Еўрапейскі калегіум

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Еўрапейскі калегіум
Міжнародная назва англ.: College of Europe,
фр.: Collège d'Europe,
польск.: Kolegium Europejskie
Заснаваны 1949
Рэктар Федэрыка Магерыні
Студэнты 420
Размяшчэнне Бругэ,
Варшава
Сайт coleurope.eu
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Еўрапейскі калегіум ці Каледж Еўропы — незалежная ўстанова паслядыпломнай адукацыі па еўрапеістыцы, якая мае два кампуса: у Бругэ (Бельгія) і, пачынаючы з 1992 года, у Варшаве (Польшча). Каледж быў заснаваны ў 1949 годзе пасля Еўрапейскага кангрэса ў Гаазе такімі вядучымі еўрапейскімі фігурамі, як Уінстан Чэрчыль, Поль-Анры Спаак, Альчыдэ дэ Гасперы і інш. Мэтай стварэння калегіума была прапаганда «духу салідарнасці і ўзаемаразумення паміж народамі Заходняй Еўропы і наданне элітнай адукацыі для асоб, якія будуць падзяляць гэтыя каштоўнасці», а таксама падрыхтоўка высокакваліфікаваных студэнтаў з лідарскімі функцыямі, якія маюць стратэгічнае разуменне шырокага спектру еўрапейскіх пытанняў.

Агульная характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Калегіум з’яўляецца вышэйшай навучальнай установай, заснаванай у адпаведнасці з заканадаўствам Каралеўства Бельгія. Ён зарэгістраваны фламандскім урадам Бельгіі як вышэйшая навучальная ўстанова. Ступень магістра ўстановы афіцыйна прызнаецца урадам і з’яўляецца эквівалентам да ступені магістра, выдадзенай любым іншым бельгійскім універсітэтам.

З 1992 года калегіум адкрыў кампус у Варшаве (Польшча), які спецыялізуецца на паглыбленым вывучэнні еўрапейскай інтэграцыі краін-суседзяў ЕС. Прызнанне дыпломаў урадам Бельгіі з’яўляецца ідэнтычным для абодвух кампусаў.

На працягу 10-11 месяцаў студэнты каледжа праходзяць інтэнсіўную акадэмічную праграму ў складаным, але надзвычай стымулюючым асяроддзі. Кожны год установа выпускае 300—400 студэнтаў з кампуса ў Бругэ і 100—150 студэнтаў з кампуса ў Варшаве. Навучанне ў Каледжы Еўропы праводзіцца на дзвюх мовах, таму студэнты павінны валодаць як англійскай, так і французскай мовамі адначасова. Навучанне на польскай мове не прадугледжана.

Звычайна студэнты выбіраюцца сумесна з Міністэрствамі замежных спраў адпаведных краін-членаў ЕС і іх партнёрамі, і гэты адбор вельмі пільны. Колькасць студэнтаў з года ў год застаецца амаль нязменнай і параўнальна невялікай (на працягу многіх дзясяткаў гадоў менш за 100), але з 1990-х гадоў гэта колькасць паступова павялічвалася.

Газета «The Times» напісала пра установу: «Калегіум Еўропы, размешчаны ў сярэднявечным бельгійскім горадзе Бругэ, з’яўляецца для еўрапейскай палітычнай эліты тым самым, што і Гарвардская школа бізнесу для амерыканскага карпаратыўнага свету. Гэта месца, дзе амбіцыйныя і таленавітыя людзі атрымліваюць ўплывовыя сувязі». Выданне «The Economist» апісвае яго як «інстытут высакародных дзяўчат для еўракратаў». Еўрапейскі камісар па адукацыі Ян Фігель назваў калегіум «адным з галоўных сімвалічных цэнтраў еўрапейскіх навук у Еўрапейскім саюзе».

Кожны навучальны год мае свайго патрона і атрымлівае яго назву. Акадэмічны год адкрываецца вядучымі еўрапейскімі палітыкамі. Калегіум Еўропы ў Бельгіі мае агульныя традыцыі і часта параўноўваецца з французскай Нацыянальнай школай адміністрацыі, але мае значна больш шырокі міжнародны профіль. Выпускнікамі калегіума з’яўляюцца прэм’ер-міністр Даніі Хеле Торнінг-Шміт, намеснік прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Нік Клег, а таксама міністры замежных спраў Італіі і Фінляндыі Энца Маавера Міланезі і Александэр Стуб адпаведна. Многія выпускнікі каледжа займаюць дыпламатычныя і кіраўнічыя пасады ў еўрапейскіх інстытуцыях.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]