Дом-музей Максіма Багдановіча (Гродна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Музей Максіма Багдановіча ў Гродне

Музей Максіма Багдановіча ў Гродне
Заснаваны 1986
Месцазнаходжанне вул. 1-га Мая 10, Гродна, Гродзенская вобласць, Беларусь
bagdanovichmuseum.by (бел.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Музей Максіма Багдановіча ў Гродне размешчаны ў мемарыяльным доме па вул. 1-га Мая, 10, пабудаваным у 1888 годзе. У гэтым доме з чэрвеня 1892 па кастрычнік 1896 года разам з бацькамі жыў беларускі паэт. Урачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі на доме адбылося 6 мая 1965 года.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1982 годзе Упраўленнем культуры Гродзенскага аблвыканкама выдадзены загад пра адкрыццё ў гэтым доме літаратурнага аддзела Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

У 1985 годзе распрацаваны тэматыка-экспазіцыйны план і вялося афармленне экспазіцыі літаратурнага аддзела «Максім Багдановіч — класік беларускай літаратуры і яго эпоха». Аўтар экспазіцыі — паэтэса, старшы навуковы супрацоўнік музея Данута Бічэль; мастакі — А. Ступень і В. Кічко.

16 мая 1986 года адбылося ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі літаратурнага аддзела. Экспазіцыя размяшчалася ў 4-х пакоях дома (плошчай 56 м²). Наведвальнікі маглі пазнаёміцца з агульным выглядам Гродна канца ХІХ — пачатку ХХ ст., сямейнымі фотаздымкамі і асабістымі рэчамі М. Багдановіча, зборнікам «Вянок» (1913), з дзейнасцю газеты «Наша Ніва», выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца».

Між іншых у стварэнні калекцыі паўдзельнічала беларуская паэтэса Ларыса Геніюш, музею былі перададзены яе вышыванкі, які вельмі падабаліся Максіму Багдановічу, але рарытэтны зборнік «Вянок» (1913) Геніюш вырашыла пакінуць у спадчыну сыну Юрыю, які жыў за мяжой. Пасля смерці маці Юрый збіраўся перавезці «Вянок» у Польшчу, але з-за пагрозы канфіскацыі на беларуска-польскай мяжы вырашыў перадаць зборнік музею.

У 1990 годзе загадчыцай літаратурнага аддзела была прызначана Данута Бічэль.

У 1992 годзе пачаўся капітальны рамонт і перапланіроўка будынка, праектаванне новай экспазіцыі. Генеральнае рашэнне па афармленні музея зроблена А. Грачовым. Работы праводзіла група мастакоў пад кіраўніцтвам В. Пратасені, аўтар экспазіцыі — Данута Бічэль. Была створана экспазіцыя (плошчай 150 м²), якая дзейнічае і цяпер, яна складаецца з наступных залаў: «Гродзенскі перыяд жыцця сям'і Багдановічаў», «Літаратурна-грамадскі рух на Беларусі ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ стст.», «Гродзеншчына літаратурная» і 4-х мемарыяльных пакояў.[1]

Урачыстае адкрыццё адноўленай экспазіцыі музея адбылося 26 мая 1994 года, сярод ганаровых гасцей быў міністр культуры і друку Рэспублікі Беларусь Анатоль Бутэвіч, а таксама Народны паэт БССР Ніл Гілевіч.

З 1 студзеня 1995 года музей дзейнічаў як самастойная адзінка «Музей Максіма Багдановіча», з 2008 — ДУК «Гродзенскі музей Максіма Багдановіча», з сакавіка 2014 — літаратурны аддзел УК «Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей».

Летам-восенню 2014 года ў межах праекта «Віртуальнае мінулае — гарант поспеху будучыні музеяў» быў праведзены рамонт экспазіцыйнай залы «Гродзеншчына літаратурная», распрацаваны новы тэматыка-экспазіцыйны план і абноўлена экспазіцыя «Гродзеншчына літаратурная», урачыстае адкрыццё якой адбылося 2 кастрычніка 2014 года.

Дом[правіць | правіць зыходнік]

Дом М. Багдановіча

Драўляны дом прамавугольны ў плане, накрыты двухсхільным дахам. Цэнтральны ўваход вырашаны верандай, плоскае пакрыццё якой з'яўляецца тэрасай перад мезанінам, накрытым самастойным двухсхільным дахам. Сцены гарызантальна ашаляваны, рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах з франтонамі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]