Літоўскі правінцыйны камітэт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Літоўскі правінцыйны камітэт
польск.: Komitet Prowincjonalny Litewski
Лідар Кастусь Каліноўскі
Дата заснавання 1861
Дата роспуску де-юрэ распушчаны ў сакавіку 1863 года, дэ-факта спыніў існаванне пасля паражэння паўстання
Саюзнікі і блокі Польскі нацыянальны ўрад,
Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы
Партыйны друк дэ-факта «Мужыцкая праўда»

Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК) быў створаны ў Вільні ўлетку 1862 года з мэтай падрыхтоўкі паўстання супраць царызму. Фармальна ЛПК быў падпарадкаваны Цэнтральнаму Нацыянальнаму камітэту (ЦНК). У ЛПК уваходзілі прадстаўнікі як «чырвоных», так і «белых». Па ініцыятыве ЛПК збіраліся сродкі на правядзенне паўстання, набывалася зброя і былі створаныя мясцовыя рэвалюцыйныя арганізацыі: Гродзенская (Кастусь Каліноўскі), Мінская (А. Трусаў), Наваградская (У. Борзабагаты) і іншыя. Найбольш масавай і актыўнай сярод мясцовых арганізацый была Гродзенская. Кастусь Каліноўскі, яе кіраўнік, стаў адным з уплывовых кіраўнікоў ЛПК, а ў кастрычніку 1862 года ўзначаліў яго. Сярод членаў камітэту былі Зыгмунт Чаховіч і Ян Козел-Паклеўскі.

У студзені 1863 года на тэрыторыі Польшчы пачалося паўстанне, што стала нечаканасцю для беларускіх рэвалюцыянераў, але было неадкладна падтрымана імі. 1 лютага ЛПК абвясціў сябе Часовым Правінцыйным урадам Літвы і Беларусі і выдаў праграмныя дакументы, якія дублявалі праграму польскіх аднадумцаў. Насельніцтва края заклікалася да паўстання, усе жыхары незалежна ад веры, стану і паходжання аб'яўляліся свабоднымі і раўнапраўнымі. У сялянскую ўласнасць пераходзілі зямельныя надзелы, з памешчыкамі за зямлю павінна была разлічыцца дзяржава. Рэкруцкая павіннасць замянялася 3-гадовай усеагульнай ваеннай павіннасцю. Аднаўлялася ўніяцкая царква.

Сярод кіраўнікоў паўстання адсутнічала адзінства, разгарнулася барацьба за ўладу. «Белыя» ўсталявалі кантроль над кіруючымі органамі спачатку ў Варшаве, а потым і на месцах. У сакавіку 1863 года ЛПК быў распушчаны і створаны «Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы». Каліноўскі і яго паплечнікі падпарадкаваліся, каб пазбегнуць расколу.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]