Камарупа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Камарупа
350 — 1140

Сталіца Гувахаці, Тэзпур
Форма кіравання манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Камарупа (асам. কামৰূপ ৰাজ্য, бенг.: কামরূপ রাজ্য) — старажытная дзяржава ў Паўднёвай Азіі (3501140 гг.)

Утварэнне[правіць | правіць зыходнік]

Відавочна, узнікненню Камарупы папярэднічалі іншыя дзяржавы сіна-тыбецкіх народаў, што жылі ўздоўж ракі Брахмапутра. Так, у Рамаяне ўзгадваецца дзяржава Прагдж'ётыша. Аднак у канцы 1 тысячагоддзя да н. э. ніякіх звестак пра дзяржаўныя ўтварэнні на усход і поўнач ад Бенгаліі не было. Толькі ў IV ст. Самудрагупта з дынастыі Гупта ўзгадвае Камарупу як суседнюю дзяржаву. Лічыцца, што яе назва паходзіць ад імя бога Камы. У асамскіх запісах пазнейшага перыяду дзяржава звалася Прагдж'ётыша.

Заснавальнікам і першым валадаром Камарупы быў Пуш'яварман. Яго ўнук Балаварман вёў вайну супраць Самудрагупты. Яе вынікам стаў саюз паміж Камарупай і імперыяй Гуптаў. Мяжа дзвюх дзяржаў замацавалася па рацэ Каратоя. У далейшым Камарупа імкліва пашыралася на ўсход. У VI ст. валадары Камарупы вытрывалі 2 нашэсці з боку Мальвы. Зацяжная вайна з бенгальскай краінай Гаўда скончылася перамогай Бхаскарвармана (каля 600650 гг.), апошняга нашчадка Пуш'явармана.

Унутраная палітыка і культура[правіць | правіць зыходнік]

Пячатка Бхаскарвармана, 643 г.

Асноўнае насельніцтва Камарупы складалі плямёны кіратаў і млечха. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што прывілігіраванай часткай былі індаарыі, якія трапілі з Інда-Гангскай раўніны ў даліну Брахмапутры на мяжы нашай эры. З іх ліку паходзіла дынастыя Варманаў, заснавальнікаў дзяржавы. Існуе таксама думка, што гэта частка насельніцтва мела мясцовае паходжанне і прыняла індаарыйскую культуру ў выніку працяглага працэса асіміляцыі. Ён пачаўся ўжо пры першых Варманах і асабліва ўзмацніўся пасля заключэння саюза з Гуптамі. Самі Варманы і іншыя дынастыі Камарупы вялі свой род ад міфічнага валадара млечха Наракі, а праз яго — ад Вішну.

Згодна малодшым Пуранам абрысы Камарупы нагадвалі трохкутнік, межы прасціраліся на адлегласці 1230 км ад сталіцы Прагдж'ётыша, якая знаходзілася ў раёне сучаснага Гувахаці. Багатыя рачныя даліны дазвалялі актыўна займацца сельскай гаспадаркай. Сяляне Камарупы вырошчвалі какосавую пальму і іншыя фруктовыя дрэвы, за што выплочвалі дзяржаве спецыяльны зямельны падатак кара. Меліся абшчынныя і дзяржаўныя сховішчы прадукцыі сельскай гаспадаркі. Зямля знаходзілася ў прыватнай або абшчыннай маёмасці. Пустэчы і лясы належалі дзяржаве, аднак частка неапрацаваных зямель наогул не ўлічвалася. Значныя прыбыткі давалі медныя рудні. Купецтва з Камарупы гандлявала на захадзе з іншымі індыйскімі дзяржавамі. Згодна паведамленню кітайскага вандроўніка, што наведваў двор Бхаскарвармана, камарупцы ведалі пра існаванне на ўсходзе Сычуані.

Афіцыйнай рэлігіяй быў індуізм. Камарупа — месца з'яўлення вучэння шактызм. Мяркуецца, што яно сфарміравалася ў выніку прыняцця мясцовых племянных багоў у індуісцкі пантэон. У кітайскіх крыніцах паведамлялася, што тубыльцы шануць мноства розных багоў і будуюць ім храмы, але Буды не ведаюць. У Пуранах узгадваліся свяшчэнныя пагоркі. У Камарупе мог узнікнуць культ ёні. Дынастыя Варманаў належала да брахманаў. Прадстаўнікі гэтай касты займалі вызначальныя пазіцыі ў кіраванні дзяржавы, атрымоўвалі ад валадара падараванні ў выглядзе права збору падаткаў з пэўных вёсак. У пазнейшы перыяд існавання Камарупы яе манархі прынялі тытул махараджаў. Выявы валадара і яго сям'і лічыліся свяшчэннымі, ім прыносілі ахвяры.

Першыя пісьмовыя запісы, зробленыя ў Камарупе, датуюцца V ст. Іх рабілі на круглявых медных пласцінах. Пісьмовая сістэма была запазычана ў дзяржаве Гуптаў, аднак з цягам часу набыла некаторую спецыфіку. Літаратурная мова мела індаарыйскае паходжанне, лічыцца продкам сучаснай асамскай мовы.

Заняпад[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці Бхаскарвармана ў 655 г. улада перайшла ў рукі дынастыі Млечха, якая заснавала новую сталіцу каля сучаснага Тэзпура. Яе валадары былі вымушаны перадаць частку сваіх паўнамоцтваў мясцовым правадырам. Каля 900 г. правадыры выбралі валадаром Брахму з дынастыі Пала. Валадар Дхармапала (1035 - 1060 гг.) на некаторы час адрадзіў уплыў Камарупы на поўдні Азіі, заснаваў сталіцу Камарупанагар каля Гувахаці. Аднак канфлікт з бенгальскай будысцкай дынастыяй Пала прывёў да ваенных паражэнняў і распаду Камарупы ў першай палове XII ст. на шэраг дробных дзяржаў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]