Мікалай Мікалаевіч Аляксандраў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікалай Мікалаевіч Аляксандраў
Дата нараджэння 29 мая (11 чэрвеня) 1917
Месца нараджэння
Дата смерці 7 кастрычніка 1981(1981-10-07) (64 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці хірург, медыцынскі адміністратар
Навуковая сфера медыцына
Месца працы
Навуковая ступень доктар навук
Навуковае званне прафесар
Альма-матар
Партыя
Узнагароды
Герой Сацыялістычнай Працы
Ордэн Леніна Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі Ордэн Чырвонага Сцяга Ордэн Чырвонага Сцяга
Ордэн Чырвонага Сцяга Ордэн Чырвонага Сцяга Ордэн Айчыннай вайны I ступені Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Чырвонай Зоркі

Мікалай Мікалаевіч Аляксандраў (11 чэрвеня 1917, Бранск — 7 кастрычніка 1981, Мінск) — беларускі, савецкі хірург, арганізатар аховы здароўя, член-карэспандэнт АМН СССР[1], прафесар.

Старшыня Беларускага рэспубліканскага навуковага таварыства анколагаў, член праўленняў Усесаюзных навуковых таварыстваў анколагаў, рэнтгенолагаў і радыёлагаў, член навуковага савета па праблеме «Злаякасныя наваўтварэнні» пры прэзідыуме АМН СССР. Герой Сацыялістычнай Працы (1977)[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 29 мая (11 чэрвеня) 1917 года ў горадзе Бранску ў сям’і настаўнікаў. Скончыўшы ў 1935 годзе сярэднюю школу ў горадзе Арле, па камсамольскім закліку паступіў у Ваенна-Медыцынскую Акадэмію (ВМА) імя С. М. Кірава ў горадзе Ленінградзе.

У Чырвонай Арміі з 1935 года. У гады вучобы ў ВМА ў якасці палкавога лекара прымаў удзел у аказанні першай медыцынскай дапамогі параненым падчас савецка-фінляндскай вайны 1939—1940 гадоў. За мужнасць і гераізм быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, які ўручыў яму ў Маскоўскім Крамлі «ўсесаюзны стараста» М. І. Калінін. Член ВКП(б)/КПСС з 1939 года.

Пасля заканчэння з адзнакай у 1940 ВМА[1], М. М. Аляксандраў быў пакінуты ў акадэміі ў якасці ад’юнкта кафедры факультэцкай хірургіі, якую ўзначальваў прафесарам У. М. Шамавым  (руск.).

У гады Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Аляксандраў знаходзіўся ў дзеючай арміі, у войсках Ленінградскага і 1-га Украінскага франтоў, прайшоўшы шлях ад хірурга і камандзіра 107-га медыка-санітарнага батальёна, дывізіённага лекара 56-й стралковай дывізіі, старэйшага спецыяліста хірургічнай групы ўзмацнення АРМУ 55-й арміі, старэйшага хірурга і начальніка хірургічнага палявога рухомага шпіталя, да начальніка Гарнізоннага шпіталя ў Аўстрыі (горад Вена).

За самаахвярную працу, якая выратавала жыцці многіх байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, М. М. Аляксандраў быў узнагароджаны другім Ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені і Чырвонай Зоркі.

У 1946 годзе вярнуўся на кафедру факультэцкай хірургіі ВМА, скончыўшы ў тым жа годзе ад’юнктуру, а затым працаваў старшым навуковым супрацоўнікам і выкладчыкам кафедры факультэцкай хірургіі ВМА.

У 1951 годзе М. М. Аляксандраў на працягу паўгода ва ўмовах ваенных дзеянняў у Карэйскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі (КНДР) кіраваў нейрахірургіяй, актыўна ўкараняючы ў практыку ўласна распрацаваны ім метад выкарыстання антыбіётыкаў пры раненнях галаўнога мозгу з мэтай прафілактыкі і лячэння ўскладненняў. Вывучэнне дадзенага метаду было паспяхова завершана ва ўмовах факультэцкай хірургіі ў ВМА імя С. М. Кірава, а атрыманыя вынікі абагульнены ў доктарскай дысертацыі (1954) і ў манаграфіі «Пеніцылінавая эпілепсія і выбар спосабу ўжывання антыбіётыкаў пры адкрытых пашкоджаннях чэрапа» (1966). За гэты перыяд М. М. Аляксандраў быў узнагароджаны трэцім Ордэнам Чырвонага Сцяга, другім ордэнам Чырвонай Зоркі і ордэнам Свабоды і незалежнасці КНДР.

У 1956 годзе М. М. Аляксандраў быў узнагароджаны чацвёртым ордэнам Чырвонага Сцяга. Пад яго кіраўніцтвам у 1955—1960 гадах было выканана і абаронена 7 кандыдацкіх дысертацый па пытаннях лячэння агнястрэльных раненняў у пашкоджаных іанізуючай радыяцыяй.

З 1960 года М. М. Аляксандраў, які праслужыў у войску 25 гадоў, пасля звальнення ў запас па стане здароўя, быў накіраваны Міністэрствам аховы здароўя СССР у сталіцу Беларусі горад Мінск, дзе ўзначаліў зноў створаны Навукова-даследчы інстытут анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Міністэрства аховы здароўя Беларускай ССР, адначасова ён быў абраны загадчыкам кафедры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў[1]. Пад кіраўніцтвам М. М. Аляксандрава пад Мінскам быў выбудаваны навуковы гарадок інстытута анкалогіі.

Будучы галоўным анколагам Міністэрства аховы здароўя БССР, М. М. Аляксандраў праводзіў вялікую працу па ўмацаванні і ўдасканаленні арганізацыі анкалагічнай службы ў рэспубліцы. У 1962 годзе яму было прысвоена званне прафесара. У 1974 годзе ён абраны членам-карэспандэнтам АМН СССР.

Сваім вопытам па арганізацыі анкалагічнай дапамогі ў Беларусі Мікалай Мікалаевіч дзяліўся на розных рэспубліканскіх медыцынскіх форумах, на пасяджэннях, якія праводзіліся з удзелам сацыялістычных краін, у перыяд камандзіровак у ЗША, ГДР, Аўстрыю, Швейцарыю, Нідэрланды. З 1974 года ён з’яўляўся экспертам СААЗ па пытаннях міжнароднай кааперацыі супрацьракавых даследаванняў. Гэты досвед працы знайшоў адлюстраванне ў манаграфіі 1980 года «Супрацьракавая барацьба ў краінах-членах СЭУ», у напісанні якой Мікалай Мікалаевіч прымаў удзел.

Выбітны навуковец жыў у горадзе-героі Мінску. Памёр 7 кастрычніка 1981 года. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках (участак № 26).

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Александров Н. Н., Рыжков С. В., Суковатых Л. С. Ранения черепа и головного мозга при острой лучевой болезни / Под ред. действ. чл. АМН СССР заслуж. деятеля науки проф. В. Н. Шамова. — Ленинград: Медгиз. Ленингр. отд-ние, 1962. — 176 с. : ил. ; 23 см.
  • Операции на надпочечниках у больных далеко зашедшим раком молочной железы. — Мн., 1971 (совм. с Т. А. Пантюшенко)
  • Операционный риск и интенсивная терапия в онкологической клинике. — Мн., 1976 (в соавт.)
  • Примениние гипертермии и гипергликемии при лечении злокачественных опухолей. — М., 1980 (в соавт.)

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

  • Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 лютага 1977 года за выдатныя дасягненні і ўнесены вялікі ўклад у справу развіцця медыцынскай навукі Аляксандраву Мікалаю Мікалаевічу прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і молат».
  • Ордэн Леніна (1977), чатыры ордэна Чырвонага Сцяга, два ордэны Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені і ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971).
  • Узнагароджаны шматлікімі медалямі.
  • Ганараваны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР (1967, 1972).

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Мікалай Мікалаевіч Аляксандраў апублікаваў звыш 240 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій.

У 1984 годзе на фасадзе будынка галоўнага адміністрацыйнага корпуса інстытута, які М. М. Аляксандраў узначальваў больш за дваццаць гадоў, урачыста адкрыта мемарыяльная дошка, а ў 1997 годзе Навукова-даследчаму інстытуту анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь прысвоена імя яго заснавальніка і першага дырэктара Героя Сацыялістычнай Працы М. М. Аляксандрава.

У 2008 годзе імем М. М. Аляксандрава названая вуліца мікрараёна «Зялёны Бор» у пас. Лясны (Бараўлянскі сельсавет Мінскага раёна), населеным пункце, дзе і размешчаны НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, які ўзначальваў Аляксандравым.

Зноскі

  1. а б в г т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 33. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Мікалай Мікалаевіч Аляксандраў на сайце «Героі краіны»