Замовы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Замóвы (загаворы, нагаворы, шэпты) — старажытны жанр народнай паэзіі, слоўная формула, якой надавалася магічнае значэнне. На думку Б. Рыбакова, замовы ўзніклі ў час палеаліту, 20—40 тысяч гадоў таму назад. Замовы імкнуліся ўплываць на розныя стыхійныя сілы прыроды, узаемаадносіны ў грамадстве. Замовы як жанр валодаюць вялікай сілай вобразнай экспрэсіі, у іх мноства паўтораў, асобных рытарычных фігураў. Замовы — від народнай творчасці, які ў сучасны момант у жывым бытаванні амаль не сустракаецца.

Распаўсюджванне, носьбіты, тэматычныя групы замоў[правіць | правіць зыходнік]

У мінулым замовы былі шырока распаўсюджаны ў быце і мелі чыста ўталітарнае значэнне: з дапамогай слова, магічнага дзеяння ператварыць жаданае ў рэальнасць — падобным выклікаць падобнае.

Замовы больш за ўсё знаходзіліся на ўзбраенні вузкай групы людзей — «прафесіяналаў», так званых шаптуноў, чараўнікоў, вядзьмароў, якія з мэтай замацавання ў насельніцтва веры ў магічную сілу слова нярэдка выкарыстоўвалі рацыянальныя сродкі народнай медыцыны, чым забяспечвалі найбольш устойлівае месца гэтаму віду творчасці ў народзе.

Пісаліся замовы звычайна рыфмаванай прозай («На сінім моры, на беражочку, на жоўтым пясочку стаіць дуб зялёны, да зямлі нахілёны. А з таго дуба як узняліся шуры і буры, ветры кавуры…» — з «Замовы на стрэльбу»). Некаторыя асаблівасці паэтыкі народных замоў выкарыстоўваюцца падчас у сучаснай лірычнай паэзіі («Замова» С. Панізніка).

Прынята дзяліць замовы на некалькі тэматычных груп: першая група — замовы, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю чалавека (паляванне, рыбацтва, пчалярства, збор ягад, грыбоў, захаванне жывёлы, ураджаю); другая група — замовы супраць хвароб (ліхаманка, зубны боль, укус пчалы і г.д.); трэцяя група — замовы, звязаныя з сямейнымі адносінамі і прыватным бытам (прысушкі, адсушкі — любоўныя замовы); чацвёртая група — замовы, звязаныя з грамадскімі адносінамі, і г.д.

Замовы каштоўныя тым, што ў іх знайшлі адлюстраванне многія бакі гаспадарчага і духоўнага жыцця чалавека. Яны з’яўляюцца помнікамі мастацкага слова народа, складаюць цікавую частку вуснай спадчыны народа.

Замова паляўнічага[правіць | правіць зыходнік]

Вадзіца царыца, усяму свету памачніца. Як ты змываеш сырое каменне, шэрае і белае каменне, так і змый і маю ружыну-ружніцу і булат-жалеза. Як страляе з неба Міхаіл-архангел громам і маланняй і вострай стралой і як ніхто не можа ўняць ні грома, ні маланні, ні вострай стралы, так ніхто не можа ўняць і мяне, раба божага, стральца, і маю ружыну-ружніцу і булат-жалеза. А над маёй ружынай-ружніцай і булат-жалезам няма спаругання на векі вякоў.

Даследчыкі замоў[правіць | правіць зыходнік]

Даследаваннем замоў і агульных пытанняў чарадзейства займаліся М. Доўнар-Запольскі («Чародейство в Северо-Западном крае в XVII—XVIII вв. Историко-этнографический этюд») і І. А. Берман («Чаровники и знахари северо-западного простонародья»). Разглядалі замовы Я. Ф. Карскі, К. П. Кабашнікаў, М. Я. Грынблат. Грунтоўна даследавала беларускія замовы Г. А. Барташэвіч.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]