Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі

Музей займае будынак былога палаца Храптовічаў па вул. Замкавая, 16
Профіль гістарычны
Заснаваны 1985
Падпарадкаванасць упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкома
Месцазнаходжанне г. Гродна, вул. Замкавая, 16, 230025
Памеры фонду 53 089
Агульная плошча 469
Плошча запаснікаў 249
muzej.by
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі — размешчаны па адрасе Гродна, вуліца Замкавая, 16. Адзіны музей у Рэспубліцы Беларусь, які спецыялізуецца на вывучэнні гістарычнага мінулага рэлігій і канфесій. Пры музеі працуюць навуковая бібліятэка (звыш 15 тысяч тамоў), рэстаўрацыйная майстэрня.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Фармальна музей пачаткова паўстаў у Полацку ў 1973 годзе паводле пастановы Бюро ЦК КПБ, але першыя гады існаваў амаль выключна на паперы. Хутка было вырашана перавесці музей у больш значны ў адміністрацыйны плане горад, таму ў 1975-77 гадах калектыў фактычна чакаў пераносу музея ў Гродна. Магчыма, перанос быў звязаны таксама з патрэбай атэістычнай прапаганды на Гродзеншчыне, якая заставалася рэгіёнам з найбольшай колькасцю веруючага насельніцтва[1][2].

У Гродне ён быў заснаваны 7 ліпеня 1977 як Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі, адкрыты для наведвальнікаў 15 студзеня 1985[3]. З 13 верасня 1989 пачаў называцца Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі рэлігіі, а з 12 жніўня 2005 атрымаў сучасную назву сучасную назву.

Першым дырэктарам музея быў прызначаны ідэйны атэіст і вядомы беларускі пісьменнік Аляксей Карпюк. Супрацоўнікам ён запомніўся як актыўны збіральнік спадчыны, які арганізоўваў паездкі па экспанаты ў самыя аддаленыя мясціны Гродзенскай вобласці[4]. Супрацоўнікі музея імкнуліся таксама збіраць матэрыялы з усёй тэрыторыі Беларусі, каб найбольш поўна паказаць разнастайнасць рэлігійнай культуры[5].

Першая экспазіцыя размяшчалася ў архітэктурным ансамблі былога жаночага манастыра Раства Багародзіцы. Пасля таго, як у 1992 комплекс быў вернуты вернікам, музей атрымаў двухпавярховы комплекс былога палаца Храптовічаў. Ён быў зусім не прыстасаваны пад патрэбы музея і патрабаваў доўгага рамонту[6]. У 2009 былі завершаны рамонтна-рэстаўрацыйныя работы ў будынку музея, адкрыта стацыянарная выстаўка «Эпоха. Час. Будынак», дзве выставачныя залы (плошчай 83,9 кв. м. і 51,3 кв. м.), канцэртная зала на 90 месцаў. У снежні 2010 адчынілі свае дзверы для наведвальнікаў шэсць залаў экспазіцыі «Рэлігія і культура ў Беларусі». У межах рэстаўрацыі будынка былога палаца над брамай змясцілі выяву герба Гродна аленя святога Губерта.

У 1979 годзе да музея ў якасці філіі была далучана Каложская царква. Супрацоўнікі музея спрыялі даследаванням стану храма, яго захаванасці[7]. У канцы 1980-х гадоў дырэктар Аляксей Карпюк сустракаўся з мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам і спрыяў перадачы будынка Каложы праваслаўнай царкве[8].

Экспазіцыі. Дзейнасць музея[правіць | правіць зыходнік]

Паводле стану на 2023 год музейная экспазіцыя складаецца з 18 залаў: 5 залаў – экспазіцыя «Эпоха. Час. Будынак», 12 залаў – экспазіцыя «Рэлігія і культура Беларусі», 1 зала – экспазіцыя «Пасля Катастрофы. З гісторыі гродзенскіх яўрэяў»)[9].

Музеем падрыхтаваны шматлікія выстаўкі ў музеях вобласці і рэспублікі, найбольш адметнымі сталі: «Повязь часоў — беларускі ручнік», «Барока ў Беларусі», «Гарадская культура», «Нам засталася спадчына», «Традыцыі продкаў: беларускі народны касцюм», «Біблія — кніга кніг», «Свет сакральнага мастацтва», «Вобраз Маці Божай у іканапісе», «Смерцю смерць перамогшы», «Святыя і падзвіжнікі хрысціянскай царквы», «Паміж небам і зямлёй».

У 2010 у залах музея арганізаваны выстаўкі «Спявай Госпаду, уся зямля» (да фестывалю царкоўных спеваў), «Вялікдзень — святаў свята», на якой была прадстаўлена калекцыя з 259 вялікодных яек заходнееўрапейскай, беларускай і расійскай вытворчасці, «У Гродне іх можна сустрэць найчасцей» (вобраз анёла ў творах гродзенскіх мастакоў), а таксама выстаўка прысвечанай фестывалю нацыянальных культур. Да Міжнароднага дня музеяў упершыню была падрыхтавана канцэртна-тэатралізаваная праграма «Дзень і ноч у музеі».

Хамаіл — малітоўнік беларускіх татар. 1850—1900

Аснову навукова-асветніцкай дзейнасці музея складаюць экскурсіі па экспазіцыях і выставах музея, лекторыі, лекцыі і кансультацыі для выхавацеляў дзіцячых садкоў і настаўнікаў сярэдніх школ, спецыялізаваныя заняткі з рознымі ўзроставымі групамі. Супрацоўнікі музея таксама праводзяць музейныя заняткі з інтэрактыўным блокам у дзіцячых садках, урокі-экскурсіі, музейныя ўрокі, тэматычны заняткі, тэматычныя экскурсы па горадзе для дзяцей і дарослых, праграмы для дашкольнікаў «Падарожжа ў мінулае Белай Русі» і «Апавяданні старога куфра», а таксама цыкл урокаў-экскурсій «Мураваныя харалы Гродна» (помнікі культавай архітэктуры), які стаў лагічным працягам праграмы «Гродназнаўства», і тэматычны экскурс «Музыка, якая застыла ў камені», распрацаваны для атрымання дадатковых паглыбленых ведаў.

Музей аказвае метадычную дапамогу ў пытаннях гісторыі рэлігіі дзяржаўным і грамадскім музеям Гродзенскай вобласці, студэнтам вышэйшых навучальных устаноў і вучням сярэдніх агульнаадукацыйных школ, прымае на экспертную камісію кнігі і помнікі мастацтва.

Час працы[правіць | правіць зыходнік]

Музей працуе кожны дзень, акрамя панядзелка, з 10.00 да 18.00 (каса да 17.00).

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Джумантаева Т. А. «Полацкаму музею-запаведнику - 50» // Музей і культурная спадчына: гісторыя, сучаснасць, погляд у будучыню. Зборнік матэрыялаў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі Мінск, 27–28 чэрвеня 2017 г. / рэдкал.: А. А. Гужалоўскі [і інш.]. – Мінск : БДУ, 2017. – С. 84–85 – 298 с.
  2. Гужалоўскі А. А. Гісторыя музейнай справы Беларусі. — Мінск: БДУ, 2012. — С. 237–239. — 303 с.
  3. Pawet: № 01 (944). pawet.net. Праверана 19 кастрычніка 2023.
  4. 31 год таму памёр Аляксей Карпюк: 9 фактаў пра знакамітага гродзенца . Hrodna.life (19 кастрычніка 2023). Праверана 19 кастрычніка 2023.
  5. Ціхаміраў А. У. «Прадметы з Гомеля і Гомельскай вобласці ў фондах Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі» // Беларусь у гістарычнай рэтраспектыве XIX–XXI стагоддзяў: этнакультурныя і нацыянальна-дзяржаўныя працэсы. Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі / рэдкалегія: А. Р. Яшчанка (гал. рэд.) [і інш.]; Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2021. С. 206 – 243 с.
  6. Музей истории религии в Гродно. museums.by. Праверана 19 кастрычніка 2023.
  7. Коложа: в прошлое на полтора века(нявызн.). harodnia.com. Праверана 19 кастрычніка 2023.
  8. Хто такі Аляксей Карпюк і чаму пра яго памятаюць гродзенцы . Hrodna.life (19 кастрычніка 2023). Праверана 19 кастрычніка 2023.
  9. Экспазіцыі – muzej.by(нявызн.). Праверана 19 кастрычніка 2023.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі / / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. – Мн., 1993. – Т. 1. – С. 428.
  • Аляксееў Ю. Адзіны на Беларусі / / Чырвоная змена. – 1997. – 1 ліп.
  • Берест В. Новый музей / / Гродненская правда. – 1985. – 23 янв.
  • Вараб'ёва Т.Л. Стварэнне музейнай экспазіцыі ў гістарычных будынках (з вопыту будаўніцтва экспазіцыі «Эпоха, час, будынак» у БДМГР) / / Краязнаўчыя запіскі. – Гродна, 1997. – Вып. 4. – С. 11–15.
  • Засельская Л. Древние стены заговорили / / Гродненская правда. – 1985. – 15 авг.
  • Карпюк А., Марат Я. Ёсць у горадзе музей / / ЛіМ. – 1978. – 18 жн.
  • Кушнер В. Свет правды / / Советская Белоруссия. – 1985. – 6 янв.
  • Ляшчонак Н. Заўтра заўсёды позна / / Спадчына. – 1999. – № 4. – С. 66–84.
  • Новік В. Ведаць і шанаваць сваё мінулае / / Гродзенская праўда. – 1995. – 18 мая.
  • Трусаў I. Запрашае новы музей / / ЛіМ. – 1986. – 22 сак.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]