Касмічнае смецце

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Размеркаванне смецця ў калязямной прасторы

Пад касмічным смеццем (КС) маюцца на ўвазе ўсе штучныя аб'екты і іх фрагменты ў космасе, якія ўжо не функцыянуюць і ніколі больш не змогуць служыць ніякім карысным мэтам, але з'яўляюцца небяспечным фактарам уздзеяння на тыя касмічныя апараты (КА), што яшчэ функцыянуюць, асабліва пілатуемыя. У некаторых выпадках, буйныя або тыя аб'екты касмічнага смецця, што змяшчаюць на борце небяспечныя (ядзерныя, таксічныя і да т.п.) матэрыялы, могуць уяўляць прамую небяспеку і для Зямлі — пры іх некантралюемым сходзе з арбіты, няпоўным згаранні пры праходжанні шчыльных пластоў атмасферы Зямлі і выпадзенні абломкаў на населеныя пункты, прамысловыя аб'екты, транспартныя камунікацыі і да т.п.

Праблема засмечвання калязямной касмічнай прасторы «касмічным смеццем» як чыста тэарэтычная ўзнікла па сутнасці адразу пасля першых запускаў штучных спадарожнікаў Зямлі ў канцы пяцідзясятых гадоў. Афіцыйны статус на міжнародным узроўні яна атрымала пасля дакладу Генеральнага сакратара ААН пад назвай «Уздзеянне касмічнай дзейнасці на навакольнае асяроддзе» 10 снежня 1993 г., дзе асабліва адзначалася, што праблема мае міжнародны, глабальны характар: няма засмечвання нацыянальнай калязямной касмічнай прасторы, ёсць засмечванне касмічнай прасторы Зямлі, якое аднолькава негатыўна ўплывае на ўсе краіны.

Неабходнасць мер па памяншэнні інтэнсіўнасці тэхнагеннага засмечвання космасу становіцца зразумелай пры разглядзе магчымых сцэнарыяў асваення космасу ў будучыні. Існуюць ацэнкі, так званы «каскадны эфект», які ў сярэднетэрміновай перспектыве можа ўзнікнуць ад узаемнага сутыкнення аб'ектаў і часціц «касмічнага смецця». Пры экстрапаляцыі існых умоў засмечвання нізкіх калязямных арбіт (НКА), нават з улікам мер па зніжэнні ў будучыні колькасці арбітальных выбухаў (42 % усяго касмічнага смецця) і іншых мерапрыемстваў па памяншэнні тэхнагеннага засмечвання, гэты эфект можа ў доўгатэрміновай перспектыве прывесці да катастрафічнага росту колькасці аб'ектаў арбітальнага смецця на НКА і, як следства, да практычнай немагчымасці далейшага асваення космасу. Мяркуецца, што «пасля 2055 года працэс самаразмнажэння рэшткаў касмічнай дзейнасці чалавецтва стане сур'ёзнай праблемай»[1]

Характарыстыкі касмічнага смецця[правіць | правіць зыходнік]

У наш час у раёне нізкіх калязямных арбіт (НКА) аж да вышынь каля 2000 км знаходзіцца, па розных ацэнках, парадку 220 тыс. (300 тыс. паводле даных Упраўлення ААН па пытаннях касмічнай прасторы, кастрычнік 2009[2]) тэхнагенных аб'ектаў агульнай масай да 5000 тон. На падставе статыстычных ацэнак робяцца высновы, што агульная колькасць аб'ектаў падобнага роду (папярочнікам больш за 1 см) дастаткова нявызначана і можа дасягаць 60 000 х 100 000. З іх толькі парадку 10 % (каля 8600 аб'ектаў) выяўляюцца, адсочваюцца і каталагізуюцца наземнымі радыёлакацыйнымі і аптычнымі сродкамі і толькі каля 6 % гэтых аб'ектаў — дзеючыя. Каля 22 % аб'ектаў спынілі функцыянаванне, 17 % уяўляюць сабой адпрацаваныя верхнія ступені і разгонныя блокі ракет-носьбітаў, і каля 55 % — адходы, тэхналагічныя элементы звязаныя з запускам, і абломкі выбухаў і фрагментацыі.

Большасць гэтых аб'ектаў знаходзіцца на арбітах з высокім схіленнем, плоскасці якіх перасякаюцца, таму сярэдняя адносная хуткасць іх узаемнага пралёту складае каля 10 км/с. З прычыны велізарнага запасу кінетычнай энергіі сутыкненне любога з гэтых аб'ектаў з дзеючым касмічным лятальным апаратам можа пашкодзіць яго ці нават вывесці з ладу. Прыкладам можа паслужыць першы выпадак сутыкнення штучных спадарожнікаў: Космас-2251 і Iridium 33, які адбыўся 10 лютага 2009 года. У выніку абодва спадарожнікі цалкам разбурыліся, утварыўшы больш за 600 абломкаў.

Найбольш засмечаны тыя вобласці арбіт вакол Зямлі, якія часцей за ўсё выкарыстоўваюцца для працы касмічных апаратаў. Гэты НКА, геастацыянарная арбіта (ГСА) і сонечна-сінхронныя арбіты (ССА).

Унёсак у стварэнне касмічнага смецця паводле краін: Кітай — 40 %; ЗША — 27,5 %; Расія — 25,5 %; астатнія краіны — 7 %.[3]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]