Міхаіл Рагоза

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міхаіл Рагоза

Герб
мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі[d]
1 жніўня 1589 — 1596
Папярэднік Анісіфар Дзевачка
Пераемнік Іоў (Барэцкі)[d]
мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі
1596 — 1599
Дыяцэзія Руская ўніяцкая царква
Пераемнік Іпацій Пацей

Дзейнасць каталіцкі святар
Нараджэнне 1540
Смерць 1599
Дынастыя Рагозы[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Міхаіл Рагоза (каля 1540 — паміж 18 чэрвеня і 15 жніўня 1599) — праваслаўны, потым уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай.

Паходзіць са шляхецкага роду герба «Рагоза» Менскага ваяводства.

У 1576 годзе пісар валынскага ваяводы князя Богуша Карэцкага. Пасля прыняцця манаства архімандрыт манастыроў: Мінскага Ушэсця (з 1579), Слуцкага Траецкага (з 1582), Морацкага.

З 1589 года мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Праводзіў рэформы праваслаўнай царквы з мэтай павысіць аўтарытэт і адукацыю духавенства і паменшыць умяшанне свецкіх уладаў у царкоўныя справы. З 1590 года ўвёў практыку штогадовых сабораў з удзелам прадстаўнікоў духавенства, шляхты, брацтваў. Пры ім было забаронена свецкім асобам кіраваць манастырамі, усталявана новая працэдура прызначэння епіскапаў і мітрапаліта: кароль зацвярджаў адну з 4 кандыдатур, вылучаных на такім штогадовым саборы. Сабор 1594 года падпарадкаваў брацтвы царкоўным іерархам, што ўзмацніла супярэчнасці паміж імі (напрыклад, у 1595 годзе мітрапаліт забараніў выступаць з казаннямі прапаведніку віленскага брацтва Стафану Зізанію). З 1594 годзе Міхаіл Рагоза далучыўся да падрыхтоўкі злучэння праваслаўнай царквы з рымска-каталіцкай. Пад яго старшынствам царкоўны сабор у Брэсце ў 1596 годзе абвясціў Берасцейскую унію і зацвердзіў яе ўмовы. Міхаіл Рагоза захаваў у новаўтворанай уніяцкай царкве тытул мітрапаліта. Праваслаўны сабор 1596 года, які адбыўся ў Брэсце адначасова з уніяцкім, абвясціў аб пазбаўленні яго сана, аднак гэта і іншыя падобныя захады праваслаўнага духавенства не мелі вынікаў. Міхаіл Рагоза карыстаўся ў пашырэнні уніі падтрымкай каралеўскай улады.