Мікалай Міхайлавіч Сапега

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікалай Сапега
Браты Леў і Мікалай Сапегі, каля 1709
Браты Леў і Мікалай Сапегі, каля 1709
Герб «Ліс»
Герб «Ліс»
Вялікі кухмістр літоўскі
1589 — 1611
Папярэднік Станіслаў Шэмет
Пераемнік Мікалай Весялоўскі

Нараджэнне не пазней за 1553
Смерць не раней за 1610 і не пазней за 13 жніўня 1611
Месца пахавання
Род Сапегі
Бацька Міхаіл Янушавіч Сапега[d][1]
Маці Марына з Быстрэйскіх[d][1]
Жонка Багдана з Масальскіх[d][1]
Дзеці Фрыдэрык Сапега[2], Галіна з Сапегаў[d][3][2], Марыяна з Сапегаў[d][4][5], Ян Дамінік Сапега[d][2], Мікалай Сапега[d][2], Кацярына з Сапегаў[d][2] і Ганна з Сапегаў[d][5]
Бітвы

Мікалай Міхайлавіч Сапега (да 1553 — да 13 жніўня 1611) — дваранін каралеўскі (1574), падкаморы гарадзенскі (з 1582), староста астрынскі, кухмістр вялікі літоўскі (1589—1611), дзяржаўца лунненскі (1589—1611).

Надпіс на партрэце братоў Льва і Мікалая з кодзеньскай серыі памылковы, бо інфарматары аўтара — Алойзі Міштальт і Ян Фрыдэрык Сапега — паблыталі вялікага кухмістра Мікалая Міхайлавіча (1553—1611) з польным пісарам Мікалаем Крыштафам (1613—1639), сынам Крыштафа Стэфана Сапегі.[6]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З чарэйска-ружанскай лініі Сапегаў, сын Міхаіла Янушавіча Сапегі і Марыны Яцкаўны з Быстрэйскіх, старэйшы брат Льва, суддзі земскага гарадзенскага. Бацька памёр на пачатку 1554 года.

Стаўшы паўналетнім актыўна пачаў замацоўваць за сабою і братам Львом спадчыну на маёнтках Чарлёна i Лунна. Так, 10 сакавіка 1567 года ён паклаў перад земскімі ўраднікамі Гарадзенскага павета тастамент памёрлага дзядзькі Дзмітра Янушавіча, знойдзены сярод папер перададзеных з захавання Васілём Міхайлавічам Мялешкам. На Попіс 1567 года Мікалай Сапега ставіў двух «коней» і аднаго драба з непадзеленага маёнтка «Лунна alias Чарлёна», бо брат Леў быў непаўналетні. Тым часам Мікалай служыў падканцлеру літоўскаму Астафію Валовічу. Браў удзел у баявых дзеяннях Інфлянцкай вайны 1567 года. У 1570 годзе гарадзенскі земскі суд адпаведна дзязькавага тастаменту выдаў вырак на права выкупу па блізкасці Мікалаем Сапегам у Паўла Іванавіча Сапегі часткі Чарлёны, якая налажала і была застаўлена Дзмітром Янушавічам Сапегам.[7]

У 1576 годзе падтрымаў абранне каралём і вялікім князем Стэфана Баторыя. У 1579 годзе Мікалай Сапега запісаў у павятовыя кнігі тастамент дзядзькі Глеба Янушавіча на яго частку Чарлёны. Напэўна, быў тастамент і трэцяга дзядзькі Сцяпана Янушавіча, але ён пакуль не выяўлены[7]. Браў удзел у баявых дзеяннях Інфлянцкай вайны 1579—1581 гадоў.

Добраахвотным i палюбоўным падзелам з братам ад 7 студзеня 1581 года, Мікалай атрымаў маёнткі Чарлёна i Кулеўшчызна, а Леў — Лунна[8]. За спадчыну братоў пазвалі на суд спадчыннікі цётак — Тышковічы і Словікі. Мікалай і Леў выставілі сустрэчныя прэтэнзіі на маёнткі, грошы і скарбы свайго дзеда Януша, калісьці атрыманыя ці пабраныя цёткамі. У 1585 годзе бакі пагадзіліся на кампрамісны суд, які ў сакавіку 1586 года пакінуў за братамі тры дзядзькавыя часткі ў маёнтках Чарлёна і Лунна на вечна, а іншыя прэтэнзіі бакоў скасаваў пад зарукай 3 тысячы коп грошаў[9].

Такім чынам, у 1586 годзе канечна ўтварыўся самастойны маёнткавы комплекс Мікалая Сапегі з «двара» Чарлёна і Чарлёнскага фальварка з вёскамі Лаўна, Харціца, Казакоўцы і Міклашоўцы. Тады, магчыма, Мікалай Сапега пабудаваў новы «двор» у Чарлёне, а ў 1580—1590-я гады царкву на ім, што ўзняла статус паселішча.[10]

У 1587 годзе падтрымаў абранне каралём і вялікім князем Жыгімонта Вазы. У 1589 годзе атрымаў у дзяржаву суседняе з Чарлёнай гаспадарскае мястэчка Лунна з вёскамі Марцінаўцы і Петрашоўцы.

У 1593 годзе браты перадзялілі маёмасць, Леў дадаткова атрымаў аселую службу Шчэчыцы каля свайго Лунна і пляцы агароднікаў у Гродна каля замка і над Нёманам.

Быў паслом на соймы 1589, 1595 і 1603 гадоў, дэпутатам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ў 1590, 1596 і 1601 гадах.

Памёр у 1611 годзе, пахаваны ў Чарлёнскай царкве, якая пазней стала родавым некропалем.[10]

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Жанаты з Багданай, дачкой кн. Юрыя Масальскага, скарбніка вількамірскага, і Ганны Алехаўны Крыўцовай. Багдана памерла пасля 1625 года, пахавана таксама ў Чарлёнскай царкве. У шлюбе нарадзілася тры сыны і чатыры дачкі.[10]

  • Ян Дамінік (+пасля 1622) -- сакратар каралеўскі, дзяржаўца луненскі
  • Мікалай, псіхічна хворы і неправадзейны — за заслугі бацькі намінаваны на двараніна каралеўскага
  • Фрыдэрык, матчын улюблёнец — ваявода мсціслаўскі (1647—1650)
  • Галіна (+1645) — жонка 1) Рамана Валовіча, старосты рагачоўскага 2) Якуба Кунцэвіча, харунжага лідскага[10]
  • Крысціна — жонка Андрэя Трызны, падкаморага ваўкавыскага[11]
  • Марыяна — жонка Юрыя Камароўскага, падкаморага вількамірскага[12]
  • Ганна, у інацтве Еўфрасіння — манахіня базыліянскага Віленскага Траецкага манастыра[12]

Зноскі

  1. а б в г Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыіМн.: Віктар Хурсік, 2017. — С. 54. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
  2. а б в г д Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыіМн.: Віктар Хурсік, 2017. — С. 61. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
  3. Рыбчонак С. Паходжанне і радавод Валовічаў XV — пачатку XVII ст. // Unus pro omnibus: Валовічы ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага XV—XVIII стст. / пад рэд. А. М. Янушкевіч — 2014. — С. 83. — 508 с. — ISBN 978-985-7085-36-1
  4. Pas L. v. Genealogics — 2003.
  5. а б Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыіМн.: Віктар Хурсік, 2017. — С. 62. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
  6. Kałamajska-Saeed 2006, p. 158.
  7. а б Семянчук 2014, с. 386.
  8. Семянчук 2014, с. 387.
  9. Семянчук 2014, с. 387-388.
  10. а б в г Семянчук 2014, с. 388.
  11. Семянчук 2014, с. 388-389.
  12. а б Семянчук 2014, с. 389.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Kałamajska-Saeed M. Genealogia przez obrazy: barokowa ikonografia rodu Sapiehów na tle staropolskich galerii portretowych (польск.). — Warszawa, 2006. — S. 158-159.
  • Семянчук Г. М. Чарлёна — двор Сапегаў над Нёманам у XVI—XVII стст. / Установа "Музей «Замкавы комплекс „Мір“»"; пад рэд. А. М. Янушкевіча. — Магнацкі двор і сацыяльнае ўзаемадзеянне (XV—XVIII стст.) : зборнік навуковых прац. — Мн.: Медысонт, 2014. — С. 372—394.