Ледавік Бірдмара

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ледавік Бірдмара
англ. Beardmore Glacier
Кантынент
Ледавік Бірдмара (Антарктыда)
Ледавік Бірдмара
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ледавік Бірдмара (англ.: Beardmore Glacier) — адзін з найбуйнейшых далінавых ледавікоў у свеце. Яго даўжыня складае больш за 160 кіламетраў. Ледавік знаходзіцца ў Антарктыдзе і з'яўляецца адным з галоўных праходаў праз Трансантарктычныя горы ад шэльфавага ледніка Роса да Палярнага плато. З заходняга боку ледавік абмежаваны хрыбтом каралевы Аляксандры, а з усходняга — хрыбтом Садружнасці і ледавіком Кілці.

Лёд з Усходне-Антарктычнага ледавіковага шчыта некалькімі ледавікамі сцякае праз Трансантарктычныя горы ў бок мора Роса і Заходне-Антарктычнага ледавіковага шчыта, упадаючы ў шэльфавы ледавік Роса ў паўднёва-заходняй частцы Берага Шэклтана. Гэтыя ледавікі ў асноўным цякуць перпендыкулярна восі хрыбта і падзяляюць яго на горныя сістэмы. Мяркуецца, што многія з такіх леднікоў размешчаны ўздоўж буйных геалагічных разломаў.

Праз ледавік Бірдмара пракладваліся раннія маршруты да Паўднёвага полюса. Першаадкрывальнікам быў Эрнэст Шэклтан падчас сваёй антарктычнай экспедыцыі 1908-1909 гадоў на судне «Німрод». Даследчык са сваёй групай разлічваў дабрацца да Паўднёвага полюса, але дасягнуў толькі шыраты 88°23". Група Шэклтана стала першай, хто ступіў на вялікае палярнае плато. Праход праз Трансантарктычныя горы быў ажыццёўлены па ледавіку, якому экспедыцыя дала імя сэра Уільяма Бірдмара (англ.: William Beardmore), шатландскага прамыслоўца і спонсара экспедыцыі, які нарадзіўся ў 1856 годзе.

Экспедыцыя 1911-1913 гадоў Роберта Скота скарысталася тым жа праходам у 1911 годзе пры спробе дасягнуць полюса. Каманда Скота паспяхова дасягнула мэты 18 студзеня 1912 года, аднак незалежная група Руаля Амундсена, якая дзейнічала незалежна, апярэдзіла іх на 35 дзён, скарыстаўшыся пры пераходзе праз горы раней невядомым ледавіком Акселя Хейберга.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]