Зубная паста

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Зубная паста

Зубная паста — жэлепадобная маса (паста або гель) для чысткі зубоў. Раней падрыхтоўвалі на аснове крэйды, сучасныя зубныя пасты ў асноўным заснаваныя на сілікатах.

Самае ранняе ўзгадванне аб зубной пасце змяшчаецца ў егіпецкім манускрыпце IV стагоддзя н. э., яе рэцэптам была сумесь парашкападобнай солі, перцу, лісця мяты і кветак касача.

Раней у якасці абразіва ў пастах выкарыстоўваўся карбанат кальцыю, але ад яго паступова адмовіліся, бо ён не з'яўляецца хімічна інертным і ўступае ў рэакцыю з іншымі кампанентамі пасты. Да таго ж крышталічная структура карбанату кальцыю блізкая да ігольчастай, а значыць траўматачная для эмалі зубоў. Цяпер яго замянілі слабыя абразіўныя рэагенты - злучэнні крэмнію (аэрасіл, алюмасілікат, дыяксід крэмнію, гідраксід крэмнію) дыкальцый фасфат.

За ўспеньванне пасты адказваюць павярхоўна-актыўныя рэчывы (ПАР). Найбольш распаўсюджаныя - лаўрылсульфат натрыю, лаўрылсарказінат натрыю, бэтаін. Увядзенне ПАР дазваляе звесці мікрапашкоджанні зубной эмалі пры чыстцы зубоў да мінімуму. Да таго ж, паводле шматлікіх сацыялагічных даследаванняў, большасць людзей з'яўляюцца прыхільнікамі высокапенных зубных паст.

Для ўтварэння аднастайнай кансістэнцыі ўжываюць злучныя рэчывы - прэпараты агара, пекцін, декстран, гліцэрына, альгінаты натрыю, натрый карбаксіметылцэлюлоза.

Актыўнымі кампанентамі зубной пасты з'яўляюцца рэчывы, якія валодаюць лячэбна-прафілактычным дзеяннем - лактат алюмінію, фтарыды, злучэнні з антымікробнай актыўнасцю, асобныя мікра-, макраэлементы і полімінеральныя комплексы, экстракты лекавых траў, ферменты, праполіс і інш.