Мечыслаў Пароўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мечыслаў Эварыставіч Пароўскі
польск.: Mieczysław Porowski
Старшыня Польскага Таварыства «Асвета» у Мінску (в.а.)[1]
1908 — 5 снежня 1909
Папярэднік князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі
пасля гэтай даты прадаўжаў дзейнасць у канспірацыі
Старшыня Польскай школьнай маціцы Мінскай зямлі
3 мая 1917 — 15 лютага 1918
Папярэднік няма (пасада заснавана)
Пераемнік Канстанцін Рдултоўскі

Нараджэнне 1878(1878)
Смерць 1965(1965)
Жонка (?) Зінаіда Баляславаўна Пароўская (уп.1913 г.), член рады 1-га дабрачыннага таварыства ў Мінску[2]
Партыя

Мечыслаў Пароўскі, Мечыслаў Эварыставіч Пароўскі (польск.: Mieczysław Porowski) (1878—1965) — гаспадарчы і грамадскі дзеяч Расійскай імперыі, Беларусі і Польшчы. Быў адным з лідараў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), дзе займаў пасаду дырэктара яго гандлёвага аддзела; выконваў абавязкі старшыні (1908—1909) Польскага Таварыства «Асвета» у Мінску; старшыня (1917—1918) Польскай школьнай маціцы Мінскай зямлі; член Польскай рады Мінскай зямлі (1917); член Рады БНР (1918).

Дзейнасць у Мінскім таварыстве сельскай гаспадаркі[правіць | правіць зыходнік]

Быў дваранінам-каталіком Мінскай губерні, грамадзянінам Расійскай імперыі.

Пражываў у Мінску, здымаючы адзін час кватэру ў даходным доме Абрампольскага.

З'яўляўся шматгадовым членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), дзе дамінавалі палітычныя ідэі «краёвай канцэпцыі» («краёвасці»), і адным з яго лідараў, бо шмат год займаў пасаду дырэктара аднаго з галоўных аддзелаў МТСГ — гандлёвага аддзела (т.зв. «сельскагаспадарчага сіндыката»). Шмат год быў аднадумцам і блізкім сябрам лідара МТСГ Эдварда Вайніловіча і яго сям'і. Паводле ацэнкі Эдварда Вайніловіча, Пароўскі вылучаўся працавітасцю і камерцыйнымі здольнасцямі[3].

Дзейнасць у сферы польскамоўнай і каталіцкай адукацыі[правіць | правіць зыходнік]

Члены рады і настаўніцы Польскага таварыства «Асвета» у Мінску[4], фота 1907—1908 гг.

У 1905 г. разам з Міхалінай Ленскай (1882—1940) узначалілі нелегальнае Польскае таварыства «Асвета» у Мінску, задачамі якога была арганізацыя і каардынацыя польскамоўнай і рэлігійнай (каталіцкай) адукацыі. Акрамя таго, адной з галоўных мэт было выхаванне дзяцей у духу «польскага патрыятызму» для рэалізацыі «польскай ідэі», якая жыла на былых землях Вялікага Княства Літоўскага, — адраджэння былой федэрацыйнай Рэчы Паспалітай у межах да 1772 года[5]. Мечыслаў Пароўскі ўспамінаў пазней, што стварэннем «Асветы» хацелі падтрымаць «неўміручы польскі дух, які на ўсходніх рубяжах Вялікай Рэчы Паспалітай бараніў яе межы перад маскоўскай прагнасцю і кідаў пасевы заходняй культуры»[6].

Пасля 1907 г., у перыяд легальнай дзейнасці «Асветы», быў яе віцэ-старшынёй аж да 1917. У ствараемых школах разам з польскай выкладалася таксама і беларуская і руская мова, а вучні знаёміліся таксама з навінкамі беларускамоўных кніг[7]. Пасля выезду з Мінска старшыні Таварыства, ксяндза Казіміра Міхалкевіча ў 1908 г., выконваў яго абавязкі[8] да моманту фармальнага самароспуску арганізацыі 5 снежня 1909 г. Насамрэч ён працягваў арганізатарскую дзейнасць ў духу распушчанай арганізацыі падпольна. У 1911 г. расійская паліцыя атрымоўвала даносы, што Пароўскі арганізуе нелегальныя школы па вывучэнню польскай мовы і культуры ў Мінску[9].

Лібералізацыя ў галіне нерускамоўнай адукацыі, якая адбылася пасля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) у Расійскай імперыі, дазволіла Мечыславу Пароўскаму зноў пачаць легальную дзейнасць у галіне польскай адукацыі. У Мінску, які падпарадкоўваўся тады ўладзе Часовага ўрада Расіі на чале з князем Георгіем Львовым, Мечыслаў Пароўскі 2 красавіка 1917 г. выступіў у гарадской думе з патрабаваннем увядзення школьніцтва на беларускай мове, якога афіцыйна не было ў Расійскай імперыі, і выказаўся, што беларусы маюць права адрадзіць сваё пісьменства, якім шырока карысталіся яшчэ ў XVI ст.[10] 3 мая 1917 г. на Вольным сходзе членаў Польскай школьнай маціцы Мінскай зямлі Пароўскага абралі старшынём гэтай арганізацыі. Пасля 15 лютага 1918 г. яго месца заняў Канстанцін Рдултоўскі, уплывовы член Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[11].

У час Першай сусветнай вайны[правіць | правіць зыходнік]

30 ліпеня 1914 г. (па прычыне распачатай Першай сусветнай вайны і адпаведнага занепакоення расійскіх улад) падпісаў разам з іншымі дваранамі Мінскай губерні адрас расійскаму цару Мікалаю II, дзе выказвалася аб вернасці манарху і Расійскай імперыі[12]. У пачатку вайны па ініцыятыве лідараў МТСГ быў створаны «Камітэт дапамогі ахвярам вайны з Каралеўства Польскага», які было прапанавана ўзначаліць Мечыславу Пароўскаму, — і ён згадзіўся. Камітэт сабраў грошы з многіх маянткоўцаў-каталікоў Мінскай губерні, але сабраныя 106 000 рублёў у канечным выніку не ўдалося перадаць Цэнтральнаму грамадзянскаму камітэту. Было вырашана пакінуць тую суму ў Таварыстве ўзаемнага крэдыту ў Мінску[13].

16 чэрвеня 1918 г. у Мінску т.зв. «група Вайніловіча» звярнулася з Дэкларацыяй да камандзіра 10-й нямецкай арміі нямецкага генерала Эрыха фон Фалькенгайна, у якой прасіла паспрыяць прызнанню незалежнасці Беларускай дзяржавы: «Агульны сход Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, які складаецца з верных сыноў і грамадзян гэтай краіны, выказвае гарачае пажаданне, што багатая гістарычнымі, дзяржаўнымі традыцыямі і этнаграфічнай адметнасцю Беларусь, краіна з уласнай культурай з дапамогай магутнага Германскага Рэйха будзе прызнана незалежнай дзяржавай па прыкладу Літвы і Украіны і расквітнее ў саюзе з Цэнтральна-еўрапейскімі дзяржавамі». Гэтая Дэкларацыя была падпісана прадстаўнікамі МТСГ (Эдвард Вайніловіч, Мечыслаў Пароўскі, Вітальд Лопат, Зыгмунт Рэвенскі, Ігнат Віткевіч), Саюза землеўласнікаў Мінскай губерні (граф Ежы Гутэн-Чапскі, Аляксандр Любанскі, Леў Львовіч Ваньковіч, Міхал Валовіч) і Саюза Мінскага дваранства (Людвік Уняхоўскі, Геранім Кеневіч, Юзаф Свянціцкі)[14]. У ліпені 1918 г. кіраўнік Прадстаўніцтва Рэгенцыйнай Рады Каралеўства Польскага у Берліне граф Адам Ронікер атрымаў распараджэнне з дапамогай друку пазнаёміць грамадства Германскай Імперыі і Аўстра-Венгерскай імперыі з гэтым дакументам. У суправаджальным лісце да распаражэння ўказвалася, што мінскія землеўласнікі падтрымліваюць незалежнасць Беларусі, абвешчаную Радай БНР, і іх пазіцыя не звязана з польскім нацыянальным рухам[15].

18-19 чэрвеня 1918 г. у Мінску прысутнічаў на другім Польскім сходзе, арганізаваным лідарамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, што былі кіраўнікамі Польскай рады Мінскай зямлі. Другі Польскі сход быў арганізаваны з мэтай канчатковага выцяснення прыхільнікаў Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі («эндэкаў») са складу выканаўчага камітэта Польскай рады Мінскай зямлі. Мечыслаў Пароўскі, з'яўляючыся ўплывовым членам МТСГ, быў выбраны тады ў склад выканчаўчага камітэта Польскай рады Мінскай зямлі[16].

У канцы кастрычніка 1918 г. як дэлегаваны ад МТСГ увайшоў у якасці члена ў склад Рады БНР[17].

Удзел у спробе стварэння Вялікага Княства Літоўска-Беларускага (1918)[правіць | правіць зыходнік]

Пасля таго, як у пачатку лістапада 1918 г. нямецкія войскі пакідалі тэрыторыю Магілёўскай губерні паводле рашэнняў Брэсцкага міра з бальшавікамі ад 3 сакавіка 1918 г., лідары карэннага дваранства Мінскай губерні (галоўным чынам, члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі) выказаліся супраць падзелу Беларусі на часткі, выступілі з ініцыятывай стварэння пад нямецкім куратарствам Вялікага Княства Літоўска-Беларускагапаўночна-заходніх губерняў), прычым не ў якасці аўтаноміі ў рамках Расіі ці Польшчы, а як самастойнай дзяржавы. Імі таксама планавалася, што новая дзяржава са сталіцай у Вільні будзе мець канстытуцыйна-манархічны лад[18]. Мечыслаў Пароўскі ў ліку іншых асоб (у тым ліку — графа Ежы Чапскага, Рамана Скірмунта і Эдварда Вайніловіча) падпісаў зварот мінскіх дваран да генерала Эрыха фон Фалькенхайна (1861—1922), камандзіра 10-й нямецкай арміі ў Беларусі, праз якога хацелі паведаміць германскаму імператару Вільгельму II аб сваім жаданні стварэння Вялікага Княства Літоўска-Беларускага. Аднак ідэя стварэння новай дзяржавы аказалася нерэалізаванай[19].

Паміж Мінскам і Варшавай[правіць | правіць зыходнік]

Пасля прыходу ў студзені 1919 г. у Мінскую губерню атрадаў Чырвонай Арміі Пароўскі выехаў з Мінска ў Варшаву, дзе згрупаваўся з такімі ж эмігрантамі з Мінскай губерні, якія 6 снежня 1918 г. заснавалі сваю арганізацыю «Саюз палякаў беларускіх ускраін» (каля 200 чалавек). На паседжаннях Саюза звычайна старшынстваваў Эдвард Вайніловіч[20]. Маянткоўцы вырашылі далучыцца да Камітэта абароны крэсаў (Komitet Obrony Kresów), які ўзначальваў князь Яўстах Сапега (1881—1963), імкнуўся арганізаваць самаабарону маянткоўцаў літоўска-беларускіх зямель ад бальшавікоў і разгарнуў агітацыю ахвотнікаў у Літоўска-беларускія дывізіі. Мечыслаў Пароўскі выдаткаваў грошы і падтрымаў ідэю ўваходжання літоўска-беларускіх зямель у склад аднаўляемай Юзафам Пілсудскім шматнацыянальнай федэратыўнай Рэчы Паспалітай і ўстанавіць усходнюю мяжу новай дзяржавы як мага далей наўсход (да ўсходніх меж былой Рэчы Паспалітай — да часу першага падзелу ў 1772 годзе)[21]. Прымаў удзел у паседжаннях членаў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, што аднавіла сваю дзейнасць у Варшаве[22].

Ад Польскай рады Беларускіх зямель, у склад якой уваходзіла і Польская рада Мінскай зямлі, Мечыслаў Пароўскі быў абраны дэлегатам да Уставадаўчага сейма Польшчы і выступаў за ўнію Беларусі і Польшчы, але катэгарычна супраць інкарпарацыі Беларусі Польшчай[23]. Мандаты дэлегатаў Польскай рады Беларускіх зямель не былі прызнаны польскім сеймам.

Дзейнасць пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921)[правіць | правіць зыходнік]

Польскі «Арол» і літоўская «Пагоня» на вокладцы першага тома мемуараў Эдварда Вайніловіча, 1931 г.

Пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) стаў грамадзянінам Польшчы. 29 красавіка 1921 г. у Варшаве прыняў удзел у паседжанні Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), на якім быў напісаны праект пратакола, які дэклараваў самаскасаванне таварыства і па зместу быў своеасаблівым «тастаментам», а па сваёй сутнасці яшчэ і абвінаваўчым актам супраць падпісантаў Рыжскага дагавора. Радай было вырашана прадставіць пратакол аб самаскасаванні арганізацыі на разгляд усіх членаў таварыства і прапанаваць стварыць падобнае ж таварыства сельскай гаспадаркі з сядзібай у Баранавічах ці Навагрудку, куды перадаць ацалелыя грашовыя фонды Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. 1 мая 1921 г. прысутнічаў на агульным сходзе членаў МТСГ у Варшаве ў зале Цэнтральнага таварыства сельскай гаспадаркі (у доме № 30 на вуліцы Каперніка), дзе Эдвардам Вайніловічам быў зачытаны пратакол аб самаскасаванні МТСГ, што было ўхваленена ўсімі прысутнымі[24].

Пазней стаў дырэктарам крухмальнага сіндыката ў Варшаве. Да Пароўскага некалькі разоў у Варшаву заязджаў з Быдгашча Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928), былы старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. У сваім тастаменце Эдвард Вайніловіч папрасіў Генрыха Скірмунта (1868—1939), Цітуса Паніквіцкага, Мечыслава Пароўскага і Казіміра Здзяхоўскага (1875—1942) паклапаціліся пра публікацыю рукапіса яго мемуараў[25]. Менавіта гэтыя людзі (да якіх далучыўся і Раман Скірмунт) у 1931 у Вільні выдалі першую частку ўспамінаў «пана Эдварда» (аб падзеях да 21 мая 1921)[26].

Пасля смерці Вайніловіча з Пароўскім часта сустракалася Ядвіга Кастравіцкая (сястра Эдварда Вайніловіча), каб парадзіцца аб справах, якія прасіў выканаць паводле тастамента яе брат Эдвард[27].

Мечыслаў Пароўскі памёр у 1965 г. Пакінуў унікальныя мемуары, дзе апісаў палітычныя падзеі ў Беларусі ў 19041918 гг., галоўным чынам — дзейнасць лідараў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Мемуары пакуль не надрукаваны, а захоўваюцца ў рукапісе.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Porowski, M. Przed wyborami do Rady Miejskiej / M. Porowski // Nowy Kurier Litewski. — 1917. — nr 106. — S. 2.

Зноскі

  1. в.а. — выконваў абавязкі старшыні.
  2. Памятная книга Минской губернии на 1913 г., стр.104.
  3. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 69.
  4. Сядзяць (злева — направа): Розум, Вайткевіч, Ганна Чакатоўская, Міхаліна Ленская, Мечыслаў Пароўскі. Стаяць (злева — направа): (скарбнік) Людамір Брадоўскі, Барсукова, Вітвінская, Пятроўская, Цякавая, М. Чарноцкая, (настаўніцы) Лернянтовіч, Кажалоўская, Янкайціс, Макарэвіч, Моенк, Залуцкая, Язвінская, Прыялгоўская.
  5. Porowski, M. Praca społeczna… С. 4.
  6. Porowski, M. Praca społeczna… С. 15.
  7. Porowski, M. Praca społeczna… С. 5; Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 35.
  8. Tarasiuk, D. Między nadzieją … С. 34
  9. Tarasiuk, D. Między nadzieją … С. 40
  10. Tarasiuk, D. Między nadzieją... С. 184.
  11. Tarasiuk, D. Między nadzieją … С. 42
  12. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 178.
  13. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 80.
  14. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.451—452.
  15. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.452.
  16. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 337; Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej… С. 68—72.
  17. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.482.
  18. Szpoper, D. Sukcesorzy… С. 141; Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 208—209.
  19. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 208—209.
  20. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 217—220.
  21. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 220—221.
  22. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 240.
  23. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 340.
  24. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 326—327, 332.
  25. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. v.
  26. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. xxiv; Chmielewska, G. Cierń… С. 308—311.
  27. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. xxiv; Chmielewska, G. Cierń… С. 317.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Весь Минск. ― Мн., 1911.
  • Памятная книга Минской губернии на 1913 г. ― Мн., 1912.
  • Смалянчук, А. Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 700 с.
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s. — ISBN 978-83-227-2629-7.
  • Chmielewska, G. Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie / G. Chmielewska. — Łomianki : LTW, 2011. — 369 s.
  • Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане: Матэрыялы Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 ліст. 2006 г. / Польскі Ін-т у Мінску; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: Польскі Ін-т у Мінску, 2007. — С. 65—81.
  • Porowski, M. Praca społeczna kobiety-Polki w Mińszczyźnie na polu oświaty ludowej w okresie 1900—1916 roku / M. Porowski. — Nieśwież : Druk. «Wspólnej Sprawy», 1917. — 16 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.