Мінская духоўная семінарыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мінская духоўная семінарыя імя ўсяленскіх настаўнікаў і свяціцеляў Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Залатавуста
Будынак семінарыі
Год заснавання 15 верасня 1785
Канфесія Праваслаўе
Царква Беларуская Праваслаўная Царква
Рэктар Віктар Андрэевіч Васілевіч (в.а.)
Размяшчэнне Жыровічы
Юрыдычны адрас вул. Савецкая, 59
Сайт minds.by

Мінская духоўная семінарыя імя ўсяленскіх вучыцеляў і свяціцеляў Васілія Вялікага, Грыгорыя Багаслова і Іаана Залатавуста[1] — вышэйшая спецыяльная навучальная ўстанова Беларускай Праваслаўнай Царквы. Знаходзіцца па адрасе: 231822 Гродзенская вобл., Слонімскі р-н, пас. Жыровічы, вул. Савецкая, 59.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснаванне. Слуцкі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Заснавана 15 верасня 1785 года ў Слуцку. У пачатку 1785 года паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай заключана пагадненне аб аднаўленні ў межах Рэчы Паспалітай праваслаўнай епіскапскай кафедры. Кіеўскі мітрапаліт Самуіл і Магілёўскі архіепіскап Георгій (Каніскі) прапанавалі ў якасці годнага кандыдата на гэтую кафедру архімандрыта Слуцкага Траецкага манастыра Віктара (Садкоўскага). Св. Георгій (Каніскі) добра ведаў Віктара з часоў навучання таго ў Кіеўскай акадэміі, калі сам Георгій узначальваў акадэмію (1752-1755). У бытнасць Георгія Магілёўскім архіерэем Віктар выконваў абавязкі асабістага сакратара, выкладчыка Магілёўскай семінарыі, ігумена Тупічэўскага манастыра[2].

27 сакавіка 1785 года рушыў найвышэйшы ўказ аб быцці ў Польшчы асобнага епіскапа, каадзьютара Кіеўскай мітраполіі, і аб пасвячэнні ў гэты сан архімандрыта Слуцкага манастыра Віктара. Указам 15 мая прадпісана Свяцейшаму Сіноду заснаваць для асветы праваслаўных у Рэчы Паспалітай семінарыю.

Пры садзейнічанні мітрапаліта Самуіла з Кіеўскай акадэміі былі дасланыя ў Слуцк настаўнікі. 15 верасня 1785 года семінарыя была адкрыта, і ў святліцы манастырскай трапезы пачалося навучанне. На пачатку існавалі толькі два граматычныя класы: ніжэйшы і вышэйшы. Навучаліся 25 выхаванцаў — дзеці духавенства. Па месцы свайго знаходжання ў Слуцку семінарыя стала называцца Слуцкай. Гэтую назву яна насіла да 1793 года — заснавання Мінскай епархіі — і ў адрозненне ад польскіх павятовых школ называлася «набожнай (рус. благочестівой) семінарыяй» і «семінарыяй яго Праасвяшчэнства»[3].

Падчас працы Чатырохгадовага сойма Рэч Паспалітая разарвала пратэктаратныя адносіны з Расіяй, якая тады ваявала на два франты (з Асманскай імперыяй і Швецыяй) і заключыла дагавор з Прусіяй, накіраваны супраць Расіі. На гэтай хвалі ўра-патрыятызму і антырасійскіх настрояў праваслаўныя зазналі жорсткія пераследы. Хаця яшчэ 18 мая 1787 года Віктар (Садкоўскі) падаў у Тульчыне клятву вернасці каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму і атрымаў каралеўскі прывілей на Слуцкую кафедру. У 1789 епіскап Віктар быў абвінавачаны ў спробе ўчыніць сялянскія беспарадкі на Валыні і Падоллі. Аналагічнае абвінавачанне вылучыў дэпутат Пінскі Мацей Бутрымовіч у дачыненні да ўсіх праваслаўных святароў на пасяджэнні сойма 16 красавіка 1789. 21 красавіка 1789 маршалак Казімір Нестар Сапега абвясціў, што ў яго ёсць некаторыя звесткі, нібыта Віктар (Садкоўскі) абавязаў святароў праваслаўных ды прысягі на вернасць імператрыцы Расіі, і заклікаў праваслаўных сялян для барацьбы з палякамі. Сойм тады выдаў пастанову аб арышце Віктара (Садкоўскага). Епіскап не прызнаў абвінавачванні, не пакінуў Слуцка, і праз восем дзён быў арыштаваны разам з ўсёй кансісторыяй і заключаны ў Нясвіжы. 6 мая ён выпусціў з турмы Пастырскі Ліст, у якім пад страхам праклёну забараняў праваслаўным паўставаць супраць Рэчы Паспалітай і загадваў захоўваць вернасць яе каралю[4]. У выніку гэтых падзей у ліпені 1790 года семінарыя, у якой навучалася каля ста выхаванцаў, спыніла сваё існаванне. Пасля вызвалення з-пад арышту ў ліпені 1792 года праасвяшчэнны Віктар яшчэ да ад'езду з Варшавы загадаў сваёй кансісторыі аднавіць семінарыю і сабраць яе вучняў. 8 студзеня 1793 года семінарыя была зноў адкрыта з ранейшым назвай: «Набожная Слуцкая, Праасвяшчэннага Віктара семінарыя». У адноўленых пяці класах навучаўся 31 чалавек[3].

Мінскі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У 1840 годзе пераведзена ў Мінск. У 1918 годзе зачынена паводле Дэкрэту савецкай улады аб аддзяленні царквы ад дзяржавы. Дзейнасць семінарыі адноўлена ў 1947 годзе праз пераўтварэнне пастырскіх курсаў пры Жыровіцкім Свята-Успенскім мужчынскім манастыры. У 1963 годзе Мінская духоўная семінарыя зноў зачынена паводле распараджэння свецкіх улад.

1 верасня 1989 года пачалося аднаўленне дзейнасці семінарыі. Цяпер семінарыя рыхтуе святароў для прыходаў Беларускай праваслаўнай царквы. Тэрмін навучання 5 гадоў. У семінарыі дзейнічае Сектар завочнага навучання і Рэгенцкая школа. У 2006/2007 навучальным годзе на стацыянарным і завочным аддзяленнях навучалася 378 студэнтаў.

Кіраўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • Рэктар — протаіерэй Віктар Андрэевіч Васілевіч (в.а.)
  • Першы прарэктар — іерэй Канстанцін Мачан.
  • Прарэктар па вучэбнай працы — іерэй Дзмітрый Каўрыга.
  • Прарэктар па навуковай працы — дацэнт Аляксандр Валер’евіч Слесараў.
  • Прарэктар па выхаваўчай працы — чытальнік Сяргей Сяргеевіч Думянкоў.
  • Загадчык аддзялення завочнай адукацыі — дыякан Арцемій Кірко.
  • Сакратар вучонага савета — протадыякан Георгій Пшонка.
  • Старшы памочнік прарэктара па выхаваўчай працы — іераманах Агафангел (Будзішын).
  • Ганаровы папячыцель Мінскай духоўнай семінарыі — архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый (Апалька).

Рэктары[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. http://church.by/by/organizacii/minskaja-duhovnaja-seminarija
  2. И. В. Оржеховский, В. А. Теплова. ВИКТОР // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2004. — Т. VIII. — С. 437-439. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 5-89572-014-5.
  3. а б Высокопреосвященнейший Стефан (Корзун), архиепископ Пинский и Лунинецкий. История Минской духовной семинарии http://libr.minda.by/2018/09/22/istorija-minskoj-duhovnoj-seminarii/ Архівавана 27 сакавіка 2019.
  4. Mironowicz A.: Kościół prawosławny w Polsce. Białostockie Towarzystwo Historyczne, 2006, s. 442–446. ISBN 83-60456-02-X.
  5. Архіепіскап Навагрудскі Гурый завяршыў свае працы на пасадзе рэктара Мінскай духоўнай семінарыі (руск.). Афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы (17 ліпеня 2020). Праверана 24.07.2020.