Каралеўства Аквітанія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Каралеўства Аквітанія (фр.: Aquitaine) — сярэдневяковае каралеўства, якое існавала на поўдні сучаснай Францыі ў VI — IX стагоддзях.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раздзел дзяржавы Хлодвіга I паміж сынамі ў 511 годзе.

Каралеўства ў розныя перыяды ўключала землі, размешчаныя на поўдні сучаснай Францыі: Аквітанію, Пуату, Авернь, Лангедок і Гасконь.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першае Аквітанскае каралеўства (555560)[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыі, якія склалі пазней каралеўства Аквітанія, да 507 года ўваходзілі ў каралеўства вестготаў. У 507 годзе яны былі заваяваны Хлодвігам I і ўключаны ім у склад каралеўства Франкаў. Пасля смерці Хлодвіга ў 511 годзе яго ўладання былі падзелены паміж сынамі. Аквітанія была падзелена паміж Хлотарам I і Тэадорыхам I. У 555 годзе пасля смерці Тэадэбальда, унука Тэадорыха I, Аквітанія цалкам апынулася ў складзе каралеўства Хлотара. У тым жа годзе Хлотар вылучыў асобнае каралеўства (так званае «Першае Аквітанскае каралеўства») для свайго сына Храмна (пам. 560). Каралеўства ўключала Авернь і частка сучаснай Аквітаніі. Сталіцай яго стаў Клермон. Неўзабаве Храмн, падтрыманы авернскай і аквітанскай знаццю, паўстаў супраць бацькі, але ў выніку быў разбіты. У снежні 560 года па загадзе Хлотара Храмн разам з жонкай і дзвюма дочкамі быў закрыты ў адной хаціне ў Ванеце і спалены, а Аквітанія была зноў далучана да каралеўства Хлотара.

Раздзел Франкскай дзяржавы пасля смерці Хлотара I (561).

Пасля смерці Хлотара ў 561 годзе тэрыторыя Аквітаніі была падзелена паміж яго сынамі. Большая частка Аквітаніі дасталася Харыберту I, Сігіберт I атрымаў Авернь. Пасля смерці ў 567 годзе Харыберта яго ўладання, у тым ліку і Аквітанія, былі падзелена паміж яго трыма братамі.

Аквітанія пры Харыберце II (629632)[правіць | правіць зыходнік]

Каралеўства Аквітанія пры Харыберце II (намалявана зялёным колерам)

У наступны раз у асобнае каралеўства Аквітанія была вылучана ў 629 годзе Дагабертам I свайму малодшаму брату, Харыберту II (608632). У каралеўства ўвайшла тэрыторыя на поўдзень ад Луары да Пірэнеяў, якая складася з наваколляў гарадоў Тулузы, Кагора, Ажэна, Сента і Перыгё. Сваёй сталіцай Харыберт зрабіў Тулузу. На трэці год кіравання Харыберт да сваіх уладанняў далучыў Гасконь, паспяхова адбіў яе ў баскаў. Харыберт памёр 8 красавіка 632 года. Ён пакінуў малалетняга сына па імі Хільперык, які ненадоўга перажыў яго. Дагаберт I адразу ўзяў пад сваю ўладу ўсё каралеўства Харыберта, у тым ліку Гасконь.

Аквітанскі прынцыпат[правіць | правіць зыходнік]

Франкскае каралеўства ў 714 годзе. Уладанні Эда Вялікага паказаны жоўтым колерам.

Пасля далучэння ў 632 годзе Дагабертам Аквітанія была ўключана ў склад Нейстрыі. Паколькі Аквітанія і Тулуза з’яўляліся сапраўдным фарпостам супраць баскаў, каралі прызначалі туды герцагаў. Адзін з іх, Луп скарыстаўся крызісам улады 673676 гадоў і змог аб’яднаць у сваіх руках землі ад В’ена да Гароны, у тым ліку Васконію (Гасконь), стаўшы фактычна незалежным кіраўніком. Яго пераемнік, Эд Вялікі прыняў тытул «прынцэпс Аквітаніі» (лац.: Aquitaniae princeps) і, паводле меркавання некаторых даследчыкаў, насіў каралеўскі тытул. У 721 годзе ён разбіў арабаў, якія аблажылі Тулузу. Ён змагаўся супраць маярдома франкскага каралеўства Карла Мартэла. Але неўзабаве Эду прыйшлося адбіваць новыя набегі арабаў, якія ўрываліся з Іспаніі, для чаго ён быў вымушаны звярнуцца па дапамогу да Карла Мартэла, які разбіў арабскую армію ў бітве пры Пуацье.

Пасля смерці Эда ў 735 годзе Карл Мартэл уварваўся ў Аквітанію. У выніку сын Эда, Гунальд I Аквітанскі, атрымаў у спадчыну Аквітанію пры ўмове, што ён прынясе клятву вернасці Карлу. Пазней Гунальд паўстаў, але ў 742 і 745 гадах быў разбіты сынамі Карла Мартэла, Піпінам Кароткім і Карламанам, пасля чаго сышоў у манастыр, пакінуўшы свой «прынцыпат» сыну Вайферу. Пры Вайферы Аквітанія зноў вярнула сабе незалежнасць. Піпін Кароткі, стаўшы каралём, у 760768 гадах араганізаваў некалькі паходаў у Аквітанію, спусташаючы яе. Вайфер, у сваю чаргу, не раз урываўся ў каралеўства Піпіна. У 768 годзе Вайфер быў забіты ў Перыгё, пасля чаго Аквітанія канчаткова страціла незалежнасць.

Каралінгскае Аквітанскае каралеўства (778/781 — 877, 888890)[правіць | правіць зыходнік]

Для таго, каб абараніць граніцы каралеўства пасля паражэння ад баскаў у Рансевалі (778), кароль Карл Вялікі адрадзіў Аквітанскае каралеўства. Яго каралём ён прызначыў свайго нованароджанага сына Людовіка. У 781 годзе Людовік быў каранаваны ў Рыме, як кароль Аквітаніі папам, пасля чаго быў пасланы бацькам у Аквітанію. Кіраваць каралеўствам пры малалетнім каралі былі прызначаны рэгенты. Таксама Аквітанскае каралеўства атрымала асобны суд. У склад каралеўства ўвайшлі Аквітанія, Васконскае герцагства, Тулузская марка і Септыманія.

Людовік за кошт паходаў у Іспанію пашырыў тэрыторыю каралеўства. У 801 годзе армія пад кіраўніцтвам графа Тулузы Гільёма Жэлонскага заваявала Барселону. Да 811 года тэрыторыя, адваяваная ў арабаў, стала Іспанскай маркай, складзенай з графстваў, залежных ад каралінгскіх манархаў.

Пасля смерці бацькі ў 814 годзе, каранаваны імператарам Людовік прызначыў новым каралём Аквітаніі свайго другога сына Піпіна I. У ліпені 817 года імператар Людовік афіцыйна замацаваў падзел імперыі, прыняццем на генеральным сойме ў Ахене акта аб парадку ў Імперыі" (Ordinatio imperii). У каралеўства Піпіна ўвайшлі Аквітанія, Васконскае герцагства, Тулузская марка, а таксама 4 графствы: Каркасон у Септыманіі, Ацён, Авалон і Невер у Бургундыі.

У 818820 гадах Піпіну падушыў мяцеж у Гасконі. Пазней ён удзельнічаў у розных паходах бацькі, адбіваў напад арабаў. У 830834 гадах Піпін разам з братамі змагаўся супраць бацькі, незадаволены новым пераразмеркаваннем зямель. У верасні 832 годзе арлеанскі з’езд пазбавіў Піпіна, схопленага па загадзе бацькі, каралеўскага тытула, які быў перададзены імператарам свайму малодшаму сыну Карлу. Але Піпін бег, пасля чаго мяцеж аднавіўся. Толькі ў 834 годзе імператар Людовік памірыўся са старэйшымі сынамі, Піпін быў адноўлены ў ранейшым статусе караля Аквітаніі, пасля чаго ён вярнуўся ў Аквітанію і заняўся кіраваннем сваім каралеўствам, дзе яму зноў давялося душыць мяцеж у Гасконі.

Але Людовік I Набожны не пакінуў намераў надаць свайго малодшага сына, Карла, годным надзелам, у першую чаргу за кошт уладанняў караля Аквітаніі. На генеральным сойме ў Ахене ў 837 годзе, у прысутнасці Піпіна і Людовіка Баварскага, адбылася цырымонія апяразвання Карла мячом (знак дасягнення ім паўналецця) і тут жа імператар абвясціў пра стварэнне новага герцагства — Нейстрыі, у якое ўвайшлі шэраг тэрыторый на поўнач ад Луары, якія раней належалі Піпіну. Кіраўніком герцагства быў прызначаны Карл. Уся мясцовая знаць прысягнулася яму як свайму новаму сюзерэну. У 838 годзе ад Аквітанскага каралеўства на карысць Герцагства Нейстрыя былі аддзелены яшчэ некалькі абласцей.

Пасля смерці Піпіна 13 снежня 838 года аквітанская знаць прызнала каралём яго сына, Піпіна II. Але імператар Людовік I Набожны не прызнаў каралём унука, перадаўшы Аквітанію свайму малодшаму сыну Карлу. Імператар запатрабаваў, каб Піпін прыехаў у Ахен, аднак ён адмовіўся гэта зрабіць. У выніку Піпін захаваў кантроль над Аквітаніяй.

Раздзел Франкскай імперыі па Вердэнскім дагаворы 843 г.

У 841 годзе Піпін удзельнічаў у бітве пры Фантэнэ на баку імператара Лотара I. Піпін II разбіў армію Карла II, але іншы брат Карла, Людовік II Нямецкі, разбіў армію Лотара. У выніку Піпін адступіў у Аквітанію. Паводле Вердэнскага дагавора Аквітанія ўвайшла ў склад дзяржавы Карла II, але Піпін адмовіўся прызнаць Карла сваім сюзерэнам. Пры падтрымцы маркіза Бернара Септыманскага Піпін працягнуў супраціўленне Карлу.

У 844 годзе Піпін, пазбавіўшыся падтрымкі пакаранага смерцю Карлам Бернара Септыманскага, заклікаў на дапамогу нармандскага ярла Оскара, суправадзіўшы яго ад Гароны да Тулузы, даючы магчымасць разрабаваць яе. У 845 годзе Сегуін з Бардо, які змагаўся супраць гасконскага лідара Санша II Саншэ Мітары, графа Фезансака, прызнаўшы Піпіна герцагам Гасконі.

У 847 годзе ярл Оскар атрымаў у кіраванне горад Бардо, што выклікала незадаволенасць аквітанцаў. У выніку ў 848 годзе аквітанцы не падтрымалі Піпіна II, заклікаўшы на дапамогу Карла II. 6 чэрвеня Карл каранаваўся ў Арлеане як кароль Аквітаніі. Брат Піпіна, Карл, таксама прад’явіў правы на аквітанскую карону, але ў 849 годзе быў схоплены і пастрыжаны ў манахі.

Піпін працягваў барацьбу супраць Карла II да 852 года, калі ён патрапіў у палон да Санша II Саншэ, які перадаў палоннага Карлу. За гэта Санш атрымаў ад Карла тытул герцага Гасконі, а Піпін быў заключаны ў манастыры Сен-Медар у Суасоне.

Неўзабаве аквітанцы зноў паўсталі — гэтым разам супраць Карла Лысага, звярнуўшыся па дапамогу да яго брата Людовіка Нямецкага, які адправіў у Аквітанію для кіравання каралеўствам свайго сына Людовіка Малодшага. Пазней Піпін II змог збегчы. У 864 годзе ён згуртаваў вакол сябе аквітанцаў і выгнаў Людовіка. У адказ у 855 годзе Карл каранаваў каралём Аквітаніі свайго малалетняга сына Карла Малодшага, апекуном над якім быў прызначаны граф Пуацье Рамнульф I, які атрымаў тытул герцага Аквітаніі. У адрозненне ад папярэдніх каралёў рэальнай улады Карл Дзіцё не меў. Аквітанія знаходзілася ў падпарадкаванні каралю Францыі. У каралеўстве адсутнічала канцылярыя, усе прызначэнні здзяйсняў Карл Лысы. Рэальнае кіраванне каралеўствам знаходзілася ў руках савета, які ўзначальваў герцаг Рамнульф I.

Нарманы, якія абгрунтаваліся ў даліне Луары, скарыстаўшыся тым, што Карл Лысы быў заняты барацьбой з Піпінам, разарылі Пуацье, Ангулем, Перыгё, Лімож, Клермон і Бурж. Да іх далучыўся і Піпін, які ўдзельнічаў у нападзе на Тулузу. Але ў 864 годзе Піпін патрапіў у палон і быў зняволены ў Санлісе, пасля чаго звестак пра яго няма.

У 862 годзе Карл Дзіцё паспрабаваў здабыць некаторую незалежнасць ад бацькі. Ён ажаніўся без дазволу з удавой графа Буржа Гумберта. Карл Лысы расцаніў гэта як мяцеж. У 863 годзе ён уварваўся ў Аквітанію і захапіў сына ў палон і зняволіў яго ў Камп’ене. Жонка Карла Дзіцё была выдалена ад двара. Але да 865 года Карл Лысы зноў вярнуў сына ў Аквітанію. Карл Дзіцё памёр бяздзетным у 866 годзе. Новым каралём стаў іншы сын Карла Лысага, Людовік III Заіка. Ён таксама не меў рэальнай улады ў каралеўстве, якім фактычна кіраваў Базон В'енскі, герцаг Праванса, улюбёнец Карла. Толькі пасля смерці бацькі ў 877 годзе, Людовік, адзіны з чатырох сыноў Карла Лысага, які перажыў бацьку, каранаваўся ў Камп’ене як кароль Францыі і атрымаў уладу.

Пасля смерці Людовіка Заікі Францыя была падзелена на 2 часткі паміж яго двума старэйшымі сынамі. Аквітанію і Бургундыю атрымаў Карламан. Бургундская знаць адмовілася прызнаць законнасць гэтага рашэння. У выніку яны выбралі каралём Базона В’енскага. У склад яго каралеўства ўвайшла большая частка Бургундыі і Праванс. Пасля смерці брата шаснаццацігадовы Карламан быў прызнаны адзіным каралём заходніх франкаў, а Аквітанія канчаткова ўвайшла ў склад Францыі.

Утварэнне герцагства Аквітанія[правіць | правіць зыходнік]

Пасля звяржэння імператара Карла III Талстога ў лістападзе 887 года фактычным кіраўніком Аквітаніі быў граф Пуацье Рамнульф II. Ён прысвоіў сабе тытул герцага Аквітаніі, а ў 888 годзе не прызнаў абранне каралём Францыі Эда Парыжскага. Ён падтрымаў кандыдатуру Гвіда Спалецкага, а пазней абвясціў сябе каралём Аквітаніі, але гэты тытул за яго нашчадкамі не замацаваўся. Пазнейшыя кіраўнікі Аквітаніі насілі тытул герцага.

Каралі Аквітаніі[правіць | правіць зыходнік]

Меравінгі[правіць | правіць зыходнік]

Прынцэпсы Аквітаніі[правіць | правіць зыходнік]

Каралінгі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля 882, калі Карламан стаў спадчыннікам свайго брату Людовіку III і стаў каралём Францыі, Аквітаніі засталася пад вярхоўнай уладай каралёў Францыі.

Рамнульфінгі[правіць | правіць зыходнік]

Гістарычныя факты[правіць | правіць зыходнік]

  • З падзелам імперыі Карла Вялікага каралеўствы Аквітанія, Латарынгія, Бургундыя, Праванс і Італія ўвялі самастойныя чаканкі манет на ўзор імператарскіх. Манеты Латарынгіі, Праванса, Бургундыі і імперыі паслужылі асновай для італьянскай і нямецкай чаканаку; Аквітанія стала родапачынальніцай французскіх манет.[1]

Зноскі

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]