Кім Хадзееў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кім Хадзееў
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 17 лістапада 1929(1929-11-17)
Месца нараджэння
Дата смерці 5 верасня 2001(2001-09-05) (71 год)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці філосаф

Кім Іванавіч Хадзееў (17 лістапада 1929 — 5 верасня 2001, Мінск) — філосаф, культуролаг, публіцыст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Мастак Аляксандр Анціпаў і Кім Хадзееў

З сям’і вайскоўца. Скончыў СШ у Мінску (вучыўся ў адным класе з Ж. Алфёравым).

Вучыўся на філалагічным факультэце БДУ. У студзені 1949 года быў арганізаваны культпаход студэнтаў універсітэта ў тэатр оперы і балета на балет В. Залатарова «Князь-возера». Пасля прагляду пастаноўкі студэнты наладзілі яе публічнае абмеркаванне, на якім крытычна выказаліся пра эстэтычныя якасці дадзенага балета Кім Хадзееў, Разіта Калпакчы (таксама студэнтка філфака) і Аляксандр Шлык (студэнт хімфака; усе трое былі сябрамі). Гэта выклікала гнеў партыйнага начальства. Хадзеева, Калпакчы і Шлыка грамілі за іх выступы як «касмапалітаў» і прыхільнікаў «фармалізму» на камсамольскіх і партыйных сходах. Калпакчы і Шлык пакаяліся, а Хадзееў перайшоў у наступ і, паводле яго ўласнага сведчання, публічна заклікаў да забойства Сталіна. 11 сакавіка 1949 Хадзееў быў выключаны з універсітэта загадам рэктара[1].

Справа Хадзеева была даволі гучная. Яго публічна бэсцілі не толькі на камсамольскіх і партыйных сходах, але і ва ўніверсітэцкай газеце «За сталінскія кадры» (пазней перайменаванай у «Беларускі ўніверсітэт»):

К. Хадзееў, наогул, ужо даўно выбраў сабе ідаламі фармаліствуючых літаратуразнаўцаў і мастацтвазнаўцаў і ўсімі сіламі стараецца не толькі пісаць і думаць пад іх, але і прапагандаваць іх пры кожнай магчымасці ў студэнцкай масе. Яго даклад аб літаратурнай мове «Аповесці аб сапраўдным чалавеку» Б. Палявога, зроблены на студэнцкай навуковай канферэнцыі і на семінары па рускай мове, прадстаўляе сабой голае, папугайскае перайманне пісаніны фармалістаў Шклоўскага, Петэрсона і да іх падобных. (…) Паводзіны К. Хадзеева сярод студэнтаў, наогул, выклікаюць здзіўленне. Яго выказванні, дзе ён імкнецца ачарніць совецкую літаратуру, совецкае мастацтвазнаўства; яго ўпартае жаданне даказаць першародства ўсяго замежнага і яго адмоўныя адносіны да ўсялякай грамадскай работы даўно ўжо сталі «притчей во языцех» усіх студэнтаў філалагічнага факультэта, але чамусьці да гэтай пары не былі прадметам увагі дэканата і грамадскіх арганізацый. (…) Прабыванне Хадзеева ў сценах Універсітэта выклікае законнае абурэнне студэнтаў і навуковых работнікаў.[2]

Арыштаваны і асуджаны да зняволення. Пакаранне адбываў у Ленінградскай спецыяльнай псіхіятрычнай бальніцы турэмнага тыпу, дзе пазнаёміўся з іншымі неардынарнымі палітвязнямі, у тым ліку з Юрыем Айхенвальдам, Паўлам Уліціным, Аляксандрам Асарканам.

Вызвалены са спецпсіхбальніцы 15 лютага 1954 года ў адпаведнасці з рашэннем Мінскага абласнога суда ад 30 студзеня 1954 года (адпушчаны на парукі бацьку). Вярнуўся ў Мінск. Паступіў у Мінскі педагагічны інстытут. Ад гэтага часу Хадзееў удзельнічае, а затым робіцца лідарам розных нефармальных гурткоў і аб’яднанняў.

Зноў арыштаваны 25 студзеня 1962 года. Асуджаны за захоўванне і распаўсюд (даваў пачытаць знаёмым) машынапісных кніг мастацкай прозы Паўла Уліціна «Табу» і «Анты-Асаркан» па частцы першай артыкула 67 Крымінальнага кодэкса БССР («Антысавецкая агітацыя і прапаганда»). Па той самай справе на два гады зняволення быў асуджаны і акцёр Эдуард Гарачы[3]. Апошні ў судзе паказаў, што «быў незадаволены савецкай уладай, лічыў, што сацыялізм будуецца на прыгнёце асобы, што савецкая прамысловасць пабудавана на прыгнёце сялян»[4]. У Асаркана і Уліціна (абое жылі ў Маскве) ў сувязі са справай Хадзеева і Гарачага прайшлі вобшукі[5][6]. Хадзееў знаходзіўся ва Уладзімірскай турме[крыніца?], на прымусовым лячэнні ў Ленінградскай турэмнай псіхіятрычнай бальніцы (Ленінградскай спецыяльнай псіхіятрычнай бальніцы турэмнага тыпу). Вызвалены ад прымусовага «лячэння» 8 ліпеня 1963 г. у адпаведнасці з рашэннем Мінскага абласнога суда ад 25 чэрвеня 1963 года.

З 1960-х гадоў Хадзееў — культавая фігура мінскага інтэлектуальнага падполля, «гуру» мінскага андэграўнда. У аднапакаёвай кватэры К. Хадзеева (вул. Кісялёва, д. 17, кв. 24) збіралася маладая інтэлектуальная эліта, многія станавіліся яго вучнямі, у т.л. вядомыя мастакі, музыканты, пісьменнікі, навукоўцы. Праз гурток К. Хадзеева прайшлі многія відныя дзеячы культуры Беларусі, напрыклад, Гершон Трэстман, Уладзімір Рудаў, Мікалай Захаранка, Дзмітрый Строцаў, Юлія Чарняўская[7], Андрэй Хадановіч[8]. Гурток быў прыязны да самых розных людзей, якія не ўкладваліся ў познесавецкую нарматыўнасць. Анатоль Астапенка (пад псеўданімам Антон Кулон) так апісвае атмасферу гуртка:

Суіснаванне самых розных людзей: геніяў і няздараў, некранутых дзяўчатак і прастытутак, закаханых хлопчыкаў і асоб нетрадыцыйнай арыентацыі, юнакоў і пажылых людзей, — усё гэта была «акадэмія Кіма»[9].

Сябрамі і знаёмымі Хадзеева былі Б. Акуджава, Л. Анінскі, У. Высоцкі, Ю. Кім, В. Круглянскі, Ю. Левітанскі і інш. Паводле некаторых звестак, напісаў на заказ больш за 40 кандыдацкіх і 4 доктарскія дысертацыі.

Творы К. Хадзеева друкаваліся рэдка. Да перабудовы ён публікаваўся найчасцей у суаўтарстве, прычым імя суаўтара ішло першым, каб артыкул лягчэй прайшоў праз цэнзуру. Вядомы яго артыкулы для газеты «Літаратура і мастацтва», часопіса «Дружба народов». У 1990-я гады вядомы яго артыкул у часопісе «Белорусский климат» (1997).

Асабістае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Кім Хадзееў быў халасцяком і не меў дзяцей. Кампанія, якая збіралася ў Хадзеевым доме, складалася пераважна з мужчын. Многія мемуарысты адзначаюць яго грэблівае стаўленне да жанчын у маладосці, якое, аднак, з гадамі стала больш лагодным[10].

Вобраз Кіма Хадзеева ў літаратуры[правіць | правіць зыходнік]

У рамане Уладзіміра Някляева «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» Кім Хадзееў з’яўляецца як пад уласным імем, так і як персанажы Палкоўнік і Сысой. Раман быў раскрытыкаваны Сямёнам Букчыным за гістарычную недаставернасць[11].

Публіцыст Анатоль Астапенка ў кнізе пра алкагалізм так апісвае свае ўяўленні пра асабістае жыццё Хадзеева:

Многім людзям небесстаронняя ўвага Кіма да маладых хлопчыкаў, кожны з якіх у яго — будучая геніяльная фігура ў мастацтве, здавалася падазронай. Прызнаюся, і мне таксама. Аднак нас, якія падазравалі, можна б і зразумець, бо ў гэтага мужыка — ані жонкі, ані палюбоўніцы, вакол толькі «хлопчыкі», «хлопчыкі», «хлопчыкі»…[9]

Зноскі

  1. Володин, Владимир. Исключение Кима Хадеева из университета // Минская школа: Альманах поэзии. Выпуск ІІІ. Минск, 2014. С. 422—429.
  2. Новікаў П. Падгалоскі эстэцтвуючых фармалістаў // За сталінскія кадры. 1949. 11 сакавіка. С. 2.
  3. Белохвостик, Надежда. Актер Эдуард Горячий о Минске 60-х: «Мне повезло — посадили и все. А многих выгнали из комсомола»(недаступная спасылка) // Комсомольская правда в Беларуси. 7 марта 2013.
  4. 58-10. Надзорные производства Прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Март 1953—1991. Аннотированный каталог. Под ред. В. А. Козлова и С. В. Мироненко; сост. О. В. Эдельман, Москва, 1999. С. 592.
  5. Протокол обыска у Улитина Павла Павловича по адресу — Москва, Савельевский пер., 4, кв. 1. 7 февраля 1962 года
  6. Михаил Айзенберг. Открытки Асаркана 6
  7. Уладзімір Валодзін. Квір-гісторыя Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя: спроба набліжэння. — Менск, 2016. — 600 экз.
  8. Тамковіч, Аляксандр. Нататкі Андрэя Хадановіча // Новы час. 18 жніўня 2017. С. 6-7.
  9. а б Антон Кулон. Синяя книга белорусского алкоголика. Алкогольная повесть-быль. — Минск, 2013. — С. 171.
  10. Ким. Великий прохожий. Вероятные истории / сост. А. Сушков, Е. Будинайте. Минск: Лімарыус, 2019.
  11. Букчин, Семен. Жизнь как хохма и прикол Архівавана 28 жніўня 2017. // Букчин, Семен. Кабаре на сцене и в жизни. Заметки на темы литературы, театра и кино. Санкт-Петербург, 2017. С. 107—122.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]