Кавалерыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Элізабет Томпсан. «Шатландыя навекі!». 1881

Кавале́рыя (фр.: cavalerie, італ.: cavaleria, ад лац.: caballus — конь), або конніца — род сухапутных войскаў, дзе для вядзення баявых дзеянняў і перамяшчэння выкарыстоўваўся верхавы конь. Вырашала розныя тактычныя і аператыўна-стратэгічныя задачы, у т.л. праводзіла самастойныя дзеянні ў адрыве ад астатніх войск, пераадольвала вялікія адлегласці за кароткі час, хутка разгортвалася да бою, пераходзіла ад адных дзеянняў да інш. у конным і пешым страі і інш.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Кавалерыя Старажытнага Егіпта
Кавалерыст Элады на малюнку каля 500 г. да н.э.

Зарадзілася ў краінах Старажытнага Усходу ў раёнах масавага развядзення коней. Як род войск узнікла ў IX ст. да н.э. ў асірыйскай арміі. Рэгулярная конніца ўтворана ў Старажытнай Грэцыі, вялікага развіцця дасягнула ў арміі Аляксандра Македонскага (IV ст. да н.э.). У далейшым была адным з галоўных родаў войск у многіх дзяржавах.

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

У Беларусі прыкметы існавання кавалерыі вядомы з I ст. да н.э., пра што сведчыць шпора з гарадзішча Чаплін. З развіццём дзяржаўных адносін з’явіліся конныя дружыны князёў і буйных феадалаў.

Да XII ст. склаўся характэрны арсенал коннага ваяра: доўгая піка, меч або шабля, сякерка-чакан, кісцень, невялікі шчыт. Паводле комплексу ўзбраення вылучаліся цяжка- і лёгкаўзброеныя коннікі. У XIIIXIV стст. кавалерыя ператварылася ў асноўны род войска.

Кавалерыя Вялікага Княства Літоўскага на карціне «Бітва пад Оршай». Ганс Крэль, 1520—1534

У канцы XIV — пачатку XV ст. ў сувязі са з’яўленнем у Вялікім Княстве Літоўскім служылых татар вялікае пашырэнне атрымалі коннікі, узброеныя лукам (гл. Татарская конніца ў Вялікім Княстве Літоўскім}).

Ранні гусар-літвін. Абрагам дэ Бруйн, 1575.
Ротмістр татарскай кавалерыі каля 1660 г.

У канцы XV — пачатку XVI ст. са з’яўленнем суцэльнакаваных даспехаў кавалерысты-капійнікі падзяліліся на «паспешных» і «шчытавых» (гусараў). З XVI ст. кавалерысты-стральцы, узброеныя з XIV ст. арбалетамі, забяспечваліся ручной агнястрэльнай зброяй. У канцы XVI — пач. XVII ст. адбылося рэфармаванне конніцы, яна падзелена на цяжкую  (руск.) (гусары, рэйтары, аркебузеры), сярэднюю (панцырныя або пяцігорцы) і лёгкую.

З XVIII ст. кавалерысты ў аснаўным ужо не карысталіся ахоўным даспехам.

Кавалерыя адыграла значную ролю ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі Беларусі ў 1918—1920 гадах. У Вялікую Айчынную вайну ў вызваленні Беларусі ўдзельнічалі Гродзенская (13-я), Кубанска-Баранавіцкая і Кубанска-Слуцкая (9-я  (руск.) і 10-я гвардзейскія казацкія  (руск.)) дывізіі і інш. кавалерысцкія часці.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]