Капішча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ка́пішча — у шырокім сэнсе кніжны састарэлы тэрмін, які азначае язычніцкі храм[1]; у вузкім сэнсе славянскае паганскае свяцілішча, культавае месца, дзе ўсталёўваліся ідалы багоў[2].

Заходнія славяне[правіць | правіць зыходнік]

Рэканструкцыя славянскага свяцілішча, Радонім, IX—X стст., цяперашняя Германія

У заходніх славян, у першую чаргу балтыйскіх, існавалі храмавыя архітэктурныя збудаванні і скульптурныя статуі. У той жа час існаванне славянскіх каменных храмаў з купаламі, якія ўпамінаюцца некаторымі арабскімі крыніцамі, такімі як Аль-Масудзі, X стагоддзе, не пацвярджаецца іншымі крыніцамі і належаць да ліку літаратурных выдумак[2].

Самым вывучаным храмавым комплексам славян ёсць драўляны храм у Радэне, у цяперашняй Германіі. Храм быў прамавугольным будынкам з вертыкальных плах, якія былі абабіты дошкамі ў форме антрапаморфных фігур. Цэнтральная частка будынка была пашкоджана. У будынку былі знойдзены дзве дзіды, чэрапы зубра і шасці коней[2].

Заходнееўрапейскія храністы апісвалі храмы заходніх славян у Арконе і інш. (востраў Руген), у Рэтры — Рыдэгосце, дзе паводле апісанняў існаваў трохвугольны ў плане горад з трыма брамамі і ў святым лесе было свяцілішча Сварожыча, у Шчэціне і Воліне, дзе было свяцілішча Вінета на тэрыторыі сучаснай Польшчы. Археалагічныя пошукі на гэтых месцах не далі матэрыялу, паводле якога можна было б ажыццявіць дэталёвую рэканструкцыю. Цітмарам Мерзебургскім у XI стагоддзі ўпамінаецца святы гай Шкейтбар, «Святы бор» на ўсход ад Лютцэна ў цяперашняй Германіі, шанаваны славянамі «як Бог». Гэтыя свяцілішчы былі знішчаны ў часе хрысціянізацыі славянскіх земляў[2].

Усходнія славяне[правіць | правіць зыходнік]

Княжанне Уладзіміра Святаславіча ў Кіеве: усталяваны паводле яго загаду ідал Перуна ў акружэнні нячысцікаў. Мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу, канец XV ст.

Язычніцкія храмы ўсходніх славян не вядомыя ні паводле пісьмовых крыніц, ні паводле археалагічных матэрыялаў. Супроць заходніх славян, ва ўсходніх не склаліся храмавыя архітэктура і скульптура[2].

Адзінае апісанне славянскага язычніцкага свяцілішча ў старажытнарускай літаратуры ёсць у «Аповесці мінулых часоў» (складзенай у пачатку XII стагоддзя) пад 980 годам, дзе расказана аб устанаўленні Уладзімірам Святаславічам у Кіеве на ўзгорку за межамі церамавага палаца шасці куміраў. Мяркуецца, што пры Ігару Рурыкавічу ў сярэдзіне X стагоддзя ідал Перуна месціўся непасрэдна ў двары княжацкага церама[2].

У вестцы пад 980 годам згаданыя ўсталяваныя ідалы Перуна, Хорса, Даждзьбога, Стрыбога, Сімаргла і Мокашы:

І пачаў Уладзімір княжыць у Кіеве адзін і паставіў куміры на пагорку па-за церамным дваром: Перуна драўлянага з галавою срэбнаю і вусамі залатымі, і Хорса, Дажбога, і Стрыбога, і Сімаргла, і Мокаш. І складаў ім ахвяры, называючы іх багамі, і прыводзіў сыноў сваіх і дачок, і складаў ахвяры бесам, і зневажаў зямлю ахвярамі сваімі[3].

Паводле «Аповесці мінулых часоў», пасля прыняцця хрышчэння ў Карсуні Уладзімір у 988 годзе загадаў зрынуць, пасекчы або спаліць драўляныя ідалы ў Кіеве. Ідала Перуна спусцілі ўніз па Дняпры да рачных парогаў, за межы Рускай зямлі. Тэкст летапісу аб «выгнанні» Перуна грунтуецца на этыкетным узоры — аповедзе аб выгнанні з Рыма злодзея Феўрарыя, увасаблення зімы, Феўраля, у візантыйскай Хроніцы Георгія Амартола, якая была адной з крыніц рускіх летапісаў. У той жа час умовы, у якіх былі знойдзены рэдкія язычніцкія статуі на тэрыторыі Русі, могуць сведчыць аб сапраўднасці летапіснага апавядання аб звяржэнні ідалаў, што адносіцца да Збруцкага ідала, каменнай статуі, знойдзенай пры расчыстцы ракі Шэксны ў ваколіцы старажытнарускага Белаазера[2].

Асноўнымі крыніцамі звестак аб славянскіх язычніцкіх свяцілішчах ёсць даныя археалогіі. Аднак навукоўцы па-рознаму інтэрпрэтуюць гэтыя даныя. Каменную вымостку, якая была выяўлена ў выніку яшчэ не зусім навуковых раскопак Вікенція Хвойкі ў 1908 годзе і разглядаліся як капішча Перуна або гіпатэтычнага бажаства Рода, а таксама шэсць ці пяць выступаў меркавана прызначаныя для ідалаў пантэона Уладзіміра, знойдзеныя ў 1975 годзе на Уладзімірскай вуліцы ў склепе сучаснага дома, пазбаўленыя дакладнай датыроўкі і археалагічнай дакументацыі, што робіць немагчымай іх навуковую інтэрпрэтацыю. Меркаванні Барыса Рыбакова ў гэтых адносінах[4], які падтрымаў археолагаў Пятра Талочку і Яраслава Бараўскага, якія «адкрылі» капішча Уладзіміра[5], у апошні час аспрэчваюцца[2]. Мяркуючы паводле даных летапісаў, капішча Перуна было і ў Ноўгарадзе, на Пярыні. Яно было меркавана выяўлена савецкім археолагам Валянцінам Сядовым[6], аднак і яго рэканструкцыі на сённяшні дзень выклікаюць вялікія сумневы[7]. Са славянскіх свяцілішчаў, выяўленых археолагамі, асабліва вылучаюць таксама Збруцкі культавы цэнтр[8].

У апошні час выказваюцца здагадкі, што функцыю свяцілішчаў на паўночным захадзе Русі маглі выконваць сопкі — сакральныя помнікі ў выглядзе насыпаў над пахаваннямі. Прынамсі, сам насып часцей за ўсё граў больш рытуальную функцыю, чым пахавальную. Рэшткі менавіта такога свяцілішча маглі быць выяўлены на Пярыні[9]. Пярынь пад Ноўгарадам стала разглядацца як месца капішча Перуна толькі познімі летапіснымі і іншымі паданнямі. Археолаг Валянцін Сядоў выявіў на Пярыні круглыя капаніцы, якія маюць сляды агню, і разглядаў гэтыя знаходкі як рэшткі свяцілішча[2]. Аднак гэтая інтэрпрэтацыя падвяргаецца сумненню, і знаходкі могуць быць рэшткамі знівеліраваных сопак, пахавальных насыпаў[2]. Археолагі Ірына Русанава, Барыс Цімашчук прапанавалі інтэрпрэтацыю шэрагу помнікаў XI—XIII стагоддзяў паўднёва-заходніх ускраін Кіеўскай Русі як язычніцкіх гарадоў-свяцілішчаў у сітуацыі меркаванага «двуверства», напрыклад, свяцілішча ля гары Багіт і іншыя помнікі на рацэ Збруч. Гэтае разуменне таксама носіць дыскусійны характар. Знойдзеныя на гэтых гарадзішчах чалавечыя астанкі могуць сведчыць аб ваенным разгроме. Частка з іх адносіцца да часу мангольскага нашэсця. У гэтых мясцінах не выяўлены ніякія культавыя выявы, ідалы. У цяперашнім Звянігарадзе Цярнопальскай вобласці культавым аб’ектам мог быць перакулены камень, магчыма, антрапаморфная стэла, што, як мяркуецца, звязана са звяржэннем ідалаў, у дачыненні да Кіева, апісаным у летапісе[2].

Масавымі культавымі збудаваннямі ўсходніх славян былі пераважна пахавальныя курганы, якія былі звязаны з культам продкаў[2].

Адсутнасць на Русі развітой язычніцкай пластыкі і архітэктуры тлумачыцца незавершанасцю дзяржаўных формаў язычніцкага культу. Так, князь Уладзімір Святаславіч вымушаны быў адмовіцца ад свайго сінкрэтычнага пантэону праз некалькі гадоў пасля таго, як зацвердзіў яго ў Кіеве[10].

У лісце мітрапаліта Макарыя Івану Грознаму (1534) паведамляецца, што «паганыя мольбішчы ідальскія захоўваліся і да царства вялікага князя Васіля Іванавіча», а таксама, што ў якасці маленняў выкарыстоўваюцца «лес і камяні і рэкі і балоты, крыніцы і горы і ўзгоркі, сонца і месяц і зоркі і азёры»[11].

На тэрыторыі цяперашняй Беларусі выяўлены Ходасавіцкае свяцілішча, якое, як мяркуецца, было прысвечана Перуну, а таксама Верхаўлянскае свяцілішча. Да XX стагоддзя адбываліся рытуалы на Мінскім капішчы.

Зноскі

  1. Ушаков 1935—1940.
  2. а б в г д е ё ж з і к л Петрухин 2009, с. 582—584.
  3. Пераклад Уладзіміра Кароткага і Жанны Некрашэвіч-Кароткай. Аповесці мінулых гадоў.
  4. Рыбаков Б. А. Язычество Древней Руси. Глава 9. Языческая реформа Владимира. Архівавана 23 верасня 2011.
  5. Толочко П. П., Боровский Я. Е. Язичницько капище в «городі» Володимира // Археологія Київа. Дослідження і матеріали. — Київ, 1979. — С. 3—10.
  6. Седов В. В. Древнерусское языческое святилище в Перыни Архівавана 10 кастрычніка 2011. // Краткие сообщения Института истории материальной культуры. Вып. 50. С. 92-103.
  7. Нет никаких оснований считать находки В. В. Седова капищем Перуна — это, скорее всего, просто группа сопок, см. Клейн 2004, с. 152—157.
  8. Русанова И. П., Тимощук Б. А. Збручское святилище (предварительное сообщение) Архівавана 14 снежня 2008. // Советская археология. — 1986. — № 4. — С. 90—99.
  9. Свирин К. М. Языческие святилища Северо-Запада Древней Руси в VIII — начале XI вв. Архівавана 14 кастрычніка 2011. // История и археология Новгорода. — 2006. — Вып. 2.
  10. Петрухин 2014, с. 362—363.
  11. Левкиевская 2000.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Капішча // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 27—28. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
  • Денисова И. М. Образ древнеславянского храма в русском народном искусстве // Этнографическое обозрение. — № 5. — 1992.
  • Капище // Толковый словарь живого великорусского языка  (руск.) / авт.-сост. В. И. Даль. — 2-е изд.. — СПб.: Типография М. О. Вольфа, 1880—1882.
  • Капище // Толковый словарь русского языка: В 4 т / Под ред. Д. Н. Ушакова. — М.: Сов. энцикл.: ОГИЗ, 1935—1940.
  • Клейн Л. С. Воскрешение Перуна : К реконструкции восточнославянского язычества. — СПб.: Евразия, 2004. — 480 с. — (Magicum). — ISBN 978-5-8071-0153-7. Архівавана 1 лютага 2014.
  • Левкиевская Е. Е. Мифы русского народа. — М.: Астрель, 2000. — С. 442—445. — 528 с. — (Мифы народов мира). — ISBN 5-17-002811-3.
  • Российская археология. — 1996. — № 4. — 200—207.
  • Русанова И. П., Тимощук Б. А. Языческие святилища древних славян. — М.: Ладога-100, 2007. — ISBN 5-94494-051-3.
  • Святилища / Петрухин В. Я. // Славянские древности: Этнолингвистический словарь : в 5 т. / под общ. ред. Н. И. Толстого; Институт славяноведения РАН. — М. : Межд. отношения, 2009. — Т. 4: П (Переправа через воду) — С (Сито). — С. 582—584. — ISBN 5-7133-0703-4, 978-5-7133-1312-8.
  • Седов В. В. Древнерусское языческое святилище в Перыни // Краткие сообщения Института археологии. — М.: 1953. — Т. 50.
  • Седов В. В. Восточные славяне в VI–XIII вв. — М.: Наука, 1982. — 327 с. — С. 261—268.
  • Петрухин В. Я. Русь в IX—X веках. От призвания варягов до выбора веры. — 2-е изд., испр. и доп.. — М.: Форум : Неолит, 2014. — 464 с.
  • Диба Юрій. Агіографічне джерело повідомлення ал-Мас’уді про споруди, вшановувані у слов’ян // Actes testantibus. Ювілейний збірник на пошану Леонтія Войтовича / Відпов. редактор Микола Литвин (Україна: культурна спадщина, національна свідомість, державність. Збірник наукових праць. Вип. 20. Інститут українознавства ім. І. Крип’якевича НАН України). — Львів, 2011. — С. 254—288.
  • Мурзін В., Ролле Р., Супруненко О. Більське городище. — Київ-Гамбург-Полтава, 1999.
  • Тодорова И. Култът към мъртвите в магичните ритуали на Балканите. — В. Търново, 1994.
  • Słupecki L. P. (1993). "Słowiańskie posągi bóstw". Kwartalnik Historii Kultury Materialnej. Institute of Archeology and Ethnology of the Polish Academy of Sciences. 41: 33–69. ISSN 0023-5881.
  • Słupecki L. P. Slavonic pagan sanctuaries, Warsaw, 1994.
  • Jerzy Strzelczyk (1998). Mity, podania i wierzenia dawnych Słowian [польская]. Poznań: Dom Wydawniczy Rebis. ISBN 83-7120-688-7.