Кеты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кеты
(кет)
Дзеці кетаў, 1925 г.
Агульная колькасць 1219
Рэгіёны пражывання Расія
Мова кецкая
Рэлігія Праваслаўе, анімістычныя культы, шаманізм
Блізкія этнічныя групы коты, асаны, арыны, югі

Кеты (саманазва кет «чалавек») — народ, карэнныя насельнікі Сібіры. Жывуць пераважна ў нізоўях ракі Енісей.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з паданнямі саміх кетаў, іх продкі рушылі на раку Енісей праз горы, паколькі ратаваліся ад «каменных людзей» тысьтадь. Потым з поўдню на іх напаў магутны народ кілік, і яны былі вымушаныя прасунуцца далей на поўнач.

Адзінага навуковага погляду на паходжанне кетаў і блізкіх да іх енісейскіх народаў не маецца. Археолагамі не выяўлены канкрэтныя археалагічныя культуры, якія атаясамліваюцца з іх продкамі. Сярод расійскіх навукоўцаў пануе так званая паўднёвая гіпотэза, згодна з якой продкі кетаў сфарміраваліся у II тыс. да н. э. на поўдні ці нават на поўдзень ад Сібіры ў выніку змяшэння старажытных еўрапеоідаў і мангалоідаў. Перасяленне продкаў кетаў на Енісей адбылося не пазней за I тыс. н. э. Некаторыя вучоныя знаходзяць у мове сучасных кетаў рэшткі каўказскіх і сіна-тыбецкіх моў, што нібы пацвярджае паўднёвае паходжанне[1].

Адваротная думка пра паходжанне кетаў у XX ст. сфарміравалася ў ЗША. Амерыканскія лінгвісты выявілі сувязь паміж мовамі індзейцаў-атабаскаў і кетаў[2]. Яны высунулі меркаванне, што першапачаткова на тэрыторыі Берынгіі існавала агульная супольнасць енісейцаў і на-дэне, але енісейцы вярнуліся ў Сібір, а носьбіты моў на-дэне рушылі далей у Паўночную Амерыку[3]. Генетыкі часткова пацвярджаюць сувязь кетаў з некаторымі індзейскімі народамі[4], але адносяць перасяленне продкаў гэтых індзейцаў у Паўночную Амерыку да перыяду каля 6 — 10 тысяч гадоў таму[5], калі Берынгіі ўжо не існавала. Такім чынам, магчымая супольнасць енісейцаў і на-дэне павінна была сфарміравацца на тэрыторыі Азіі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У XVII ст., калі на Енісеі з’явіліся рускія, кеты жылі ўздоўж сярэдняй плыні ракі, займаліся рыбалоўствам і паляваннем. Рускія абклалі кетаў ясаком і пабудавалі ў іх землях некалькі буйных астрогаў. У XVIII ст. яны былі падзелены на воласці, што садзейнічала паступоваму заняпаду родавай сацыяльнай сістэмы і далейшай асіміляцыі. Рускія купцы і пасяленцы актыўна гандлявалі з кетамі, наймалі іх на працу ў якасці следапытаў і лаўцоў рыбы.

У савецкі час традыцыйны лад жыцця быў фактычна разбураны. З 1930-х гг. арганізоўваліся саўгасы і прамгасы. Кеты былі вымушаныя асела жыць у сельскіх паселішчах і гарадах, вучыцца на рускай мове. У выніку асіміляцыі гэты народ знаходзіцца на грані знікнення.

Агульная дынаміка колькасці кетаў у Расіі ў XX ст.:

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Кецкія лодкі з берасцяным верхам, 1914 г.

Кеты здаўна вялі качавы і паўкачавы вобраз жыцця, займаліся пераважна пешым паляваннем і ловам рыбы. Да нашых дзён кецкія паляўнічыя лічацца выдатнымі ляснымі следапытамі. Яны ўмеюць вызначаць кірунак па руху вады, месцазнаходжанню мурашнікаў і драўняных нарастаў, нахілу хмызняку і г. д. Раней вялікую ролю ў прамысловым жыцці адыгрывалі сезонныя і кліматычныя прыкметы. На аленя і лася палявалі па першаму снежнаму насту, на вавёрак — у ветраны дзень. Рыбу лавілі з пачатку вясны — дзяўблі друзлы лёд у вусцях малых рэк і апускалі ў ваду сеткі. Яшчэ з восені на азёрах усталёўвалі загародкі для лову ментуза. Для лову язя самаробныя загародкі фарбавалі адварам альховай кары.

Збіральніцтва лічылася дапаможным заняткам. У мінулым кожная сям’я нарыхтоўвала запас сушоных арэхаў і ягад, увесну — бярозавы сок. З чагі, лісця чарніцаў і брусніцаў, карэння шыпшыны заварвалі гарбату. Яловую кару дадавалі ў паўсядзённую ежу. Расліны таксама ішлі на лекі. Узварам сушоных кветак ракітніку ратаваліся ад прастуды, каранямі шчаўя — ад страўнікавых захворванняў, гарбатай з ягелю — ад галаўнога болю. Пры тэмпературы прыкладвалі да лба анучу, прасякнутую журавінавым сокам. У народнай медыцыне таксама карысталіся свежай кроўю і печанню капытных жывёлін, жоўцю мядзведзя, лічынкамі аваднёў і інш.

Аленегадоўля з’явілася ў паўночных груп кетаў адносна позна, у XVIII—XIX стст. Алені мелі пераважна транспартны характар. Качавалі з месца на месца на вялікіх лодках з берасцяным верхам. Карысталіся таксама лыжамі, валакушамі, дзяўбанымі лодкамі, нартамі. Хатнія заняткі мужчын — разьбярства па косці і дрэву, кавальская справа. Кецкія паляўнічыя лукі, нажы і скрэблы карысталіся попытам у суседзяў. Жанчыны апрацоўвалі скуры, бяросту, гатавалі ежу, рабілі вопратку і хатняе начынне.

Традыцыйная вопратка (у мужчын і жанчын) — суконны або лямцавы халат, футравая парка. Узімку карысталіся здымнай падшэўкай з заячых скур.

Звычайным жыллём лічыўся канічны чум, крыты карой дрэваў. Будавалі таксама зямлянкі, буданы з хмызняку, маленькія свірны на палях. Зрубныя жытлы з’явіліся толькі ў пачатку XX ст.

Фальклор кетаў надзвычай багаты. Распаўсюджаны міфы, эпічныя паданні, у тым ліку аб герою Бальне (Чаромхавай Булаве) і яго братах Белегэне і Тарэце, якія ператварыліся ва ўцёсы, гістарычныя апавяданні аб ваенных сутычках з казакамі, эвенкамі і ненцамі, чароўныя казкі і загадкі.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Кецкая мова адносіцца да енісейскай групы моў і ў цяперашні час з’яўляецца ізаляванай. Вылучаюць тры гутарковыя дыялекты (некаторыя даследчыкі лічаць іх мовамі). У 1930-я гг. быў распрацаваны кецкі алфавіт на аснове лацінкі, але практычна не выкарыстоўваўся. У 1980-х распрацаваны алфавіт на аснове кірыліцы.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

З XVII ст. адбывалася далучэнне вернікаў-кетаў да праваслаўнай царквы, аднак захаваліся рэшткі анімістычных культаў і шаманізму.

У міфалагічных паданнях кетаў сусвет падзяляўся на верхнюю (нябесную) і ніжнюю (зямную) часткі. Сувязь паміж імі адбывалася праз дзірку. Пасля стварэння зямлі яна некалькі разоў наваднялася, але людзі і звяры ратаваліся на тарфяных купінах. Кеты верылі, што ў выніку наступнай сусветнай паводкі купіны ўсплывуць, і зноў народзяцца іх героі.

Галоўнае месца ў традыцыйнай рэлігіі займаў магутны бог неба Есь і набліжаная да яго добрая паўднёвая гаспадыня Тамэм. Яны супрацьстаялі гаспадыні зла Хаседэм, пра якую казалі, што яна сілкуецца чалавечымі душамі. Ніжэй за іх стаялі шматлікія добрыя і злыя духі. У сем’ях захоўваліся выразаныя з дрэва ці мамантавай косці фігуркі духа алэл, апранутага ў звярыныя скуры і анучы. Алэл ахоўваў гаспадароў, прыносіў дабрабыт. Але лічылася, што ён можа пакінуць фігурку пры парушэнні пераемнасці пакаленняў. Існавалі спецыялізаваныя алэлы, што бераглі сям’ю ад мышэй ці хвароб.

Зараджэнне шаманскай практыкі адносілі да Альбэ і Доха. Альбэ лічыўся першым чалавекам і ўдзельнікам стварэння свету. Млечны Шлях называлі шляхам Альбэ. Дох быў першым сапраўдным шаманам, які быццам бы жыў ужо ў нізоўях р. Енісей. Штогод ён адпраўляўся з птушкамі на поўдзень, а ўлетку вяртаўся зноў. Шаманам мог стаць чалавек, які перараджаўся ў выніку ўсялення ў яго духаў. У грамадстве ён адыгрываў ролю лекара, казачніка, прадракальніка, займаўся камланнем і аховай шаманскіх дрэваў. Незвычайная сіла шаманаў падкрэслівалася ў міфах пра аднаго з іх, Пуртаса. Пасля згубы ён застаўся напалову жывым, напалову мёртвым. Апошнім вялікім шаманам лічыўся міфічны Васька Лясоўкін, забіты ворагамі. Аднак, акрамя добрых шаманаў, былі і злыя — «мядзведжыя», што прыносілі шкоду.

Зноскі

  1. Малолетко, А. Древние народы Сибири. Этнический состав по данным топонимики. Т. 6. Раннее заселение Северной Азии. — Томск: Томский университет, 2012. С. 182—219.
  2. Edward Vajda, A Siberian link with Na-Dene languages
  3. Mark A. Sicoli, Gary Holton, Linguistic Phylogenies Support Back-Migration from Beringia to Asia
  4. Описание гаплогруппы Q-M242 Архівавана 4 кастрычніка 2017.
  5. Native American mitochondrial DNA analysis indicates that the Amerind and the Nadene populations were founded by two independent migrations

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]