, імклівы рост аўтапарка. Ва ўмовах зімовага антыцыклону вялікія індустрыяльныя гарады паўночнага Кітая проста задыхаюцца ад смогу. Асабліва пакутуе Пекін, што ляжыць у замкнёным паніжэнні. Мяркуецца, што празмерная забруджанасць паветра выклікае рост лёгачных захворванняў, у тым ліку анкалагічных. Кітай падпісаў Кіёцкі пратакол, але не ўзяў на сябе ніякіх абавязкаў і не спяшаецца змяншаць выкіды вуглякіслага газу.

Кітайскі тыгр

Рэкі Кітая, нават самыя вялікія, ператварыліся ў сапраўдныя сцёкавыя канавы. Гэта звязана з выкідамі неачышчаных прамысловых і камунальных водаў і з вельмі спрэчнымі стандартамі дапушчальнай канцэнтрацыі забруджвальнікаў. Забруджаны нават падземныя воды, да чаго спрычынілася сельская гаспадарка. Яна ж у адказе і за імклівую эрозію глебаў. Лічыцца, што з 1949 года Кітай згубіў пятую частку ворных земляў. Адбываецца гэта ў тым ліку з-за пашырэння пустынь, асабліва, пустыні Гобі. Паводле даследванняў 2007 года Кітай страчвае каля 4000 кв.км. прадукцыйных земляў штогод. Нягледзячы на тое, што з 1970-х на мяжы Гобі ствараюцца «зялёныя бар’еры», працяглыя засухі і нерацыянальныя метады вядзення сельскай гаспадаркі прыводзяць да пыльных бур, якія назаляюць паўночнаму Кітаю кожную вясну, часам даходзячы да Карэі і Японіі.

Раставанне леднікоў у Гімалаях можа патэнцыйна прывесці да недахопу вады для соцень мільёнаў чалавек.

Прыродная расліннасць ва ўсходнім, густазаселеным, Кітаі амаль цалкам зведзена — субтрапічныя лясы засталіся толькі на стромых схілах гор і ў нацыянальных парках. Следам за лясамі зніклі многія віды жывёл, напрыклад, алень давіда, кітайскі тыгр, якіх цяпер можна сустрэць толькі ў заапарках.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Геаграфія мацерыкоў і краін: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / Н. У. Навуменка, М. Л. Страха; пад рэд. Н. У. Навуменка; пер. з рус. мовы М. Л. Страхі. — 2-е выд., перапрац. — Мінск: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1594-6.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]