Калінкавічы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Горад
Калінкавічы
Царква Казанскай Іконы Божай Маці
Царква Казанскай Іконы Божай Маці
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Калениковичи, Каленкавічы
Вышыня цэнтра
172 ± 1 м і 122 м[1]
Насельніцтва
  • 37 050 чал. (1 студзеня 2023)[2]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2345
Паштовы індэкс
247691 (247692, 247693, 247694, 247695)
Аўтамабільны код
3
СААТА
3223501000
Афіцыйны сайт
Калінкавічы на карце Беларусі ±
Калінкавічы (Беларусь)
Калінкавічы
Калінкавічы (Гомельская вобласць)
Калінкавічы

Калі́нкавічы[3] (трансліт.: Kalinkavičy) — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Калінкавіцкага раёна. Размешчаны за 122 км ад Гомеля, за 275 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Гомель, Жлобін, Брэст, Оўруч (Украіна) і аўтамабільных дарог на Гомель, Парычы, Жыткавічы, Оўруч. Насельніцтва 40 315 чал. (2017)[4].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Старажытнасць[правіць | правіць зыходнік]

Выяўленыя археолагамі гарадзішчы бронзавага і ранняга жалезнага вякоў, а таксама эпохі Кіеўскай Русі сведчаць пра засяленне мясцовасці ў далёкай старажытнасці.

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

Фрагмент апісання воласці Мазырскага замка 1552 г.
Каленкавічы ў межах усходняга анклава Багрымавіцкага староства ў канцы XVIII ст.

Першы пісьмовы ўпамін пра паселішча сустрэты ў апісанні Мазырскага замка 1552 года. Прычым Каленікавічы[A] ў гэтай крыніцы разам з Гулевічамі і Пуцілавічамі, відавочна, з-за малалюднасці, названыя як адно сяло Айцючыцкай (Аўцюцевіцкай) нядзелі[B] Мазырскай воласці[6]. У рэвізіі Мазырскага староства, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам да 8 кастрычніка 1560 года, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 года, былі вызначаны межы і працягласць уздоўж і ўпоперак грунтоў сяла Гулевічы і Каленкавічы[7]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Каленкавічы — у складзе Мазырскага павета Кіеўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, пасля падпісання акта Люблінскай уніі ўлетку 1569 года — у тым жа павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. 30 чэрвеня і 22 жніўня 1582 года вёска згаданая ў справе размежавання ўгоддзяў Мазырскага[C] староства і добраў Гарбавічы, падараваных на вечнасць каралём Стэфанам Баторыем пану Стэфану Лавейку, суддзі земскаму мазырскаму[9]. 18 мая 1657 года кароль Ян Казімір, па смерці ўдавы Крыстыны з Швыкоўскіх Тышкевічавай, перадаў у трыманне вёскі Гулевічы (Hulewicze) і Каленкавічы (Kolekiewicze) паручніку Канстанціну Катоўскаму, але ўжо 22 жніўня тыя добры (Kalenkiewicze i Ole[je]wicze) атрымаў Уладзіслаў Шмелінг[10].

Прынамсі, у XVIII ст. існавала нягродавае староства, вылучанае з Мазырскага, Багрымавіцкае староства[11]. У 1789 годзе ў складзе яго, прыналежнага панам Аскеркам, названыя вёскі Багрымавічы, Рог, Хусна (Хуснае), Каленкавічы, Гулевічы, Буда і Бабровічы[D][12]. 16 мая 1774 г. складзены акт размежавання вёсак Гулевічы і Каленкавічы. У 1778 г. цэнтр Каленкавіцкага прыхода; у сяле 25 хат.

У складзе Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

З 1793 года, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, у складзе Расійскай імперыі, мястэчка Рэчыцкага павета, да 1805 года належала князю Шахоўскаму. У 1795 годзе мястэчка Старыя Каленкавічы (35 двароў) і вёска Новыя Каленкавічы, на паштовым тракце Бабруйск — Мазыр. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Каленкавіцкага казённага маёнтка была ўтворана воласць[E] з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 1 333 дзяржаўных селяніна, 2 аднадворцы, 215 яўрэяў, 14 пасяленцаў «разного звания»[13]. У 1856 годзе ўзведзены будынак Мікалаеўскай царквы (у ёй захоўваліся метрычныя кнігі з 1827 года). У 1864 годзе адкрыта народнае вучылішча. У 1866 годзе налічвалася 100 двароў. Памешчык Галалобаў у 1876 годзе меў у наваколлях 71 дзесяціну зямлі, крупарушку. Са здачай у эксплуатацыю ў 1886 годзе чыгункі Лунінец — Гомель пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя. Паводле перапісу 1897 года мястэчка ў Дудзіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Былі 2 майстэрні па апрацоўцы скураў, завод колавай мазі, 27 лавак, 3 карчмы, 3 пастаялыя двары. У сяле Каленкавічы ў гэты час былі царква, царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазін, паштова-тэлеграфная кантора, аптэка. У 1916 годзе, калі закончылася будаўніцтва чыгункі Жлобін — Оўруч, Каленкавічы сталі важным транспартным вузлом.

Найноўшая гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У красавіку 1917 года створаны валасны Савет сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У пачатку 1918 года Калінкавічы заняты польскім корпусам Ю. Доўбар-Мусніцкага. 24 лютага 1918 года ў Калінкавічы ўступілі германскія войскі, яны адышлі ў снежні 1918 года. 1 студзеня 1919 года Калінкавічы ўвайшлі ў склад абвешчанай ССРБ. З красавіка 1919 года ў Рэчыцкім павеце Гомельскай губерні РСФСР. З сакавіка да пачатку ліпеня 1920 года заняты польскімі войскамі, у лістападзе — атрадамі С. Булак-Балаховіча. З мая 1923 года да красавіка 1924 года цэнтр воласці, у склад якой увайшлі тэрыторыі скасаваных Аўцюцевіцкай і Дудзіцкай валасцей.

З ліпеня 1924 года Калінкавічы ў складзе БССР. З 1925 года горад. У 1924—1930 гадах цэнтр раёна. У 1920—1930 гадах дзейнічала рамеснае таварыства, працавалі паравы млын з лесапільняй, бачарня, кузня, электрастанцыя, цагельня, ткацкая, шавецкая, кравецкая майстэрні, тэлефонная станцыя. З лютага 1938 года ў Палескай вобласці. З 1939 года — цэнтр раёна. Падчас Вялікай Айчыннай вайны горад акупаваны нямецка-фашысцкімі войскамі. Найменне «Калінкавіцкіх» прысвоена 21-й часці і злучэнню. Адна з вуліц горада носіць імя генерала-палкоўніка П. А. Бялова, кавалерыйскі корпус якога ўдзельнічаў у вызваленні Калінкавічаў. Усталяваныя помнікі на брацкіх магілах, помнік-танк у гонар вызвалення горада, мемарыяльны знак на могілках ахвяр фашызму. З студзеня 1954 года ў Гомельскай вобласці. У 1961 годзе на тэрыторыі знойдзены Калінкавіцкі скарб. З сакавіка 1963 года горад абласнога падпарадкавання. Працуюць мясакамбінат, хлебазавод, фабрыкі мэблевая і побытавай хіміі, Палескі хімлясгас, камбінат хлебапрадуктаў, іншыя прадпрыемствы і ўстановы. У канцы 1993 года ў горадзе адкрытая царква ў імя Казанскай Багародзіцы. З 1994 года працуе Калінкавіцкі краязнаўчы музей.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • XIX стагоддзе: 1897 год — 1,3 тыс. чал.[14]
  • XX стагоддзе: 1939 год — 9,8 тыс. чал.[14]; 1959 год — 14,9 тыс. чал.[14]; 1970 год — 23,9 тыс. чал.[14]; 1995 год — 42,2 тыс. чал.[14]
  • XXI стагоддзе: 2004 год — 37,9 тыс. чал.; 2006 год — 37,7 тыс. чал.; 2008 год — 38,1 тыс. чал.; 2016 год — 39 890 чал.[15]; 2017 год — 40 315 чал.[4]; 2023 год — 37 050 чал.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Прадпрыемствы хімічнай, будаўнічых матэрыялаў, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці. Гасцініца «Дружба».

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Вуліца Міру

Калінкавіцкі дзяржаўны краязнаўчы музей.

Спорт[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Каментарыі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Гэтая, найбольш ранняя форма назвы, Калениковичи, пераконвае, што яна паходзіць ад імя Каленік. У наступнай польскамоўнай згадцы 1560 г. літара і ўжо адсутнічае — Kalenkowicze.
  2. Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялілася воласці, як даводзілася несці замкавую службу, выконваць работы на карысць замку. Па нядзелях размяркоўваліся і плацёжныя павіннасці[5].
  3. Укладальнікі калінкавіцкай кнігі «Памяць», змясціўшы ўрывак з адказу сужэнства Рафала і Марыі Аскеркаў, зусім недарэчна датавалі яго 1582 годам. Сёння тое можна прачытаць і ў энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае». На самой жа справе стражнік польны літоўскі Рафал Міхал, сын Яна Мікалая, Аскерка, жанаты з Марыяй, дачкой яго дзядзькі старосты багрымавіцкага Антонія Яўхіма Аскеркі, нарадзіўся каля 1761, а спачыў у 1818 годзе[8]; па бацьку валодаў, акрамя іншага, і Гарбавічамі. Пра Багрымавіцкае староства на 1560 год запісана ў «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі», але яго ў XVI ст., а магчыма, у адрозненне ад Загальскага, і на працягу большай часткі XVII ст. яшчэ не было. У дакуменце Аскеркаў староства адвольна названа таксама Каленкавіцкім, бо менавіта Каленкавічы мелі агульную мяжу і адпаведныя праблемы з Гарбавічамі ды непасрэдную сувязь з большасцю паселішчаў староства. Аднак, відавочна, на думку тагачасных урадоўцаў, Багрымавічы, якія здаўна атачалі шляхецкія маёнткі, мусілі і надалей заставацца намінальным цэнтрам каралеўшчыны, што складалася з двух анклаваў.
  4. На карце Вялікага гістарычнага атласа Беларусі пазначаныя яшчэ Рудзенкі, а таксама ўдакладнена, што Буда тая — Смольгаўская (Смаглаўская?).
  5. Не варта блытаць з валасцямі — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе павета — парэформеннага часу.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. Численность населения на 1 января 2023 г. и среднегодовая численность населения за 2022 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2023.
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  4. а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  5. Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П.Г. Клепатский — Т. 1: Литовский период. — Одесса, 1912. С. 185, 189—190
  6. Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. VII. T. I. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 635—636
  7. Архив ЮЗР. Ч. 8. Т. 5. Акты об украинской администрации XVI—XVII вв. — Киев, 1907. С. 477, 481—482
  8. Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej. — Poznań, 1882. Rocznik IV. S. 204, 205; Рыбчонак С., Свяжынскі У. Аскеркі гербу Мурдэліо зменены. // Спадчына. 4/1999. С. 206, 208; Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 1. А. / Т. Капіца, А. Леўчык, С.Рыбчонак і інш. – Мінск, 2002. С. 329, 330, 332
  9. Памяць. Калінкавіцкі раён. — Мінск: Ураджай, 1999. С. 53
  10. Metryka Litewska. Księga wpisów. Nr. 131. Opracował Andrzej Rachuba. — Warszawa, 2001. S. 102
  11. Насевіч, Вячаслаў. Мазырскае стараства. // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: К — Я. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2006. С. 259—260
  12. Сьпіс паселішчаў Мазырскага павету на 1789 год. Inwentarz pow. mozyrskiego 1789
  13. Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. — С. 5, 6.
  14. а б в г д Беларусь 1995.
  15. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  16. http://vcisch1.narod.ru/TELESIN/Telesin.htm

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]