Карамандэльскі бераг

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карамандэльскі бераг на карце Індыі.

Карамандэ́льскі бераг — усходняе ўзбярэжжа паўвострава Індастан на поўдзень ад дэльты ракі Крышна да мыса Комарын. Бераг абмываецца Бенгальскім залівам Індыйскага акіяна, мае даўжыню каля 700 км і шырыню 80—100 км. Уяўляе сабой паласу пагорыстых раўнін, якія на захадзе пераходзяць ва Усходнія Гаты.

Уздоўж берага размешчаны вялікія пясчаныя пляжы і косы. Бераг невысокі, зрэзаны дэльтамі некалькіх буйных рэк, у тым ліку Каверы, Палар, Пенар і Крышна, якія ўтвараюць дэльты плошчай да 10 тыс. км². Рэкі зараджаюцца на плато Дэкан і, сцякаючы з Усходніх Гатаў, утвараюць урадлівыя алювіяльныя раўніны.

У наш час Карамандэльскі бераг размешчаны на тэрыторыі штатаў Андхра-Прадэш і Тамілнад, а таксама на саюзнай тэрыторыі Пандычэры. На беразе размешчаны буйныя партовыя гарады — Чэнаі (Мадрас), Кудалор, Транкебар (Тарангамбадзі), Нагапатнам і іншыя.

Карамандэльскі бераг з'яўляецца вільготным сельскагаспадарчым раёнам Індыі, сярод культываваных культур — рыс, какосавая пальма.

Этымалогія назвы[правіць | правіць зыходнік]

Існуе некалькі варыянтаў паходжання назвы: ад там.: Chola Mandalam — раён старажытнай дзяржавы Чола ці ад там.: Karai Mandalam — «прыбярэжны раён». Аднак найбольш верагодная версія паходжання назвы — ад слоў «Kara-mandala», што на санскрыце азначае «зямля, якая атрымлівае прамяні сонца».

Паўднёвай частцы гэтага ўзбярэжжа арабы далі назву Мабар.

Французская карта берага 1753 года.

Клімат, флора і фаўна[правіць | правіць зыходнік]

Карамандэльскі бераг трапляе ў дажджавы цень Заходніх Гатаў і атрымлівае значна менш ападкаў, чым астатняя Індыя ў перыяд летніх паўднёва-заходніх мусонаў. Сярэдняя колькасць ападкаў складае 800 мм/год, большая частка якіх выпадае з кастрычніка па снежань. Тапаграфія Бенгальскага заліва спрыяе ўтварэнню паўночна-заходніх мусонаў, якія прыводзяць да з'яўлення цыклонаў і трапічных цыклонаў замест раўнамерных ападкаў, у выніку чаго кожны год з кастрычніка па студзень узбярэжжа знаходзіцца пад ударамі стыхіі.

Уздоўж берага размешчана нешырокая паласа лесу, якая вылучаецца ў асобны экарэгіён сухіх вечназялёных лясоў. У адрозненне ад іншых трапічных сухіх лясоў, лясы Усходняга Дэкана захоўваюць лісце круглы год. На Карамандэльскім беразе таксама размешчаны вялікія па плошчы мангравыя зараснікі, якія запаўняюць дэльты рэк і нізінныя вобласці ўзбярэжжа. Акрамя таго, тут размешчаны азёры Пулікат і Калівелі, на якіх жывуць тысячы пералётных і мясцовых птушак.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 1530-х гадоў на Карамандэльскім беразе размяшчалася тры партугальскія паселішчы ў Нагапатынаме, Сан-Тамэ-дэ-Меліяпор і Пулікат. Пазней, у XVII і XVIII стст. за ўзбярэжжа ваявалі еўрапейскія дзяржавы з мэтай здабыцця кантролю над гандлем з Індыяй. Вайна скончылася перамогай Вялікабрытаніі, хоць Францыя захоўвала кантроль над невялікімі анклавамі ў Пандычэры да 1954 года. Большая частка кітайскага экспарту ў XVII стагоддзі праходзіла праз Карамандэльскія порты[1].

Землетрасенне ў Індыйскім акіяне, якое адбылося 26 снежня 2004 года каля заходняга берага вострава Суматра, выклікала цунамі, якое, абрынуўшыся на Карамандэльскі бераг, панесла шмат жыццяў і нанесла вялікую шкоду.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]